Рукша К.В. ЗАЙМАЛЬНЫ  І НАГЛЯДНЫ МАТЭРЫЯЛ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЕ

УДК 373.1

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы», г.Гродна
Навуковы кіраўнік– А. К. Гачко, ст. выкладчык кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Я. Купалы

Дзяцінства з’яўляецца перыядам, калі фарміруецца асоба: закладваюцца асновы светапогляду, вызначаюцца жыццёвыя арыенціры, ствараецца іерархія маральна-этычных каштоўнасцей. Менавіта ў дзяцінстве адбываецца працэс першаснай сацыялізацыі асобы, якому ўласціва засваенне нормаў паводзінаў у грамадстве, прынцыпаў зносін і правіл этыкету. На гэтым этапе, у адрозненне ад працэсу другаснай сацыялізацыі, інфармацыя і навыкі засвойваюцца пераважна пасіўна, механічна. У малодшым школьным узросце ў дзяцей яшчэ не дастаткова развіта аналітычнае і крытычнае мысленне, таму мы лічым неабходным звярнуцца да каштоўнасцей, захаваных беларускай народнай педагогікай. Сёння педагогіка ўяўляе сабой высокаразвітую навуку, якая ўкараняе ў адукацыйны працэс інавацыйныя тэхналогіі і перадавыя методыкі, няспынна шукае найбольш эфектыўныя формы і сродкі навучання. [1, 251].

Адным са сродкаў  развіцця звязнага маўлення з’яўляецца займальны і наглядны матэрыял, найбольш цікавы і даступны для дзіцячага ўспрымання. Педагогі Я. А. Каменскі, І. Г. Песталоццы, К. Дз. Ушынскі і многія іншыя адводзілі займальнасці і нагляднасці значнае месца.

Важнейшай асновай навучання (па І. Г. Песталоццы) з’яўляецца нагляднасць і займальнасць на ўроках беларускай мовы. Без іх выкарыстання, у шырокім сэнсе гэтага слова, нельга дабіцца правільных уяўленнях пра наваколле, развіваць мысленне і маўленне.

Сучасныя даследчыкі дзіцячага маўлення А.Г. Арушанава (Тамбоўцава), А. С. Ушакова і інш. лічаць неабходным уключаць у педагагічны працэс розныя віды займальнага і нагляднага матэрыялу. Яны адказваюць узроставым асаблівасцям дзяцей і таму займаюць важнае месца ў педагагічным працэсе, выклікаюць інтарэс да дзейнасці, узбагачаюць матывы мовы, ствараюць станоўчы эмацыяльны фон працэсу навучання і тым самым павышаюць моўную актыўнасць дзяцей і рэзультатыўнасць навучання [2, с.76].

Прымаўкі і прыказкі – скарбонкі жыццёвага вопыту пакаленняў. Яны з даўніх часоў прысутнічаюць ў практыцы перадавых педагогаў, што карысталіся дыяментамі народнага розуму, уключалі іх ў свае працы. Мы грунтуемся на тым, што ўвядзенне народна-педагагічнай спадчыны ў вучэбна-выхаваўчы і адукацыйны працэс пачатковай школы садзейнічае актывізацыі дзяцей, пывышэнню ўвагі, развівае мову і мысленне, дапамагае вырашэнню выхаваўчых задач, спрыяе нацыянальнай ідэнтыфікацыі вучняў. Трэба імкнуцца да таго, каб родная мова гучала не толькі на ўроках беларускай мовы, але і на перапынках, у пазакласных зносінах [3,с.1].

У пачатковых класах праца з прыказкамі і прымаўкамі зводзіцца да актыўнага знаёмства вучняў з гэтымі выслоўямі і да іх завучвання. Акрамя гэтага, настаўнік павінен навучыць малодшых школьнікаў раскрываць іх сэнс, умець выкарыстоўваць у сваім маўленні. Зразумець сэнс прыказкі – значыць, раскрыць абагульнена-метафарычны вобраз, закладзены ў ёй, канкрэтызаваць, растлумачыць яго, выкарыстоўваючы для гэтага чытацкі і жыццёвы вопыт школьнікаў. На ўроках літаратурнага чытання прыказкі дапамагаюць выразіць у сціслай форме мараль, сфарміраваць галоўную думку прачытанага твора. Прыказкі даюць багаты матэрыял для працы над словам. Створаныя на працягу стагоддзяў, прыказкі захоўваюць словы, якія сёння ўжо выйшлі з ужытку ці маюць абмежаванае распаўсюджанне. Калі настаўнік не зверне ўвагі на такія адзінкі, не патлумачыць іх значэння, то вучні няправільна зразумеюць ці зусім не разумеюць сэнс прыказкі [4, с.3].

