Ігнатовіч І.А. АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ ГРУПАВОЙ РАБОТЫ З ВУЧНЯМІ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

УДК 373.31

Ігнатовіч І.А.

студэнтка 2 курса І ступені вышэйшай адукацыі педагагічнага факультэта

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

(Навуковы кіраўнік –Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ ГРУПАВОЙ РАБОТЫ З ВУЧНЯМІ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

 Анатацыя. У дадзенным артыкуле раскрываюцца асаблівасці арганізацыі групавой работы на ўроках літаратурнага чытання з вучнямі на І ступені агульнай сярэдгяй адукацыі. Прыводзяцца практыкаванні для арганізацыі групавой работы.

Змены сучаснага грамадства ставяць новыя патрабаваннi да сiстэмы адукацыi: Беларусi патрэбныя людзi, здольныя прымаць нестандартныя рашэннi, якiя могуць творча мыслiць. У «Кодэксе Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi» падкрэслiваецца задача ўсебаковага развiцця асобы вучня, неабходнасць фармiравання яго творчых здольнасцей, стварэння спрыяльных умоў для гарманiчнага развiцця, а таксама да ўмення працаваць у нестандартных сітуацыях, індывідуальна прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць.

Фарміраванне пэўнага ўзроўню выбіральнасці вучняў у адборы і засваенні тых ці іншых ведаў, у забеспячэнні ім магчымасці і права выбару ў працэсе навучання адлюстроўвае імкненне сучаснай школы да гуманізацыі, індывідуалізацыі і персаналізацыі зместу адукацыі.

Сучасная школа стварае для кожнага вучня спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця яго здольнасцей і таленту, мэтанакіраванай праявы яго індывідуальнасці. Рэфармаванне сістэмы адукацыі, пераход ад традыцыйнага падыходу ў вучэбна-выхаваўчым працэсе да дзейнаснага, ад рэжыму функцыянавання да рэжыму развіцця і самаразвіцця сведчаць пра рэальную патрэбу звароту да праблемы індывідуалізацыі навучання. Абвяшчаемыя сучасным грамадствам ідэі гуманізацыі адносін, свабоды, адраджэння духоўнасці дазваляюць інакш паглядзець на сутнасць паняцця «індывідуалізацыя» з мэтай вызначэння сапраўдных каштоўнасцей і расстаноўкі новых акцэнтаў у сістэме адукацыі.

Школа цвёрда застаецца на пазіцыях фарміравання асобы, развіцця сацыяльнай сутнасці чалавека. Асабліва сур’ёзна да дадзенай праблемы варта ставіцца на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дзе закладваюцца першыя істотныя асновы стаўлення да навучання, да навакольнага свету і да сябе самога. Неабходнасць уліку індывідуальных асаблівасцей вучняў цягне за сабой пытанне: як усё гэта ажыццявіць арганізацыйна? У сучаснай школе, дзе адзін настаўнік адначасова займаецца з вялікай групай вучняў, гэта і з’яўляецца вузлавой праблемай індывідуалізацыі навучання. У арыстакратычнай сістэме дамашняга навучання (класічны прыклад – выхаванне Эміля у Ж.Ж. Русо), дзе навучанне было індывідуальным, гэта праблема магла паўстаць толькі ў тым сэнсе, ці здольны настаўнік разумець індывідуальныя асаблівасці свайго вучня. Для сучаснага школьнага навучання тыповая супярэчнасць паміж масавасцю школы і патрэбамі асобных індывідаў. Распаўсюджана меркаванне, што памяншэнне колькасці вучняў у класе паляпшае магчымасці індывідуальнага падыходу да кожнага вучня. Аднак і адносна малая колькасць вучняў сама па сабе аўтаматычна не забяспечвае ўліку індывідуальных асаблівасцей вучняў. У паўсядзённай школьнай практыцы даволі часта сустракаюцца выпадкі, калі ў класе з адносна малой колькасцю вучняў магчымасці індывідуалізацыі навучання не выкарыстоўваюцца. Разам з тым ёсць настаўнікі, якія і ва ўмовах вялікіх класаў здолелі вельмі паспяхова ажыццяўляць індывідуалізацыю вучэбнай работы. Каб дамагчыся правільнага індывідуальнага падыходу ў навучанні, неабходна ўважліва падбіраць індывідуальныя заданні. Яны павінны адрознівацца прастатой, кароткасцю і дакладнасцю.

Сучасная школа пастаянна шукае ўсё новыя шляхі для ўключэння вучня ў навучальны працэс, імкнецца матываваць яго, сфарміраваць уменне і жаданне вучыцца. Дзякуючы гэтаму і праводзіцца мадэрнізацыя адукацыйнага працэсу, арыентаваная на ўсебаковае фарміраванне асобы вучня на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, шляхам стварэння новых форм вядзення заняткаў, работы дзяцей на ўроках.

І ступень агульнай сярэдняй адукацыі адыгрывае найважнейшую ролю ў сістэме адукацыі. Менавіта ў ёй фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі, якія стануць асновай для далейшага навучання кожнага вучня. Сучасная ж пачатковая школа павінна быць арыентавана на развіццё асобы вучня, які ўмее падладжвацца пад шматлікія змены, прадыктаваныя тэмпам жыцця, усё большым аб’ёмам інфармацыі і пастаянна абнаўляемымі ведамі.

Спецыялістамі па псіхалогіі ўжо даўно даказана, што людзі лепш засвойваюць тое, што абмяркоўваюць з іншымі, а лепш за ўсё памятаюць тое, што тлумачаць іншым. Менавіта гэтыя магчымасці дае вучням выкарыстоўваемая на ўроку парная і групавая работа.

Пад групавой формай навучання разумеюць такую форму арганізацыі дзейнасці вучняў, пры якой на базе класа ствараюцца невялікія рабочыя групы (3–5 чалавек) для сумеснага выканання вучэбных заданняў [4, с. 131].

Работа ў групах магчымая ў тым выпадку, калі ёсць верагоднасць абгрунтаванай плённай спрэчкі. Дзейсным сродкам пачатку абмеркаванняў на ўроках літаратурнага чытання выступаюць праблемныя пытанні ці заданні, накіраваныя на каштоўнасна-сэнсавыя ўстаноўкі вучняў.

Групавыя формы, якія прымяняюцца на ўроках літаратурнага чытання, павялічваюць дынамічнасць вучняў, фарміруюць абгрунтаваны маналагічны адказ і дыялагічную размову, якія назіраюцца ў ходзе абмеркавання праблемы, пры вырашэнні якіх выкарыстоўваюцца часткова-пошукавы або даследчы метад.

Непаўторнасць групавой дзейнасці заключаецца ва ўзаемадзеянні паміж вучнямі ў складзе малой групы і кіраўніцтва дзейнасці настаўнікам. Педагог кіруе працай ўсёй групы ў цэлым: дае ёй заданне, інструкцыю па яго выкананні, ацэньвае вынікі работы групы. Кіраўніцтва ж дзейнасцю кожнага вучня ажыццяўляецца самім вучнем унутры групы

Узаемадзеянне дзяцей у гульнях і практыкаваннях гарантуе з’яўленне сярод вучняў добразычлівых узаемаадносін, а групавая падтрымка выклікае адчуванне абароненасці, найбольш нясмелыя і неспакойныя вучні асільваюць боязь.

У залежнасці ад тыпу, формы, мэты і задач урока ролі і абавязкі ўдзельнікаў групавой работы магчыма размеркаваць наступным чынам: лідар (каардынатар) – арганізуе работу ўсёй групы; кансультант – аказвае дапамогу, тлумачыць матэрыял, якім добра валодае; сакратар – запісвае ідэі, кантралюе час і ўзровень шуму ў групе; эксперт – сочыць за лагічнасцю і паслядоўнасцю выканання задання.

Перад пачаткам работы карысна ўспомніць прыказкі і прымаўкі, у якіх гаворыцца пра сумесную работу: «Адзін у полі не воін», «Адна галава добра, а дзве – лепш», «Дружна – не грузна, а паасобку – хоць кінь» і інш.

Вартасцю групавой работы з’яўляецца таксама і арганізацыі зносін, бо ў працэсе абмеркавання праблемнага пытання, кожнае дзіця можа выказаць свій пункт гледжання і абмеркаваць яго з членамі групы. У ходзе абмеркавання ствараецца даверлівая атмасфера, што спрыяе сатворчасці, ўзаемаразуменню і добразычлівасці паміж удзельнікамі групы.

Вылучаюць наступныя этапы групавой работы: падрыхтоўка да выканання групавога задання, якая ўключае пастаноўку пазнавальнай задачы, інструктаж аб паслядоўнасці выканання задання, раздача дадатковага дыдактычнага матэрыялу.

Сам працэс групавой работы заснаваны на вывучэнні зместу матэрыялу, планавання і размеркавання работы ў групе, выкананне задання, абмеркаванне вынікаў у групе; абмеркаванне агульнага задання групы і яго карэкцыя, падвядзенне вынікаў выкананага задання. Паспяховасць і інтэнсіўнасць групавой работы залежыць ад таго, наколькі яна ўсведамляецца вучнем і наколькі ён сам зацікаўлены выкананнем задання. У ходзе абмеркавання вучань адпрацоўвае два ўменні: слухаць і чуць. Напрыклад, фраза «Я шмат у чым згодны з меркаваннем …, але мне хацелася б дадаць …» адлюстроўвае зацікаўленасць меркаваннем суразмоўцы і аргументуе меркаванне дзіцяці. Фразы «Я з гэтым не згодны, але падумаць варта», «На маю думку …» дазваляюць захаваць індывідуальнасць свайго адказу, не пакрыўдзіць суразмоўцы.

Заключная частка ўяўляе сабой паведамленне пра вынікі работы ў групах, аналіз выканання пастаўленай выхаваўчай задачы, рэфлексія, агульны вывад пра групавую работу і вызначэнне ўзроўню выканання задання.

Неабходна памятаць правілы агульнага абмеркавання:

‒          не гаварыць усім адразу;

‒          усім глядзець на таго, хто гаворыць (настаўніка ці вучня);

‒          рэагаваць жэстамі або знакамі на кожную рэпліку таго, хто гаворыць (згодзен, не згодзен, не зразумеў);

‒          калі супярэчыш або згаджаешся з іншым, звяртайся да яго асабіста: «Саша, ты не сказаў, што …».

Для работы на ўроку ў падручніках ІІ класа прапануюцца наступнага роду заданні для работы ў парах або групах: «Прачытайце твор. Падзяліце яго на часткі па плане. Перакажыце твор у групах.

План:

  1. Кропелька работуе ў родным краі.
  2. Кропелька пакідае родны кут.
  3. Кропелька ў далёкім краі.
  4. Вяртанне Кропелькі на родную зямлю» (Кропелька Алена Кобец-Філімонава) ці «Прачытайце прыметы восені. Як вы іх зразумелі?» [2].

Для ІІІ класа прапануецца значная колькасць заданняў наступнага зместу: «Прачытайце тэкст па ролях у парах. Пры чытанні перадавайце пачуцці павагі да роднай зямлі, удзячнасці за тое, што зямля нас корміць» («Татава поле» Фама Рамашка) [3].

У падручніках «Літаратурнае чытанне» для ІV класа ўтрымліваюцца наступныя заданні: «Размяркуйце ролі і выразна прачытайце твор па ролях», «Што аб’ядноўвае творы «Калі ранец легкі і калі цяжкі» Ніла Гілевіча «Ці так чытала?» Марь’яны Дуксы?», «Параўнайце герояў гэтых вершаў. Чым яны адрозніваюцца?», «Па прапанаваных пытаннях раскажыце пра восенькія песні . 1) Калі спяваюць восеньскія песні ? 2) Хто з’яўлецца іх героямі? 3) Пра што ў восеньскіх песнях расказваецца? 4) Што ўслаўляецца ў іх? 5) Падрабязна перкажыце змест апавядання па плане», «Пазнаёмцеся з прыказкамі пра адносіны да Радзімы. Растлумачце іх сэнс», «Па якіх прыметах можна сцвярджаць, што паэт апісвае жнівень? Выберыце ў доказ адпаведныя радкі: а) Сціхлі на палях камбайны – Загудзелі трактары; б) У тумане на балоце Пратрубілі журавы; в) Гай стаіць у пазалоце, Парыжэлі паплавы; г) Многа яблыкаў, арэхаў, Многа ягад і грыбоў.», «Да прачытанай казкі складзіце 6 пытанняў. Пачніце іх словамі: калі, чаму, хто, у каго, як, якую. З дапамогай складзеных пытанняў правер це, як ваш сусед па парце засвоіў змест казкі», «Складзіце дыялог са сваім суседам па парце з ужываннем выразу калі ласка» [4].

На ўроках літаратурнага чытання пры аналізе вобраза літаратурнага героя вучнямі на І ступені агульнай адукацыі намі падчас правядзення эксперыментальнага даследавання выкарыстоўваліся наступныя заданні ў парах або групах.

Заданне «Ліст па крузе» мяркуе групавую форму работы. Вучням трэба не толькі разважаць на зададзеную тэму ці пра канкрэтнага героя, але і ўзгадняць сваё меркаванне з членамі групы. У кожнага члена групы – лісцік і ручка, кожны запісвае некалькі сказаў на зададзеную тэму, затым перадае паперу суседу, які павінен працягнуць яго разважанні. Ліст перадаецца да таго моманту, пакуль не вернецца да гаспадара.

Практыкаванне «Пішам казку на новы лад» рэалізоўваецца наступным чынам: хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць лісткі паперы, на якіх паказаныя персанажы любімых казак, але пры гэтым там запісаны словы з нашай сучаснай лексікі. Напрыклад, «Калабок, бабуля, дзядуля, воўк, ліса, мядзведзь, ровар, спаборніцтвы». Вучні павінны напісаць казку на сучасны лад, выкарыстоўваючы прапанаваныя словы. Час напісання казкі 7 хвілін. Група разыгрывае казку па ролях.

Практыкаванне «Дзіцячы тэатр» спрыяе развіццю ўмення дзяцей вылучаць у творы асноўныя падзеі, перадаваць свае думкі без слоў. Настаўнік знаёміць дзяцей з творам і дае заданне: паказаць пачутае пры дапамозе жэстаў і мімікі. Напрыклад: «Рэпка» – дзеці імкнуцца перадаць змест казкі без слоў, імітуючы рухі галоўных герояў.

Практыкаванне «Намалюем мультфільм» вучыць вызначаць галоўныя падзеі, якія ўплятаюцца ў асноўны змест твора, адрозніваць галоўнае і другараднае, развіваць уменне аналізаваць і сінтэзаваць. Дзеці дзеляцца на групы, атрымліваюць заданні на картках, выконваюць яго, абменьваюцца думкамі.

Заданне:

– Якія малюнкі можна намаляваць да твора «Жаўрук» Уладзіміра Ягоўдзіка, каб дзеці, якія яго не чыталі, зразумелі змест?

– Выберыце сярод прадстаўленых герояў найменшую колькасць, па якіх можна ўзнавіць змест твора .

– Адбярыце з твора або прыдумайце подпісы да ілюстрацый.

У выніку выканання задання павінен атрымацца мультфільм.

Групавая форма работы дазваляе падаць матэрыял у даступнай, цікавай, яркай форме, што спрыяе лепшаму засваенню ведаў, выклікае цікавасць да пазнання. У працэсе ўзаемадзеяння паміж вучнямі ў групе непазбежна ўзнікаюць міжасобасныя ўзаемаадносіны, і ад таго, якімі яны будуць, шмат у чым залежыць паспяховасць вучэбнай дзейнасці дзяцей. Не варта пераходзіць да больш складаных форм падачы заданняў, пакуль не будуць замацаваны болш простыя формы зносін.

Такім чынам, групавая форма работы стварае плённыя ўмовы для ўключэння ўсіх школьнікаў у актыўную працу на ўроку. У групах нараджаюцца спрэчкі, а ў спрэчках нараджаецца ісціна, абмяркоўваюцца варыянты вырашэння цікавых пытанняў, ідзе ўзаеманавучанне дзяцей у працэсе вучэбнай дыскусіі, навучальнага дыялогу. Важна, што падчас такой работы, рэалізоўваецца індывідуальны падыход ва ўмовах масавага навучання дзяцей, што спрыяе выяўленню іх індывідуальных магчымасцей і патрэб.

 

Спіс літаратуры

  1. Запрудский, Н. И. Современные школьные технологии-3 / Н. И. Запрудский. – Минск, 2017. – 168 с.
  2. Антонава Н. У., Буторына І. А., Галяш Г. А. Літаратурнае чытанне: вучэбны дапаможнік для 2 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовай навучання : у 2 ч. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2016.
  3. Жуковіч М.В. Літаратурнае чытанне: вучэбны дапаможнік для 3 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовай навучання : у 2 ч. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017.
  4. Жуковіч М.В. Літаратурнае чытанне: вучэбны дапаможнік для 4 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовай навучання : у 2 ч. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2018.
Запись опубликована в рубрике Секция 4. Актуальные проблемы преподавания языков и математики в дошкольных учреждениях и начальной школе. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

2 комментария на «Ігнатовіч І.А. АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ ГРУПАВОЙ РАБОТЫ З ВУЧНЯМІ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ»

  1. Евгения Заяц говорит:

    Добры вечар! Якія можна вылучыць станоўчыя і адмоўныя якасці групавой работы? Ці сустракалі ў практычнай дзейнасці цяжкасці з арганізацыяй групавой работы?

    • Ивона Игнатович говорит:

      Добры вечар! Дзякуй за пытанне.
      Плюсаў на самай справе шмат:
      Павышаецца навучальная і пазнавальная матывацыя,зніжаецца ўзровень трывожнасці навучэнцаў, страху апынуцца няўдалым, некампетэнтным ў вырашэнні нейкіх задач. У дзяцей павышаецца эфектыўнасць засваення і актуалізацыі ведаў. Паляпшаецца псіхалагічны клімат у класе. Аднак ёсць у ёй і некаторыя цяжкасці.
      Арганізацыя групавой работы патрабуе ад настаўніка асаблівых уменняў і падрыхтоўкі. Пры непрадуманным камплектаванні груп некаторыя вучнi могуць карыстацца вынікамі працы больш моцных аднакласнікаў.

Обсуждение закрыто.