Ялак Вераніка Дзмітрыеўна, РАЗВІЦЦЁ КАМУНІКАТЫЎНЫХ НАВЫКАЎ ВУЧНЯЎ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

УДК 37.013.2

Ялак Вераніка Дзмітрыеўна

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы

 

РАЗВІЦЦЁ КАМУНІКАТЫЎНЫХ НАВЫКАЎ ВУЧНЯЎ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

 

Бясспрэчна, што валоданне камунікатыўнымі навыкамі складае неабходны кампанент адукаванасці чалавека і з’яўляецца паказчыкам яго агульнай культуры. Сучасная моладзь, якая упэўнена крочыць у дарослае жыццё і жадае дабіцца поспехаў у прафесійнай дзейнасці, не можа абысціся без ведання мовы. Мова – гэта адзін са спосабаў пазнання рэчаіснасці. А таму менавіта развіццю камунікатыўных навыкаў, фарміраванню культуры вуснай мовы надаецца вялікая ўвага ў сістэме навучання.

Сучасныя праграмы па беларускай мове накіраваны на фарміраванне камунікатыўнай асобы. На ўроках адбываецца развіццё маўленчых здольнасцей вучняў. Аднак задача настаўніка – «не толькі даць веды па пэўнай тэме, навучыць школьніка будаваць пісьмовыя ці вусныя тэксты, але і фарміраваць уменні якасна ўспрымаць і апрацоўваць інфармацыю, будаваць выказванне ў залежнасці ад мэты, умоў зносін» [1, с. 31]. У сувязі з гэтым, на нашу думку, мэтазгодна актыўна на занятках практыкаваць розныя вучэбныя сітуацыі з пэўнымі маўленча-камунікатыўнымі намерамі, якія адлюстроўваюць працэс суразмоўніцтва, мадэліруюць моўныя паводзіны чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях. Важнае значэнне таксама мае прыём апісання камунікатыўнай сітуацыі і актыўнае ўключэнне вучняў у ролевую гульню. Прапануем прыклады некаторых камунікатыўна арыентаваных практыкаванняў, якія можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы.

  1. Прафесія – рэпарцёр. Паслухайце, як сустракаюць Новы год (Вялікдзень) у розных краінах. Запомніце гэтую інфармацыю. Складзіце рэпартаж і падзяліцеся ім з вашымі аднакласнікамі,  бацькамі.
  2. Залацінкі народнай мудрасці. Прыдумайце невялікае апавяданне пра выпадак з павучальным вывадам, які адбыўся з вамі. Асноўнай думкай гэтага аповеду могуць стаць словы: “Хто не шануе чужога, той і свайго не мае”.
  3. Знаўцы гісторыі роднага краю. Складзіце тэкст-апісанне турыстычнага маршруту “Славутыя мясціны Гродзеншчыны”.
  4. Юныя тэатралы. Раскажыце пра паход у тэатр і пра пастаноўку, якая вас найбольш зацікавіла.
  5. Гуляем у тэлебачанне. Уявіце, што вы з’яўляецеся ўдзельнікам конкурсу тэлевядучых рубрыкі “Надвор’е”. Складзіце тэкст выступлення, уключыце ў яго народныя прыкметы.
  6. Юны натураліст. Прапануй сябру разам “завітаць у госці да прыроды”. Пераканай яго, што прырода – гэта неразгорнутая кніга, якой неабходна цікавіцца.
  7. Правілы добрага тону. Ёсць шмат правілаў, як дарыць і прымаць падарункі, і вы безумоўна ведаеце, як гэта трэба рабіць. Падзяліцеся інфармацыяй, як прымаць падарункі і які падарунак вам асабліва запомніўся.
  8. Віншавальная паштоўка. Прыдумайце віншаванні з Днём нараджэння: 1)для сваёй матулі; 2) для свайго сябра; 3) для сваёй першай настаўніцы;
  9. Юны карэспандэнт. Пра што мараць хлопчыкі і дзяўчынкі? Якая прафесія вас найбольш прываблівае? Уявіце сябе карэспандэнтам газеты. Падрыхтуйце дыялог-інтэрв’ю на тэму “Вось такая цікавая прафесія”.

Зразумела, што развіць камунікатыўныя навыкі вучняў за адзін урок немагчыма. Гэта вельмі складаны і працяглы працэс. Таму толькі сістэматычнае выкарыстанне і выкананне падобных практыкаванняў стварае непарыўнасць развіцця вуснай мовы школьнікаў. У сувязі з гэтым неабходна штодзённа развіваць і ўдасканальваць камунікатыўную практыку вучняў, якая наладжваецца ў форме гутаркі, вуснага выказвання, рэпартажу, публічных выступленняў, дакладаў, паведамленняў. Да развіцця маўлення вучняў у школе трэба падыходзіць як да адной з формаў пазнавальнай дзейнасці чалавека, спосабу яго самавыражэння. Добра вядома: маўленне – гэта своеасаблівы “пашпарт” гаворачага, па якім можна пазнаць чалавека. Дасягнуць свабоды самавыражэння і перадачы самых тонкіх адценняў думак і пачуццяў, ды так, каб выказванне было нязмушаным, – задача надзвычай складаная.

