УДК 373.31
студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта дзённай формы навучання
УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»,г. Гродна
Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы
Уплыў творчых заданняў на фарміраванне пазнавальнай цікавасці вучняў на ўроках літаратурнага чытання
Сёння няма такога настаўніка, які не задумваўся б над пытаннямі: «Як зрабіць урок цікавым, яркім? Як захапіць вучняў сваім прадметам? Як стварыць на ўроку сітуацыю поспеху для кожнага вучня?». Кожны настаўнік жадае, каб дзеці на яго ўроку працавалі актыўна, творча; спазнавалі прадмет на максімальным для кожнага ўзроўні паспяховасці.
Як паказвае практыка, у выкладанні літаратурнага чытання адной з сур’ёзных праблем школы з’яўляецца зніжэнне цікавасці вучняў да чытання, як вынік, зніжэнне пісьменнасці, развіцця маўлення, правільна і лагічна выказаць сваю думку, а таксама праблемы з аналізам твора.
У цяперашні час усё большая ўвага надаецца праблеме творчай дзейнасці вучняў у школе.Цяга да творчасці, якая з’яўляецца не прыроджанай якасцю, а вынікам выхавання (стыхійнага, непрыкметнага або арганізаванага, відавочнага), – гэтая цяга да творчасці можа быць сама звернута ў сродак педагагічнага ўздзеяння, а таксама, у сродак фарміравання пазнавальнай цікавасці школьнікаў, у сродак фарміравання патрэбы вучыцца, атрымліваць веды.У школьнікаў аднаго і таго ж класа пазнавальная цікавасць можа мець розны ўзровень свайго развіцця і розны характар праяў, абумоўленых розным вопытам, спецыяльнымі шляхамі індывідуальнага развіцця.
Выкарыстанне творчых заданняў выклікаюць жывую цікавасць кожнага вучня, спрыяе развіццю фантазіі дзіцяці, з прычыны гэтага вучаньужо больш вынаходлівы ў выкарыстанні сродкаў мовы, становіцца здольным кантраляваць і крытычна ацэньваць сваю творчую працу, зацікаўлены ў правільным выразе сваіх думак. Праблема пазнавальнай цікавасці – адназ актуальных для сучаснай пачатковай школы. Педагагічнай навукай даказана неабходнасць тэарэтычнай распрацоўкі і практычнай рэалізацыі шляхоў і сродкаў актывізацыі пазнавальнай цікавасці вучняў [2, c.116].
І цяпер, каб паспяхова развіваць пазнавальныя інтарэсы ў вучэбнай дзейнасці, неабходна, шукаць больш сучасныя сродкі і метады навучання. Рэалізацыя гэтай задачы аб’ектыўна патрабуе якасна новага падыходу да навучання і выхавання дзяцей у цэлым. У першую чаргу гэта тычыцца развіцця пазнавальнай цікавасці вучняў у працэсе навучання. «Творчасць – дзейнасцьлюдзей, накіраваная на стварэнне новага, ніколі раней не былога, здольнасць чалавека з вядомага, наяўнага ў рэчаіснасці матэрыялу ствараць у працэсе работы новую рэальнасць, якая адказвае разнастайным грамадскім патрэбам» [1, c.32].
Мэтай творчага задання, на думку І. М. Асмалоўскай з’яўляецца павышэнне ініцыятыўнасці вучняў, фарміраванне актыўнасці, творчага падыходу да ўмення вырашаць канкрэтныя пытанні, замацаванне набытых ведаў, фарміраванне маўленчай культуры. Творчыя заданні ў большасці з’яўляюцца варыятыўнымі, вучні маюць права на выбар задання, якое адпавядае іх магчымасцям. Дзякуючы творчым заданням дзеці могуць выступіць у новых для сябе ролях, напрыклад: ілюстратар, акцёр, паэт, пісьменнік, кампазітар, апавядальнік, рэжысёр. Галоўнай задачай настаўніка выступае абуджэнне і падтрымка цікавасці вучняў да твора, стымуляванне вучняў да пазнавальнай цікавасці, якая будуецца на аснове пачутага сюжэту і спрыяе вылучэнню ўласных версій і інтэрпрэтацый тэксту мастацкага твора [3, c. 6].
Творчыя заданні арганізуюцца і праводзяцца па-рознаму, паколькі розны характар засваяльных школьнікамі ведаў, уменняў і навыкаў творчай, практычнай дзейнасці. Аднак усім відам творчых заданняў ўласцівыя агульныя этапы работы і дыдактычныя прыёмы іх падрыхтоўкі і правядзення.
Па-першае, працэс выканання ўсіх відаў творчых практыкаванняў носіць свядомы характар. Неабходнай умовай паспяховага вырашэння пастаўленых у іх творчых, практычных задач з’яўляецца ўсведамленне школьнікамі мэты, усебаковае разуменне ўзніклай праблемы, зместу, структуры і вынікаў дзейнасці.
Па-другое, у працэсе падрыхтоўкі вучняў да выканання творчых практыкаванняў праводзіцца грунтоўны аналіз задання, наяўных дадзеных, вызначаюцца напрамкі,рацыянальныя спосабы самастойнага ажыццяўлення практычнай дзейнасці, выкарыстання наяўных у школьнікаў ведаў, уменняў, навыкаў, неабходных для выканання работ творчага характару.
Па-трэцяе, плануемай творчай дзейнасці надаецца строгая лагічнасць, складаецца план паслядоўнасці выканання задання.
Па-чацвёртае, праводзіцца непасрэдная рэалізацыя вызначанага плана.
Па-пятае, атрыманы вынік супастаўляецца з заданнем, правяраецца правільнасць рашэння творчай задачы.
Урокі літаратурнага чытання даюць вучням шырокі прастор для творчасці: рознага тыпу пераказы, уласныя сачыненні казак, апавяданняў, вершаў, загадак, пераўтварэнні прачытанага тэксту з прыцягненнем уяўлення, драматызацыі, літаратурныя гульні.
Творчае развіццё дзяцей лёгка ажыццяўляецца ў гульнявой дзейнасці, таму што гэта натуральная дзейнасць, якая патрабуе маўленчых дзеянняў. Прывядзём прыклады дыдактычных гульняў, якія можна праводзіць на ўроках літаратурнага чытання.
Гульня «Бясконцая гісторыя». Настаўнікам або вучнем вызначаецца моўная сітуацыя, напрыклад: «Даведайся што-небудзь, пра што-небудзь спытай і раскажы пра гэта».
Такім чынам, матыў выказвання зададзены. Удзельнікі маўленчых зносін уступілі ў гульню. Вядучы пачынае распавядаць: «Аднойчы я спытаў свайго сябра пра тое, што незвычайнага адбылося з ім мінулым летам. Вось Андрэй пачаў расказваць: «Я вельмі люблю летам ездзіць у вёску да бабулі. Там мы з хлопцамі вырашылі пайсці на рыбалку. Усе падрыхтавалі неабходнае для гэтага. Як раптам …».
Далей працягвае наступны вучань і г.д., кожны з гульцоў стараецца закончыць свой урывак нечакана, інтрыгавальна, таму дзеці з задавальненнем прымаюць удзел у гэтай гульні. Заканчвае гульню вядучы.
«Эстафета» – класдзеліцца на 2–3 каманды. Кожная каманда за пэўную колькасць часу павінна скласці апавяданне на паказаную тэму. Прычым, кожны ўдзельнік гульні можа дадаць толькі адзін сказ.
Мэта гульні – актывізаваць спантаннае маўленне дзяцей. Адцягваючай мэтай з’яўляецца невучэбная мэта – дамагчыся перамогі каманды, якую можна заваяваць толькі моўнымі сродкамі.
Дыдактычныя гульні спрыяюць не толькі фарміраванню пазнавальнай цікавасці, а таксама развіццю творчых здольнасцейвучняў на ўроку літаратурнага чытання.
Да прыёмаў слоўнага ілюстравання адносіцца складанне дыяфільма. Дыяфільм – гэта серыя слоўных і графічных малюнкаў, парадак якіх адпавядае паслядоўнасці падзей у творы, кожны малюнак забяспечаны тытрамі (подпісамі).
Складанне дыяфільма – нялёгкая творчая работа. Таму прыступіць да складання дыяфільма лепш пасля таго, як дзеці авалодаюць больш простымі відамі дзейнасці, якія прадстаўляюць сабой практыкаванні падрыхтоўчага характару: падбор тытраў да гатовага малюнкавага плана; маляванне шэрагу слоўных ілюстрацый да ўжо наяўных тытраў.
Яшчэ адзін напрамак у рабоце над развіццём творчага патэнцыялу школьнікаў – тэатралізацыя. Гэты кірунак звязаны з першым. Інсцэніраванне, драматызацыя дапамагае дзецям раскрыць свой унутраны свет. Інсцэніруючы, дзеці малююць герояў з дапамогай інтанацыі, мімікі, паставы, жэсту.
Работа ў гэтым кірунку пачынаецца з самага простага: чытанне па ролях, выкананне роляў ва ўяўных сітуацыях або ў сюжэтах розных твораў. Вялікі эфект дае такая форма работы, калі вучням даводзіцца змяняць рэплікі, хутка адказваць на нечаканыя пытанні, самім фармуляваць іх. Можна прапанаваць увесці новых дзеючых асоб.
Праз тэатрвучні назапашваюць «будаўнічы матэрыял» – асобныя словы, словазлучэнні, фразеалагізмы, цэлыя сэнсавыя палі. Тут адпрацоўваецца дыялог і здзяйсняецца паступовы пераход да маналагічнага маўлення.
На ўласным вопыце дзеці спасцігаюць найскладанейшы па сваіх псіхалагічных асаблівасцяхвідмаўлення, у якім трэба не толькі перадаць слухачам нейкія веды, але і данесці да іх унутраны сэнс – эмацыйны кантэкст, і галоўнае – падтэкст. Такая работа выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць, абуджае высокую творчую актыўнасць.
Прадуктыўным прыёмам навучання творчаму чытанню з’яўляюцца гульні-драматызацыі. Дзіцяці прапануецца прадставіць цудоўную казачную сітуацыю, уявіць дзеянні герояў казкі, перадаць іх характар і настрой хадой, жэстамі, голасам. Знаёмыя сюжэты можна вар’іраваць, дапаўняць дзеючых асоб, мяняць іх характары, сітуацыі ў якія яны трапляюць, прыдумляць працяг вядомых казак. Разыгрываючы сцэнкі, дзеці знаёмяцца з правіламі маўленчага этыкету, вучацца прымяняць веды ў новых сітуацыях, адкрываюць новыя веды пра навакольны свет і прыроду, г.зн., што змест «п’есы» залежыць ад педагагічнай і вучэбнай мэты, якую ставіць настаўнік.
Спачатку выкарыстоўваюцца гатовыя сцэнарыі, затым дзеці пішуць іх самастойна пад кіраўніцтвам настаўніка. Распрацоўка характараў і маўлення герояў дазволіць настаўніку лепш спазнаць дзяцей, іх інтарэсы, магчымасці, паглыбіцца ў дзіцячыя праблемы і дапамагчы знайсці шляхі іх вырашэння.
Заданне «Казка наадварот» таксама павышае пазнавальную цікавасць дзяцей. Вучням прапануецца памяняць характар персанажаў і прадумаць, як у такім выпадку зменіцца сюжэт і канцоўка мастацкага твора. Дадзенае заданне дазваляе развіваць уменні знаходзіць і вылучаць неабходную інфармацыю, мадэляваць пэўную сітуацыю.
Заданне «Што крок, то думка» («Што крок, то пытанне») накіравана на ўменне структураваць веды. Дадзенае заданне лепш праводзіць пры сэнсавым аналізе творы (напрыклад, пры складанні характарыстыкі герояў і пры складанні пытанняў па прачытаным творы і г.д.). Вучню прапануецца зрабіць некалькі крокаў і на кожны зроблены крок прадэманстраваць пэўныя веды. Напрыклад, можна прапанаваць заданне наступнага характару: на кожны зроблены крок назваць станоўчыя рысы галоўнага героя Кузьмы з народнай беларускай казкі «Недалікатны сын». Такім жа чынам можна прапанаваць работу па складанні пытанняў да казкі.
Зыходзячы з гэтага, можна гаварыць пра тое, што сістэматычнае выкарыстанне творчых заданняў на ўроках літаратурнага чытання будзе стымуляваць самастойную дзейнасць вучняў з апорай на творчасць, тым самым у вучняў будзе больш эфектыўна працякаць працэс фарміравання навыкаў сэнсавага чытання, а таксама творчыя заданні будуць спрыяць развіццю ўяўлення, вуснай і пісьмовай мовы.
Бібліяграфічны спіс
- Выготский, Л. С. Воображение и творчество в детском возрасте / Л. С. Выготский.– М. : Просвещение, 1991.– 92 с.
- Коротяев, Б. И. Учение – процесс творческий / Б. И. Коротяев.– М. : Дрофа, 2001. – 240 с.
- Осмоловская, И. М. Формирование универсальных учебных действий у учащихся начальных классов на уроках литературного чтения / И. М. Осмоловская // Начальная школа. – 2019. – № 10. – С. 6–10.