УДК 372.4
Грыцук Марына Эдуардаўна
УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік – Г. М. Канцавая, загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання
БрДУ імя А. С. Пушкіна
ПРАЦА З ІНФАРМАЦЫЙНЫМІ ТЭКСТАМІ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ
На ўроках беларускай мовы малодшыя школьнікі набываюць навыкі працы з інфармацыяй у рэжыме тэкставай дзейнасці, пад якой падразумяваецца вучэбна-пазнавальная дзейнасць па ўспрыманні, разуменні, узнаўленні і інтэрпрэтацыі тэксту.
Праца з інфармацыйным тэкстам (вучэбным, навукова-пазнавальным, даведачным) уключае наступныя этапы:
- Атрыманне, пошук і фіксацыя інфармацыі. Асаблівасць гэтага этапа заключаецца ў падрыхтоўцы вучняў да ўспрымання тэксту праз выкарыстанне сэнсавага чытання, знаёмства з ілюстрацыйным матэрыялам (схемамі, табліцамі, малюнкамі і інш.).
- Разуменне і пераўтварэнне інфармацыі: вызначэнне тэмы, падзел тэксту на сэнсавыя часткі, складанне плана, табліц, схем на аснове тэксту, адказы на пытанні па змесце тэксту, пераказ прачытанага ці праслуханага тэксту.
- Выкарыстанне і прад’яўленне інфармацыі: удзел у дыялогу пры абмеркаванні тэксту, прад’яўленне інфармацыі рознымі спосабамі, складанне алгарытмаў, выступленне з паведамленнем.
- Ацэнка дакладнасці атрыманай інфармацыі: выказванне ацэначных меркаванняў і свайго пункту погляду на аснове наяўных ведаў, жыццёвага вопыту, выяўленне недакладнасцей у атрыманых звестках, прагалаў у інфармацыі, знаходжанне спосабаў іх праверкі.
Практыкаванні для працы з інфармацыйнымі тэкстамі на ўроках беларускай мовы можна размеркаваць па трох тыпах у адпаведнасці з тым, якія разумовыя аперацыі выкарыстоўваюцца пры іх выкананні:
– аналітычныя (аналітычнае чытанне тэксту, выдзяленне ключавых слоў, складанне тэзіснага плана тэксту, маркіроўка інфармацыйнага лінгвістычнага тэксту (інсерт), запаўненне маркіровачнай табліцы, складанне схемы і інш.);
– аналітыка-сінтэтычныя (праца з дэфармаваным тэкстам, інтэлек-
туальна-лінгвістычныя практыкаванні, супастаўленне двух і больш тэкстаў, сачыненні-мініяцюры);
– сінтэтычныя (складанне тэксту (вуснага і пісьмовага) па алгарытме, схеме, кластары, стварэнне ўласнага тэксту, рэдагаванне тэксту, камунікатыўныя і гульнявыя сітуацыі на аснове тэксту).
Аналітычныя практыкаванні ўяўляюць сабой калектыўную камунікацыю з аўтарам тэксту. Выконваючы такія практыкаванні, малодшыя школьнікі вучацца разумець тэкст. У працы з параграфам падручніка яны вучацца перапрацоўваць інфармацыю, прадстаўляць правіла ў выглядзе схемы, кластара, складаць апытальнік, тэст, віктарыну і на наступным этапе аднаўляць інфармацыю, якая змяшчаецца ў тэксце з апорай на схему, табліцу.
Пры выкананні аналітыка-сінтэтычных практыкаванняў адпрацоўваюцца камунікатыўныя пазіцыі слухача або чытача, арганізатара камунікацыі. У працэсе дзелавой гульні школьнік разбірае тэкст, дапаўняе яго, аднаўляе адсутныя часткі.
З дапамогай сінтэтычных практыкаванняў вучань набывае ўменне самастойна ствараць тэксты розных тыпаў. Заданні дадзенага тыпу вырашаюць праблему матывацыі вучняў да напісання ўласных твораў. Гэтая складаная праца выконваецца паэтапна, тым самым рыхтуе малодшых школьнікаў да засваення складанага працэсу напісання творчай працы.
Для прадуктыўнасці працы з тэкстамі пачынаць неабходна з аналітычных практыкаванняў, пазней падключаць практыкаванні другога тыпу, а калі сістэма працы над практыкаваннямі будзе зразумелая вучням, можна выконваць практыкаванні трэцяга тыпу, а потым мэтазгодна працаваць з практыкаваннямі ўсіх тыпаў паралельна.
Праца з інфармацыйнымі тэкстамі накіравана на развіццё ў малодшых школьнікаў мыслення, творчага ўяўлення, маўлення, уменняў тлумачыць і разважаць.
Спынімся на некаторых прыёмах працы з тэкстам на ўроках беларускай мовы, якія дазваляюць прадуктыўна засвойваць вучэбны матэрыял, фарміраваць у вучняў уласную думку, уменне аргументаваць яе і інш.
“Правільныя і няправільныя сцвярджэнні”. Малодшым школьнікам прапануецца шэраг сцвярджэнняў па яшчэ не вывучанай тэме. Вучні выбіраюць тыя, якія, на іх погляд, адпавядаюць рэчаіснасці, і абгрунтоўваюць сваё меркаванне. Пасля знаёмства з матэрыялам параграфа малодшыя школьнікі вяртаюцца да дадзеных сцвярджэнняў і ацэньваюць дакладнасць свайго выбару.
“Пісьмо з дзіркамі”. Гэты прыём эфектыўны ў якасці праверкі засвоеных раней ведаў і для працы з параграфам пры вывучэнні новага матэрыялу.
“Лаві памылку”. Гэты прыём накіраваны на актывізацыю ўвагі вучняў, на фарміраванне ў іх умення аналізаваць інфармацыю, выкарыстоўваць веды ў нестандартнай сітуацыі, крытычна ацэньваць атрыманую інфармацыю. Малодшым школьнікам прапануецца інфармацыя, якая змяшчае невядомую для іх колькасць памылак. Вучні шукаюць памылкі групай ці індывідуальна, спрачаюцца, раяцца. Калі прыходзяць да пэўнай думкі, то адзін чалавек ад групы агучвае вынікі перад усім класам.
“Ці верыце вы, што…”. Гэты прыём фарміруе ў вучняў уменне звязваць разрозненыя факты ў адзіную карціну, сістэматызаваць вядомую інфармацыю, крытычна ўспрымаць інфармацыю, рабіць вывады аб дакладнасці і каштоўнасці інфармацыі. Малодшым школьнікам прапануюцца сцвярджэнні, з якімі яны працуюць двойчы: да чытання тэксту параграфа падручніка і пасля знаёмства з ім. Атрыманыя вынікі абмяркоўваюцца.
Галоўны вынік выканання ўсіх відаў заданняў – гэта авалоданне малодшымі школьнікамі спосабамі дзеяння з тэкстам.
Прааналізаваўшы змест падручніка “Беларуская мова” В. І. Свірыдзенкі для 3 класа, адзначым, што ў ім прапануюцца практыкаванні розных тыпаў для працы з інфармацыйнымі тэкстамі: Чаму трэба быць уважлівымі да сваіх матуль? Як трэба праяўляць сваю любоў да іх? [1, с. 9]; прачытайце назву верша. Разгледзьце малюнак да яго. Як вы думаеце, пра што пойдзе ў ім размова? [1, с. 20]; з дапамогай малюнкаў дапоўніце сказы даданымі членамі па пытаннях [1, с. 76]; вусна складзіце па падказках алгарытм вызначэння сувязі слоў у сказе [1, с. 78]; разгледзьце малюнак. Які ўрок ідзе ў класе? Якая тэма ўрока? Каго намалявалі хлопчыкі? Які незвычайны малюнак атрымаўся ў дзяўчынкі? [1, с. 136]; вусна складзіце па падказках алгарытм вызначэння прыстаўкі ў слове пагаварыць [2, с. 7]; разгледзьце схему. З апорай на яе раскажыце правіла правапісу прыставак, якія заканчваюцца на б, д. Прыдумайце і намалюйце сваю схему або малюнак, якія дапамагаюць запомніць правапіс гэтых прыставак [2, с. 11]; разгледзьце схему. З апорай на яе раскажыце правіла правапісу прыставак, што заканчваюцца на з, с. Прыдумайце і намалюйце сваю схему або малюнак, якія дапамагаюць запомніць правапіс гэтых прыставак [2, с. 14]; прачы-
тайце. Што аб’ядноўвае словы ў кожным радзе? (Сіні, сінь, сінець. Падабрэць, добры, дабрыня. Белізна, белы, пабяліць. Выхад, хадзіць, хадавы). Падзяліце словы на тры групы па іншай прымеце, якая адпавядае тэме ўрока. Запішыце іх у тры слупкі. Назавіце прымету, якая аб’ядноўвае словы кожнага слупка [1, с. 45]; прачытайце верш. Што ў ім праўдзівае, а што – казачнае? Што вы ведаеце пра каметы? Пры неабходнасці знайдзіце патрэбную інфармацыю ў дзіцячай энцыклапедыі або ў Iнтэрнэце [2, с. 18]; знайдзіце ў кожным радзе слоў лішняе. Запішыце астатнія словы кожнага рада. Вызначце прымету, якая аб’ядноўвае словы ў кожным радзе (Птушка, песня, радасць, конь, печ. Акуляры, дзверы, барацьба, штаны, канікулы. Вясёлы, добрае, сонечны, дзянёк, прыгожая. Бяжыць, слухаў, думае, глядзіць, смяецца) [2, с. 124]; прачытайце тэкст. Якія жывёлы з’яўляюцца добрымі рыбакамі? Пра што гэты тэкст? Якая яго асноўная думка? Якія з прапанаваных загалоўкаў больш падыходзяць да тэксту: «Жывёлы-рыбакі», «Найлепшы рыбак сярод птушак», «На рыбалцы»? На што ўказвае выбраны вамі загаловак: на тэму ці на асноўную думку? Знайдзіце ў тэксце аднакаранёвыя словы. Падзяліце тэкст на часткі. Выкарыстайце прапанаваны план (1. Жывёлы-рыбакі. 2. Чапля на рыбалцы). Вусна перакажыце першую частку тэксту [2, с. 127–128] і інш.
Выкананне падобных заданняў спрыяе авалоданню малодшымі школьнікамі навыкамі чытання інфармацыі, вылучэнне патрэбнай інфармацыі, параўнанне новай і ўжо вядомай інфармацыі, прадстаўленне інфармацыі ў нагляднай форме, выкарыстанне інфармацыі для ўстанаўлення нескладаных прычынна-выніковых сувязяў, набыццю першаснага вопыту крытычных адносін да атрыманай інфармацыі, супастаўленне яе з інфармацыяй з іншых крыніц і наяўнага жыццёвага вопыту.
Бібліяграфічны спіс
- Свірыдзенка, В. I. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 3 кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / В. I. Сві-
рыдзенка. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2017. – Ч. 1. – 144 с. - Свірыдзенка, В. I. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 3 кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучанн : у 2 ч. / В. I. Сві-
рыдзенка. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2017. – Ч. 2. – 144 с.