Кузняцова А.М. ФАРМІРАВАННЕ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ ПРАЗ ВЫКАРЫСТАННЕ АКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ НАВУЧАННЯ

УДК 373.3:81’233

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы», г. Гродна
Навуковы кіраўнік – З.М. Тамашэвіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы

На дадзены момант існуюць новыя падыходы пры вывучэнні мовам увогуле, і беларускай у прыватнасці. У методыцы выкладання моў існуюць разнастайныя класіфікацыі падыходаў да навучання. Напрыклад, А.Н. Шчукін падзяляе падыходы паводле крытэрыяў, злучаных з аб’ектам навучання (моўны, маўленчы, камунікатыўна-дзейнасны), і з пункту гледжання спосабу навучання (просты, свядомы, дзейнасны) [1, с. 217]. Многія даследчыкі вылучаюць у сваіх класіфікацыях камунікатыўны падыход да вывучэння беларускай мовы.

Як адзначае Г.К. Сяляўка, камунікатыўны падыход мае мноства плюсаў:

  • камунікатыўны падыход максімальна скіраваны на набліжэнне навучальнага працэсу, да ўмоў рэальнага функцыянавання мовы ў міжсуб’ектным (у шырокім сэнсе – дыялагічным) ці тэкставым рэжыме;
  • камунікатыўны падыход адэкватны самой прыродзе мовы ў яе кагнітыўна-камунікатыўнай сутнасці;
  • камунікатыўны падыход арыентаваны на асобу навучэнца, дазваляе стварыць матывацыйны фон і выпрацаваць патрэбныя навыкі для авалодання мовай у адносна кароткі перыяд навучальных заняткаў[2, с. 75].

Адной з ключавых кампетэнцый, што дазваляюць навучэнцу стаць асобай, сацыялізавацца, развівацца, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі з’яўляецца камунікатыўная кампетэнцыя.

Развітая камунікатыўная кампетэнтнасць — адна з асноўных мэт навучання беларускай мове ў пачатковай школе. Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі немагчыма без ведаў сістэмы мовы – разумення значэння слоў, словазлучэнняў і фразеалагізмаў, сферы іх ужывання. Веданне ўсіх лексічных і граматычных адценняў будзе дапамагаць у выбары маўленчых сродкаў, менавіта тых, якія неабходны ў дадзенай маўленчай сітуацыі. Паняцце камунікатыўнай кампетэнцыі структуруецца і разглядаецца, як аб’яднанне кампанентаў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца моўны, маўленчы і ўласна камунікатыўны [3, с. 27].

Аднак праблема развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі ў пачатковай школе ў дастатковай ступені не вырашана. Гэта адбываецца таму, што адсутнічае магчымасць для праяўлення дастатковай актыўнасці.

Для кожнага этапу ўрока варта выкарыстоўваць актыўныя метады навучання. Большасць метадаў універсальныя і могуць выкарыстоўвацца і на занятках па мове і на іншых навучальных дысцыплінах. Актыўныя метады навучання – гэта метады, якія матывуюць навучэнцаў да актыўнай разумовай і практычнай дзейнасці падчас авалодання навучальным матэрыялам.

Яны спрыяюць фарміраванню навучальнай матывацыі, дазваляюць з большай эфектыўнасцю засвойваць вялікі аб’ём матэрыялу, раскрываюць асабова-індывідуальныя магчымасці навучэнцаў, развіваюць творчыя здольнасці, развіваюць нестандартнае мысленне, павялічваюць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, развіваюць камунікатыўныя якасці асобы, уменне працаваць у камандзе, абараняць сваю пазіцыю і прыслухоўвацца да чужой думкі, несці адказнасць за сябе і за іншых.

Прыкладамі выкарыстання актыўных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы могуць служыць наступныя:

  • праблемныя сітуацыі;
  • разыгрыванне і аналіз пэўных сітуацый;
  • гульнявыя метады;
  • мазгавы штурм;
  • навучанне ў супрацоўніцтве.

Выкарыстанне праблемных сітуацый дазваляе сфарміраваць камунікатыўную, лінгвістычную кампетэнцыі, арыгінальнасць мыслення, уменне ставіць і распрацоўваць гіпотэзы, гібкасць розуму, развівае творчыя здольнасці. Напрыклад, згрупуйце словы па пэўнай прыкмеце. Прапануйце некалькі варыянтаў групоўкі.

Голуб, сонейка, акно, гусь, дзядзя, письмо, траўка, мама, дом, яблыня, жыта.

У выніку прапанаваныя словы групуюцца:

  • па родах;
  • па скланеннях;
  • па колькасці складоў.

Разыгрыванне і аналіз пэўных сітуацый дазваляе навучэнцу падрыхтавацца да дзеянняў у рэальнай сітуацыі камунікацыі. Напрыклад, разыграйце сцэнку. Уявіце сабе, што сустракаеце гасцей. Якія ветлівыя выразы будзеце ўжываць пры гэтым? А што павінны гаварыць госці?

Гульнявыя метады павышаюць у вучняў цікавасць да прадмета, садзейнічаюць развіццю маўлення вучняў, павышаюць актыўнасць, часам дапамагаюць паскорыць тэмп працы на ўроку. Выкарыстоўваюцца такія гульні як “Эстафета”, “Хто хутчэй”, “Слова згубілася”, “Збяры фразеалагізм” і г.д.

Мазгавы штурм дазваляе:

  • сістэматызаваць і паўтарыць навучальны матэрыял;
  • ужыць яго ў знаёмай і незнаёмай сітуацыі;
  • узбагаціць слоўнік навучэнцаў;
  • развіваць творчае мысленне;
  • фарміруе ўменне працаваць у групе.

Напрыклад, групавая праца па замацаванню тэмы “Прыметнік”.

На першым этапе ствараецца банк ідэй. Групы атрымліваюць заданні, якія дапамогуць вызначыць ролю прыметнікаў у маўленні.

Заданне першай групе: у прыметнікаў не было сваіх роду, ліку, склону. Як дапамагчы прыметнікам знайсці гэтыя граматычныя катэгорыі? (Папрасіць ў назоўнікаў, прапанаваць свае катэгорыі замест гэтых і г.д.).

Заданне другой групе: уявіце такую сітуацыю, што з нашага маўлення зніклі ўсе прыметнікі. Што можа адбыцца? (Катастрофа, усё стане шэрым, непрыгожым і г.д.).

На другім этапе трэба прааналізаваць усе свае ідэі. Выбраць, якія з іх самыя важныя.

На трэцім этапе неабходна зрабіць выснову, падвесці вынікі групавой працы.

Мэтанакіраванае развіццё камунікатыўных уменняў у дзяцей можа адбывацца ў іх штодзённай дзейнасці з дапамогай супрацоўніцтва на ўроках беларускай мовы.

Каб чалавек быў запатрабаваным у сучасным грамадстве, яго трэба з дзяцінства вучыць метафарычна думаць, выражаць словамі свае думкі. Эмацыйна ўключацца ў жыццёвыя пазіцыі іншых і ставіць сябе на іх месца, згаджацца і спрачацца, фантазіраваць і ўяўляць. Іншымі словамі, дзіцё трэба рыхтаваць да таго, каб яно ўмела рэагаваць на шматлікія змены ў навакольным свеце.

Мэтазгодна для фарміравання камунікатыўных уменняў ужыванне на ўроках зносін ў форме дыялогу. Асноўны прынцып пры арганізацыі дыялогу: не абмяжоўваць камунікацыю, а спрыяць яе прадукцыйнасці.  Дыялог – гэта ўніверсальны спосаб спазнання свету, яго арганізацыя дае магчымасць мець зносіны праз веды, а веды атрымоўваць праз камунікацыю. Менавіта ў дыялогу адбываецца развіццё творчых камунікатыўных рэфлексіўных здольнасцяў. Падчас дыялогу развіваецца асоба дзіцяці. Розныя дыялогавыя сітуацыі ствараюць умовы для актыўнай маўленчай дзейнасці, спрыяючы, такім чынам, развіццю маўлення, камунікатыўным уменням. Галоўнае ў арганізацыі дыялогу – гэта стварэнне атмасферы даверу і добразычлівасці, свабоды і паразумення, сутворчасці роўных і розных.

Адным з эфектыўных метадаў фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі, з’яўляецца праца ў групах, якая дапускае высокую ступень самастойнасці, ініцыятыўнасці навучэнцаў, фарміруе развіццё сацыяльных навыкаў падчас групавых узаемадзеянняў.

Удзел дзяцей у групавой працы забяспечвае ўзнікненне паміж дзецьмі добразычлівых адносін, а групавая падтрымка выклікае пачуццё абароненасці, і нават самыя нясмелыя і трывожныя дзеці пераадольваюць страх.

Пры супольнай дзейнасці выяўляецца, у першую чаргу, актыўнасць навучэнцаў у малых групах – там ім камфортней. Калі навучэнец пакуль яшчэ не можа па розных прычынах публічна выступаць і выказваць свае думкі ўслых перад усім класам і настаўнікам, то, можа, у групе ён займе актыўную пазіцыю, пачне абмяркоўваць нароўні са сваімі аднакласнікамі прапанаваныя пытанні і заданні. Дзіцё, знаходзячыся ў вузейшым коле камунікавання, адчувае сябе больш ўпэўнена, што досыць важна, асабліва на першым этапе навучання.

Для плённай і выніковай працы на ўроку выкарыстоўваюцца наступныя прынцыпы фармавання груп.

  1. Стыхійна.
  2. Цікавасць (жаданне, сяброўства, адносіны да праблемы, да прадмета).

3.Па ўзроўні пазнавальнай актыўнасці (аднаўзроўневыя – рознаўзроўневыя). Аб’яднанне ў групы адбываецца па ўзроўні пазнавальнай актыўнасці: слабыя, моцныя, для таго, каб моцныя дапамагалі слабым, а слабыя падцягваліся да ўзроўню моцных. Але былі і праблемы, калі моцныя дзеці ўсе заданні выконвалі самастойна, а слабыя карысталіся гатовым. Таму трэба выразна размяркоўваць ролі ў дзейнай групе.

Прыкладнае размеркаванне роляў:

  1. Сакратар – запісвае выказаныя ідэі і рашэнні.
  2. Спікер – выступае перад класам з гатовым рашэннем групы.
  3. Арганізатар – размяркоўвае ролі, адказвае за працу групы ў цэлым.
  4. Крытык – выказвае процілеглы пункт погляду, правакуе пярэчанні.
  5. Кантралёр – правярае, ці ўсе зразумелі прынятую пастанову.

Ролі могуць заставацца нязменнымі, але лепш мяняцца ролямі з мэтай пазбегнуць выканання задання моцным вучнем і пасіўнасці слабога. Важна выконваць асноўныя нормы і правілы камунікацыі і паводзін у групе.

Да групавой працы на адным уроку можна звяртацца некалькі разоў, на розных этапах урока, улічваючы патрэбнасць і мэтазгоднасць такой працы [4].

Толькі выкарыстоўваючы актыўныя метады навучання настаўнік зможа вырашыць праблему фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў на ўроках беларускай мовы.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Щукин, А. Н. Обучение иностранным языкам. Теория и практика / А. Н. Щукин. – М. : Филоматис, 2006. – 480 с.
  2. Селевко, Г. К. Современные образовательные технологии : учеб. пособие / Г. К. Селевко. – М. : Народное образование, 1998. – 256 с.
  3. Быстрова, Е. А. Коммуникативная методика в преподавании родного языка / Е. А. Быстрова // Русский язык в школе. – 1996. – № 1. – С. 26–32.
  4. Васільева, І. В. Вучэбнае супрацоўніцтва на ўроках // І. В. Васільева [Электроны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://festival.1september.ru/articles/582155/. – Дата доступу: 11.04.2018.

Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.