Альберт Ежы Вежбіцкі, Даступнасць беларускай мовы ў сусветных моўных інтэрнэт-рэсурсах

УДК 811.161.3

 

Альберт Ежы Вежбіцкі

Варшаўскі ўніверсітэт, г. Варшава (Польшча)

Навуковы кіраўнік – Радаслаў Калета, доктар гуманітарных навук,

выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта

Даступнасць беларускай мовы ў сусветных

моўных інтэрнэт-рэсурсах

 

Беларуская мова не самая папулярная мова ў свеце. Яе сучаснае становішча вельмі складанае і характарызуецца нізкай зацікаўленасцю сярод замежнікаў. Аднак, калі глянем на даступнасць матэрыялаў для вывучэння беларускай мовы і параўнаем з іншымі больш папулярнымі мовамі свету, можам убачыць, што гэтая галіна існуе і мае магчымасці для развіцця.

У гэтай працы пастараемся паказаць, якія сайты прапануюць людзям, зацікаўленым у вывучэнні беларускай мовы. Паспрабуем прааналізаваць іх карэктнасць, аўтэнтычнасць і разгледзець іх карыснасць з пункту гледжання сучасных магчымасцяў  інтэрнэту,  камп’ютарных і мабільных праграм і дадаткаў. Адразу хочам адзначыць, што тэма вывучэння беларускай мовы з дапамогай сучасных тэхналогіі не мае багатай традыцыі ў беларускай глотадыдактыцы і, паводле нашых меркаванняў, павінна стаць прадметам комплекснага навуковага аналізу. Праца можа паказаць некалькі напрамкаў даследванняў па тэме, якая можа стаць важнай часткай у папулярызацыі беларускай мовы як замежнай.

Варта адзначыць, што ў працы паняцці «інтэрнэт у вывучэнні моў» і «інтэрнэт-рэсурсы» маем на ўвазе рознага тыпу  сайты, дадаткі, дапаможнікі даступныя анлайн, або якія працуюць з дапамогай лічбавых/мабільных прылажэнняў –  камп’ютараў, планшэтаў, смартфонаў і падобных. У артыкуле будуць прааналізаваны  сайты, якія прапануюць матэрыялы не толькі па  беларускай мове , а маюць шырокі дыяпазон моў.

Інтэрнэт у працэсе вывучэння моў.

На думку даследчыкаў, роля інтэрнэту ў вывучэння моў у свеце расце і можа стаць самай важнай галіной навучання [1, с.1-2, 16]. Сёння стварэннем адмысловых інтэрнэт-рэсурсаў для вывучэння моў займаюцца дзяржавы, выдавецтвы, фонды,  IT кампаніі. Паўстаюць таксама новыя праекты, накіраваныя выключна на лічбавы фармат, і гэты тып навучання стане асноўным матэрыялам для аналізу ў прадстаўленай рабоце.

Інтэрнэт-рэсурсы даследуюцца таксама ва ўніверсітэцкіх асяродках. Правяраецца іх эфектыўнасць, камфортнасць і гатоўнасць навучальных устаноў перайсці ў нейкай ступені ў гэты фармат навучання. Некаторыя даследаванні паказваюць, што ўвядзенне інтэрнэт-рэсурсаў у працэс навучання прыносіць плённыя вынікі [2, c.3]. Сітуацыя сусветнай пандэміі каронавіруса прычынілася да таго, што ВНУ ў шматлікіх краінах свету перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Гэты нечаканы пераход можа ў бліжэйшы час даць нам больш дакладныя вынікі наконт інтэрнэт-рэсурсаў.

У гэтай працы мы пастараемся звярнуць увагу перадусім на матэрыялы, якія служаць самастойнаму вывучэнню моў, паколькі наяўнасць адмысловых групавых курсаў беларускай мовы па-за межамі Беларусі невялікая. Самастойны вучань звычайна больш матываваны і актыўны ў працэсе навучання, [3,  c. 329] чым людзі, якія прымаюць удзел у курсах ці занятках ва ўніверсіэце, таму важна, каб матэрыялы, якімі ён карыстаецца, былі адэкватнымі і цікавымі. Вялікую ролю адыгрывае таксама якасць і метады навучання, якімі карыстаюцца паасобныя рэсурсы.

Курсы беларускай мовы ў выбраных рэсурсах.

У інтэрнэце можам знайсці моўныя сайты, якія падзелім на дзве групы: створаныя адмыслова рэсурсам або на яго загад, і курсы, якія ствараюцца карыстальнікамі. Большасць рэсурсаў карыстаецца спалучэннем гэтых метадаў. Прыкладам рэсурсу, які не ўводзіць курсаў без папярэдняга загаду і падрабязнай праверкі, з’яўляецца Duolingo і Babbel. У іх няма курсу беларускай мовы. Можам дапусціць, што ў падобным рэжыме створаныя курсы рэсурсу 50 Languages, у якім знойдзем курс беларускай, аднак у ім цяжка знайсці крыніцы матэрыялаў, што будзе разгледзена далей. Рэсурсамі, якія спалучаюць абодва падыходы, з’яўляюцца, напрыклад, Memrise, LingQ ці Anki. У апошнім карыстальнік мае магчымасць сам ствараць свае матэрыялы, няма агульнай базы.

Больш падрабязна мы разгледзім тры рэсурсы: Memrise, LingQ i 50 Languages.

Memrise.

Memrise карыстаецца метадам флэшкартаў і SRS (Spaced Repetition System — сістэма дыстанцыйнага  паўтарэння). Гэта спосаб, эфектыўнасць якога даказана шматгадовымі даследаваннямі [4,  c.1302], [5, c.31-32]. Акрамя моўнага асяроддзя, выкарыстоўваецца таксама ў медыцыне, для таго, каб лячыць хворых з праблемамі з памяццю [6, c. 639-649]. Сістэма заснавана  на паўтарэнні вывучанага матэрыялу ў інтэрвалах. Сёння ўсе рэсурсы, якія карыстаюцца ёю, маюць свае адмысловыя алгарытмы паўтору, паводле якіх мы паўтараем матэрыял з частатой залежнай ад колькасці ранейшых правільных і няправільных адказаў на нашых флэшкартах.

У рэсурсе знойдзем 11 курсаў беларускай мовы для англамоўных, два для польскамоўных і тры для расейскамоўных. Аб’ём курсаў вагаецца ад 20 да амаль 4000 слоў. Усе курсы створаны карыстальнікамі, але яны не зацверджаны рэсурсам як правільныя, але могуць існаваць у ім. Гэта можа стаць прычынай памылак у курсах.

З поўным перакананнем можна сказаць, што курсы не з’яўляюцца комплексна распрацаванымі матэрыяламі для вывучэння беларускай мовы. Можам з іх вывучыць асобныя часткі беларускай лексікі – лікі (Курс «Belarusian numbers 0-10»), каляндар  (Курс «Belarusian Months and Seasons») ці асноўныя звароты пра сябе, патрэбныя для  падарожжа  па  Беларусі (Курс «Useful Belarusian»). Існуе таксама некалькі курсаў па алфавіце, у тым ліку і беларускай арабіцы.

Самай частай памылкай у курсах з’яўляецца няправільнае выкарыстанне літары «ў» (нескладовага). Можам яе знайсці ў прыкладах, такіх як «ўсміхацца», «ўбачымся заўтра», «шанцаў ўспомніць», «вашых ўроках» –  часцей за ўсё гэта сітуацыі, калі «ў» стаіць  на пачатку слова або пасля зычных. Іншага тыпу памылкай з’яўляецца выкарыстанне слоў з расейскай мовы, замест беларускіх адпаведнікаў – «Шчастлівага падарожжа» замест «шчаслівага», «звязда» замест «зорка» ці «пагода» замест «надвор’е».

Сярод разгледжаных намі курсаў толькі  невялікі адсотак можа быць карысны для самастойнага вывучэння беларускай мовы. Варта адзначыць, што і гэтыя  рэсурсы  не прадстаўляюць сабой  камплексных курсаў па  беларускай мове. Большасць з іх з’яўляецца курсамі па асобных тэмах, з невялікай колькасцю слоў. Аднак ёсць два курсы, на якія мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу.

