Крац I.Д. ПРАЦА З ТЭКСТАМ НА ЎРОКАХ НАВУЧАННЯ ГРАМАЦЕ

УДК 373.3

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік –Г.М. Канцавая, загадчык кафедры агульна-адукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ імя А.С. Пушкіна

Вучні пачатковых класаў павінны не толькі навучыцца чытаць моўчкі і ўслых, але і карыстацца ўменнем чытаць для пошуку патрэбнай інфармацыі ў тэксце з мэтай атрымання неабходных ведаў па іншых школьных прадметах, узбагачаць свой чытацкі вопыт і інтэлект.

Працу з тэкстам як крыніцай інфармацыі неабходна пачынаць у першым класе на этапе навучання грамаце. Як толькі ў буквары з’яўляюцца першыя сказы і невялікія тэксты, можна працаваць над фарміраваннем асэнсаванага чытання.

Пры рабоце з любым тэкстам можна вылучыць тры асноўныя этапы працы: датэкставы, тэкставы і паслятэкставы.

У перыяд навучання грамаце асноўная ўвага надаецца менавіта датэкставаму этапу працы (этап антыцыпацыі).

Антыцыпацыя (прадвызначэнне, прадугадванне) – гэта вызначэнне сэнсавай, тэматычнай, эмацыянальнай накіраванасці тэксту, выдзяленне яго герояў па назве твора, прозвішчы аўтара, ключавых словах, ілюстрацыі з апорай на чытацкі вопыт. Мэты данага этапа – акрэсліць ці сфармуляваць маўленчую задачу для першага чытання; стварыць неабходны ўзровень матывацыі ў вучняў; па магчымасці скараціць узровень моўных і маўленчых цяжкасцяў. З гэтай мэтай можна прапанаваць вучням першага класа выканаць наступныя практыкаванні:

  1. Праца з загалоўкам. Па загалоўку можна папрасіць вучняў вызначыць тэму тэксту, ключавыя словы і выразы і г.д.
  2. Выкарыстанне асацыяцый, звязаных з прозвішчам аўтара (Ці знаёмы вам аўтар? Ці сустракаліся з яго творамі? Пра што піша гэты аўтар?). Трэба адзначыць, што вучні з задавальненнем выказваюць свае меркаванні, хоць на першых уроках яны могуць быць бессістэмныя і не мець ніякай логікі. Але паступова першакласнікі разумеюць, што ад іх патрабуецца, і настаўнік можа пачуць цікавыя адказы.
  3. Прадугадванне тэмы тэксту на аснове ілюстрацыі. Такі від працы прывучае малодшых школьнікаў звяртаць увагу на ілюстрацыю не проста як на малюнак, а як на крыніцу інфармацыі. I калі спачатку вучні пералічваюць толькі яўныя бачныя прыметы на карціне, то пазней спрабуюць ужо выказаць свае здагадкі. Можна прачытаць невялікі ўрывак услых і прапанаваць вучням зрабіць да яго ілюстрацыю. Далей клас разбірае, што атрымалася ў вучняў, хто з «мастакоў» дакладна адлюстраваў тэкст, хто нешта дадумаў. Такі від працы прывучае дзяцей правільна разглядваць ілюстрацыі, быць уважлівымі да тэкстаў.
  4. Вызначэнне па пытаннях і сцвярджэннях па тэксце яго тэмы і праблемы.
  5. Адказы вучняў на прапанаваныя настаўнікам пытанні да першага чытання тэксту з паступовым павышэннем складанасці прапануемых для працы тэкстаў і ўзроўню складанасці заданняў да іх.

Напрыклад, мэта тэкставага этапа – адпрацоўка навыку чытання, кантроль сфарміраванасці разнастайных моўных навыкаў і маўленчых уменняў. Дасягнуць гэтай мэты можна праз выкананне наступных практыкаванняў і заданняў:

–  знайсці, выбраць, прачытаць, злучыць, уставіць адказы на прапанаваныя пытанні; на прамыя пытанні тэксту; прапушчаны ў тэксце сказ; дзеясловы, прыметнікі, які явыкарыстоўвае аўтар пры апісанні каго-небудзь ці чаго-небудзь;

– здагадацца аб значэнні слова ці слоў па кантэксце; аб развіцці падзей далей.

  1. Выкарыстанне сітуацыі тэксту ў якасці моўнай, маўленчай, змястоўнай апоры для развіцця адпаведных уменняў (Якое з выказванняў найбольш дакладна перадае асноўную думку тэксту? Раскажыце тэкст ад імя галоўнага героя; Прыдумайце новую канцоўку тэксту; Дайце іншы загаловак; Падбярыце прыказкі, якія падыходзяць па сэнсе да данай сітуацыі і найбольш дакладна перадаюць ідэю тэксту).

Можна працу першакласнікаў з тэкстам суправаджаць гульнявымі прыёмамі: чытанне з плясканнем у далоні, чытанне тэксту з прыкрытай ніжняй паловай кожнага радка, чытанне слоў з паўторам, выкідванне кулачкоў, чытанне з выдзяленнем ключавога па сэнсе слова, чытанне «палавіны» кожнага слова, чытанне тэксту  з дадаваннем слоў, чытанне з заменай некаторых слоў і  выразаў зыходнага тэксту на сінанімічныя канструкцыі і інш. [1]. Усе гэты прыёмы гульнявога суправаджэння працы з тэкстам у перыяд навучання грамаце аб’ядноўвае тое, што яны фарміруюць навык чытання ў працэсе актыўнай маўленчамысліцельнай дзейнасці вучняў. Гэта, у сваю чару, інтэнсіфікуе працу такіх найважненйшых для навучання якасцяў, як увага, памяць, мысленне. Колькасць гульнявых прыёмаў можна быць самай рознай, а сам тэкст нярэдка падказвае прыём працы з ім.

У перыяд навучання грамаце пачынаецца праца па фарміраванні ў вучняў сістэмы прыёмаў разумення тэксту (тыпу правільнай чытацкай дзейнасці): на этапе працы з тэкстам да чытання  ідзе самастойнае чытанне вучнямі ключавых слоў і словазлучэнняў, якія вылучаны настаўнікам і запісаны на дошцы; чытанне загалоўка, разгляд ілюстрацый да тэксту, на аснове чаго малодшыя школьнікі выказваюць свае меркаванні аб змесце тэксту; на этапе працы з тэкстам (асэнсаванне на ўзроўні зместу) настаўнік задае ўдакладняльныя пытанні, кантралюе адэкватнасць першапачатковага ўспрымання і разумення прачытанага, тлумачачы ці ўдакладняючы значэнні слоў, перыядычна вяртаючы дзяцей да выказаных імі меркаванняў, паглыбляючы такім чынам разуменне вучнямі тэксту, а затым паўторнае чытанне і гутарка па прачытаным; на этапе працы з тэкстам пасля чытання (дасягненне разумення на ўзроўні сэнсу) настаўнік ставіць пытанні да ўсяго тэксту, вяртае вучняў да загалоўка і ілюстрацыі на новым узроўні разумення, прапануе выканаць творчыя заданні.

У перыяд навучання грамаце карысна пазнаёміць першакласнікаў і з відамі чытання. Развіццё розных відаў чытання прывучае малодшых школьнікаў не механічна атрымліваць інфармацыю, а мэтанакіравана яе адбіраць, перапрацоўваць і выкарыстоўваць. Вучні павінны разумець, з якой мэтай яны чытаюць тэкст. Абавязкова перад чытаннем павінна быць агучана мэта чытання, ад якой залежыць і выбар віду чытання.

Азнаямляльнае чытанне накіравана на атрыманне  ключавой інфармацыі ці выдзяленне галоўнага зместу тэксту. Прыёмамі азнаямляльнага чытання з’яўляюцца чытанне тэксту па абзацах, фіксаванне ўвагі на першым і апошнім сказе кожнага абзаца; выдзяленне пры чытанні значымай інфармацыі і інш.

Пошукавае, ці праглядавае, чытанне прадугледжвае знаходжанне канкрэтнай інфармацыі, канкрэтнага факта і рэалізуецца праз такія прыёмы, як аналіз загалоўка, прагназаванне тэмы, прагляд малюнкаў, графічных выдзяленняў і інш.

Вывучальнае чытанне мае мэтай атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі з наступнай інтэрпрэтацыяй зместу тэксту. Удумлівае (павольнае, рэфлексіўнае, мастацкае) чытанне як найбольш запатрабаваны від чытання заключаецца ў авалоданні цэлым комплексам уменняў: прадвызначаць змест тэксту па загалоўку і з апорай на папярэдні вопыт; разумець асноўную думку тэксту, прагназаваць змест у працэсе чытання; аналізаваць змены свайго эмацыянальнага стану ў працэсе чытання і г.д. Прыёмамі вывучальнага чытання з’яўляюцца выдзяленне сэнсавых частак тэксту, прагназаванне зместу ці сэнсу наступных частак тэксту пры апоры на прачытанае, выдзяленне ключавых слоў, выяўленне падтэкставай інфармацыі, складанне плана і інш. [2]

Такім чынам, прадуманая і мэтанакіраваная праца з тэкстам на пачатковым этапе дазваляе вучням вычэрпваць  са значнага аб’ёму інфармацыі патрэбную і карысную, прымушае думаць. Выкарыстанне разнастайных відаў працы з тэкстам дазваляе зрабіць урокі навучання грамаце цікавымі, а працэс чытання для вучняў захапляльным.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Бережных, Е. В. Игровое сопровождение работы с текстом в процессе обучения грамоте / Е. В. Бережных, Н. Л. Гашкова // Управление начальной школой. – 2014. – № 12.
  2. Селяева, Л. А. Приемы работы с текстом [Электронный ресурс] / Л. А. Селяева // Концепт : научно-методический электронный журнал. – 2015. – Т. 6. – С. 81–85. – Режим доступа: http://e-koncept.ru/2015/65217.htm. – Дата доступа: 15.04.2018.

Запись опубликована в рубрике Актуальные вопросы общей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.