Грышкойць Т.В. СТРУКТУРНЫЯ КАМПАНЕНТЫ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ

УДК 373.0

Навуковы кіраўнік – Тамашэвіч Зоя Міхайлаўна, дацэнт, кандыдат філалагічных навук кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы

Сучасная моўная адукацыя ў якасці  прыярытэтнай вылучае развіваючую мэту (развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі), што патрабуе ад вучняў дасягнення такога ўзроўню практычнага валодання мовай, які забяспечыць іх зносіны ў розных сферах жыцця. Таму працэс навучання мове ў сучаснай школе павінен быць падпарадкаваны задачам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, пад якой прынята разумець сістэму моўных, маўленчых, уласна камунікатыўных ведаў, уменняў і навыкаў, якія забяспечваюць гатоўнасць да свабоднага маўлення. Разам з тым трэба браць пад увагу, што гэта яшчэ і ўменне правільна, дакладна, лагічна, дарэчна і выразна перадаваць свае думкі сродкамі мовы з улікам сітуацыі.

Складнікамі камунікатыўнай кампетэнцыі асобы з’яўляюцца тры кампаненты:

Моўны кампанент складаюць веды, уменні і навыкі, неабходныя для забеспячэння зместу камунікацыі на ўсіх узроўнях беларускай мовы як сістэмы. Гэта фанетычныя, арфаэпічныя, інтанацыйныя веды і ўменні; веданне лексічнай і фразеалагічнай сістэм, валоданне лексічнымі і фразеалагічнымі адзінкамі беларускай мовы, уменні дакладнага і дарэчнага словаўжывання, валоданне граматычнымі нормамі беларускай мовы, правільнае арфаграфічнае афармленне тэксту. На аснове названых ведаў і ўменняў адбываецца адэкватны выбар, спалучэнне і ўжыванне ў маўленні лексічных і граматычных адзінак у адпаведнасці з сітуацыяй камунікацыі [2, с. 82].

Маўленчы кампанент – гэта маўленчыя веды (засваенне маўленчых паняццяў, аўдзіраванне, чытанне) і прадуктыўных відах маўленчай дзейнасці (гаварэнне, пісьмо); камунікатыўныя якасці маўлення (дакладнасць, выразнасць, лагічнасць, чысціня, дарэчнасць, багацце). Дзякуючы ім адбываецца якасная праца з гатовым маўленчым узорам (тэкстам), яго рэдагаванне з улікам камунікатыўнай мэтазгоднасці (дасягненне мэты маўлення), ацэнка тэксту (з пазіцый камунікатыўных якасцей маўлення) [1, с. 61].

Уласна камунікатыўны кампанент складаюць веды, уменні і навыкі, якія вылучаюць камунікатыўную кампетэнцыю сярод іншых кампетэнцый. Пры вызначэнні яго зместу трэба мець на ўвазе наступнае: па-першае, для дасягнення мэты суразмоўніцтва важна зразумець сітуацыю маўлення, правільна зарыентавацца ў ёй, падабраць моўныя сродкі і аформіць выказванне згодна з камунікатыўным намерам і мэтай маўлення. Па-другое, каб маўленчыя зносіны былі эфектыўнымі, неабходна ведаць нормы маўлення і валодаць пэўнымі правіламі маўленчых паводзін, як таго патрабуе сітуацыя.