Як вядома, асноўная камунікатыўная адзінка – тэкст. Праз тэкст чалавек выражае сябе як асобу. Тэксты служаць узорам і стымулам пабудовы самастойнага выказвання, дэманструюць функцыянаванне моўных адзінак усіх узроўняў.

Пры рабоце з тэкстам на кожным уроку мовы вучням мэтазгодна прапаноўваць наступныя заданні:

— прыдумаць два загалоўкі да тэксту, каб адзін адпавядаў тэме, а другі – ідэі;

— прачытаць тэкст і змяніць яго заключную частку;

— прыдумаць працяг тэксту;

— прачытаць і выбраць адну з дзвюх прапанаваных канцовак тэксту;

— размясціць абзацы так, каб атрымаўся тэкст;

— даказаць, што першы тэкст – апісанне, а другі – апавяданне;

— скласці тэксты розных тыпаў на прапанаваную тэму;

— скласці  план тэксту;

— прачытаць тэкст і скласці пытанні да яго;

— падрыхтавацца да падрабязнага (сціслага) пераказу тэксту;

— прачытаць тэкст і падумаць, з якой мэтай ён напісаны;

— падзел тэкстаў на сказы і лагічныя часткі;

— знаходжанне сказаў, якія выражаюць асноўны сэнс паведамлення і якія яго пашыраюць;

— разгортванне сэнсу частак шляхам далучэння самастойна складзеных сказаў;

— увядзенне ў тэкст новых сказаў;

З мэтай фарміравання камунікатыўнай культуры школьнікаў неабходна выкарыстоўваць разнастайныя метадычныя формы і прыёмы, якія стымулююць творчую маўленчую дзейнасць. Практыкаванні, якія даюцца на ўроках для засваення і замацавання новага матэрыялу, для развіцця здольнасцей не павінны быць механічным аб’яднаннем заданняў. Неабходна выкарыстоўваць варыятыўныя заданні, прадугледжваючы паступовае іх ускладненне: ад простых да складаных, ад часткова прадуктыўных да прадуктыўных:

‑ практыкаванні-знаёмствы з лексічнымі, лексіка-граматычнымі і маўленчымі паняццямі. Абагульненыя фармулёўкі могуць быць наступнымі: правільна вымавіце, знайдзіце, вызначце правільны адказ, працягніце і г. д.

‑ практыкаванні на выпрацоўку камунікатыўных уменняў і навыкаў: ахарактарызуйце, апішыце, сфармулюйце, абгрунтуйце, дакажыце, матывуйце згоду/нязгоду і г. д.

‑ практыкаванні-пераўтварэнні камунікатыўных уменняў і навыкаў у творчыя здольнасці: замяніце, падбярыце, утварыце, перакладзіце, састаўце, прыдумайце, дайце ацэнку і г. д.

‑ практыкаванні на выяўленне асаблівасцей ужывання слова ў пэўнай маўленчай сітуацыі, у тэксце пэўнага стылю і тыпу. Напрыклад:

Для якой маўленчай сітуацыі характэрны словы высокачастотны, рэзанансны, тэрапія; даражэнькі, бывай, маяцца?

‑ практыкаванні на мэтанакіраваны выбар слова для кантэксту. Напрыклад:

Падабраць лексіку для апісання знешнасці чалавека, які знаходзіцца ў розыску;

‑ практыкаванні на параўнанне сітуацый маўлення, вызначэнне моўных адрозненняў. Напрыклад, параўнайце дзве сітуацыі маўлення: паведамленне дыктара аб надвор’і і апісанне надвор’я ў сачыненні-апісанні. Выявіце мэту, адрасата, моўныя адрозненні выказванняў.

‑ практыкаванні на стварэнне вобразнага, эмацыянальнага, метафарычнага выказвання на тэму “Мой родны горад” (“Вядомыя людзі нашага краю”, “Роля кнігі ў жыцці чалавека” і інш.).

Такім чынам, фарміраванне камунікатыўна актыўнай асобы – адна з галоўных задач сучаснай школьнай адукацыі. Можна з упэўненасцю сказаць, што камунікатыўныя ўменні і навыкі, развіццё якіх павінна адбывацца ў працэсе школьнага навучання, запатрабаваны сённяшнім грамадствам і з’яўляюцца вызначальнымі ў працэсе самавыражэння асобы. Камунікатыўна актыўная асоба павінна ўмець якасна ўспрымаць інфармацыю, перапрацоўваць яе, умець дакладна, вобразна, дарэчна выражаць думкі ў працэсе зносін.

 

Бібліяграфічны спіс

 

  1. Валочка, Г. М.Тэарэтыка метадычныя асновы развіцця звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы: 5 – 10 кл. / Г. М. Валочка. – Мінск: НІА, 2005. – 204 с.
Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания естественнонаучных дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий