Чапля Т.Д.
студэнтка 2 курса І ступені вышэйшай адукацыі педагагічнага факультэта
Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»
(Навуковы кіраўнік –Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)
ВЫВУЧЭННЕ ТЭМЫ «ЗМЯНЕННЕ ПРЫМЕТНІКАЎ ПА РОДАХ»
У ІІІ КЛАСЕ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Анатацыя. У дадзенным артыкуле даецца аналіз падручніка з пункту гледжання патрабаванняў, што ставяцца да вывучэння тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах», «Вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для ІІI клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання» і «Прыкладным каляндарна-тэматычным планаваннем па вучэбным прадмеце «Беларуская мова». Прыводзяцца распрацаваныя аўтарам артыкула і апрабаваныя на практыцы дадатковыя практыкаванні для засваення роду прыметнікаў.
Белауская мова займае важнае месца ў сістэме школьных прадметаў вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, таму што яна з’яўляецца не толькі аб’ектам вывучэння, але і сродкам навучання, бо на ўроку беларускай мовы вучні набываюць неабходныя ўменні і навыкі, з дапамогай якіх яны авалодваюць ведамі па такіх прадметах як «Літаратурнае чытанне» і «Чалавек і свет».
Адной з найбольш агульных катэгорый беларускай мовы, па прызнанні спецыялістаў, з’яўляюцца часціны мовы. У іх пэўным чынам групуюцца словы з блізкімі лексіка-граматычнымі характарыстыкамі, з аднолькавым спосабам адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці. Таму часціны мовы прыцягвалі і прыцягваюць асаблівую цікавасць, як пры вырашэнні важных тэарэтычных пытанняў, так і ў практычным засваенні мовы.
Прыметнікі па сваіх выразных якасцях не могуць параўнацца ні з адной часцінай мовы. У адрозненне ад назоўніка, які абазначае паняцце аб прадмеце ў сукупнасці з усімі яго прыметамі, прыметнік звужвае аб’ём паняцця, робіць яго канкрэтным і выразным. Паколькі адна з задач выкладання беларускай мовы складаецца ў тым, каб навучыць дзяцей выказваць свае думкі не толькі правільна, але і дакладна, вобразна, узнікае патрэба ў азнаямленні вучняў з прыметнікам як часцінай мовы.
Аб’ектам даследавання ў дадзеным артукуле стане працэс завсаення вучнямі трэцяга класа тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах».
У «Вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для ІІI клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання» вызначаны праграмны змест: «Прыметнік як часціна мовы. Сувязь прыметніка з назоўнікам у сказе. Змяненне прыметнікаў па родах і ліках у залежнасці ад назоўнікаў, з якімі яны звязаны. Вызначэнне ліку і роду (у адзіночным ліку) прыметнікаў» [1] і віды дзейнасці вучняў: «Вызначэнне ролі прыметнікаў у сказах. Утварэнне розных форм ліку і роду прыметнікаў. Развіццё сказаў у тэксце патрэбнымі па сэнсе прыметнікамі. Знаходжанне ў тэксце прыметнікаў пэўнага роду і ліку. Пашырэнне сказаў прыметнікамі ў патрэбнай форме» [1].
«Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» [2] дзеліць вывучэнне прыметніка як часціны мовы на шэсць урокаў. На вывучэнне тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах» адводзіцца тры ўрокі.
Мэты вывучэння тэмы«Змяненне прыметнікаў па родах»: 1 урок: вучыць вызначаць род прыметнікаў, выяўляць і ўжываць прыметнікі ў формах мужчынскага, жаночага і ніякага роду; развіваць граматычны лад маўлення, узбагачаць слоўнік навучэнцаў прыказкамі; выхоўваць ветлівасць; 2 урок: выпрацоўваць уменне вызначаць род прыметнікаў адзіночнага ліку, якія ўжываюцца ў розных склонавых формах, замацоўваць уменне ўтвараць формы мужчынскага, жаночага і ніякага роду прыметнікаў і ўжываць іх; развіваць граматычны лад маўлення, узбагачаць слоўнік навучэнцаў прыказкамі; выхоўваць культуру маўлення; 3 урок: замацоўваць уменні вызначаць род прыметнікаў адзіночнага ліку, якія ўжываюцца ў розных склонавых формах, утвараць формы мужчынскага, жаночага і ніякага роду прыметнікаў і ўжываць іх; развіваць граматычны лад маўлення, узбагачаць слоўнік навучэнцаў прыметнікамі-антонімамі; выхоўваць любоў да прыроды [2].
Для работы па дасягненні пастаўленых каляндарна-тэматычным планаваннем мэт і выпрацоўкі вызначаных прагарамай уменняў і навыкаў у падручніку для ІІІ класа «Беларуская мова. Частка 2» [3] даюцца 16 практыкаванняў (з іх 3 практыкаванні для дамашняй работы, якія прадугледжваюць самастойную дзейнасць вучняў).
Так, вывучэнне тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах» пачынаецца з практыкавання 139 (с. 82), падчас выканання якога вучням неабходна апісаць пры дапамозе прыметнікаў прыгожы, вялікі прадметы на малюнках.
Мал. 1 – Практыкаванне 139, с. 82
Затым запісаць атрыманыя спалучэнні слоў і паназіраць за зменамі форм прыметнікаў, каб даць першаснае ўяўленне паняцця «род прыметнікаў».
Пасля ўводнага практыкавання настаўнік праводзіць аналіз фармулёўкі правіла з дзецьмі па пытаннях, што знаходзяцца на с. 83 падручніка: «Па чым змяняюцца прыметнікі? Ад чаго залежыць род прыметнікаў?».
Работу знаёмства з новай тэмай працягвае наступнае практыкаванне 140 (с. 83), у якім праходзіць аналіз табліц, вылучэнне пытанняў, на якія адказваюць прыметнікі мужчынскага, жаночага і ніякага роду, родавых канчаткаў прыметнікаў.
Мал. 2 – Практыкаванне 140, с. 83
Пераход непасрэдна да практычнага асваення тэмы пачынаецца з практыкавання 141 (с. 84), падчас якога адбываецца пастаноўка пытанняў ад назоўнікаў да залежных прыметнікаў і вызначэнне роду прыметнікаў.
Можна лічыць, што вучэбныя задачы па КТП усё ж такі рэалізуюцца праз першыя тры практыкаванні, але не ў поўнай меры могуць быць дастатковымі для засваення усімі вучнямі класа, таму што разумовыя зольнасці ўдзяцей розныя.
На рашэнне выхаваўчых і развівальных задач накіраваны практыкаванні 142 (с. 84) і 143 (с. 85).
Вучэбны змест практыкавання 142 прадугледжвае працу з прыметнікамі праз загадкі: Чытанне і разгадванне загадак. Знаходжанне ў іх прыметнікаў, якія дапамагаюць адгадаць загадку. Выбарачнае спісванне. Абазначэнне канчаткаў прыметнікаў.
Практыкаванне 143 таксама змяшчае працу з элементамі фальклору – прыказкамі: чытанне прыказкі па падказках, тлумачэнне яе сэнсу і запіс прыказкі, знаходжанне ў ёй прыметніка, вызначэнне яго роду, абазначэнне канчатка.
Такім чынам, мэты, якія абазначаны ў КТП для першага занятку, максімальна рэалізуюцца, на колькі гэта дазваляе змест падручніка, але практыка паказвае, што, каб засвоіць вучэбныя веды, уменні і навыкі, у поўнай меры, настаўніку неабходна выкарыстоўваць дадатковы матэрыял.
Другі ўрок па дадзенай тэме пачынаецца з практыкавання 145 (с. 86), падчас выканання якога вучням неабходна замяніць прапанаваныя спалучэнні слоў «назоўнік + назоўнік з прыназоўнікам» на сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі «прыметнік + назоўнік». Пасля выканання ўмовы, якая дадзена перад практыкаваннем, вучні вызначаюць род прыметнікаў, графічна выдзяляюць іх канчаткі і складаюць сказы з утворанымі спалучэннямі слоў.
Пры выкананні практыкавання 146 (с. 86) адбываецца далучэнне аднаго і таго ж прыметніка да назоўнікаў рознага роду, вылучэнне прыметнікаў, ужытых у пераносным значэнні і тлумачэнне значэнняў гэтых прыметнікаў у спалучэннях слоў.
Наступныя практыкаванні змяшчаюць работу з выкарыстаннем вуснай народнай творчасці (прыказкі) і займальнага матэрыялу (загадкі). Змест практыкаванняў наступны:
– практыкаванне 147 (с. 86-87): чытанне прыказак, тлумачэнне іх сэнсу; вызначэнне роду прыметнікаў, якія ўжыты ў розных склонавых формах, з апорай на падказку;
– практыкаванне 148 (с. 87): чытанне і адгадванне загадкі; знаходжанне ў ёй прыметнікаў, вызначэнне іх роду.
У цэлым, першы і другі заняткі аднолькавыя па структуры і накіраваны на вучня сярэдняй паспяховасці, таму для вучняў высокага і нізкага ўзроўняў паспяховасці настаўнік павінен распрацаваць дадатковыя заданні або прадугледзець групавыя формы работы і заданні для іх.
Трэці занятак па тэме «Змяненне прыметнікаў па родах» змяшчае чатыры практыкаванні для працы ў класе і адно практыкаванне для самастойнай працы вучняў дома. Асноўная адукацыйная мэта занятка – замацаваць уменні, якія яны вывучылі (першы ўрок) і выпрацавалі (другі ўрок) на мінулых занятках.
Першае практыкаванне 150 (с. 88) адразу накіравана на вырашэнне не толькі адукацыйнай мэты, але і развівальнай (узбагачаць слоўнік вучняў прыметнікамі-антонімамі), падчас яго выканання адбываецца замена прыметнікаў у словазлучэннях на супрацьлеглыя па сэнсе, запіс словазлучэнняў з устаўкай прапушчаных літар словы і каменціраваннем, вызначэнне роду прыметнікаў.
Практыкаванне 151 (с. 88) змяшчае працу з тэкстам: чытанне тэксту, гутарка па змесце, знаходжанне ў тэксце спалучэнняў слоў «прыметнік + назоўнік», выбарачнае спісванне, вызначэнне роду прыметнікаў.
Астатнія два практыкаванні накіраваны на актуалізацыю і канчатковае замацаванне ўсіх ведаў, уменняў і навыкаў па дадзенай тэме.
Пры выкананні практыкавання 152 (с. 89) вучням неабходна вусна скласці па падказках алгарытм вызначэння роду прыметніка ў сказе, такім чынам яны актуалізуюць і сістэматызуюць свае веды.
Мал. 3 – Практыкаванне 152, с. 89
Канчатковае замацаванне адбываецца, падчас выканання апошняга практыкавання 153 (с. 89), падчас выканання якога вучні ўтвараюць ад назоўнікаў аднакаранёвыя прыметнікі, складаюць спалучэнні слоў «прыметнік + назоўнік», вызначаюць род прыметнікаў, абазначаюць іх канчаткі, складаюць сказы з адным спалучэннем слоў.
Неабходна сказаць, што за ўзбагачэнне слоўніка вучняў (трэцяя мэта па КТП) адказвае, таксама, знаёмства з правапісам слоўнікавага слова асцярожны. Настаўнік з вучнямі высвятляюць, якой часцінай мовы яно з’яўляецца, на якое пытанне адказвае. Для больш свядомага знаёмства настаўнік прапануе скласці са словам словазлучэнне ці ўжыць слова асцярожны ў сказе.
Пазітыўным бокам для настаўніка, падчас вывучэння гэтай тэмы, з’яўляецца тое, што на яе вывучэнне адведзена тры вучэбныя гадзіны, таму ёсць дастаткова часу, каб засвоіць гэты матэрыял усім класам. Але трэба памятаць, што любы школьны падручнік разлічан на вучня з сярэднім узроўнем паспяховасці.
Падчас правядзення эксперыментальнага даследавання намі пры вывучэнні тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах» былі апрабаваны наступныя практыкаванні.
Практыкаванне «Падбяры». Прачытайце прыметнікі і падбярыце да іх адпаведныя назоўнікі, якія прыведзены на малюнках. Апішыце гэтыя назоўнікі пры дапамозе прыметніка вялікі.
Злы, шэры, галодны ___. Яркае, цёплае, жоўтае ___. Духмяная, чырвоная, калючая ___.
Мал. 4 – Выявы сонейка, ружы, ваўка
Практыкаванне «Акварыум». Настаўнік раздае вучням карткі, на якіх паказаны акварыум з трыма рыбкамі. На кожнай рыбцы напісаны канчаткі –і, ы; -ая, яя; -ае, -ое, -яе. Умова: Утвары прыметнікі ўсіх трох форм роду пры дапамозе адпаведных канчаткаў. Падумай і запішы назоўнікі да трох прыметнікаў розных форм роду.
Прыгож_ , маленьк_ , чорн_ , сонечн_ , сін_ , лясн_ , кругл_ , шклян_ .
Практыкаванне «Аўтар». Умова: Складзіце сваю невялічкую гісторыю па ключавым словам. Цёплы, сонейка, вясна, птушкі, вырай, лісце, зялёны.
Выпішыце атрыманыя прыметнікі, пазначце канчаткі і вызначце род.
Практыкаванне «Код». Умова: Прачытайце і запішыце прыметнікі. Для гэтага неабходнаа паставіць склады ў адпаведным парадку. Лы-бе, вы-ру-жо, кі-хут, роз-ма-ны, шы-пер, за-ты-ла
Вызначце род прыметнікаў. Змяніце прыметнікі так, каб яны змянілі форму роду.
Практыкаванне «Стваральнік». Умова: Разгледзьце словы. Што вы можаце сказаць пра іх? Якое заданне вы прапанавалі б да гэтага практыкавання? Запішыце ўмову.
Белавежская | мова | Духмяная | пушча | |
Беларуская | возера | Рознакаляровы | стол | |
Драўляны | дыван | Вялікае | кветка |
Выканайце заданне суседа па парце.
Практыкаванне «Разнастайнасць». Умова: Дапоўніце і развіце наступныя сказы: Свеціць сонейка. Птушкі спяваюць. Гуляюць дзяўчынкі. Чытаць кнігу. Ідзе дождж. Якія словы вы выкарыстоўвалі? Выпішыце прыметнікі разам з адпаведнымі назоўнікамі. Пастаўце пытанні ад назоўнікаў да прыметнікаў і вызначце род.
Такім чынам, для трывалага засваення тэмы «Змяненне прыметнікаў па родах» настаўнік павінен акрамя прапанаваных падручнікам практыкаванняў рыхтаваць дадатковыя, што дазволіць развіць уменне распазнаваць прыметнікі ў моўнай плыні і не толькі дакладна ўжываць, але і граматычна правільна, улічваючы сувязь прыметніка з назоўнікам.
Спіс літаратуры
- Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для ІІI клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання / Нацыянальны адукацыйны партал. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://adu.by/ru/homepage/obrazovatelnyj-protses-2019-2020-uchebnyj-god/obshchee-srednee-obrazovanie/201-uchebnye-predmety-i-iv-klassy/1267-3-klass.html. – Дата доступу : 02.05.2020.
- Начальная школа. 3 кл. : примерное календарно-тематическое планирование : пособие для учителей учреждений общ. сред. образования с рус. яз. обучения / М. Б. Антипова [и др.]. — Минск : НИО : Авер сэв, 2019. — 196 с.
- Свірыдзенка, В. І. Беларуская мова : вучэбны дапаможнік для 3 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / В. І. Свірыдзенка. – Ч. 2. – Мінск, 2017. – 148 с.