Квецень Д.В. ФАЛЬКЛОРНЫЯ ТВОРЫ ЯК ЗАЙМАЛЬНЫ МАТЭРЫЯЛ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

УДК 373.0

УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” 
Навуковы кіраўнік – В.Г. Качан, выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

У тлумачальнай запісцы вучэбнай праграмы па беларускай мове падкрэсліваецца, што развіццё мовы з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў працы ў пачатковых класах [2, с. 37]. Настаўніку малодшых класаў важна навучыць дзяцей любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа, умець дасканала валодаць ёю. Аднак у настаўнікаў пачатковых класаў, асабліва ў тых, хто працуе ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання, існуе праблема ў правільным маўленні вучняў, разуменні імі лексічнага значэння беларускіх слоў, паколькі навучэнцы пачатковых класаў і іх бацькі карыстаюцца беларускай мовай як замежнай. Часта малодшыя школьнікі з цяжкасцю суадносяць тэарэтычны матэрыял з яго практычным выкарыстаннем. Некаторыя заданні і практыкаванні, змешчаныя вучэбных дапаможніках, не заўсёды зацікаўліваюць дзецей у працы з прапанаваным моўным матэрыялам. Выконваючы аднатыпныя заданні, навучэнцы хутка стамляюцца, страчваюць увагу. І галоўнае, страчваюць цікавасць да ўрока, да беларускай мовы як вучэбнага прадмета. Таму ў такім выпадку настаўніку варта задумацца аб тым, якія формы, метады і прыёмы мэтазгодна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы.

 Поспех у значнай ступені залежыць ад выбару настаўнікам апраўданых прыёмаў, з дапамогай якіх засваенне тэарэтычнага матэрыялу малодшымі школьнікамі будзе ажыццяўляцца ў больш даступнай, цікавай і займальнай форме. Эфектыўнасць навучання беларускай мове ў пачатковых класах шмат у чым залежыць і ад таго, наколькі грунтоўна прадумана сістэма яе вывучэння.

Раскрыць перад вучнямі мілагучнасць беларускай мовы, выклікаць цікавасць да вывучэння роднай мовы, а значыць, дасягнуць поспехаў у яе авалодванні дапаможа выкрыстанне на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах займальнага матэрыялу. Займальны матэрыял – гэта сукупнасць нестандартных прыёмаў, якія абуджаюць ўвагу навучэнцаў, гэта сродак прыцягнення цікавасці да прадмета і працэсу навучання.

Адной з мэт навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі – далучэнне іх праз мову да культурных традыцый беларускага народа [2]. Забаўлянкі-пацешкі, лічылкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі, жарты, гульні і г. д. як жанры вуснай народнай творчасці, дапоўненыя разнастайнымі заданнямі, ствараюць вялікія магчымасці для правядзення эфектыўнай работы на ўроках беларускай мовы. Прычым гэтыя сродкі займальнасці нясуць значную выхаваўчую функцыю.

Здаўна першыя рухі дзяцей суправаджаюць песенькамі-пацешкамі, забаўлянкамі. Іх спяваюць пры гульні з пальчыкамі (“Сарока-варона”), з ручкамі (“Ладачкі-ладкі”), з ножкамі (“Кую-кую ножку”) [1, с. 39]. На ўроках навучання грамаце такі від займальнага матэрыялу варта выкарыстоўваць пры вывучэнні асобных гукаў, падзелу слоў на склады. Напрыклад, вывучаць шыпячыя і свісцячыя, звонкія і глухія гукі дапаможа тэкст забаўлянкі-пацешкі “У куце сядзіць мядзведзь”:

У куце сядзіць мядзведзь,

 Хустку вышывае,

 А лісічка-невялічка

 Хатку прыбірае.

 А каток пячэ аладкі,

 Масла падлівае.

 Мышанятка жвава, гладка

 Катку памагае.

