Савчиц В.О., ВЫКАРЫСТАННЕ ТЭХНАЛОГІІ РАЗВІЦЦЯ КРЫТЫЧНАГА МЫСЛЕННЯ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

УДК 373.3

Саўчыц Вікторыя Алегаўна

УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы” г. Гродна

Навуковы кіраўнік – З. М. Тамашэвіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін  методык іх выкладання ГрГУ імя Янкі Купалы

выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках  беларускай мовы

 ў пачатковых класах

На сучасным этапе развіцця сістэмы адукацыі на першым плане задача інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў і, перш за ўсё, такіх яго кампанентаў, як інтэлектуальная ўспрымальнасць, інтэлектуальная мабільнасць, крытычнасць мыслення – усё гэта ў сучасным грамадстве з’яўляецца істотнай умовай паспяховай адаптацыі чалавека да зменлівых жыццёвых умоў. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення – адна з базавых форм падрыхтоўкі да паспяховай жыццядзейнасці. Таму ва ўмовах, калі настаўніку неабходна навучыць эфектыўна знаходзіць веды, крытычна мысліць, правяраць асобныя ідэі на магчымасць іх выкарыстання, актуалізуецца неабходнасць у даследаванні дадзенай тэмы. Сучасныя даследчыкі ў галіне метадаў развіцця крытычнага мыслення як на Захадзе (Д. Халперн, К. Мэрэдыт, Д. Сціл, Ч. Тэмпл, С. Уолтар і інш.), так і ў Расіі (М. В. Кларын, С. І. Заір-Бек, І. А. Загашаў, І. В. Муштавінская) пад крытычным мысленнем разумеюць сукупнасці якасцей і ўменняў, якія абумоўліваюць высокі ўзровень даследчай культуры навучэнца і выкладчыка. Метадычны аспект праблемы фарміравання крытычнага мыслення раскрылі А.І. Ліпкіна, А.В. Бутарэнка, Л.А. Рыбак, Н.Г. Суворава і інш. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” раскрывае адно з лексічных значэнняў слова “крытычны” наступным чынам: “Крытычны. 1. Які заключае ў сабе крытыку, з’яўляецца крытыкай. Крытычныя заўвагі. Крытычны артыкул. 2. Здольны крытычна адносіцца да каго-, чаго-небудзь. Крытычны розум”. “Крытычнасць” – гэта ўласцівасць па значэнні прыметніка “крытычны”[1, c. 231]. Такім чынам, крытычнае мысленне – гэта мысленне, якое ўтрымлівае крытыку або здольнае да крытыкі.

Сёння ў навуковых крыніцах можна знайсці розныя азначэнні тэрміна “крытычнае мысленне”. Дж.А. Браус і Д. Вуд вызначаюць яго як “разумнае рэфлексіўнае мысленне, сфакусіраванае на рашэнні таго, у што верыць і што рабіць”. Крытыкі спрабуюць зразумець і ўсвядоміць сваё асабістае “Я”, быць аб’ектыўнымі, лагічнымі, спрабуюць зразумець іншыя погляды. Крытычнае мысленне, на іх думку, – гэта пошук цвярозага сэнсу (як рассудзіць аб’ектыўна і паступіць лагічна з улікам як свайго пункту гледжання, так і іншых меркаванняў) і ўменне адказацца ад асабістых прадузятасцей. Крытычныя мысліцелі здольны вылучаць новыя ідэі і ўбачыць новыя магчымасці, што вельмі важна пры рашэнні праблем [2, c. 315].

Будучым настаўнікам неабходна авалодаць сучаснымі тэхналогіямі навучання, кіравацца ў сваёй дзейнасці навуковымі ведамі, у аснове якіх ляжыць назапашаны, сістэматызаваны і апрабаваны метадычнай тэорыяй і практыкай вопыт. У дадзеных умовах вельмі важна, каб навучэнцы ўмелі крытычна мысліць, валодалі разнастайнымі спосабамі інтэрпрэтацыі і ацэнкі інфармацыйнага паведамлення, аргументавалі свой пункт гледжання, упэўнена адчувалі сябе ў рабоце з рознымі тыпамі інфармацыі, эфектыўна выкарыстоўвалі самыя разнастайныя рэсурсы. Наша педагагічная дзейнасць накіравана на рэалізацыю элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў у працэсе вывучэння беларускай мовы. Тэхналогія дапамагае навучэнцам аналізаваць, выкарыстоўваць атрыманыя веды і іх вынікі як у стандартных, так і ў нестандартных сітуацыях, развівае здольнасць ставіць новыя пытанні, выпрацоўваць разнастайныя аргументы.

Наш артыкул прысвечаны выяўленню, апісанню і выкарыстанні некаторых метадычных прыёмаў гэтай тэхналогіі на ўроках беларускай мовы у пачатковых класах.

З мэтай стымулявання матывацыі навучання крытычнаму мысленню і ўсведамлення навучэнцамі яго значнасці і каштоўнасці на занятках беларускай мовы выкарыстоўваліся такія метадычныя прыёмы, як выклік, асэнсаванне і рэфлексія, якія спрыяюць успомніць спачатку раней вывучаны матэрыял, абагульніць яго, а пасля звярнуць увагу на новы, незнаёмы матэрыял.

