Лукашевич А.А., АСАБЛІВАСЦІ ВЫВУЧЭННЯ ТВОРАЎ РОЗНЫХ ЖАНРАЎ НА I СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

УДК 821.161

Лукашэвіч Ганна Аляксандраўна

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – З.М. Тамашэвіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання  ГрГУ імя Янкі Купалы

 

АСАБЛІВАСЦІ ВЫВУЧЭННЯ ТВОРАЎ РОЗНЫХ ЖАНРАЎ

 НА I СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

Літаратурнаму чытанню належыць вядучая роля на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта абумоўлена важнасцю задач, якія вырашаюцца ў працэсе чытання. Чытанне з’яўляецца не толькі прадметам навучання, але і сродкам уваходжання вучняў ў свет мастацкай літаратуры, універсальным сродкам іх дзейнасці па авалоданні сістэмай паняццяў, якія складаюць змест усіх навучальных дысцыплін. За кошт авалодання ўменнем чытаць і пісаць вучні набываюць здольнасць лепш разумець людзей, прыроду, усю навакольную рэчаіснасць, больш выразна і дакладна выказваць уласныя пачуцці і думкі. У працэсе сталення вучняў чытанне становіцца крыніцай і сродкам іх самаадукацыі .

Асноўная задача ўрокаў літаратурнага чытання – навучыць дзяцей правільнаму, свядомаму, бегламу і выразнаму чытанню. Акрамя гэтага, развіць творчыя здольнасці вучняў пачатковых класаў. “Што ж такое творчасць?  Творчасць – гэта культурная (мастацкая і іншая інтэлектуальная) дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем якасна новага, не iснаваўшага раней самастойнага вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў выглядзе матэрыяльных ці духоўных каштоўнасцей “[1, с. 248].

Вельмі важным з’яўляецца аналіз зместу мастацкага твора ў пачатковай школе: трэба вучыць дзяцей поўна ўспрымаць мастацкі твор, разумець яго ідэйны змест, пазіцыю аўтара; выказваць ўласнае стаўленне да гэтай пазіцыі ; фармiраванне чытацкай кампетэнтнасцi малодшага школьнiка, выхаванне ў вучняў пачатковых класаў цiкавасцi да чытання i мастацкай лiтаратуры.

Падручнікі для чытаня ў пачатковых класах уключаюць многа мастацкіх твораў розных жанраў. Але перавага аддаецца такому жанру, як апавяданне.  Літаратура адлюстроўвае жыццё , паказваючы ў мастацкіх вобразах тыповыя характары, факты, з’явы. У сувязі з гэтым мастацкі твор праз канкрэтны вобраз дапамагае чытачу лепш убачыць і зразумець жыццё.  Ідэі, настрой пісьменніка перадаюцца чытачу і выклікаюць у яго адпаведныя думкі, пачуцці, вызначаюць яго паводзіны, фарміруюць светапогляд. Часта ў творах падаюцца малюнкі прыроды, вобразы, якія хвалююць сваёй прыгажосцю. Мастацкія творы багатыя выяўленчымі сродкамі: метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі. Асноўная вартасць мастацкай літаратуры — яе ідэйнасць і вобразнасць.

Усе гэтыя асаблівасці мастацкіх твораў у асноўным і вызначаюць методыку чытання іх. Пры гэтым настаўнік добра памятае, што толькі цэласнае ўспрыманне твора дае магчымасць вучням уявіць мастацкія вобразы, і разам з тым адчуць настрой, думкі герояў і зразумець задуму аўтара. Успрыманне мастацкага твора залежыць ад выразнасці чытання яго. Выразнае чытанне выклікае ў дзяцей вобразныя ўяўленні, думкі, пачуцці, настрой. У працэсе  чытання  і  аналізу  мастацкага твора вядуцца назіранні за мовай, за некаторымі асаблівасцямі кампазіцыі твора, таму што задума пісьменніка раскрываецца ўсёю сістэмаю выяўленчых сродкаў. Пры гэтым творы розных мастацкіх жанраў маюць свае сродкі ўздзеяння на чытача (кампазіцыя, стылістычныя прыёмы) і пры чытанні іх настаўнік выкарыстоўвае розныя метадычныя прыёмы. Такія, як падрыхтоўчая работа, лексічны каментарый,  першаснае ўспрыманне і праверка яго,  падрыхтоўка да паўторнага чытання, паўторнае чытанне,  аналіз мастацкага твора, пераказ і творчыя віды работ.

Дзеці любяць слухаць і чытаць вершы. Паэзія ўзбагачае духоўны свет дзіцяці, вучыць заўважаць прыгажосць у прыродзе, у жыцці. Яна прываблівае яго музычнасцю, вобразнасцю і яркасцю мовы. Вершы, выражаючы пачуцці і настрой паэта, выклікаюць у дзяцей адпаведныя перажыванні. Уплываючы на пачуцці, эмоцыі, вершаваныя творы фарміруюць у вучняў правільныя адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Верш — асаблівы тып рытмічна  арганізаванай мовы, своеасаблівай, істотна адрознай  і ад штодзённай гаворкі,  і ад мастацкай прозы. Для вершаваных твораў ўласцівы некалькі прыкмет:

— рытм мае асаблівую ролю для арганізацыі вершаванай мовы. Ён характарызуецца паўтаральнымі элементамі, што вызначаць ўласцівую гэтым творам складнасць ў руху.  Мернасць,  рытмічнасць верша ствараецца пэўным паўторам націскных і ненаціскных слоў у радку. Розныя сістэмы вершаскладання адрозніваюцца адзін ад аднаго пэўным вершаваным памерам. У пачатковых класах вучні знаёмяцца з рытмам і рыфмай.

— вершаваная мова — эмацыянальна  афарбаваная мова. Галоўная рыса вершаванай мовы — гэта  пераменная інтанацыя, дзе кожная фраза мае сваю, галоўным чынам лагічна матываваную інтанацыю, якая не паўтараецца ў  наступных фразах.

Улічваючы гэтую асаблівасць вершаванай мовы, мэтазгодна звярнуць увагу вучняў на тое, што ў вершы паэт часта выказвае свае пачуцці, свае перажыванні,  выкліканыя карцінамі прыроды. Адна і тая ж карціна прыроды ў розных паэтаў можа выклікаць розныя пачуцці і верш атрымлівае розную эмацыйную афарбоўку: радасць, сум, трывогу і г.д.

Вершаваныя творы дзеляцца на эпічныя, лірычныя і драматычныя. У пачатковых  класах  вывучаюцца  эпічныя і лірычныя творы.

Для эпічных вершаў характэрна наяўнасць сюжэту,  г.зн. сістэмы падзей і іх развіццё. У цэнтры эпічных твораў — вобразы-персанажы, раскрываючы  якія  аўтар паказвае  пэўны  бок жыцця ў той ці іншы перыяд.

Выбар методыкі залежыць ад канкрэтнага зместу твора. У пачатковых класах не ставіцца задача вывучэнне фігур паэтычнай гаворкі,  але практычна настаўнік пастаянна звяртае ўвагу вучняў на выкарыстанне аўтарам пэўных мастацкіх прыёмаў у мэтах больш яснага і вобразнага выказвання думак. У эпічных вершах часта выкарыстоўваецца дыялог, што дазваляе аўтару жыва апісаць падзеі, як бы «уключыць самога чытача ў круг апісваемых падзей». Аднак настаўнік павінен памятаць, што выразнае чытанне верша,  які мае дыялог, без папярэдняй падрыхтоўкі — цяжка справа. Таму,  перш чым чытаць часткі верша  ўслых, мэтазгодна прапанаваць чытанне пра сябе з якім-небудзь заданнем.

У лірычных вершах прадметам апісання становяцца перажыванні, пачуцці чалавека. Своеасаблівасць лірычнага твора ў тым, што перажыванні, унутраны свет героя — гэта тое цэнтральнае, вядучае, што складае лейтматыў адлюстраванага. Перажыванні чалавека могуць быць абумоўлены карцінамі прыроды,  грамадскімі з’явамі,  філасофскімі разважаннямі: аб сутнасці свету, аб сэнсе жыцця. З улікам тэматычна жыццёвага матэрыялу, які выклікаў тыя ці іншыя перажыванні, у літаратуразнаўстве лірыка класіфікуецца на пейзажную, патрыятычную, філасофскую, лірыку кахання і дружбы і г.д. У праграме пачатковых класаў прадстаўлена ў асноўным пейзажная лірыка.

