Пянькоўская Г.В. СЛОЎНІКАВАЯ РАБОТА НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЯК АДЗІН СА ШЛЯХОЎ РАЗВІЦЦЯ МАЎЛЕННЯ І ЎЗБАГАЧЭННЯ СЛОЎНІКАВАГА ЗАПАСУ ВУЧНЯЎ

УДК 373.3

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна
Навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Родная мова выконвае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Мова і маўленне традыцыйна разглядаюцца ў псіхалогіі, філасофіі і педагогіцы як вузел, у якім аб’яднаны разнастайныя рысы псіхічнага развіцця: мысленне, уяўленне, памяць, эмоцыі і г.д. Будучы важнейшым сродкам чалавечых зносін, пазнання рэчаіснасці, мова служыць асноўным каналам далучэння чалавека да каштоўнасцей духоўнай культуры, а таксама неабходнай умовай выхавання і навучання.

Малодшы школьны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення вучнем слоў роднай мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў маўлення: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Паўнацэннае авалодванне роднай мовай у пачатковых класах з’яўляецца неабходнай умовай рашэння задач разумовага, эстэтычнага і маральнага выхавання дзяцей. Развіццё слоўніка ў малодшым школьным узросце закладвае асновы паспяховага навучання ў школе.

Развіццё слоўніка вучня І ступені агульнай сярэдняй адукацыі адбываецца ў цеснай узаемасувязі з асваеннем фанетычнага боку мовы, слоўнікавага складу, граматычнага ладу мовы. Гэта праблема цесна звязана з педагагічным працэсам, падчас якога здзяйсняецца фарміраванне ў вучня маўленчых уменняў і навыкаў, і на гэтай аснове адбываецца развіццё яго слоўніка: разуменне сэнсу слова і ўзбагачэнне слоўнікавага запасу, засваенне сістэмы моўных паняццяў і заканамернасцей ў галіне марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу.

Слова – важнейшая адзінка мовы, носьбіт значэнняў. Словамі і іх спалучэннямі абазначаюцца канкрэтныя прадметы і адцягненыя паняцці, словамі выражаюцца і эмоцыі. Чым багацейшы слоўнік чалавека, тым шырэйшыя ў яго магчымасці выбару больш дакладнага і выразнага афармлення думкі. Менавіта ў пачатковых класах закладваюцца асновы ўсіх навук і, у першую чаргу, пісьмовага авалодвання мовай. А пісьмовае маўленне будуецца, як вядома, на багатым і разнастайным слоўнікавым запасе чалавека [1, с. 44].

«Для ўсяго, што існуе ў прыродзе, – вады, паветра, неба, аблокаў, сонца, дажджу, лясоў, балот, рэк і азёр, сенажацяў і палёў, кветакі траў, – у мове ёсць вялікае мноства добрых слоў і назваў» [1, с. 47]. Гэтыя словы К. Г. Паўстоўскага павінны дапамагчы дзецям усвядоміць адзін важны момант: слова –прылада пазнання свету.

Праз слова вучні пазнаюць і ўсведамляюць законы мовы, пераконваюцца ў яго дакладнасці, прыгажосці, выразнасці, багацці і складанасці. І таму так важны той структурны кампанент урока, які падначалены адной мэце: знаёмству са словам і ўсведамленню ўсіх яго частак.

Настаўнікі, навучаючы вучняў беларускай мове і ўдасканальваючы іх навыкі валодання мовай, павінны:

а) максімальна, з улікам узроставых магчымасцей вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі пашыраць іх актыўны слоўнік;

б) навучыць выкарыстоўваць словы ў іхнайбольш дакладным значэнні, абіраць найбольш прыдатныя для дадзенай сітуацыі і ў адпаведнасці з патрабаваннямі жанраў і стыляў;

в) дапамагчы вучням І ступені агульнай сярэдняй адукацыі пазбавіцца слоў нелітаратурных, дыялектна-прастамоўных, архаічных, якія выйшлі з ужытку.

Слоўнікавая работа – гэта не эпізод у рабоце настаўніка, а сістэматычная, добра арганізаваная і пабудаваная праца, злучаная з усімі раздзеламі прадмета «Беларуская мова».

На ўроках пры тлумачэнні новага матэрыялу звычайна ўводзіцца (як і па іншых прадметах) новая спецыяльная тэрміналогія, перад кантрольнай дыктоўкай настаўнік тлумачыць незразумелыя для вучняў словы; даючы дамашняе заданне па падручніку, ён абавязкова правярае, ці ўсе словы ва ўмове задання і ў самім заданні зразумелыя дзецям.

Вялікае месца слоўнікавая работа павінна займаць у сістэме заняткаў на ўроках літаратурнага чытання падчас вывучэння мастацкага твора. Аднак, пры гэтым маецца на ўвазе, што на такіх занятках праца вядзецца ў першую чаргу над словамі, якія плануецца ўводзіць у актыўны слоўнік вучня. Дыялектызмы, архаізмы, прастамоўныя словы могуць з’яўляцца прадметам характарыстыкі героя.

У методыцы адрозніваюць слоўнікава-семантычнае і слоўнікава-арфаграфічныя кірункі слоўнікавай работы. Мы ж разглядаем яе як адзінства гэтых двух відаў. З’яднаўшы слоўнікава-семантычны і слоўнікава-арфаграфічны кірункі ў слоўнікавай рабоце, злучаныя адпаведна з узбагачэннем слоўнікавага запасу і фарміраваннем навыкаў правапісу, на ўроках мы разглядаем слова адначасова ў чатырох аспектах: арфаэпічным, лексіка-семантычным, арфаграфічным і сінтаксічным.

Згодна прынцыпу A. M. Пяшкоўскага, які сцвярджаў, што «перш пачуць, а потым глядзець, як гэта напісана», мы спачатку знаёмімся з арфаэпічным абліччам слова. Напісанае на дошцы слова павінна прагучаць. Дзеці павінны пачуць і запомніць, як яно вымаўляецца. Потым мы спрабуем высветліць сэнс слова, даць тлумачэнне яго лексічнага значэння, спачатку самастойна (абапіраючыся на веды вучняў, здагадкі, асацыяцыі), потам з дапамогай тлумачальнага слоўніка ці тлумачэння настаўніка.

Праца над сэнсам слова пачынаецца з яго лексічнага значэння, то бок з яго семантызацыі. Для гэтага выкарыстоўваюцца два асноўныя прыёмы: 1) указанне на род і родавую прымету; 2) зварот да лексічнага значэння зыходнага слова і значэння словатворнай марфемы.

Выбар асноўнага прыёму семантызацыі вызначаецца структурай слова. Калі слова невытворнае (напрыклад, хвоя, стол, стул и да т.п.), то выкарыстоўваецца першы прыём, калі ж слова вытворнае (напрыклад, футбаліст, жытнёвы, зелянець і г.д.), то дарэчна звярнуцца да другога прыёму. Элементы гэтых двух прыёмаў могуць спалучацца.

Напрыклад, разгледзім значэнне слова праталіна: «Праталіна – месца, дзе растаў снег, і адкрылася зямля», з дапамогай першага прыёму тлумачыцца наступнае: «Месца, дзе ад снегу адкрылася зямля», а з дапамогай другога прыёму паказваецца на сувязь з вытворным словам (праталіна пратаць). Апроч асноўных прыёмаў семантызацыі ўжываецца шэраг дадатковых.

Адзін з іх – параўнанне невядомага слова з вядомым – сінонімам, ці антонімам. Выкарыстанне гэтага прыёму заключаецца ў паказе малюнка, схемы ці самога прадмета. Кантэкст (моўнае атачэнне) дае абоагульнае ўяўленне пра лексічнае значэнне слова (Рыбакі выйшлі ў мора на лоўлю тунца, г. зн. нейкай марской рыбы), або ўдакладняе значэнне слова (ліст і ліст дрэва, ліст да сяброўкі і г.д.).

Ведаючы, як слова вымаўляецца, гаворыцца, мы пачынаем вучыцца яго пісаць. На дошцы правільна і акуратна напісана слова, вылучаны арфаграмы, пастаўлены націск. Далей ідзе ўсведамленне і запамінанне арфаграмы. Пасля гэтага спрабуем прымусіць слова працаваць у кантэксце – словазлучэнні і сказе. Але гэтым праца над асваеннем слова не завяршаецца. Падбор сінонімаў, антонімаў, выбар для выказвання сваёй думкі дакладнейшага слова, што адпавядае стылю выказвання, творчыя заданні, слоўнікавыя дыктоўкі са слоў з адной пэўнай арфаграмай, з рознымі арфаграмамі, блокамі арфаграм; арфаграфічны разбор; практыкаванні-трэнажоры, што павышаюць агульную пісьменнасць вучняў; праца над памылкамі, арфаграфічная дыктоўка –гэта таксама праца са словам.

Лепш засвоіць семантыку і арфаграфію незнаёмага слова дазваляе этымалагічная даведка. Звычайна, этымалагічныя даведкі дае настаўнік. Гэты прыём – этымалагічная даведка – фарміруе цікавасць да слова, да мовы, да гісторыі ўзнікнення слова.

Для ўзбагачэння слоўніка вучняў часта выкарыстоўваюць наступныя віды дыктовак:

  • лексічная дыктоўка (дыктуюцца словы, вучні даюць тлумачэнне);
  • дыктоўка «Адгадай слоўца!» (настаўнік дае тлумачэнне, дзеці запісваюць само слова);
  • арфаграфічная дыктоўка (правільнае вымаўленне запісаных на ўроку слоў);
  • размеркавальныя дыктоўкі (словы, што дыктуюцца настаўнікам, размяркоўваюцца па пэўных тэматычных групах);
  • словаўтваральныя дыктоўкі (ад прапанаванага настаўнікам слова вучні ўтвараюць словы з новым лексічным значэннем);
  • дыктоўка «Падбяры сінонім» (да слова неабходна падабраць сінонімы, запісаць сказ з адным з іх);
  • дыктоўка «Ці правільнае сцверджанне?» (настаўнік называе слова і яго лексічнае значэнне, а вучань адзначае: гэта правільнае значэнне ці не);
  • праверачныя слоўнікавыя дыктоўкі (начтаўнік правярае правапіс слоўнікавых слоў).

Акрамя адзначаных дыктовак намі падчас правядзення эксперыментальнай работы ў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Гродна» дзя ўзбагачэння і актывізацыі слоўніка вучняў праводзіліся наступныя практыкаванні:

Практыкаванне № 1. Знайдзіце і запішыце  словы, якія «схаваліся» у прыведзеных словах. Падкрэсліце словы, у якіх ёсць мяккія зычныя гукі.

Пажар, блакітны, красавік, агарод, паднос, астравы.

Адказы: жар, кіт, краса, род, нос, астра, травы.

Практыкаванне № 2. Да першай часткі прыказкі падбярыце другую. Запішыце прыказкі і растлумачце іх сэнс.

Колас добра не спее, лепш за новых двух.
Стары друг той узімку галадае.
Хто ўлетку халадку шукае, калі сонца не грэе.

Практыкаванне № 3. Адгадайце загадку. З адгадкай прыдумайце і запішыце сказ.

І ў сто гадоў я малады,

Маё насенне жалуды. (дуб)

Практыкаванне № 4. Знайдзіце і запішыце словы, што «схаваліся» ў імёнах. Складзіце сказы з трыма словамі (на выбар).

Мікола, Савось, Барыс, Сцяпан, Эдзік,Тамара, Мікіта, Святлана.

Адказы: Мі(кола), Са(вось), Ба(рыс), Сця(пан), Э(дзік),Та(мара), Мі(кіт)а, Свят(лана).

Практыкаванне № 5. Было слова – стала два. Дапамажыце словам зноў аб’яднацца.

пава                                       ход

вера                                       сок

мала                                      рот

кава                                       ток

пара                                       лак

неба                                       схіл

Адказы: паварот, верасок, малаток, кавалак, небасхіл, параход,

Практыкаванне № 6. Выберыце ў дужках патрэбнае слова, каб сказ атрымаў правільны сэнс. Запішыце сказы, падкрэсліце словы-прадметы адеой рвскай, словы-дзеянні – дзвюма.

На шашу выехаў (трамвай, матацыкл).

Па рэйках імчыць (аўтамабіль,цягнік).

У сажалцы растуць (ружы, гарлачыкі).

На тэлеграфным провадзе сядзіць (індык, ластаўка).

Воўну нам дае (авечка, свіння).

Па вадзе плыве (камень, галінка).

Практыкаванне № 7. Прачытайце. Назавіце групу слоў адным словам. Запішыце падабраныя вамі словы.

Акунь, лінь, пячкур, карась, карп, акула, сом, уюн, мянтуз, вугор – гэта … (рыбы)

Пчала, жук, чмель, матылёк, страказа, мурашка, аса, авадзень, камар, муха, конік, божая кароўка – гэта… (насякомыя)

Верабей, ластаўка, сарока, бусел, качка, шпак, кнігаўка, чапля, чайка, дрозд, малінаўка, сойка, сава, дзяцел, грак, журавель, жаваранак, зязюля, стрыж, кулік, салавей, сініца, страус, цецярук, глушэц – гэта… (птушкі)

Заяц, воўк, ліса, дзік, леў, барсук, крот, вавёрка, вожык, янот, выдра, тхор, бабёр, зубр, казуля, куніца, тыгр, рысь, мядзведзь – гэта…(жывёлы)

Практыкаванне № 8. Складзіце як мага больш сказаў, у якіх кожнае слова пачынаецца з літары П.

Магчымыя варыянты адказаў: Папугай пачысціў пер’е. Папугай прапанаваў пеўню палятаць па падворку. Пералётныя птушкі пяюць прыгожыяя песні. Папугай Пятруша паўтарае песні.

Практыкаванне № 9. Прачытайце «сказы-жарты». Выпраўце сэнсавыя памылкі і запішыце сказы.

1. На лузе коні пасвяць дзядулю.

2. Прыгожая кветка намалявала Волечку.

3. Міхась мыў рукамі мыла.

4. Падлога ляжыць на дыване.

5. Цацкі берагуць малога Алеся.

6. Дзяўчынкі збіралі чырвоныя чарніцы і чорныя суніцы.

Практыкаванне № 10. Злучыце словы левага слупка з адпаведнымі словамі правага слупка і запішыце іх парамі. Складзіце і запішыце 2-3 сказы на выбар са словамі беларускай мовы.

Слоўнiк Словарь
купiна Медлить
ззяць Крикнул
зайздросна Кочка
стужка Сиять
шугануў Завидно
гукнуў Лента
марудзiць Необычайно
надзвычай Бросился

Вялікая ўвага надаецца працы са слоўнікамі. Школьны арфаграфічны слоўнік – патрэбная прылада для працы на кожнымуроку беларускай мовы.

Апроч арфаграфічнага, нам 4патрэбен таксама і тлумачальны слоўнік. Цяжкасць складаецца ў немагчымасці мець поўны камплект тлумачальных слоўнікаў для ўсяго класа.

Шмат увагі падчас слоўнікавай работы надаецца фарміраванню патрэбы карыстацца даведачнай літаратурай. Праца са словам, найцесным чынам злучаная са слоўнікам, спрыяе павышэнню не толькі моўнай культуры вучняў, але і іх агульнай культуры. Слоўнікавая работа як важная частка ўрока спрыяе развіццю маўлення дзяцей, узбагачэнню іх слоўнікавага запасу і прысутнічае на кожным уроку, з’яўляючыся важным момантам у яго структуры.

Такім чынам, дзякуючы сістэматычнай слоўнікавай працы на ўроках беларускай мовы, у вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі узрастае цікавасць да слоўнікавай работы і да беларускай мовы ў цэлым. Дзеці любяць і ўмеюць працаваць са слоўнікамі і даведачнай літаратурай, а таксама сістэматычнае і мэтанакіраванае выкарыстанне разнастайных метадаў і прыёмаў па развіцці слоўніка вучняў пачатковых класаў, развівае асобу вучня, рыхтуе яго для ўдзелу ў вучнай і пісьмовай форме зносін, садзейнічае развіццю моўнай асобы малодшага школьніка.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Падгайскі, Л. П. Узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў / Л. П. Падгайскі // Народная асвета. – 1984. – №2. – С. 44 – 49.
  2. Сыско, I. Г. Шляхi да роднай мовы: сучасныя падыходы да выкладання беларускай мовы ў пачатковых классах / І. Г. Сыско. – Мазыр : «Содействие», 2007. – 72 с.
  3. Чухрова, Л. В. Работа над словам : У дапамогу настаўнiку пачатковых класаў / Л. В. Чухрова. – Мінск : «Завигар», 1998. – 180 с.
  4. Яленск, І М. Слоўнiк з малюнкамi / Пад рэд. П.П. Шубы. – Мінск : «Народная асвета», 1994. – 264 с.
Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.