З лічылкамі як малым жанрам вуснай народнай творчасці вучні таксама знаёмы змалку. Лічылкі дапамагаюць ім палічыцца, размеркаваць ролі ў гульні, каб ніхто не крыўдзіўся. Лічылкі садзейнічаюць выпрацоўцы выразнага і правільнага вымаўлення, вылучэння гукаў і літар, выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў і інш.

Лічылкі ў залежнасці ад адукацыйных задач можна прымяняць на ўсіх этапах урока. Напрыклад, лічылку можна выкарыстаць як гульнявы прыём на этапе праверкі дамашняга задання: выбраны вучань чытае лічылку і вызначае вучня, які будзе адказваць дамашняе заданне. Далей, падчас урока тэкст лічылкі можна выкарыстаць у якасці моўнага матэрыялу ў адпаведнасці з тэмай і задачамі вучэбнага занятку, напрыклад: падзел слоў на склады, вызначэнне націску ў словах, пэўных арфаграм і інш.

Скорагаворка – фальклорны твор, які пабудаваны на спалучэнні гукаў, якія спецыяльна перашкаджаюць хутка і выразна вымаўляць словы. Асабліва карысна выкарыстоўваць скорагаворкi на ўроках навучання грамаце для развiцця чысціні вымаўлення, развiцця артыкуляцыйных навыкаў, лiквiдацыі недахопаў вуснага маўлення дзяцей [1, с. 45].

Скорагаворкi як від займальнага матэрыялу можна выкарыстоўваць таксама на любым этапе ўрока. У пачатку ўрока гэты матэрыял будзе садзейнiчаць падрыхтоўцы маўленчага апарату дзiцяцi, узнаўленню артыкуляцыi вывучаных гукаў, на этапе вывучэння новага матэрыялу настаўнiк можа прапанаваць выканаць з дапамогай люстэрка наступнае заданне: звярнуць увагу на артыкуляцыю цвёрдага i мяккага гукаў адной i той жа лiтары. Вучні ўбачаць, як змяняюцца органы маўлення, якое становiшча набываюць язык, губы, мяккае нёба. Напрыклад: [л] i [л’] або параўноўвае артыкуляцыю зацвярдзелых гукаў беларускай мовы [р], [ч] з гукамi рускай мовы [р’], [ч’]. Пасля гэтага будзе карысным пазнаёмiцца з новымi гукамi ў скорагаворцы.

З гэтымі мэтамі можна выкарыстаць і гульнявое практыкаванне “Радыёвядучы”: вучням прапануецца хутка і правільна вымаўляць скорагаворкі, як сапраўдны дыктар.

Чыстагаворкі таксам садзейнічаюць выпрацоўцы дыкцыі, маўленчых навыкаў вучняў, іх варта ўключаць у маўленчыя размінкі. Вучням можна прапанаваць наступнае заданне: “Дапоўніце словы чыстагаворкі неабходным спалучэннем”:

-аў-аў-аў – сёння вельмі рана ўстаў.

-оў-оў-оў – па грыбы ў лес пайшоў.

-еў-еў-еў – пад кусточкам я прысеў.

О-оў-оў-оў – шмат лісічак там знайшоў.

Чыстагаворкі і скорагаворкі на ўроках беларускай мовы выкарыстоўваюцца ў якасці хвілінак чыстапісання. У залежнасці ад мэты чыстапісання, адукацыйных задач урока можна прывесці ў якасці прыкладу наступныя выразы: Каток нітак клубок закаціў у куток. Прытупіў пілу Піліп – пілаваў палена з ліп. Твая маці і мая маці пяклі булкі ў адной хаце і інш.

На этапе замацавання, паўтарэння гэты матэрыял таксама можа саслужыць добрую службу, паколькі выконвае ролю не толькi займальнага, але i вучэбнага матэрыялу.

Звычайна на ўрок выбiраецца 1-2 скорагаворкi.

Праца з загадкамі ў пачатковых класах на ўроках беларускай мовы накіравана на развіццё ў вучняў уменняў адгадваць загадкі, вызначаць істотныя прыкметы загадкі, па якіх яе можна адгадаць, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя віды працы.

На адным уроку загадка можа выкарыстоўвацца для выдзялення патрэбнага гука, якi чуецца ў пачатку адгадкi; на другiм уроку загадкi
можна выкарыстаць для таго, каб зацiкавiць дзяцей тэмай урока, або
наблiзiць iх да адгадкi, пра што цi каго будзе iсцi гаворка ў тэксце; на трэцiм – 3-4 загадкi загадваюцца замест фiзкультхвілінкі.

Праца з загадкамі, у залежнасці ад выбраных настаўнікам дадатковых заданняў, пашырае слоўнікавы запас вучняў, развівае маўленчыя і арфаграфічныя навыкі і інш. Акрамя таго, праца з загадкамі дапаможа вырашаць настаўніку важныя выхаваўчыя задачы. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” можна прымяніць гульнявы прыём з выкарыстаннем загадак (гульня “Лато”). Клас дзеліцца на тры каманды, якім раздаюцца карткі з выявамі загаданых аб’ектаў. У мяшэчак кладуцца карткі з тэкстамі загадак. Кожная каманда па чарзе выцягвае карткі. Трэба знайсці малюнак-адгадку. Перамагае тая каманда, вучні якой першымі запоўняць картку. Такі прыём дапамагае вырашыць не толькі адукацыйныя задачы, але і садзейнічае згуртаванню дзіцячага калектыву, фарміраванню камунікатыўных навыкаў.

Галоўная функцыя выкарыстання загадак на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах – развіваць у вучняў мастацка-вобразнае мысленне, пашыраць кругагляд, трэніраваць памяць, прывучаць да развагі і аналізу. Да таго ж, загадкі – гэта, бясспрэчна, цікавая гульня, у працэсе якой вучні спасцігаюць моўныя законы.

Увесці вучняў у гэта кола літараў і слова, гукаў і часцін мовы можна з дапамогай прыказак і прымавак, якія складаюць неацанімае багацце беларускай мовы. Знаёмства з імі развівае мысленне малодшых школьнікаў, павышае культуру іх маўлення. З паняццем “прыказка” школьнікі ўпершыню знаёмяцца на ўроках літаратурнага чытання ў 2-ім класе, дзе прыказкі і прымаўкі разглядаюцца як адзін з жанраў вуснай народнай творчасці. Аднак працу з прыказкамі мэтазгодна пачынаць ужо ў 1-м класе, у перыяд навучання грамаце. Выкарыстоўваць прыказкі можна пры знаёмстве дзяцей з кожным новым гукам і яго літарай, у якіх сустракаецца патрэбны гук.

Методыка вывучэння прыказак на ўроках літаратуры знайшла сваё належнае адлюстраванне ў шматлікіх метадычных распрацоўках, таму няма патрэбы яшчэ раз спыняцца на гэтым пытанні. Звернем увагу на тое, як у далейшым, на аснове засвоенага вучнямі на гэтых уроках матэрыялу, працягваць сістэматычную работу над прыказкамі як ілюстрацыйным моўным матэрыялам на занятках па беларусай мове. Толькі ў такім выпадку школьнікі значна пашыраць свае веды аб прыказках і набудуць неабходныя навыкі іх свабоднага і дарэчнага ўжывання ў маўленні. У выніку ў вучняў складзецца ўражанне, што прыказка не проста адзін з фальклорных твораў, а эфектыўная моўная адзінка.

 У 1-4 класах праца заключаецца ў актыўным знаёмстве з прыказкамі, іх завучванні дзецьмі. Настаўніку неабходна навучыць дзяцей раскрывать сэнс прыказак і выкарыстоўваць іх у сваім маўленні. Пры гэтым пажадана групаваць прыказкі па тэмах. У 2-4 класах дзеці працуюць з прыказкамі і прымаўкамі, змешчанымі ў падручніках па беларускай мове.

