УДК 373.3:004
Навуковы кіраўнік – Г.У. Крофта, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук
Калі мы будзем вучыць сёння так, як мы вучылі ўчора,
мы скрадзём у нашых дзяцей заўтра.
Д. Дзьюі
Пачатковая школа – фундамент, ад якасці якога залежыць далейшае навучанне дзіцяці. І гэта накладае асаблівую адказнасць на настаўніка пачатковых класаў, задача якога – не толькі навучыць дзіця чытаць, пісаць, але і закласці асновы яго духоўнасці, развіваць у ім лепшыя якасці асобы, навучыць спосабам вучэбнай дзейнасці. Гэта асабліва важна зараз, у свеце, які хутка змяняецца, які насычаны інфармацыяй. Уменне самастойнага арыентавання ў інфармацыйнай прасторы з’яўляецца для вучня падставай для самаадукацыі і самарэалізацыі, спрыяе яго паспяховаму асобаснаму росту. Навучыць дзіця працаваць з інфармацыяй – значыць навучыць яго вучыцца. Для вырашэння гэтай задачы на ўроках можна выкарыстоўваць вэб-квэст тэхналогію.
Тэхналогія квэстаў на ўроках літаратурнага чытання накіравана на фарміраванне ў школьнікаў агульнавучэбных уменняў і навыкаў, універсальных спосабаў дзейнасці і з’яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў фарміравання інфармацыйных і камунікацыйных кампетэнцый.
Вэб-квэст – гэта інтэрактыўная адукацыйная дзейнасць, якая ўключае ў сябе тры асноўных элемента, якія адрозніваюць яе ад звычайнага пошуку інфармацыі у інтэрнэце:
- наяўнасць праблемы, якую неабходна вырашыць;
- пошук інфармацыі па канкрэтнай праблеме ў камп’ютарнай сетцы ажыццяўляецца групай навучэнцаў : кожны член групы мае пэўную ролю і ўносіць свой уклад у вырашэнне існуючай праблемы;
- вырашэнне праблемы дасягаецца шляхам зладжанай працы ў групе. [1, с. 724]
Асаблівасцю тэхналогіі вэб-квэст з’ўляецца наступнае: замест таго каб навучэнцы бясконца блукалі па Інтэрнэце ў пошуках патрэбнай інфармацыі, настаўнік сам дае ім спіс web-сайтаў, якія адпавядаюць тэме.
Па структуры адукацыйныя квэсты класіфікуюцца на:
- паслядоўныя квэсты, у якіх крок за крокам прапануецца галаваломка, зразумеўшы якую, удзельнікі атрымліваюць падказку для праходжання наступнага этапу;
- квэсты-праекты, якія дазваляюць арганізаваць даследчую дзейнасць школьнікаў у гульнявой форме;
- квэсты-блукалкі, дзе трэба не толькі праходзіць чарговы этап, але і збіраць падказкі, якія, магчыма, спатрэбяцца для выканання заданняў.
У час працы над вэб-квэстам вучань праходзіць наступныя этапы.
- Выбар навучэнцам адной з роляў.
- Уласны аналіз, гэта значыць як яго роля ўзгадняецца з задачамі іншых членаў каманды.
- Далей навучэнец даследуе прапанаваныя яму web-сайты.
- Па заканчэнні працэсу пошуку дзіця павінна прадставіць справаздачу па абранай тэме.
- Паколькі пад вэб-квэстам разумеецца групавая праца, то пасля індывідуальнай справаздачы дзеці разам спрачаюцца, абмяркоўваюць, выпрацоўваюць план работы групы ў цэлым.
- Вэб-квэст заканчваецца групавой абаронай працы. [2,3]
У якасці прыкладу прапануем вэб-квэст на тэму «Пясняр зямлі беларускай», які прысвечаны Якубу Коласу. Вэб-квэст уключае ў сябе наступныя заданні па ролях:
Група «Біёграфы».
- Пазнаёмцеся з біяграфіяй Якуба Коласа (http://content.nlb.by/content/dav/nlb/portal/content/File/Portal/Vystavki/Kolas/html/biogr.htm )
- Знайдзіце фатаграфіі паэта.
- Прадстаўце вынікі працы сваёй каманды ў выглядзе плаката.
Група «Мастацтвазнаўцы».
- Знайдзіце ў інтэрнэце матэрыял, у якім адлюстроўваліся б мясціны, звязаныя з дзяцінствам Якуба Коласа. (http://lit-bel.org/by/news/3113.html )
- Якія вершы Якуба Коласа былі пакладзены на музыку розных кампазітараў? (http://gymn28.minsk.edu.by/main.aspx?guid=66801 )
- Прадстаўце вынікі працы сваёй каманды ў выглядзе буклета.
Група «Літаратуразнаўцы».
- Пазнаёмцеся з творчасцю Якуба Коласа. (http://soneyka.ru/ )
- Якой тэме прысвечаны вершы Якуба Коласа?
- Прадстаўце вынікі працы сваёй каманды ў выглядзе калажа.
Такім чынам, выкарыстанне вэб-квэст тэхналогіі на ўроках садзейнічае:
- фарміраванню новых кампетэнцый;
- рэалізацыі крэатыўнага патэнцыялу;
- павышэнню матывацыі да самаразвіцця і самаадукацыі;
- павышэнню самаацэнкі;
- развіццю крытычнага мысленне.
Падчас выканання веб-квэста навучэнцы вырашаюць складаныя праблемы на аснове адпаведнай інфармацыі і аналізу абставінаў, фарміруецца ўменне самастойнага прыняцця рашэнняў, уменне браць на сябе адказнасць за іх рэалізацыю. Навучэнец сам аналізуе кожны свой крок, шукае прычыны праблем, якія ўзнікаюць, а таксама знаходзіць шляхі выпраўлення памылак. Навучэнец можа сам выбраць спосаб дзейнасці, вылучэння здагадак, гіпотэз. Пачуццё свабоды выбару дапамагае набыць характар свядомай, асэнсаванай, плённай і больш выніковай дзейнасці. З выкарыстаннем квэстаў мы можам пашырыць рамкі адукацыйнай прасторы.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Жесткова, Е. А. Технология веб-квеста на уроках литературного чтения в начальной школе / Е. А. Жесткова, В. В. Казакова // Международный журнал прикладных и фундаментальных исследований. – 2015. – № 9. – С.723–725.
- Николаева Н.В. Образовательные квест-проекты как метод и средство развития навыков информационной деятельности учащихся. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://rcio.pnzgu.ru/vio/07/cd_site/Articles/arthtm – Дата доступа: 15.04.2018.
- Технология веб-квеста на уроках литературного чтения в начальной школе [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://applied-research.ru/ru/article/view?id=7582 . – Дата доступа: 15.04.2018.