З гэтага вынікае, што уласна камунікатыўны кампанент камунікатыўнай кампетэнцыі ўключае спецыяльныя маўленча-камунікатыўныя веды і ўменні, якія абумоўлены: сацыяльнымі нормамі паводзін і вызначаюцца матывацыйна-мэтавым і сітуацыйным фактарамі (сферай, мэтай, адрасатам) суразмоўніцтва. Да іх адносяцца: 1) спосабы выражэння думкі і ўменні прадуцыравання ўласнага выказвання ў адпаведнасці з мэтай, задачамі і ўмовамі зносін; 2) правілы маўленчых паводзін і ўменні паводзіць сябе ў адпаведнасці з сітуацыяй зносін; 3) формулы маўленчага этыкету, сацыяльна маркіраваныя маўленчыя адзінкі і ўменні выкарыстоўваць іх згодна з мэтай маўлення. Такім чынам, камунікатыўная кампетэнцыя вучняў будзе залежаць ад узроўню сфарміраванасці ўменняў выбіраць камунікатыўна значымыя моўныя адзінкі і аперыраваць імі ў адпаведнасці з задачамі маўлення, валодання нормамі і правіламі маўленчых паводзін з улікам этычнага аспекту канкрэтнай камунікатыўнай сітуацыі.

Кіруючыся палажэннямі сістэмна-функцыянальнага і камунікатыўна дзейнаснага падыходаў да навучання беларускай мове, вылучаны метадычныя прынцыпы фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. Прынцып актуалізацыі камунікатыўных моўных сродкаў у працэсе вывучэння праграмнага матэрыялу па беларускай мове накіроўвае на ўзнаўленне моўных адзінак, неабходных для стварэння выказвання, і матывацыі вучняў да маўленчай камунікацыі па-беларуску. Маўленчая дзейнасць пры гэтым матывуецца ў межах суразмоўніцтва – для чаго, з якой мэтай, каму адрасавана выказванне. Прынцып сітуацыйна-тэматычнага ўпарадкавання тэкставага матэрыялу патрабуе вывучэння моўных законаў і маўленчых паняццяў на аснове тэкстаў розных стыляў і жанраў з апісаннем сітуацый і ўмоў зносін. Дзякуючы гэтаму будзе прадэманстравана функцыянаванне беларускай мовы ў межах пэўнага фрагмента жыцця соцыуму, чым пацвярджаецца практычная значнасць вывучэння моўнай тэмы. Прынцып камунікатыўнай крэатыўнасці і актыўнасці навучання накіроўвае на прадуктыўную ацэнку сітуацыі, прадвызначае фарміраванне самастойнага выбару шляхоў рэалізацыі маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з умовамі камунікацыі, апісанымі ў вучэбнай сітуацыі.

Моўны змест складае функцыянальныя адзінкі беларускай мовы і камунікатыўна значымыя моўныя ўменні. Фанетычныя адзінкі неабходныя для правільнага гукавога афармлення выказвання і фарміравання камунікатыўна значымых арфаэпічных і інтанацыйных уменняў. Выяўленне камунікатыўных магчымасцей слова спалучаецца з фарміраваннем уменняў вызначаць семантыку і нацыянальна-культурны кампанент значэння слоў; дыферэнцыраваць іх ў адпаведнасці са сферай маўлення і інш. Засваенне словазлучэння абумоўлівае фарміраванне ўменняў утвараць словазлучэнні розных структурных мадэлей, захоўваючы дакладнасць і ўлічваючы спецыфіку іх функцыянавання ў беларускай мове; вызначаць намінатыўны характар словазлучэнняў і інш. Вывучэнне сказа як асноўнай камунікатыўнай адзінкі прадугледжвае фарміраванне уменняў разумець семантычнае значэнне выказніка (сцвярджэнне або адмаўленне думкі, абазначэнне дзеяння, выражэнне якасцей прадмета-дзейніка і інш.); будаваць сказы з рознымі спосабамі выражэння дзейніка і выказніка і інш.

Маўленчы змест фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі – гэта маўленчыя паняцці (сітуацыя маўлення, тэкст, стыль, жанр, тып маўлення, дыялог, маналог), засваенне якіх накіравана на ўсведамленне спосабаў  маўленчай дзейнасці; развіццё маўленчых уменняў і навыкаў (напрыклад, якаснае ўспрыманне, разуменне, структураванне і перапрацоўка інфармацыі ў тэксце; аналіз, стварэнне і рэдагаванне выказванняў і інш.) і ўсведамленне камунікатыўных якасцей маўлення (дакладнасці, выразнасці, лагічнасці, чысціні, дарэчнасці, багацця).

Уласна камунікатыўны змест фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі прадугледжвае засваенне спосабаў і правіл выкарыстання мовы ў розных сітуацыях суразмоўніцтва (напрыклад, парада, просьба, віншаванне, усхваляльнае слова, адмова, падтрымка маўленчага кантакту і інш.). У адпаведнасці з імі вызначаюцца маўленча-камунікатыўныя веды (спосабы выражэння думак згодна з сітуацыяй маўлення, правілы маўленчых паводзін) і маўленча-камунікатыўныя ўменні (напрыклад, вызначаць ступень афіцыйнасці суразмоўніцтва ў адпаведнасці з такімі фактарамі, як узрост, пол, статус суразмоўцаў;)

Неабходна распрацоўваць моўны, маўленчы і ўласна камунікатыўны змест фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі ў працэсе вывучэння курса беларускай мовы са зместам вучэбнай праграмы для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Каб мова ператварылася з вучэбнага прадмета, адарванага ад сацыяльнай практыкі, у механізм фарміравання асобы, навучанне роднай мове ўжо з ІІ класа павінна ажыццяўляцца з улікам наступных крытэрыяў:

  • функцыянальнасці (моўныя сродкі адбіраюцца з улікам іх ролі і значэння ў маўленні);
  • камунікатыўнасці (змест курса арыентуецца на авалоданне мовай як сродкам зносін);
  • практычнасці (змест навучання прадугледжвае не столькі пашырэнне ведаў, колькі выпрацоўку на іх аснове практычных уменняў і навыкаў).

Практычная накіраванасць курса беларускай мовы ў сучаснай школе ставіць на першы план задачу фарміравання і ўдасканалення ўмення і навыкаў моўнай дзейнасці ў яе асноўных формах, відах, сферах.

Для таго каб свабодна ажыццяўляць маўленчую дзейнасць, навучыцца самастойна ўдасканальвацца ў гэтай галіне, неабходны свяцомыя адносіны да сістэмы роднай мовы, што забяспечваецца засваеннем пэўнага кола лінгвістычных паняццяў, правіл, моўных фактаў.

Але гэтага недастаткова. Каб карыстацца мовай як сродкам зносін, неабходны веды сацыяльных, сітуацыйных і кантэкстуальных правіл, якіх прытрымліваюцца носьбіты мовы. Чаму, што, дзе, калі, як гавораць людзі рэгулюецца камунікатыўнай кампетэнцыяй – здольнасцю чалавека вырашаць моўнымі сродкамі тыя ці іншыя камунікатыўныя задачы ў розных сферах і сітуацыях зносін.

Устаноўка на выпрацоўку свядомых адносін да сістэмы роднай мовы, з аднаго боку, і на фарміраванне камунікатыўных уменняў, з другога, патрабуе пабудовы школьнага курса дадзенага вучэбнага прадмета на аснове інтэграцыі двух прынцыпаў: сістэмна-апісальнага і камунікатыўна-дзейнаснага.

Навучальны курс роднай мовы, які інтэгруе сістэмна-апісальны і камунікатыўна-дзейнасны прынцыпы, азначае аб’яднанне моўнага і маўленчага зместу з мэтай не проста навучыць школьнікаў выказваць свае           думкі ў вусных і пісьмовых выказваннях, а развіваць якаснае маўленне дзяцей – змястоўнае, лагічнае, чыстае, дакладнае, дарэчнае, правільнае, выразнае, вобразнае і багатае.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Какора, А.І. Прыёмы і формы ўзбагачэння слоўнікавага запасу малодшых школьнікаў/ А.І. Какора // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа. – 2003. – № 1. – С. 3 – 11.
  2. Катоўская, І.І. Дыдактычная гульня “Падарожжа па краіне Грамацеяў” / І.І. Катоўская // Пачатковая школа. – 2002. – № 6. – С. 29.

Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.