Варта ўзгадаць некаторыя формы работы з прыказкамі і прымаўкамі на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах, якія можна выкарыстоўваць, зыходзячы з мэт і задач урока, яго структуры: знаходжанне прыказкі ці прымаўкі з адпаведнай часцінай мовы, антонімамі, сінонімамі і г.д.; выдзяленне арфаграм; пісьмо з каменціраваннем; каліграфічная работа; вусныя зрокавыя дыктоўкі, запіс прыказкі (прымаўкі) па памяці і г.д. Можна прапаноўваць прыказкі і прымаўкі ў разнастайным афармленні: як запісаны на дошцы сказ, як пара слоў, па якіх дзеці адновяць тэкст, як узнаўленне і запіс прыказкі па прапанаванай ілюстрацыі, вызначэнне адпаведных прыказак на беларускай мове да прапанаваных прыказак на рускай мове і інш.

Эфектыўны і цікавы вучням такі варыянт працы з прыказкамі і прымаўкамі, які спрыяе развіццю мыслення і мовы, як прымаўка ці прыказка наадварот, дзе да кожнага слова падбіраецца сэнсавы антонім (гора – шчасце, роспач – радасць: Дзе гора, там і роспач. – Дзе шчасце, там і радасць; дрэнны – добры, пасеў – узыход: Дрэннаму пасеву дрэнны і ўзыход. – Добраму ўраджаю добрая і ўборка).

Вучням можна прапанаваць такі варыянт работы, калі яны павінны аднавіць прыказку па двух словах (дзеясловах, назоўніках, прыметніках): птушка – дзеці (Птушка рада вясне, а дзеці маці), галава – ногі (За дурной галавой і нагам неспакой).

Стварэнне тэматычных набораў прыказак і прымавак дапамогуць у вывучэнні пэўных раздзелаў, тэм курса беларускай мовы ў пачатковых класах, напрыклад:

  • цвёрдыя і мяккія зычныя, гук і літара “Ц, ц”: Гаманіць – галава не баліць;
  • спалучэнні “дж”, “дз”, правапіс шыпячых: Ад дажджу не ў ваду. Лепш быць пакрыўджаным, чым каго пакрыўдзіць;
  • правапіс апострафа: Дзе здароў’е, там і прыгажосць. Давай, брат, дружна: з’ядзім тваё, а тады кожны сваё;
  • правапіс галосных: о, э – а: Горад будуюць не языком, а рублём і тапаром. Добры жарт дружбы не рушыць;е,ё, – я: Вецер гора не знясе. Зоркія вочы свецяць і ўдзень, і ўночы;
  • вывучэнне і запамінанне правапісу слоўнікавых слоў: Дождж вымачыць, а сонейка высушыць. Ад яблыні яблык, ад елкі шышка;
  • правапіс падоўжаных зычных: Ліпеньскае прыволле для пчол раздолле. Не навучыцца, пакуль не намучыцца;
  • вывучэнне часцін мовы: назоўніка (Лыжкаю мора не вычарпаеш. На вярбе грушы не растуць), дзеяслова (Лёгка кінуць, але цяжка падняць. Мароз трашчыць – моцны холад кліча), прыметніка (З вялікага грому малы дождж бывае. Кепскае адразу відаць, а добрае ўбачыць трэба) і інш. [3].

Асаблівую цікавасць у вучняў малодшых класаў выклікаюць такія віды працы як інсцэніраванне твора мастацкай літаратуры або ўрыўка па прыказцы, аднаўленне прыказкі з пераблытаных слоў, складанне прыказкі па тэме і інш.