Байка — адна з формаў эпічнага жанру (па вызначэнні Д. І. Цімафеева), або від эпічнай паэзіі, з’явілася задоўга да нашай эры.

Методыка работы над байкаю абумоўлена яе спецыфікай як віду мастацкага твора. Вылучаюцца такія істотныя прыкметы аналізу байкі, як наяўнасць маралі і алегорыі (іншасказання). У байках часта дзеючымі асобамі з’яўляюцца жывёлы, але гэтая прыкмета не выступае ў якасці абавязковай  (героямі байкі могуць быць і людзі). Таксама не абавязковай для байкі з’яўляецца вершаваная форма. Адно з цэнтральных пытанняў аналізу байкі ў II-IV класах звязаны з раскрыццём маралі і алегорыі.

У метадычнай літаратуры  традыцыйна  лічыцца мэтазгодным пачынаць работу над тэкстам байкі  з  раскрыцця яе канкрэтнага зместу. Затым варта высвятленне іншасказальнай сутнасці (хто маецца на ўвазе пад дзеючымі асобамі байкі) і, нарэшце, разглядаецца мараль.

Казка – адзін з любімых дзецьмі жанраў мастацкіх твораў. Дзеці любяць яе за яркасць, вобразнасць і акрэсленасць характараў, за прастату зместу і за багатую каларытную народную мову. Іх прываблівае ў казцы цікавы, займальны сюжэт, знаёмыя персанажы. З ранняга ўзросту дзеці чуюць казкі ў сям’і, дзіцячым садзе. Пасля авалодання граматаю першакласнікі з захапленнем самі чытаюць казкі, шчыра радуюцца, што дабро, справядлівасць перамаглі зло. Казкі вучаць працавітасці, сціпласці, ветлівасці, справядлівасці, мужнасці, асуджаюць несправядлівасць, сквапнасць і іншыя недахопы людзей. Усе гэта робіць казку магутным сродкам выхавання ў нашых дзяцей лепшых чалавечых якасцей .

У пачатковых класах чытаюцца казкі пра жывёл, чарадзейныя і бытавыя. Бытавыя казкі чытаюцца і аналізуюцца ў пачатковых класах як рэалістычныя апавяданні. На ўроку праводзяцца гутарка, выбарачнае чытанне, вуснае і графічнае маляванне, складанне плана, чытанне ў асобах, расказванне казкі, складанне казкі па аналогіі з прачытанай і інш. Пры чытанні і аналізе казкі вучні павінны зразумець пададзеныя ў ёй вобразы . У падрыхтоўчай рабоце да чытання трэба падвесці дзяцей да ўсведамлення яе вобразаў, а часам і да раскрыцця ідэі, аднак не варта тут гаварыць ім, што казка – гэта выдумка.

Такім чынам, творы розных жанраў, якія вывучаюцца на ўроках літаратурнага чытання,  прызначаны навучыць дзяцей не толькі чытаць, але і ўспрымаць змест твораў мастацкай літаратуры як адмысловы від мастацтва.

Усе віды заняткаў на ўроку чытання павінны дапамагчы вучням успрыняць канкрэтны змест, правільна ўявіць сабе развіццё сюжэту, матывы паводзін персанажаў, іх ўзаемаадносіны.

Дзеці жывуць ў свеце прыгажосці, але часам не бачаць і не чуюць яе. Маляўнічы, прыгожы  свет нярэдка ўспрымаецца дзецьмі ў чорна-белым адлюстраванні, менавіта таму, што адсутнічае ўстаноўка на каляровае і музычнае ўспрыманне.  Задача педагога складаецца ў тым, каб зарыентаваць дзяцей на пошук з’яў прыгожага ў навакольным свеце.

 

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі – Трыо / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2002. – Т. 15. —  552 с.
Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий