Ялак В.Д.
студэнтка 4 курса І ступені вышэйшай адукацыі педагагічнага факультэта
Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»
(Навуковы кіраўнік –Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)
РАБОТА НАД ЗНАЧЭННЯМІ НОВАГА СЛОВА ЯК СРОДАК РАЗВІЦЦЯ КАМУНІКАТЫЎНЫХ НАВЫКАЎ ВУЧНЯЎ НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ
Анатацыя. У дадзенным артыкуле разглядаюцца метады і прыёмы работы над значэннямі новага слова з вучнямі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Звяртаецца ўвага на тое, што проацуючы з моўным матэрыялам вучань узбагачае і актывізуе свой слоўнік, а таксама развівае камунікатыўныя навыкі.
Першая ступень агульнай сярэдняй адукацыі – гэта перыяд актыўнага засваення вучнем слоў роднай мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў маўлення: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Паўнацэннае авалодванне роднай мовай у пачатковых класах з’яўляецца неабходнай умовай рашэння задач разумовага, эстэтычнага і маральнага выхавання дзяцей. Развіццё слоўніка на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі закладвае асновы паспяховага навучання ў школе.
Развіццё слоўніка вучня адбываецца ў цеснай узаемасувязі з асваеннем фанетычнага боку мовы, слоўнікавага складу, граматычнага ладу мовы. Гэта праблема цесна звязана з педагагічным працэсам, падчас якога здзяйсняецца фарміраванне ў вучня маўленчых уменняў і навыкаў, і на гэтай аснове адбываецца развіццё яго слоўніка: разуменне сэнсу слова і ўзбагачэнне слоўнікавага запасу, засваенне сістэмы моўных паняццяў і заканамернасцей ў галіне марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу.
Слова – важнейшая адзінка мовы, носьбіт значэнняў. Словамі і іх спалучэннямі абазначаюцца канкрэтныя прадметы і адцягненыя паняцці, словамі выражаюцца і эмоцыі. Чым багацейшы слоўнік чалавека, тым шырэйшыя ў яго магчымасці выбару больш дакладнага і выразнага афармлення думкі. Менавіта ў пачатковых класах закладваюцца асновы ўсіх навук і, у першую чаргу, пісьмовага авалодвання мовай. А пісьмовае маўленне будуецца, як вядома, на багатым і разнастайным слоўнікавым запасе чалавека [1, с. 313].
Слова для методыкі пачатковага навучання ўяўляе асаблівую цікаўнасць, бо не выпадкова чалавечую мову называюць мовай слоў. Менавіта словы ў іх агульнай сукупнасці з’яўляюцца тым будаўнічым матэрыялам, без якога не можа існаваць ніякая мова. Слова ўваходзіць у духоўны свет чалавека з ранняга дзяцінства і становіцца неад’емнай часткай усяго яго жыцця. Слова няспынна адкрывае новае і тлумачыць мінулае, дапамагае выхоўваць і загартоўваць характар, карацей кажучы, вучыць жыць. Значыць, перад настаўнікам стаіць вельмі важная і нялёгкая задача – дапамагчы вучням авалодаць роднай мовай, навучыць іх правільна і дакладна карыстацца яе неацэнным лексічным багаццем.
З усіх слоў, прызначаных для ўзбагачэння лексікі, грунтоўная работа ідзе над адным – двума. Часцей за ўсё новае слова ўводзіцца з дапамогай загадак, рэбусаў, крыжаванак, малюнкаў. Напрыклад: Даўганосы, даўганогі прыляцеў з далёкай дарогі (Бусел).
Разам з вучнямі высвятляецца сэнс слова бусел (гэта птушка, якая мае доўгі нос і доўгія ногі). Затым, адказваючы на пытанні, дзеці падбіраюць роднасныя словы да слова бусел (буслы, буслікі, буслінае).
Наступны этап работы – увядзенне новага слова ў словазлучэнні і сказы. Тут вучні называюць прыметнікі, дзеясловы, дапаўняюць сказы: ліса (якая?) рыжая, хітрая …; сабака (што робіць?) грызе, бяжыць, брэша, служыць, кусаецца … і г.д.
Такім чынам, вучні даведаюцца пра сэнс слова, называюць роднасныя словы, уводзяць іх у словазлучэнні і сказы.
Пасля знаёмім школьнікаў з вершамі, скорагаворкамі, фразеалагізмамі, прыказкамі, прымаўкамі, лічылкамі, дзе гучыць новае слова, з якім пазнаёміліся. Так, пытаемся ў вучняў: «Калі так кажуць – палахлівы як заяц? або зайцу і жабін скок страшны?».
У гульнявой сітуацыі можна выкарыстаць такую лічылку:
У лес дрымучы я пайду,
Зайца шэрага знайду,
Прынясу яго дамоў,
Будзе гэты зайчык мой.
Такім чынам, пры рабоце над словам можна прытрымлівацца наступнай схемы:
- Узбагачэнне лексікі.
- Работа над словам: а) высвятленне сэнсу слова; б) падбор роднасных слоў; в) увядзенне слова ў словазлучэнні і сказы; г) падбор сінонімаў і антонімаў; д) адпрацоўка лексічных адзінак на матэрыяле вершаў, загадак, скорагаворак і г. д.
Адабраны для навучання матэрыял павінен забяспечыць усведамленне лексічнага значэння слова, яго ролю ў кантэкце, разуменне сувязі з другімі словамі ў лексічнай сістэме мовы (мнагазначнасць, сінанімічныя рады, антанімічныя (рады) пары).
Папаўненне і ўзбагачэнне слоўніка вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ідзе паступова. Заданні, звязаныя з узбагачэннем слоўніка, зводзяцца перш за ўсё да разумення або ўдакладнення сэнсу слова і выпрацоўкі ўмення ўжываць яго ў мове. Формы і метады работы з новымі, цяжкімі, незразумелымі словамі залежаць перш за ўсё ад характару матэрыялу, ад задач, пастаўленых настаўнікам, ад падрыхтаванасці класа.
Пры тлумачэнні незразумелых слоў выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы:
– прымяненне нагляднасці – дэманстрацыя прадмета, муляжа, мадэлі, чучала, малюнка, дыяфільма, паказ дзеяння. Значэнне слоў рубанак, свярдзел, лобзік можна растлумачыць шляхам паказу адпаведных прадметаў або іх малюнкаў. Знаёмячы першакласнікаў з агароднінай і садавінай, напрыклад, можна паказаць муляжы. Калі вучні прачытаюць У Белавежскай пушчы вядуцца глушцы, цецерукі, чаплі, курапаткі, варта паказаць чучалы гэтых птушак;
– раскрыццё значэння слова пры дапамозе апісальнага тлумачэння: вулей– «домік, дзе жывуць пчолы»; гасцінец– «вялікая дарога, абсаджаная дрэвамі»; атака – «імклівы напад войск на праціўніка»; чэмпіён – «пераможца ў спаборніцтве»; жалейка – «народны музычны інструмент; дудка з дрэва ці трысця»; цёзка –»чалавек, які мае аднолькавае з кім-небудзь імя;
– тлумачэнне сэнсу незнаёмага слова праз падвядзенне відавога паняцця пад родавае: ясень – дрэва, крыжадзюб – птушка, сыраежка – грыб, шчаўе – расліна, конік – насякомае. Гэтым спосабам можна карыстацца і пры знаёмстве з некалькімі новымі словамі: галавень, лінь, мянтуз – рыбы; авадзень, чмель, матыль – насякомыя; удот, глушэц, івалга – птушкі;
– тлумачэнне новага паняцця праз відавыя (прадпрыемствы – гэта заводы, фабрыкі, майстэрні; пустазелле – гэта асот, пырнік, лебяда);
д) увядзенне слова ў кантэкст: маляр – Маляр пабяліў у пакоі сцены і столь; партрэт – У нашым класе ёсць партрэт Лукашэнкі; калона – Людзі ішлі стройнай калонай; карагод – Новы год! Вакол ёлкі карагод!;
– раскрыццё значэння слова шляхам выкарыстання сінонімаў: волат– велікан, асілак; (мароз) траскучы – моцны, злосны; гарэза – непаседа, свавольнік, дураслівец; годзе – даволі, хопіць, досыць; журыцца – сумаваць, тужыць, маркоціцца; аздобіць – убраць, упрыгожыць;
– тлумачэнне сэнсу слова з апорай на яго этымалогію (паходжанне): шарак– так называюць зайца таму, што ён шэры; жняярка – машына, якая жне; жыта каласуе – значыць выпусціла каласы; разбяр – майстар мастацкай разьбы; шаляваць – абіваць тонкімі дошкамі (шалёўкамі).
Найлепшы тлумачальнік слова – кантэкст. Не выпадкова ў тлумачальных слоўніках прыводзяцца цытаты-ілюстрацыі, у якіх як бы высвятляюцца і асноўныя, і дадатковыя значэнні слоў, іх спалучальнасць.
У тлумачэнні значэнняў слоў неабходна кіравацца агульнай дыдактычнай задачай павышэння ступені самастойнасці і пазнавальнай актыўнасці самых вучняў. Укласе заўсёды ёсць хоць бы некалькі чалавек, якія правільна разумеюць усе словы і звароты мовы. Таму неабходна дабівацца, каб самі школьнікі змаглі растлумачыць значэнне слова: гэта ўплывае на іх разумовае развіццё, выхоўвае самастойнасць.
У методыцы беларускай мовы вядома шмат прыёмаў работы над значэннямі новага слова. Выкарыстанне ўсіх прыёмаў забяспечвае разнастайнасць работы, а таксама дазваляе ўводзіць новае слова найбольш рацыянальным менавіта для яго спосабам.
Вылучаюць наступныя асноўныя прыёмы работы над значэннямі новага слова:
Словаўтваральны аналіз, на аснове якога выяўляюцца значэнні (або адценне значэння) слова. У пачатковых класах звычайна задаецца пытанне: «Ад якога слова ўтворана гэта слова?» або «Чаму так назвалі: падбярозавік, аднавясковец?» і г.д. Даны спосаб тлумачэння слоў асабліва карысны тым, што рыхтуе дзяцей да засваення словаўтварэння, яго законаў і дазваляе ажыццявіць сувязь слоўнікавай работы з правапісаннем, бо выяўляе корні слоў і садзейнічае праверцы звонкіх, глухіх зычных і г. д.
Такі шлях выяўлення значэнняў слоў зацікаўлівае дзяцей, развівае іх мысленне, таму што раскрыццё значэння слова праз яго марфалагічны склад ─ гэта рашэнне праблемнай задачы. На жаль, у школьнай практыцы назіраецца недаацэнка данага прыёму, недаацэнка магчымасцей дзяцей у гэтай рабоце.
Супастаўленне слоў з мэтай выяўлення адрозненняў, для размежавання значэнняў паронімаў: сярэбраны і серабрысты і г.д. Даны прыём дазваляе развіваць у дзяцей пачуццё мовы, размяжоўвае мінімальныя адценні паміж словамі.
Тлумачэнне значэння праз кантэкст. Праз прачытванне ўрыўка, які «высвятляе» значэнне слова, школьнікі лягчэй разумеюць не толькі прамое значэнне слова, але і могуць ужываць яго трапна, спалучаць з іншымі словамі. Многія словы, якія сустракаюцца ў тэкстах, не з’яўляюцца літаратурнымі, агульнанароднымі, а ўжываюцца толькі ў адной мясцовасці, напрыклад, жыта і інш. Некаторыя словы выкарыстоўваюцца толькі ў размоўным стылі, напрыклад: Не шанцуе, аднак, хлопцу; іншыя ўстарэлі, другія абазначаюць гістарычныя паняцці.
Настаўнік дапаможа дзецям зразумець значэнне такіх слоў і мэтазгоднасць іх ужывання толькі ў кантэксце, у акружэнні з другімі словамі.
Уключэнне новага слова ў кантэкст, складзены самімі дзецьмі. Заданне з’яўляецца варыянтам папярэдняга. Гэта прыём актывізацыі вучняў, але ў цяжкіх выпадках уключэнне ў кантэкст можа зрабіць настаўнік. Некаторыя новыя словы могуць стаць зразумелымі, калі ўвесці іх у сказ. Уся будова фразы падштурхоўвае вучня на разуменне слова. Напрыклад, слова ходзікі становіцца зразумелым са сказа: На сцяне мерна цікаюць ходзікі, паказваюць час і г.д. Прыём тым карысны, што прывучае дзяцей разумець сэнс новых слоў у кантэксце.
Выяўленне значэння новага слова па даведачным матэрыяле, г.зн. па спасылках і слоўніку ў кнізе для чытання. У асобных выпадках можна карыстацца тлумачальным слоўнікам.
Паказ прадмета, малюнка, муляжа або дзеяння. Гэта самы просты спосаб тлумачэння. Напрыклад, дзеясловы перасвістваюцца івалгі, кукуюць зязюлі з апавядання І.Сакалова-Мікітава «Лета ў лесе» могуць быць пачуты ў час экскурсіі ў парк, у лес або з дапамогай гуказапісу.
Так, для тлумачэння назоўнікаў і прыметнікаў важна паказаць прадметныя малюнкі, а для тлумачэння дзеясловаў – сюжэтныя. Неабходна мець на ўвазе, што гэты сродак развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў залежыць ад ступені самастойнасці выканання задання: калі малюнак, які тлумачыць значэнне слова, дзеці падабралі або намалявалі самі, тады іх пазнавальная актыўнасць дастаткова высокая.
Прыём паказу выкарыстоўваецца для тлумачэння слоў з канкрэтным значэннем, і то далёка не ўсіх. Гэты прыём, які можа быць названы прадметным, дапаўняецца другімі моўнымі і лагічнымі прыёмамі.
Спосаб падбору сінонімаў з’яўляецца адным з самых універсальных і часта ўжывальных прыёмаў. Падбіраючы да новага слова блізкія па значэнні словы, школьнікі ўсведамляюць яго значэнне.Так, да слова ўгледзелі падбіраюцца сінонімы заўважылі, убачылі. Часам школьнікі падбіраюць па некалькі сінонімаў да слова, што з’яўляецца яшчэ больш эфектыўным: адважны ─ мужны, смелы, бясстрашны, рашучы. Нельга забываць, што сінонімы не тоесныя, кожны з іх валодае адрозненнем як у значэннях, так і асабліва ў адценнях. Таму пры выкарыстанні данага прыёму даволі часта ўзнікае памылка: разбіраючы, напрыклад, значэнне слоў добры і выдатны, дзеці ў абодвух выпадках замяняюць іх нейтральным прыгожы, сціраючы выразнасць мовы. Такая замена не ўзбагачае, а збядняе мову вучняў.
Прыём падбору антанімічнай пары. Часам для тлумачэння значэння слоў можна выкарыстаць яго, калі прыём падбору сінонімаў дзецям ужо знаёмыя. Так, слова цьмяны становіцца зразумелым, калі яму проціпаставіць слова яскравы. Прыклад выкарыстання слоў сэнсавай супрацьпастаўленасці ў слоўнікавай рабоце можа служыць верш В. Маякоўскага «Што такое добра і што такое дрэнна». Каб лягчэй зразумець слова неахайны, выкарыстоўваюць словы чысты, ахайны, акуратны; супастаўленне значэнняў слоў баязлівец і храбры.
Не ўсякае паняцце можа быць вызначана з дапамогай вышэйзгаданых прыёмаў. Многія словы могуць быць растлумачаны пры дапамозе разгорнутага апісання, часам складзенага з групы слоў, часам – з некалькіх сказаў. Такім прыёмам можна растлумачыць, напрыклад, словазлучэнне залатая восень і многія іншыя.
Нярэдка змест слова раскрываецца спосабам лагічнага азначэння, г. зн. падвядзеннем яго пад бліжэйшы род і вылучэннем відавых прымет.
Напрыклад, словы крэйсер і фургон:
Мал. 1 – Ілюстрацыі слоў «крэйсер» і «фургон»
Такім чынам, разнастайнасць прыёмаў і павышэнне актыўнасці вучняў у тлумачэнні значэнняў слоў – важнейшая задача слоўнікавай работы ў пачатковай школе.
Спіс літаратуры
- Немов, Р.С. Психология : учебник для бакалавров / Р.С. Немов. — М. : Издательство Юрайт, ИД Юрайт, 2014. — 639 с.