 Настаўнікаў пачатковых класаў хвалюе праблема навучання правапісу роднай мовы; выпрацоўка ў вучняў стабільных арфаграфічных уменняў і навыкаў. Дзеці малодшага школьнага ўзросту з цяжкасцю суадносяць тэарэтычны матэрыял з яго практычным прымяненнем. Практыкаванні, змешчаныя ў падручніках, не заўсёды выклікаюць зацікаўленасць дзяцей і жаданне працаваць з імі. Выконваючы аднатыпныя заданні, вучні хутка стамляюцца, знікае цікавасць да ўрока, да прадмета.

Павышэнню інтарэсу да вывучэння беларускай мовы ў пачатковай школе, а значыць, і поспехам у занятках можа садзейнічаць унясенне элемента займальнасці ў навучанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы пад рэдакцыяй А.Я.Баханькова тлумачыць слова “займальны” наступным чынам: ‘які выклікае цікавасць; забаўны’[5, с. 317].

Добра арганізаваны займальны матэрыял даводзіць разумовую і эмацыянальную актыўнасць да такога ўзроўню, якога ніколі не бывае пры звычайным завучванні, бо ён аб’ядноўвае мэту, дзеянне і вынік, мабілізуе веды і ўвагу, уцягвае ва ўдзел нават пасіўных.

Займальнасць ствараецца рознымі дыдактычнымі сродкамі: самім зместам вучэбнага матэрыялу (за кошт прыцягнення цікавых фактаў: моўных прыкладаў, гістарычных, этымалагічных звестак, дэманстрацяй пэўных прадметаў, малюнкаў і інш.). Найбольш дзейснай з’яўляецца цікавасць, выкліканая самім зместам вучэбнага матэрыялу.

Рэпрадуктыўным сродкам займальнасці, якая выкарыстоўваецца ў працэсе навучання, з’яўляюцца народныя прыказкі і прымаўкі. Таксама яны — каштоўны скарб мастацкасці маўлення чалавека.  Іх уключэнне ў агульны змест звязнага выказвання робіць апошняе больш вобразным і выразным.

Прыказкі і прымаўкі — шырока распаўсюджаны жанр вуснай народнай творчасці. Яны суправаджаюць людзей з даўніх часоў. Такія выразныя сродкі, як дакладная рыфма, простая форма, сцісласць, зрабілі прыказкі і прымаўкі ўстойлівымі, запамінальнымі і неабходнымі ў гаворцы.

Прыказка — гэта кароткае народнае выслоўе з павучальным сэнсам; народны афарызм; гэта хадзячы розум  народа; яна пераходзіць у прымаўку або ў просты абарот прамовы. Прыказкі шырока выкарыстоўваюцца ў навучанні — як з выхаваўчай мэтай, так і для развіцця гаворкі. У гаворцы саміх вучняў прыказкі параўнальна рэдкія і маюць тэндэнцыю змяншацца да старэйшых класаў. Прыказка кароткая, у ёй няма лішніх слоў, кожнае слова змястоўнае і дакладнае. Яркую характарыстыку даў сам народ. Ён адзначыў яе трапнасць: «Старая прыказка не ў брыво, а прама ў вока», іх мудрасць, іх праўдзівасць: «Прыказка праўду ўсім кажа».

Прымаўкі вобразна перадаюць тыя ці іншыя якасці чалавека, асаблівасці яго характару. Пра чалавека адкрытага: «Душа наросхрыст». Наадварот, пра чалавека патайнога і крывадушнага: «На твары мядок, а на сэрцы лядок». Пра чалавека душэўнага, мяккага: «Мяккі, як воск». І наадварот, пра чалавека чэрствага і бяздушнага: «Не душа, а толькі ручка ад каўша». Пра разумнага: «У галаве розуму палата»; пра дурнога: «У галаве рэдзенька засеяна»; аб нязгодлівым: «Ты яму слова, а ён табе дзесяць»; аб нясталым: «Сем пятніц на тыдні» і г.д. У прымаўках вобразна характарызуюцца розныя дзеянні людзей: «Едзе, як гаршкі вязе» (вельмі марудна); «Свацця ходзіць сабачай сцежкай» (таемна).

Пры размежаванні прыказак і прымавак неабходна ўлічваць, па-першае, іх агульныя абавязковыя прыкметы, якія адрозніваюць прыказкі і прымаўкі ад іншых твораў народнай творчасці, па-другое, прыкметы агульныя, але не абавязковыя, якія збліжаюць і падзяляюць іх адначасова, і, па-трэцяе, прыкметы, дыферэнцыючыя іх.

Да агульных абавязковых прыкмет прыказак і прымавак адносяцца:

а) сцісласць (лаканічнасць);

б) ўстойлівасць (здольнасць да прайгравання);

в) сувязь са сказам (прыказкі і прымаўкі ў натуральным бытаванні існуюць толькі ў гаворцы);

г) прыналежнасць да мастацтва слова;

д) шырокая ўжывальнасць.

В.І.Паўлоўская, прапануючы настаўнікам беларускай мовы свой дапаможнік “Мова: цікава і займальна”, ва ўступным артыкуле растлумачвае гэтае паняцце шырэй: “Займальнасць – гэта яшчэ і захапленне, дакладней захопленнасць мовазнаўствам з яго “”нуднай” граматыкай, “цяжкай” лексікай – усім, што часта знаходзіцца па-за колам інтарэсаў вучня і таму не прыцягвае свядомай увагі. Увесці ў гэта кола літараў і слова, гук і часціну мовы – значыць выклікаць цікаўнасць і цікавасць. А цікава – значыць, няцяжка. Цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць” [6, с. 3].

Разгледзім выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы пры вывучэнні тэмы “Гукі і літары”. Найменьшымі адзінкамі мовы з’яўляюцца гукі. Таму адна з першых задач у перыяд навучання грамаце – дапамагчы дзецям авалодаць гукамі роднай мовы. Вельмі важна, каб вучань умеў ясна чуць, дакладна выдзяляць, выразна вымаўляць гукі. Уменне дыферэнцыраваць гукі мовы выпрацоўваецца ў выніку працяглых практыкаванняў на выдзяленне гукаў са слоў. Каб зрабіць навучанне больш лёккім пры пачатковым знаёмстве з гукам, настаўнік можа выкарыстаць разнастайны займальны матэрыял.

Асаблівую ролю ў першыя месяцы навучання набываюць гукавыя практыкаванні, якія спалучаюцца з практычнымі дзеяннямі, рухамі.

Настаўнік выстаўляе на дошцы малюнкі. Вучні называюць прадметы, жывёл. Настаўнік прапануе паказаць, як размаўляюць гэтыя жывёлы:

Чмель- “Ж-ж-ж!”

Мядзведзь – “Р-р-р!”

Вожык – “Ф-ф-ф!”

Пчала – “З-з-з!”

Такая гульнёвая сітуацыя дапамагае дзецям сустрэцца з “чыстым” гукам, усвядоміць сутнасць гэтай фанетычнай з’явы, палегчыць наступную работу па выдзяленні гука з патоку маўлення.

Карыснымі для слоўнікавага і разумовага развіцця вучняў з’яўляюцца практыкаванні, звязаныя з завучваннем праказак і прымавак. Яны могуць выкарыстоўвацца, як для замацавання вымаўлення асобых гукаў, так і для развіцця фанематычнага слуху дзяцей. Акрамя таго, яны метафарычна змяшчаюць глыбокую думку, дапамагаюць зразумець розныя жыццёвыя сітуацыі, з’явы, навучаць любіць Радзіму, шанаваць дарослых.

Век жыві, век вучыся.

Нясмелага з няўмелым не распазнаеш [7, c.65].

К. Дз. Ушынскі, раскрываючы перавагу нагляднага навучання, адзначыў, што дзіця “…думае формамі, фарбамі, гукамі, адчуваннямі ўвогуле, і той дарэмна і шкодна сілай прымушаў бы дзіцячую прыроду, хто захацеў бы прымусіць яе інакш. Вучыце дзіця якім-небудзь пяці невядомым словам, і яно будзе доўга і дарэмна мучыцца над імі, але злучыце дваццаць такіх слоў з карцінкамі, і дзіця засвоіць іх на ляту” [8, c.237].

Наглядны матэрыял – гэта той, які заснаваны на паказе таго, што вывучаецца. Выкарыстанне яго не можа быць асобна ад ўсіх астатніх метадаў развіцця беларускага маўлення. Найбольш высокая якасць засваення інфармацыі дасягаецца пры спалучэнні нагляднасці са словам. Малодшы школьнік павінен адначасова і чуць, і бачыць тое, аб чым гаворыцца. Такі прыём павышае зацікаўленнасць вучня, засяроджвае ўвагу, развівае жаданне паўтараць за дарослым чалавекам і разумець ўсе яго словы.

Эфектыўным  сродкам развіцця вуснага звязнага маўлення вучняў з’яўляюцца дыдактычныя карціны: як прадметныя, так і сюжэтныя. Іх значэнне ў навучанні дзяцей адзначыў К. Дз. Ушынскі. Ён пісаў, што выява прадмета ўзбуджае думку дзіцяці і выклікае выказванне гэтай думкі ў “самастойным слове”. Ушынскі пісаў: “Вы тлумачыце дзіцяці даволі простую думку і яно вас не разумее. Вы тлумачыце яму складаную карцінку, і яно вас хутка разумее. Паспрабуйце адну і тую ж падзею расказаць двум дзецям, аднолькава здольным: аднаму па малюнках, другому без малюнкаў, — і тады вы ацэніце ўсё значэнне малюнка для дзіцяці” [8, с.240].

Пры падрыхтоўцы і выкарыстанні займальнага і нагляднага матэрыялу неабходна улічваць:

  • узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў пачатковых класаў;
  • мэтазгодна спалучаць займальнасць і нагляднасць з іншымі метадамі і прыёмамі, выкарыстоўваць разам з іншымі сродкамі, неабходнымі для ўсебаковага развіцця вучня, яго мовы, творчасці, мыслення, памяці і іншага;
  • падбіраючы да ўрока займальны і наглядны матэрыял пэўнай цяжкасці па той ці іншай тэме, настаўнік павінен зыходзіць з мэты і задачы ўрока, а таксама яго структуры;
  • неабходна памятаць, што нагляднасць на ўроку – не забаўляльнасць, а спецыяльны практычны прыём, які павінен даамагаць настаўніку рэалізоўваць навучальныя мэты;
  • падбор займальнасці трэба праводзіць з улікам неабходнасці павышаць матывацыю і зацікаўленасць дзяцей.

Можна зрабіць вывад аб тым, што займальны і наглядны матэрыял служыць дапамогай настаўніку на ўроку, выклікаюць цікавасць з боку вучняў, з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця вуснага звязнага маўлення, пашыраюць і актывізуюць беларускі слоўнік дзяцей, фарміруюць правільнае гукавымаўленне, заахвочваюць маўленне на беларускай мове.  Менавіта займальны і наглядны матэрыял палягчаюць працу адаптацыі да школы, робяць урок больш эмацыянальна насычаным, лёккім і простым, развіваюць творчыя здольнасці вучняў, любоў да роднай мовы.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Вітка, В. Урокі: Артыкулы, выступленні, нататкі / В. Вітка. – Мінск, 1982.
  2. Дубініна, Дз. М. Мастацка- маўленчае развіццё дашкольнікаў/ Дз. М. Дубініна, Н. С. Старжынская; пад рэд. Н. С. Старжынскай. – Мінск: Зорны верасень, 2007.–88с.
  3. Туболец С.Р. Да выкарыстання беларускіх прыказак і прымавак у пачатковай школе.  – Режим доступа: http://www.nastaunik.info/workshop/primary/8837. Дата доступа: 12.04.2018.
  4. Савіч, Ю. Ю.  Новыя формы працы з прыказкамі і прымаўкамі на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах / Ю. Ю. Савіч. —  “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт ім. А. С. Пушкіна”
  5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5-ці т. / пад рэд. А.Я.Баханькоў. – Мн.: гал.рэд.Беларус.Сав.Энцыклапедыі, 1978. – Т 2. – 768с.
  6. Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І. Паўлоўская. – Мінск: Народная асвета, 1989. – 221 с.
  7. Максімук, Н. М. Дыдактычныя гульні для шасцігодак: Метадычны дапаможнік для настаўнікаў.- Мінск: Народная асвета, 1991.-72с.
  8. Ушынский, К. Д. Собрание сочинений: В 8 томах/ К. Д. Ушинский. – М., 1968.
Запись опубликована в рубрике Актуальные вопросы общей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.