Довальня Д.А. МЕТАДЫЧНЫЯ ПРЁМЫ ПАПЯРЭДЖАННЯ АРФАГРАФІЧНЫХ ПАМЫЛАК НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў 3 КЛАСЕ.

УДК 373.0

УА «Гродзенскі дзяржаўны  ўніверсітэт імя Я. Купалы», г.Гродна
Навуковы кіраўнік – А. К. Гачко, ст. выкладчык кафедры лінгвістычных  дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Я. Купалы

Адной з важных праблем, якая існуе ў пачатковай школе, з’яўляецца фарміраванне арфаграфічна правільнага пісьма . Вучыць правільна пісаць малодшых школьнікаў складана. Гэта, безумоўна звязана і са складанасцю самой арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы, а таксама з тым, што вучням малодшых класаў нялегка ўбачыць арфаграму ў слове.

Вучні, пад кіраўніцтвам настаўніка, актыўна павінны працаваць са слоўнікавымі словамі запамінаць іх напісанне, весці слоўнічкі слоў, якія цяжкія ў напісанні.

Усе арфаграфічныя памылкі можна падзяліць на наступныя групы:

  • уласна арфаграфічныя;
  • фанетыка-арфаграфічныя;
  • граматыка-арфаграфічныя.

Уласна арфаграфічныя памылкі — гэта такое напісанне слова, пры якім парушаецца традыцыя правапісу слоў без парушэння арфаэпічных і граматычных нормаў, законаў мовы. Да ўласна арфаграфічных памылак адносяцца:

  • парушэнне правіл напісання галосных і мяккага знака: сцена, агенчык (правільна: сцяна, агеньчык);
  • няправільнае напісанне пачатковай формы слова: многатомны, ношка (правільна: мнагатомны, ножка);
  • няправільны перанос слоў: ма-йскі, урад-жай (правільна: май-скі, ура-джай).
  • парушэнне правіл аб напісанні слоў асобна, разам і праз злучок: аб ход, якніяк, адзін наадзін і г.д. Тут няведанне вучнямі правіл аб напісанні слоў асобна, разам і праз злучок;
  • няправільнае напісанне складаных слоў, асабліва злучальных галосных: радыйохваля, скароход і інш;
  • памылкі ў напісанні малых і вялікіх літар: (наша радзіма і інш.) Такія памылкі радзей сустракаюцца ў параўнанні з іншымі групамі.

Прычынай з’яўлення памылак у гэтых словах,варта лічыць  няведанне школьнікамі марфемнай і словаўтваральнай структуры тыпу вышэй прыведзеных слоў;

Фанетыка — арфаграфічныя памылкі характарызуюцца тым, што напісанне таго ці іншага слова супярэчыць не толькі арфаграфічным правілам, але і арфаэпічным нормам.

Да фанетыка-арфаграфічных памылак адносяцца некалькі іх разнавіднасцяў:

  • адлюстраванне на пісьме нацыянальных асаблівасцяў вымаўлення беларускіх гукаў;
  • памылкі, звязаныя з няправільным вымаўленнем зычных і галосных гукаў: прікрыць, зімны, ганучя (правільна: прыхрыць, зімні, гануча);
  • памылкі, выкліканыя няправільным вымаўленнем зычных гукаў: просба, меншэ, вазмі (правільна: просьба, меньш, вазьмі);
  • адлюстраванне на пісьме вымаўленчых асаблівасцяў дыялектаў;
  • адлюстраванне на пісьме індывідуальных асаблівасцяў вымаўлення гукаў вучнямі: лэдакцыя (замест рэдакцыя), сакалад (замест шакалад).

Граматыка-арфаграфічныя памылкі — гэта такія ўтварэнні формаў ці пабудовы словазлучэнняў і сказаў, якія супярэчаць граматычным законам мовы. Часам граматыка-арфаграфічныя памылкі называюць моўнымі. Яны падзяляюцца на граматыка-марфалагічныя і граматыка-сінтаксічныя.

 Граматыка-арфаграфічныя памылкі называюцца граматыка-марфалагічнымі ў тым выпадку,калі парушэнне нормаў літаратурнай мовы звязана са зменай і ўтварэннем формы слова.

 Да граматыка-марфалагічных памылак адносяцца:

  • ужыванне няправільных формаў назоўнага склону множнага ліку: вухі, вокі (правільна: вушы, вочы);
  • ужыванне аднаго роду замест іншага: Цвік была вялікая; У арла была крыла (правільна: Цвік быў вялікі. У арла было крыло);
  • утварэнне формы адзіночнага ліку ад назоўнікаў, якія маюць толькі форму множнага ліку: Нажніца мая знікла (правільна: Нажніцы мае зніклі)

Граматыка-арфаграфічныя памылкі лічацца граматыка-сінтаксічнымі. калі яны з’явіліся з-за парушэння граматычных правіл пабудовы свабодных словазлучэнняў і сказаў. Да гэтай катэгорыі памылак адносяцца:

  • няправільнае дапасаванне слоў: Кожны з іх павінны былі сабраць металалом (правільна: Кожны з іх павінен быў сабраць металалом);
  • парушэнне законаў кіравання слоў: Хутка патэлефанавалі ў мяне.; Колькі час застаўся? (правільна: Хутка патэлефанавалі да мяне. Колькі часу засталося?);
  • няправільнае кіраванне віду дзеяслова: Антону ўвесь час стала (станавілася) горш; Я вырашыў купляць (‘купіць) сабе сабаку;

З’яўленне ў пісьмовай мове вучняў арфаграфічных памылак — заканамерная з’ява працэсу навучання. Яны ўзнікаюць у сілу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

Аб’ектыўнымі прычынамі з’яўляюцца:

  1. няведанне арфаграфічнай нормы беларускай мовы;
  2. ужыванне лексікі, якой вучні карыстаюцца галоўным чынам у вуснай мове;
  3. псіхафізічная стомленасць дзяцей у канцы пісьмовай працы;

Як паказваюць спецыяльныя назіранні, арфаграфічныя памылкі часцей за ўсё з’яўляюцца ў канцы пісьмовай працы. Улічваючы гэты факт неабходна перад заканчэннем працы рабіць невялікі перапынак, які павінен зняць псіхафізічную стомленасць. Напрыклад, такая фізхвілінка дапаможа пры здыманні псіхафізічнага напружання:

»Рукі пакласці на парту, галаву — на рукі. Закрываем вочкі — адпачываем.

Палічым да дзесяці, адкрываем вочкі, падымаем галаву, працягваем працу».

Акрамя такога практыкавання, з мэтай праверкі напісання слоў прымяняюць наступныя віды работы: калі ў практыкаванні даецца заданне ўставіць прапушчаную літару або слова, настаўнік на дошцы запісвае ўсе неабходныя словы ў радок і закрывае іх фіраначкай, калі вучні заканчваюць пісаць практыкаванне, настаўнік адчыняе адно слова і просіць прачытаць яго ўслых па складах. Далей дзеці знаходзяць гэтае слова ў сябе і правяраюць яго.

Прыклад: [1, C.30]

Прачытайце. Якія літары — у ці ў — трэба ўставіць замест кропак? Спішыце. Падкрэсліце ўстаўленыя літары.

У парк.. саджалі дрэ..цы. Міхась выпрасі.. у дзядзькі ..ласа маладзенькі клёнік і пасадзі.. на сваім двары. Аднам.. клёнік.. было сумна расці.Аднойчы … нядзелю жыхары дома выйшлі на двор і пасадзілі яшчэ некалькі дрэ..цаў. Міхаська.. клёнік цяпер не сум..е сярод іншых дрэ.. .

Паводле В. Раманцэвіч. Пры вывучэнні тэмы “Глухія і звонкія зычныя”, настаўнік дае заданне падкрэсліць у канцы або ў сярэдзіне слова звонкую або глухую зычную, звяртаючы такім чынам увагу вучня на арфаграмы, з якімі ён сустракаецца.

Прыклад: [2, С. 80.]

Прачытайце словы. Які ў іх першы гук: звонкі ці глухі? Падбярыце словы з парнымі глухімі зычнымі.

заліць — …

жар — …

бітон — …

Дзіма – …

галодны — …

дом — …

Запішыце словы парамі па ўзоры.

У з о р : баляваць — паляваць.

Для фарміравання арфаграфічнай пільнасці неабходна прапанаваць наступныя практыкаванні:

На дошцы напісаць два словы са звонкай або глухой зычнай;

  • два словы на правапіс галосных о, э, а;
  • два словы з падоўжанымі зычнымі.

Пры вывучэнні тэмы “Напісанне слоў з раздзяляльнымі знакамі” (ь, апострафам) прапанаваць дзецям напісаць па памяці пяць слоў з апострафам і абавязкова падкрэсліць яго. Калі вучань, напісаўшы слова, прапусціць апостраф, яму не будзе чаго падкрэсліваць. Гэта практыкаванне можна прадоўжыць пасля таго як вучні напісалі пяць слоў па памяці, настаўнік адчыняе дошку, на якой напісаны дзесяць слоў на дадзеную тэму. Дзеці спісваюць тыя словы, якіх у іх няма, падкрэсліваючы апостраф. Гэта практыкаванне можна выкарыстоўваць пры вывучэнні любой тэмы.

Добра развівае арфаграфічную пільнасць гульня “Агенчыкі”. На дошцы запісаны сказ. Вучні “запальваюць” аганькі пад вывучанымі арфаграмамі, гэта значыць прыкрапляюць чырвоныя кружкі, а затым запісваюць сказ у сшытак.

Неабходна з першага класа весці такую работу, як, пісьмо з каменціраваннем”. Вучань дыктуе сказ, вымаўляючы кожнае слова арфаграфічна, выразна прагаворваючы кожнае слова, так як артыкуляцыя з’яўляецца састаўной часткай у працэсе пісьма.

Перад выкананнем любога пісьмовага задання патрэбна правесці слоўнікавую работу. Выпісаць усе цяжкія словы і ўключыць іх у работу на ўроку. Дзеці чытаюць гэтыя словы хорам і індывідуальна, запамінаюць або тлумачаць іх напісанне, складаюць і запісваюць. Гэта дае магчымасць папярэдзіць памылкі ў далейшых пісьмовых працах.

Пасля правядзення дыктанта настаўнік выпісвае ў асобны сшытак усе словы, у якіх вучні дапусцілі памылкі. На наступны дзень настаўнік выпісвае іх на дошцы. Дзеці вусна тлумачаць арфаграмы ў гэтых словах, прагаворваюць іх хорам і індывідуальна, а затым настаўнік праводзіць састаўленую з гэтых слоў невялікую дыктоўку на тры — пяць хвілін. На наступным уроку настаўнік зноў выпісвае тыя словы, у якіх былі дапушчаны памылкі, дзеці аналізуюць іх вусна, затым дае новую дыктоўку. I так да той пары, пакуль дзеці не засвояць усе словы.

Некаторыя віды дыктантаў дазваляюць развіць арфаграфічную пільнасць. Напрыклад:

Дыктант “Правяраю сябе ”. Вучні пішуць сказы пад дыктоўку, а тыя словы, у напісанні якіх паяўляюцца сумненні, прапускаюць. Пасля дыктантаў дзеці пытаюць у настаўніка, як трэба правільна напісаць тое ці іншае слова, гэта значыць, слова, у напісанні якога яны сумняваліся. I толькі пасля гэтага ўстаўляюць неабходную арфаграму. У гэтым выпадку важна падтрымаць вучня, не ўніжаць яго годнасць, так як дзіця замкнецца і не стане пытацца ў настаўніка. Тады дадзеная работа не атрымаецца. Настаўніку патрэбна напомніць вучню правіла, задаць пытанне ці растлумачыць. Толькі добразычлівая абстаноўка на ўроку дасць пажаданы вынік у гэтай рабоце.

Дыктант з абгрунтаваннем. Настаўнік дыктуе слова, напрыклад, з глухой зычнай. Вучань павінен запісаць праверачнае слова, а затым тое, якое дыктуе настаўнік, гэта значыць абгрунтаваць арфаграмы. Напрыклад, настаўнік дыктуе слова «дуб». Вучні запісваюць спачатку праверачнае слова «дубы», а затым слова «дуб».

Дыктант (але не кантрольны) з пастукваннем. У час дыктанту настаўнік пастуквае па стале ў той момант, калі вымаўляе слова з якой-небудзь арфаграмай. Гэтае пастукванне застаўляе вучня, быць уважлівым, думаць і ўспамінаць арфаграмы.

Дыктант “Знайдзі слова”. Настаўнік дыктуе некалькі сказаў і дае заданне: падкрэсліць тыя словы, якія можна праверыць. Усе гэтыя дыктанты павінны быць невялікімі па аб’ёму.

Працуючы, настаўнік пераходзіць да вывучэння ўсё новых і новых тэм. I вось тут нельга забываць аб тым, што вучні павінны рэгулярна паўтараць раней вывучаныя тэмы. Для гэтага неабходна штодзённа адводзіць пяць хвілін на паўтарэнне. Пры гэтым кіравацца тым, што паўтараць неабходна толькі адну вывучаную раней тэму. Напрыклад, паўтараем правапіс апострафа (‘) і раздзяляльнага мяккага знака (ь). На першым уроку вучні пішуць дзесяць слоў на дадзеную тэму з тлумачэннем. На другім уроку гэтыя ж словы, але пад дыктоўку, без тлумачэння. Настаўнік правярае і выпісвае словы, у якіх дзеці дапусцілі памылкі. На трэцім пішуць словы, у якіх былі дапушчаны памылкі, і новыя словы. На чацвёртым пішуць невялікі дыктант, насычаны словамі з раздзяляльнымі знакамі. Настаўнік правярае яго і выпісвае словы з памылкамі. 3 гэтых слоў ён складае новы дыктант, які вучні пішуць на пятым уроку. Калі вучні дапускаюць зноў памылкі, значыць, далей трэба зноў займацца паўтарэннем гэтай жа тэмы і ні ў якім выпадку не прыступаць да другой. Гэта сістэма работы дапускае розныя варыянты, якія кожны настаўнік можа выкарыстоўваць па-свойму.

Такім чынам, можна зрабіць вынік, што гукавы аналіз, гэта значыць супастаўленне гукавых адзінак мовы і графічных адзінак пісьма, арфаграфічная пільнасць і самакантроль — вось што неабходна для выпрацоўкі граматнага пісьма. Але цяжкасць заключаецца ў тым, што гэту работу неабходна весці не паэтапна, а пастаянна. Яшчэ ў перыяд навучання грамаце, калі мы гаворым аб гуках, вучым дзяцей распазнаваць іх, абазначаць пэўнай літарай, з’яўляюцца першыя арфаграмы, а значыць і неабходнасць фарміраваць арфаграфічную пільнасць і самакантроль.

Усе апісаныя вышэй метадычныя прыёмы дазваляюць папярэдзіць памылкі, дапамагаюць развіваць арфаграфічную пільнасць, навык гука-літарнага аналізу, самакантролю. Гэтая сістэма работы над выпраўленнем памылак і паўтарэннем вывучанага матэрыялу, дазваляе зменшыць колькасць памылак у некалькі разоў. А ўсё разам гэта называецца фарміраваннем граматнага пісьма.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Валынец Т.М., Ратнікава І.Э., Роўда І.С., Шуба П.П. Беларуская мова: Падруч. для 3-га кл. агульнаадукац. шк. з рус. мовай навучання / Т.М. Валынец, І.Э. Ратнікава, І.С. Роўда, П.П. Шуба. — Мн.: Нар. асвета, 1999. — С. 30.)
  2. (Валынец Т.М. Беларуская мова: падруч. для 3 кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з рус. мовай навучання / Т.М. Валынец [і інш.]. — Мінск: НІА, 2006. — С. 80.)
  3. Богоявленский Д.Н. Психология усвоения орфографии / Д.Н. Богоявленский. — М, 1966. — С. 114.
  4. Борисенко И.В. Понятие «орфограмма» в начальном курсе обучения правописанию/ И.В. Борисенко // Начальная школа.—2003.—№ 7.— С.32-34.
  5. Бочкарева Т.Д. Предупреждение ошибок / Т.Д. Бочкарева // Начальная школа. — 2001. —№3, — С. 17-20.
Запись опубликована в рубрике Актуальные вопросы общей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.