Курс «200 Most Frequently Used Verbs: Belarusian» паводле назвы павінен уключаць 200 найчасцей ужываных у беларускай мове часоўнікаў. Немагчыма вызначыць, адкуль аўтар узяў такі спіс. Дадаткова, на 198 слоў у курсе (адсутнічаюць 2) знойдзем аж 69 памылак, што складае  больш за 1\3 усяго матэрыялу. Можна ўзгадаць, што словы ў курсе з’яўляюцца прамым перакладам з дапамогай штучнага інтэлекту. Прыклады памылак: «хаценьне» як «to will» замест «хацець», «каб забіць» як «to kill» замест проста «забіць», «вестак» як «to lead» замест «весці» або «гук» як «to sound» замест «гучаць». У дадатак, мова, якой напісаны курс, непаслядоўная – ёсць словы паводле класічнага і афіцыйнага правапісу. Курс адназначна з’яўляецца некарысным і можа выклікаць памылкі ў вучня ў яго будучым карыстанні беларускай мовай.

Другім курсам, які хочам закрануць, з’яўляецца Курс «50 Languages — Belarusian (No Typing)». Гэты курс з’яўляецца прамым пераносам матэрыялу з рэсурсу «50 Languages», таму абмяркуем яго ў наступнай асобнай  частцы.

50 Languages.

Рэсурс створаны фірмай Goetheverlag, уключае ў сябе 59 курсаў моў, якія існуюць паралельна – з кожнай з 59 моў можам вывучыць 58. Гэта адразу выклікае сумнеў на ўзроўні інтэрсемётыкі, паколькі змешчаныя сказы і словы ў мове арыгіналу (нямецкай) могуць мець іншыя адпаведнікі ў розных моўных кантэкстах. У нашым аналізе будзем звяртаць увагу на курс беларускай мовы ў супастаўленні з англійскай.

Курс падзелены на 2 часткі – «размоўнік» і «слоўнікавы запас». У першай частцы знойдзем 100 лекцый па 18 сказаў кожная. Другая падзелена на 42 тэматычныя лекцыі па 40-50 слоў кожная. Агулам атрымаем 3741 моўных адзінак для навукі. Рэсурс не карыстаецца адмысловым метадам, у ім маем магчымасць навучыцца перакладам дадзеных сказаў і слоў. Варта адзначыць, што кожная моўная адзінка мае далучаны гукавы варыянт, запісаны носьбітам мовы. Гэта вялікі плюс, таму што патэнцыяльны вучань можа адразу вывучаць фанетычнае вымаўленне слоў.

У абедзвюх частках курсу знойдзена 166 памылак, што ў адсоткавым варыянце складае 4,44% з усёй лексікі. На нашую думку, гэта невялікая колькасць, паколькі значная частка памылак маргінальная – напрыклад, русізмы: «нумар» замест «пакой» у 7 выпадках, «вадзіцель» замест «кіроўца» ці «кольца» замест «пярсцёнак». Дадаткова знойдзем некалькі няправільных перакладаў па кантэксту: «сувязь» як «communication» замест «камунікацыя», «лічбавыя гадзіны» як «digital clock» замест «лічбавы гадзіннік», «лук» як «onion» замест «цыбуля» ці «краіна свету» як «direction» замест «напрамак».

Агулам рэсурс можам ацаніць як надзейны, паколькі ў ім шмат матэрыялу, які ў 95% правільны. Аднак, беручы пад увагу характар рэсурса і інтэрсемётычныя ваганні, варта прааналізаваць яго асобна для кожнай мовы.

LingQ.

Апошнім рэсурсам, які з’яўляецца прадметам нашага аналізу, з’яўляецца платформа LingQ. У ёй  знойдзем 45 курсаў, у якія ўваходзіць ад 1  да 79 лекцыі. Яны падзеленыя на ўзроўні (Beginner 1, Beginner 2, Intermediate 1, Intermediate 2, Advanced 1, Advanced 2). Многія курсы з’яўляюцца літаратурнымі творамі, перанесенымі ў сістэму.

Кожная лекцыя складаецца з тэксту і аўдыё. Кожнае слова ў тэксце з’яўляецца асобнай часткай і пазначана колерам згодна з нашай з ім гісторыяй – калі мы ведаем слова, якое з’явілася некалі ў нашым працэсе навукі,  яно белае, калі бачым упершыню –  блакітнае, калі мы яго не ведаем –  пазначаем жоўтым колерам, і кожны раз, калі яно з’явіцца ў чарговых лекцыях, будзе так пазначана, пакуль мы не рашым, што мы яго  ўжо ведаем.

У курсе якасныя гукавыя матэрыялы, якія можам спавольніць, каб больш дакладна чуць сказы і чытаць іх разам з лектарамі. Памылак няшмат, паколькі даволі вялікая частка курсаў створана афіцыйна пад эгідай рэсурсу. У запісе можам знайсці памылкі кшталту: «ў» (нескладовае) напісанае не ў адпаведнасці з нормамі беларускага правапісу, напрыклад, «ён ўжо», непаслядоўнае  ўжыванне  варыянтаў слоў у адным тэксце: «долараў» і «даляраў», часам выкарыстанне  слоў у класічным правапісе: «ёсьць», «сьпяваць»,  русізмы «прадаўшчыца», «сколькі», «апранаюсь», няправільны запіс: «зарядка». Агулам колькасць памылак незаўважальная і  часта складае нуль. У некаторых лекцыях 3-4 словы маюць няправільны запіс. Літаратурныя тэксты намі не правераныя ў кантэксце памылак.

Рэсурс з’яўляецца якаснай крыніцай матэрыялаў для вывучэння мовы на аўтэнтычных  моўных тэкстах, неабавязкова накіраваных на вывучэнне моў. Адзінае, што варта паставіць пад сумнеў, гэта якасць перакладаў асобных слоў, якія могуць быць перакладзены толькі з ужываннем Google Translate, які з’яўляецца адзіным інтэрнэт-слоўнікам, які супрацоўнічае з гэтым рэсурсам.

Вывады:

Прадстаўленыя намі рэсурсы не з’яўляюцца ўсімі крыніцамі, дзе можам знайсці курсы беларускай мовы, сярод іншых можам назваць рэсурс Glossika, матэрыялы даступныя на сайтах 101Languages i Omniglot, якія змешчаюць у сябе спіс розных меншых матэрыялаў. Напэўна, распаўсюд курсаў беларускай мовы ў інтэрнэце з’яўляецца пазітыўным працэсам, а іх  прысутнасць у агульнасусветных  моўных рэсурсах, якія пералічаны вышэй, паказвае , што ёсць людзі, якія цікавяцца вывучэннем беларускай мовы.

Застаецца адкрытым пытанне, якім чынам пазбягаць названых памылак, ствараць далейшыя якасныя матэрыялы і на якіх інтэрнэт-платформах можна яшчэ ствараць курсы беларускай мовы, карыстаючыся ўжо існуючымі сістэмамі?

Бібліяграфічны спіс

  1. Ypsilandis George S., Evaluating Internet materials dedicated to language learning, Thessaloniki.
  2. Kremenska Anelly, Computer Assissted Language Learning (CALL): Using Internet for Effective Language Learning, Sofia.
  3. Zimmermann Barry J., A Social Cognitive View of Self-Regulated Academic Learning, Journal of Educational Psychology 1989, vol. 81, No. 3.
  4. Kornell Nate, Optimising Learning Using Flashcards: Spacing Is More Effective Than Cramming, Applied Cognitive Psychology 23, 2009.
  5. Yildirim Soner, Effects of Web-Based Spaced Repetition on Vocabulary Retention of Foreign Language Learner, Eurasian Journal of Educational Research, 34, Winter 2009.
  6. Boudreaux, E. O., Cherry, K. E., Hawley, K. S., Jackson, E. M. (2008). A comparison of adjusted spaced repetition versus a uniform expanded repetition schedule for learning a name-face association in older adults with probable Alzheimer’s disease. Journal of Clinical & Experimental Neuropsychology, 30(6).

 

Артыкул падрыхтаваны на аснове збору матэрыялаў да бакалаўрацкай працы Альберта Ежы Вяжбіцкага пад назвай «Аналіз матэрыялаў для самастойнага вывучэння беларускай мовы як замежнай, даступных на інтэрнэт-рэсурсах і мабільных прыкладаннях», пад навуковым кіраўніцтвам доктара гуманітарных навук Радаслава Калеты; кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, 2020.

Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий