УДК 373.2.016:821.161.3
УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік – М. Р. Гарбачык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін з методыкай іх выкладання БрДУ імя А. С. Пушкіна
Паўнавартаснае ўспрыманне мастацкага твору – гэта здольнасць чытача суперажываць героям і аўтару твора, бачыць дынаміку эмоцый, прайграваць ва ўяўленні малюнкі жыцця, створаныя пісьменнікам, разважаць над матывамі ўчынкаў герояў, вызначаць аўтарскую пазіцыю, г. зн., знаходзіць у сваёй душы водгук на пастаўленыя аўтарам праблемы.
Прынцыпы аналізу мастацкага твора – гэта тыя агульныя палажэнні, якія дазваляюць настаўніку метадычна – вусна і пісьмова – пабудаваць аналіз канкрэтнага тэксту.
Віды аналізу тэксту – разнастайныя падыходы да аналізу мастацкага твора, накіраваныя на аналіз мовы, вобразаў герояў, на развіццё дзеяння, кампазіцыю, праблемы, пастаўленыя ў творы.
Прыёмы аналізу тэксту – гэта сродкі спасціжэння мастацкага твора, фарміравання чытацкіх уменняў, набыцця літаратуразнаўчых уяўленняў і чытацкага вопыту.
Чытацкія ўменні – гэта гатоўнасць найбольш эфектыўна выконваць дзеянні ў адпаведнасці з мэтамі і ўмовамі, у якіх даводзіцца дзейнічаць. Яны накіраваны на аналіз мовы, сюжэту, кампазіцыі, вобразаў і спрыяюць зразуменню ідэі твора.
Маўленчыя ўменні – гэта ўменні, неабходныя для стварэння ўласнага выказвання, якія фарміруюцца на базе чытацкіх уменняў.
А зараз разгледзім узроўні ўспрымання мастацкага твора школьнікамі малодшага школьнага ўзросту і ўзроўні іх літаратурнага развіцця. Узровень успрымання вучнем літаратурнага твора выяўляецца на аснове аналізу вынікаў чытацкай дзейнасці (адказаў на пытанні да тэксту, пастаноўка пытанняў і інш.). Паўнавартаснае ўспрыманне твора сведчыць аб высокім узроўні літаратурнага развіцця, больш нізкі ўзровень звязаны са ступенню вобразнай канкрэтызацыі і вобразнага мыслення.
Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту характэрны чатыры ўзроўні ўспрымання.
Фрагментарны ўзровень. У вучняў адсутнічае цэласнае ўспрыманне твора, іх увага засяроджана на асобных падзеях, яны не могуць выявіць сувязі паміж эпізодамі. Непасрэдная эмацыйная рэакцыя пры чытанні ці слуханні тэксту можа быць яркай і дакладнай, але дзеці не могуць славесна выразіць свае пачуцці. Уяўленне развіта слаба, школьнікі не заўсёды могуць вызначыць матывы паводзінаў персанажаў твора. Адказваючы на пытанні настаўніка, вучні не звяртаюцца да тэксту твора, неахвотна выконваюць заданні, не спрабуюць вызначыць аўтарскую пазіцыю, не абагульняюць прачытанае.
Канстатуючы ўзровень. Чытачы адрозніваюцца дакладнай непасрэднай эмацыйнай рэакцыяй, здольны ўбачыць змену настрою, але выказаць свае адчуванні ім цяжка. Уяленне развіта слаба, увага засяроджана на падзеях; дзеці лёгка аднаўляюць іх паслядоўнасць, але не заўсёды разумеюць, як гэтыя падзеі звязаны адна з адной. Вучні лёгка прайграюць сітуацыю, апісаную ў творы. Пры адказе на спецыяльныя пытанні вучні могуць дакладна вызначыць матывы паводзінаў персанажаў, арыентуючыся больш на жыццёвае ўяўленне пра прычыны таго ці іншага ўчынка. Аўтарская ідэя застаецца незасвоенай.
Узровень «героя». Чытачы адрозніваюцца дакладнай эмацыйнай рэакцыяй, здольнасцю бачыць і перадаваць у слове дынаміку эмоцый, суадносячы змяненні сваіх пачуццяў з канкрэтнымі падзеямі, апісанымі ў творы. Дзеці валодаць развітым уяўленнем, яны здольны ўзнавіць вобраз на аснове мастацкіх дэталяў, прычым чытацкі вобраз эмацыйна афарбаваны. У твора іх цікавяць перш за ўсё героі, адсюль і назва дадзенага ўзроўню. Вучні правільна вызначаюць матывы, наступствы ўчынкаў персанажаў, даюць ацэнку героям. Задаючы спецыяльныя пытанні, настаўнік можа вызначыць аўтарскую пазіцыю, абагульненне не выходзіць за рамкі канкрэтнага ладу.
Узровень «ідэі». Чытачы-вучні здольны эмацыйна адрэагаваць не толькі на змястоўчы бок твора, але і на мастацкую форму. Яны валодаюць развітым уяўленнем і ўзнаўляюць вобраз на аснове мастаціх дэталяў. Дзеці любяць перачытваць тэкст, разважаць над прачытаным, здольны ўбачыць у тэксце аўтарскую пазіцыю, асноўны канфлікт, часта звяртаюць увагу на назву твора, іх абагульненне выходзіць за рамкі канкрэтнага вобраза. Фармулёўкі могуць быць дзіцячымі, але важна само імкненне вучня суадносіць разважанні, выкліканыя тэкстам, вызначаць праблему, якая стаіць у творы.
Такім чынам, дзецям малодшага ўзросту ўласцівы чытыры ўзроўні ўспрымання мастацкага твора: фрагментарны, канстатуючы, узровень «героя» і ўзровень «ідэі». Па ўзроўні ўспрымання можна судзіць аб літаратурным развіцці вучня. Фрагментарны ўзровень успрымання нармальны для дзяцей дашкольнага ўзросту, але для вучняў пачатковай школы знаходжанне на гэтым узроўні – паказчык адставання ў літаратурным развіцці. Да таго часу, калі дзеці сутыкаюцца з чытаннем як з вучэбным прадметам, большасць з іх знаходзіцца на канстатуючым узроўні і толькі частка вучняў у класе здольна ўспрымаць прачытанае на ўзроўні «героя», што сведчыць аб высокім узроўні іх літаратурнага развіцця. Да канца навучання ў пачатковай школе ўспрыманне на ўзроўні «героя» даступна ўсім вучням, а канстатуючы ўзровень у гэты час – паказчык адставання ў літаратурным развіцці. Аб высокім узроўні літаратурнага развіцця выпускніка пачатковай школы можна гаварыць, калі ён успрымае мастацкі твор на ўзроўні «ідэі».
Методыка чытання і аналізу мастацкіх твораў абапіраецца на эксперыментальныя і тэарэтычныя даследаванні, на сучасныя дазеныя псіхалогіі, літаратуразнаўства і педагагічны вопыт. У апошні час выказваюцца меркаванні пра тое, што аналізаваць прачытанае не трэба, так як гэта адводзіць школьнікаў ад чытання. Ці так гэта?
Аналіз не павінен забіваць мастацкі твор, ён павінен уяўляць сумесны пошук настаўніка і вучняў. Справа не ў шкоднасці аналітычнага чытання і разбору твора – без іх вучань не можа сам справіцца ў эстэтычным пазнанні і ўспрыманні твора, а ў тым, на што яны накіраваны, у самым характары задаваных пытанняў. У аналізе трэба ісці ад агульнага да прыватнага, ад разумення агульнага сэнсу да выяснення дэталяў, якія дапамагаюць зразумець твор. Калі настаўнік сам добра разумее мастацкі твор і ведае, куды трэба накіраваць думкі і пачуцці вучняў, то вучні зразумеюць ідэю, тэму твора, могуць зрабіць аналіз мастацкага твора.
У методыцы прынята вылучаць наступныя прынцыпы аналізу мастацкага твора:
- прынцып мэтанакіраванасці;
- прынцып апоры на цэласнае, непасрэднае, эмацыянальнае ўспрыманне прачытанага;
- прынцып уліку ўзроставых і індывідуальных асаблівасцяў успрымання;
- прынцып уліку патрэбаў вучня;
- прынцып уважлівых адносінаў да тэксту твора;
- прынцып адзінства формы і зместу;
- прынцып выбіральнасці;
- прынцып цэласнасці;
- прынцып накіраванасці аналізу на літаратурнае развіццё школьніка, на фарміраванне сістэмы чытацкіх уменняў, на ўдасканаленне навыку чытання.
Існуе некалькі падыходаў да аналізу мастацкага твора. Разгледзім некаторыя з іх. Стылістычны (моўны) аналіз – гэта перш за ўсё аналіз выкарыстання аўтарам моўных сродкаў у творы, які выяўляе, як у падборы слоў – вобразаў выяўляецца аўтарскае стаўленне да твора.
Аналіз мастацкіх вобразаў – гэта аналіз, які вучыць дзяцей разбірацца ў тым, як пісьменнік адлюстроўвае дзеючых асоб, адкрываючы тое, што схавана ў творы: думкі і пачуцці персанажаў, рысы іх характару. Усё гэта спрыяе разуменню сэнсу вобраза агульнай структуры твора. Аналіз развіцця дзеяння, у аснове якога ляжыць праца над сюжэтам і яго элементамі – эпізодамі, часткамі; пры гэтым разбор ідзе ад учынка да характара, ад падзеі да сэнсу тэксту. Праблемны аналіз арганізуецца па праблемных пытаннях і сітуацыях у мастацкім творы. Пры працы над мастацкім творам выкарыстоўваюцца такія віды работ, як розныя віды пераказаў (вусных і пісьмовых), складанне плана тэксту і інш.
У методыцы чытання прынята выкарыстоўваць такія віды творчых прац, як слоўнае і графічнае маляванне, аналіз ілюстрацыі, стылістычны эксперымент, падбор сінонімаў з мэтай апраўдання аўтарскага выбару, складанне дыяфільма, кінасцэнарыя, падрыхтоўка да выразнага чытання і чытання па ролях, інсцэніраванне, складанне апавядання пра героя, ад асобы героя, музычнае ілюстраванне твора і інш.
Пры арганізацыі працы над мастацкім творам выбар відаў работы над тэкстам, прыёмаў аналізу вызначаецца асаблівасцямі мастацкага тэксту, задачай, якую неабходна вырашыць пры аналізе. Кваліфікаваны чытач не малюе слоўных карцін, не складае план апавядання, так як ён узнаўляе ва ўяўленні вобраз, устанаўлівае прычынна-выніковыя сувязі, паколькі валодае адпаведнымі ўменнямі. Малодшыя школьнікі, якія толькі авалодалі чытацкімі ўменнямі, маюць патрэбу ў спецыяльным навучанні працы з тэкстам.