Эфектыўным на этапе засваення новай інфармацыі з’яўляецца прыём “Маркіроўка тэксту”, ці “ІНСЭРТ”. Ён дазваляе навучэнцам адсочваць уласнае разуменне прачытанага. У час чытання тэксту на палях ставяцца паметкі: “V” – ужо ведаў; “+” – новае; “–” – думаў інакш; “?” – не зразумеў, ёсць пытанні. Пасля выканання работы навучэнцам неабходна запоўніць табліцу (заносяцца звесткі з тэксту), дзе значкі будуць загалоўкамі граф. Дадзены прыём патрабуе актыўнага, асэнсаванага і ўдумлівага чытання.

Для арганізацыі работы з тэкстам мэтазгодным з’яўляецца прыём “Ведаю – Хачу даведацца – Даведаўся”. Навучэнцы вучацца суадносіць вядомае і новае, ўстанаўліваць свае пазнавальныя запыты, абгрунтоўваць іх. Выкарыстанне на практыцы дадзенага прыёму дазваляе падтрымліваць увагу да інфармацыі ў працэсе працы з ёй, кіраваць працэсам разумення, стымуляваць інтэлектуальную дзейнасць, актывізаваць працу па далейшым вывучэнні тэмы, фарміраваць навыкі самастойнага засваення інфармацыі, вучыць сцісла фармуляваць думкі ў пісьмовай форме.

Развіццю ўменняў слухаць і ўспрымаць ідэі іншых суразмоўцаў, фарміраванню навыкаў самастойнай працы з інфармацыяй садзейнічае прыём “Ключавыя словы і выразы”, які можна выкарыстаць пры вывучэнні   розных тэм. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” навучэнцы запісваюць наступныя ключавыя словы і выразы: адушаўлёныя/неадушаўлёныя, мужчынскі, жаночы, ніякі род, 1, 2, 3 скланенне і інш.

Прыём “Правільныя і няправільныя сцвярджэнні” дазваляе праверыць веданне фактычнага матэрыялу і развіваць уменне даваць ацэнку пэўнаму меркаванню і аргументаваць сваю пазіцыю. На занятках мэтазгодна прымяняць гэты прыём падчас праверкі тэарэтычных ведаў, напрыклад, пры замацаванні тэм “Назоўнік як часціна мовы”, “Правапіс прыметнікаў” і інш..

Яшчэ адным цікавым прыёмам з’яўляецца “Зігзаг”, які выкарыстоўваецца для арганізацыі актыўнай работы з тэкстам. Група дзеліцца на столькі падгруп, на колькі частак можна падзяліць тэкст, з якім будуць працаваць навучэнцы. У групах разлічваюцца на 1, 2, 3, 4, 5-ы нумары. Перад навучэнцамі задача – асэнсаваць тэму і патлумачыць яе адзін аднаму па частках. З кожнай групы першыя нумары аб’ядноўваюцца ў першую часовую групу, другія – у другую і г. д. Гэта эксперты. Часовая група атрымлівае заданне: прааналізаваць вучэбны матэрыял, асэнсаваць яго і, выкарыстоўваючы схемы, графічныя формы, табліцы і г. д., падрыхтавацца да тлумачэння матэрыялу іншым навучэнцам. Выкладчыку адводзіцца роля кансультанта. Пасля гэтага навучэнцы вяртаюцца ў свае “родныя” групы і вучаць аднагрупнікаў. Апісаны прыём дазваляе вывучыць аб’ёмны матэрыял за кароткі тэрмін, актывізуючы пры гэтым работу кожнага навучэнца. Развіваецца супрацоўніцтва, выключаецца саперніцтва.

Прапанаваныя метады і прыёмы развіцця крытычнага мыслення стымулююць усведамленне навучэнцамі ўласных дзеянняў, дазваляюць вырашаць многія задачы курса беларускай мовы эфектыўна, займальна. Эфектыўнае выкарыстанне метадаў і прыёмаў развіцця крытычнага мыслення дазваляе:

Ø сістэматызаваць вучэбны матэрыял, акцэнтаваць увагу навучэнцаў на галоўным;

Ø павялічыць аб’ём тэарэтычных ведаў (у навучэнцаў фарміруецца ўменне актыўна выкарыстоўваюць паняційны апарат беларускай мовы);

Ø прымяняць на практыцы самастойна набытыя веды, актыўна выкарыстоўваць іх у творчай дзейнасці;

Ø стымуляваць актыўную пазнавальную дзейнасць навучэнцаў на ўроках беларускай мовы;

Ø прыцягнуць да самавыяўлення і самаўдасканалення.

Галоўнае на занятках беларускай мовы – гэта актыўнае ўключэнне навучэнцаў у пошукавую дзейнасць, арганізацыя сумеснай дзейнасці, партнёрскіх адносінаў, стварэнне атмасферы даверу, супрацоўніцтва, узаемадапамогі, забеспячэнне дыялагічных зносін не толькі паміж выкладчыкам і навучэнцамі, але і паміж навучэнцамі ў працэсе набыцця ведаў.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2. Г–К / рэд. тома : А.Я. Баханькоў. Мінск, 1978. — С. 742.
  2. Браус, Дж.А. Инвайронментальное образование в школах: руководство, как разработать эффективную программу / Дж.А. Браус, Д. Вуд ; пер. с англ. СПб., 1994.

 

 

Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий