УДК 811.112:811.161.3
УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы», г. Гродна
Навуковы кіраўнік – А.І. Кавальчук, дацэнт кафедры рамана-германскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы
Прозвішчы, утвораныя ад назваў прафесій, – гэта адмысловая група найменняў, даследаванне якой мае важнае значэнне не толькі для лінгвістыкі, але і для гісторыі, этнаграфіі, лінгвакраязнаўства, лінгвакультуралогіі. Па значэнні ўтваральных асноў можна ў пэўнай меры ўзнавіць сацыяльна-эканамічнае жыццё рэгіёну ў мінулым, культурны фон эпохі станаўлення і развіцця антрапанімічнай формулы прозвішча, а таксама імя і імя па бацьку. Такія прозвішчы сведчаць аб разнастайнасці і глыбокай спецыялізацыі рамёстваў у даўнія часы. На сённяшні дзень значная частка рамёстваў дзякуючы развіццю машыннай вытворчасці знікла, а з імі – і назвы, якія ляжаць у аснове прозвішчаў, некаторыя з тых рамёстваў, што захаваліся, цяпер называюцца па-іншаму, таму адапелятыўныя антрапонімы ўяўляюць сабой сапраўды каштоўную крыніцу інфармацыі для розных галінаў навукі.
Нягледзячы на знікненне многіх прафесій і назваў, іх этымалогія ў большасці выпадкаў застаецца яснай, і першапачатковае значэнне лёгка паддаецца тлумачэнню. Так, напрыклад, няцяжка знайсці этымоны для наступных беларускіх прозвішчаў: Бондараў, Бондар ← бондар ‘вытворца бочак’, Жывадзёр ← жывадзёр ‘чалавек, які прафесійна займаецца здзіраннем скуры з забітай жывеліны’, Гарбар ← гарбар ‘той, хто вырабляе скуры’, Шынкарэнка ← шынкар ‘фундатар, гаспадар шынка’ (шынок ‘невялікая піцейная ўстанова’).
Як у беларускай, так і ў нямецкай лінгвакультуры, па дадзенай групе прозвішчаў адсочваюць шмат культурна-гістарычных аспектаў сярэднявечча, напрыклад, разнастайнасць афіцыйнай дзейнасці або моцнае развіццё той ці іншай прафесіі. Многія з гэтых прафесій і напрамкаў дзейнасці больш не існуюць, як, напрыклад, Riemenschneider ‘кравец рамнёў’, Sattler ‘рымар’ і Wagner ‘карэтны майстар’, але назвы захаваліся ў якасці сучасных нямецкіх прозвішчаў.
У Германіі прозвішчы, у аснове якіх ляжаць назвы прафесій і роду дзейнасці, нярэдкасць. Згадаем найбольш распаўсюджаныя з іх: Bauer ← der Bauer ‘селянін’, Müller ← der Müller ‘млынар’, Schmidt (Schmied) ← der Schmied ‘каваль’, Schneider ← der Schneider ‘кравец’, Fischer ← der Fischer ‘рыбак’, Meyer ← der Meier ‘арандатар, уладальнік, кулак’, Weber ← der Weber ‘ткач’, Wagner (Wagenbauer) ← der Wagenbauer ‘карэтны майстар’, Becker (Bäcker) ← der Bäcker ‘пекар’, Schäfer ← der Schäfer ‘пастух’, Schulz ← der Schulze ‘стараста’. Частата прозвішчаў Müller, Schuster або Schmied паказвае, на грамадска важную ролю прафесій млынара, абутніка, каваля ў мінулыя часы.
Некаторыя прафесійныя імёны з’яўляліся толькі ў пэўных геаграфічных рэгіёнах, напрыклад: Rebmann ← der Rebmann ‘вінаградар’, Winzer ← der Winzer ‘вінароб’, Flößer ← der Flößer ‘паромшчык’. Гэтыя імёны маглі ўзнікаць толькі там, дзе былі распаўсюджаныя гэтыя прафесіі, гэта значыць, дзе былі адпаведныя кліматычныя або ландшафтныя ўмовы.
Выкарыстоўваючы электронны слоўнік беларускіх прозвішчаў Уладзіміра Юрэвіча [1] і электронны рэсурс са спісам нямецкіх прозвішчаў [2], класіфікуем прозвішчы, утвораныя ад назваў прафесій па наступных групах:
1) прозвішчы, якія матывуюцца назвамі разнастайных чыноў і пасад, а таксама тыя, што называюць прадстаўнікоў царкоўнай іерархіі: Вой, Во́юш – гэтае рэдкае ў сучаснай беларускай мове прозвішча мае, аднак, моцныя карані ў старабеларускай і чэшскай мовах, калі воінаў, ваякаў, вайскоўцаў называлі воямі. Вой – той, хто ваюе. Адсюль і Во́йна, Вайновіч, Войніч, Вайні́цкі, Вайніловіч, Вайні́ла. У нямецкай мове гэтаму прозвішчу адпавядае прозвішча Herrmann (Херман), якое паказвае на імя заснавальніка роду. Прозвішча Херман утворана ад мужчынскага нямецкага імя Herman, якое ўзыходзіць да дзвюх старажытнагерманскіх асноў: Heer – войска і Mann – мужчына. Такім чынам, імя Herman азначае воін.
Беларускія прозвішчы Войт, Во́йцік, Вайто́віч, Вайту́к, Во́йтка, Вайцянко́ў, Вайці́нскі паходзяць ад войт – старабеларускай назвы старшыні гарадскога суда, начальніка воласці (гміны), якога прызначаў пан глядзець за прыгоннымі сялянамі, каб тыя старанна працавалі. Прозвішча Schulz (Шульц) утворана ад мянушкі, якая ўзыходзіць да нямецкага слова Schulze ‘сельскі стараста’.
2) прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прафесій і роду дзейнасці: Барсто́к – ад літоўскага барсты́ці ‘сыпаць, насыпаць крупы ці муку ў мяхі на млыне’. Так нызывалі людзей, якія працавалі млынарамі. Сёння ў Літве бытуюць прозвішчы Барста́йціс, Ба́рсціс. Шырокае распаўсюджанне нямецкага прозвішча Müller (Мюлер), рускіх і беларускіх Мельнік, Мельнікаў, Мельнічак, Мельнічонак, Мельнічук, Мельнічэнка, у аснове якіх ляжыць мянушка, дадзеная чалавеку паводле яго занятку, сведчыць пра надзвычайную важнасць і папулярнасць гэтага промыслу ў еўрапейскіх народаў.
Га́йда, Гайдзянко́ў, Гайдо́ўскі – ад украінскага га́йда ‘пастухова жалейка, або дуда, кобза’, якое, у сваю чаргу, ад турэцкага гайда ‘валынка, дуда’. Гайда́й, Гайда́р – чалавек, які пераганяе скаціну з месца на месца, авечы пастух. У польскай мове гайда́р – дудар, кабзар.
Прозвішча Schäfer, Scheffer, Schaffer (Шеффер) утворана або ад германскага імя Шеффер, якое перакладаецца як ‘пільны’, або ад мянушкі. Існуе некалькі версій паходжання мянушкі Шеффер. Па адной з іх, у аснове мянушкі ляжыць сярэдневерхненямецкае schaffen ‘кіраваць’. Такім чынам, мянушку Шеффер мог атрымаць упраўляючы маёнткам. Таксама магчыма, што гэта мянушка ўзнікла ад сярэдневерхненямецкага schaf ‘авечка’, і тады Шеффером маглі празваць пастуха.
Прозвішча Glocke (Глок) паходзіць ад аналагічнай мянушкі, утворанай ад нямецкага назоўніка die Glocke ‘звон, званок’, які мае кельцкія карані і бярэ пачатак ад назоўніка glocka з такім самым значэннем. Магчыма, мянушка Глок была дадзена чалавеку ў адпаведнасці з яго месцам пражывання. Такое найменне мог атрымаць той, чый дом знаходзіўся недалека ад прыгоннай званніцы або царквы. Не выключана, што мянушкай Глок надзялілі чалавека, які служыў пры царкве вартаўніком і ў абавязкі якога ўваходзіла біць у звон. Цалкам верагодна, што такое найменне мог атрымаць і дзяк, абавязаны не толькі спяваць на клірасе, прыслугоўваць пры набажэнстве, але і біць у званы. Таксама верагодна, што мянушку Глок меў і гарадскі вяшчальнік, які выкарыстоўваў ручны званок для прыцягнення ўвагі навакольных. Ён займаўся абвесткай жыхароў аб урадавых распараджэннях і найважнейшых падзеях.
Кава́ль, Кавалёк, Кавале́ц, Кавалёнак, Кавале́віч, Кавале́ўскі, Кавалёў, Кавалю́к, Кавальчу́к – гэта самыя пашыраныя ў Беларусі прозвішчы, утвораныя ад мянушкі па занятку. Раней у кожнай вялікай весцы, якая налічвала больш за паўсотні двароў, быў свой каваль, таму сёння мы маем так шмат прозвішчаў з гэтай асновай. Дарэчы, і ў іншых народаў прозвішчы, утвораныя ад адпаведнага прафесійнага наймення, найбольш пашыраныя: нямецкія Schmidt, Schmit, Schmitt, Schmitz, Schmid, Schmied; англ. Smith. У Беларусі досыць часта сустракаецца і прозвішча Шмідт – ад нямецкага der Schmied ‘каваль’.
3) прозвішчы, звязаныя з разнастайнымі галінамі вытворчасці: Краўчэ́ня, Кра́ўчанка, Краве́ц – у аснове гэтых прозвішчаў прафесійны занятак яго носьбіта. Кравец – майстар, які шые адзенне, значыць, і кроіць яго. Ад гэтага кроіць урэшце і паходзіць прозвішча Кравец. Сына краўца, ў адрозненне ад бацькі, называлі Краўчэня, Краўчанка. Прозвішча Schneider, Schröder (Шнайдэр, Шродэр) утворана ад аналагічнай мянушкі. Schröder вядзе свой пачатак ад нямецкага Schroder – кравец. Відавочна, мянушка Шродэр адносіцца да ліку прафесійных найменняў, якія змяшчаюць указанне на род дзейнасці заснавальніка прозвішча.
Га́біс, Га́бец, Габо́віч, Га́баў – усе гэтыя прозвішчы сваім паходжаннем звязаныя са словам га́ба ‘тоўстае сукно, якое прывозілі з Турцыі і з якога шылі вопратку’ і ў сваёй аснове маюць мянушку, якая паходзіць ад назвы чалавека, які вырабляў такое сукно або шыў з яго адзенне.
Прозвішча Weber (Вэбер) утворана ад аналагічнай нямецкай мянушкі, якая ўзыходзіць да дзеяслова weben ‘ткаць’. Такім чынам, мянушка Вэбер перакладаецца як ткач і паказвае на род заняткаў продка. Менш верагодна, што прозвішча Вэбер вядзе пачатак ад стараанглійскага асабовага імя Уэбер з той самай этымалогіяй.
Список использованных источников
- Юрэвіч, У. Беларускія прозвішчы [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://knihi.com/Uladzimir_Jurevic/Bielaruskija_prozviscy.html – Дата доступа: 15.01.2018.
- Liste der häufigsten Familiennamen in Deutschland// Википедия Свободная энциклопедия [Электронный ресурс] – Режим доступа: https://de.wikipedia.org/wiki/Familiennamen_in_Deutschland Дата доступа: 15.01.2018.