Цікавая форма работы – падбор прыказак і прымавак да ілюстрацыі.
Спачатку вучні разглядаюць ілюстрацыю, затым ім прапануецца заданне ўспомніць як мага больш прыказак, у якіх ёсць азначаныя рэчы, напрыклад: птушкі, сонца, гнязда, кошкі і г.д. (Усякай птушцы сваё гняздо міла. Аб тым зязюля кукуе, што свайго гнязда не мае. Мір ясны ад сонца, а чалавек ад навукі. Кошка мышцы не таварыш. Бывае, што і курыца пеўнем спявае. Кураня курыцу не вучыць.)

Такiм чынам, пастаянная праца з прыказкавым багаццем беларускай мовы спрыяе правiльнаму ўжыванню малодшымi школьнiкамi гэтых народных выслоўяў ва ўласным маўленнi. Варта яшчэ раз адзначыць, што калі разумна, рэгулярна, ненадакучліва выкарыстоўваць народную мудрасць прыказак і прымавак, то эфектыўнасць як вучэбнага, так і выхаваўчага працэсу значна ўзрастае [4]. Дарэчы, у беларускім фальклоры існуе вялікая колькасць прыказак і прымавак, нібыта спецыяльна скіраваных на той ці іншы бок выхавання: разумовае (Не кажы “вучыўся”, а кажы, што пазнаў.), эстэтычнае (Жаданая праца як сонца ўзыход.),працоўнае (Акуратная работа акуратных людзей любіць.), маральнае (Добрага добра і ўспамінаюць.), сямейнае (Бацькоў слухаць – гора не знаць.) і інш. [4].

Узроставы перыяд ад 6 да 9 гадоў з’яўляецца аптымальным пераходным перыядам дзейнасці ад гульні, займальнасці да вучэння, што вельмі важна ўлічваць пры правядзенні ўрокаў беларускай мовы ў пачатковых класах. Безумоўна, прымяненне займальнага матэрыялу ў выглядзе прыказак і прымавак, скорагаворка і чыстагаворак, загадак розных відаў і г. д. не можа стаць асноўнай формай працы на ўроку беларускай мовы, але выкарыстанне іх у вучэбным працэсе цалкам мэтазгодна.

Такім чынам, для дасягнення максімальнай эффектыўнасці навучання, актывізацыі пазнавальнай дзейнасць вучняў, павышэння інтарэсу да вучэбнага прадмета садзейнічае выкарыстанне на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах займальнага матэрыялу ў спалучэнні   з рознымі прыёмамі, метадамі і сродкамі навучання.

Выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах – гэта своеасаблівы імпульс да развіцця далейшай пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, да імкнення авалодвання беларускай мовай.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Буторына, І.А.Літаратурнае чытанне ў 2-м класе : вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І. А. Буторына. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2012. – 232 с.
  2. Вучэбныя праграмы для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання. I–IV класы / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. – Мінск: НІА: Аверсэв, 2017. – с. 37. с. 158.
  3. Самойла, А.І. Варыянты работы з прыказкамі і прымаўкамі ў пачатковых класах / А.І. Самойла // Альтэрнант – 2013 [Электронны рэсурс] – 2011. – Рэжым доступа: https://conf.grsu.by/alternant/index-251.htm– Дата доступа: 04.03. 2018.
  4. Якалцэвіч, М.А. Пра выкарыстанне прыказак на ўроках мовы / М.А. Якалцэвіч // Канцэптуальныя падыходы да рэалізацыі філалагічнай адукацыі ў школе і ВНУ: мат-лы рэсп. навук.-практ. канф., прысвеч. 80-годдзю праф. Зарэцкай (Ляшук) Веры Якаўлеўны, Брэст, 14 лістап. 2013 г. / Брэсц. дзярж. ун-т імя А.С. Пушкіна; рэдкал.: З.П. Мельнікава [і інш.]; пад агул. рэд. У.А. Сенькаўца. – Брэст: БрДУ, 2015. – С. 273-277.

Запись опубликована в рубрике Актуальные вопросы общей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *