Саута Валерыя Сяргееўна, Сродкі нагляднасці для замацавання ведаў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 УДК 373.31

Саута Валерыя Сяргееўна,

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта дыстанцыйнай формы навучанняУА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы

Сродкі нагляднасці для замацавання ведаў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

 

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асаблівай увагі ў працэсе навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе развіццё моўнай асобы, яе здольнасцей і творчага патэнцыялу, неабходных для актыўнай дзейнасці, сацыяльнага самавызначэння і самарэалізацыі.

Мэта навучання – авалоданне вучнямі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін, развіццё іх творчага патэнцыялу, далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа.

Задачы навучання беларускай мове ў І – IV класах:

1) у межах моўнай кампетэнцыі:

-асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука з пункта погляду іх функцыянавання;

— авалоданне графікай беларускай мовы;

— засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў для прымянення іх у маўленчай дзейнасці;

— узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, засваенне вымаўленчых норм, правіл правапісу;

2) у межах маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі:

-фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў навучэнцаў;

-развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

-развіццё творчых здольнасцей вучняў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;

3) у межах лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый:

-фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;

-асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

-фарміраванне асэнсаванага ўспрымання беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;

-засваенне правіл маўленчага этыкету, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін;

— фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы.

Працэс развіцця асобы вучня пры навучанні беларускай мове павінен быць узаемазвязаным і садзейнічаць рэалізацыі наступных напрамкаў: моўнага (засваенне сістэмы мовы, заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, норм беларускай літаратурнай мовы), маўленчага (авалоданне спосабамі перадачы думкі сродкамі мовы ў вуснай і пісьмовай формах, у розных відах маўленчай дзейнасці: чытанні, слуханні, гаварэнні, пісьме), камунікатыўнага (авалоданне культурай маўлення, правіламі маўленчых зносін, уменнямі ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных відаў), лінгвакультуралагічнага (асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы), сацыякультурнага (засваенне сацыяльных норм маўленчых паводзін, культурных каштоўнасцей беларускага народа і агульначалавечых каштоўнасцей, авалоданне правіламі беларускага маўленчага этыкету) [1].

У аснову курса беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі кладуцца зыходныя палажэнні кампетэнтнаснага, лінгвакультуралагічнага, камунікатыўна-дзейнаснага і асобасна арыентаванага падыходаў.

Кампетэнтнасны падыход у навучанні мове прадугледжвае разам з атрыманнем ведаў пра мову развіццё ўменняў аналізаваць і сістэматызаваць моўную інфармацыю, прымяняць яе ў маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з асобаснымі запатрабаваннямі для рашэння вучэбных, пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач. Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе фарміраванне ў навучэнцаў шэрага кампетэнцый. Кампетэнцыі ў моўнай адукацыі адлюстроўваюць здольнасць рэалізацыі моўных ведаў і ўменняў праз маўленчую дзейнасць у розных сітуацыях зносін, у тым ліку ў працэсе навучання. Асаблівасцю кампетэнтнаснага падыходу з’яўляецца метапрадметнасць – устаноўка на фарміраванне ў вучняў універсальных (агульнавучэбных) уменняў, галоўнымі з якіх з’яўляюцца ўменні мэтамеркавання, планавання, кантролю, ацэнкі (рэгулятыўныя) [2].

Працэс навучання беларускай мове скіраваны на дасягненне наступных метапрадметных вынікаў навучання:

уменне ўспрымаць і асэнсоўваць вучэбны матэрыял, які прад’яўляецца ў вербальнай форме, выдзяляць галоўнае ў ім, рацыянальна запамінаць, выконваць разумовыя аперацыі;

уменне выкарыстоўваць маўленчыя сродкі і сродкі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для рашэння камунікатыўных і пазнавальных задач;

уменне працаваць з вучэбнай кнігай, іншымі друкаванымі  і аўдыёвізуальнымі крыніцамі інфармацыі;

уменне працаваць з інфармацыяй (пошук, прымяненне, захаванне), рыхтаваць сваё выступленне  і выступаць з аўдыё-, відэа- і графічным суправаджэннем;

уменне слухаць суразмоўцу і весці дыялог, прызнаваць наяўнасць розных пунктаў погляду, выказваць сваё меркаванне і аргументаваць яго.

Сістэмна-функцыянальны падыход забяспечвае засваенне вучнямі моўных сродкаў, адбор і арганізацыю моўнага матэрыялу для авалодання моўнай кампетэнцыяй.

Лінгвакультуралагічны падыход да навучання прадугледжвае рэалізацыю задач фарміравання культурнага чалавека сродкамі беларускай мовы, паколькі яна з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, праяўленнем культуры народа. У логіцы лінгвакультуралагічнага падыходу мова разумеецца не толькі як сродак назапашвання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў, але і як сродак станаўлення асобы навучэнца, усведамлення ім прыналежнасці да свайго народа, сваёй краіны. Праз мову адбываецца далучэнне асобы да светапогляду народа, яго гісторыі, культуры, сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцей.

Лінгвакультуралагічны падыход рэалізуецца пры вывучэнні фактаў мовы розных узроўняў (фанетычных, лексічных, граматычных, узроўню тэксту) і знаходзіць у іх пацверджанне асаблівасцей узаемасувязі мовы і культуры. Важнейшым спосабам выражэння культуралагічнай інфармацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца культурнае (намінатыўнае, эмацыянальнае, экспрэсіўнае, ацэначнае, вобразнае, матывацыйнае) значэнне вывучаемых адзінак мовы (слоў, прыказак, прымавак, формул маўленчага этыкету, тэкстаў культуразнаўчага характару). Лінгвакультуралагічны падыход садзейнічае фарміраванню ў вучняў лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый.

Камунікатыўна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове прадугледжвае такую арганізацыю працэсу навучання, якая максімальна набліжаецца да рэальнага працэсу маўленчых зносін. Аб’ектам навучання становіцца маўленчая дзейнасць ва ўсіх яе відах. У аснове навучання знаходзяцца рэальныя маўленчыя дзеянні навучэнцаў, якія накіраваны не толькі на ўспрыманне і разуменне вусных і пісьмовых выказванняў на беларускай мове, але  і на стварэнне беларускамоўных тэкстаў. Гэта садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

Паколькі навучанне мове разглядаецца як культурны працэс, сутнасць якога заключаецца ў гуманістычным і творчым узаемадзеянні ўсіх яго ўдзельнікаў, яно грунтуецца на асноўных палажэннях асобасна арыентаванага падыходу. Гэты падыход характарызуецца тым, што ў цэнтры навучальнай дзейнасці знаходзіцца асоба навучэнца (яго развіццё, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў, інтарэсаў, творчых магчымасцей).

Прынцыпы адбору зместу навучання:

сістэмна-функцыянальны прынцып прадугледжвае цэласнае адлюстраванне ў змесце навучання шматузроўневасці моўнай сістэмы і характарыстыку функцыянальных магчымасцей моўных адзінак кожнага ўзроўню (роля, якую яны выконваюць у маўленні);

прынцып мінімізацыі моўнага матэрыялу патрабуе адбіраць матэрыял з улікам яго значнасці для дасягнення пастаўленых мэт і задач навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі;

камунікатыўны прынцып азначае, што працэс навучання патрэбна забяспечыць адпаведным зместам для авалодання вучнямі ўсімі відамі маўленчай дзейнасці (аўдзіраванне, гаварэнне, чытанне, пісьмо);

прынцып тэкстацэнтрызму мае на ўвазе адбор зместу навучання, які павінен забяспечыць арганізацыю адукацыйнага працэсу на аснове тэксту.

Змест вучэбнага прадмета «Беларуская мова» складаюць:

— моўныя веды, уменні і навыкі (веды пра сістэму моўных адзінак і заканамернасці іх функцыянавання, фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі, лексічныя, лексіка-граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі).

— маўленчыя ўменні і навыкі (уменні і навыкі ў розных відах маўленчай дзейнасці: аўдзіраванні, чытанні, гаварэнні, пісьмовым маўленні).

— камунікатыўныя ўменні і навыкі (уменні і навыкі выкарыстання розных відаў маўленчай дзейнасці ў пэўных маўленчых сітуацыях).

— агульныя звесткі пра беларускую мову, формы яе існавання і сферы ўжывання, культурную і эстэтычную самакаштоўнасць беларускай мовы.

— традыцыйны маўленчы этыкет, моўная норма, міжмоўная аманімія.

Сістэма развіцця маўлення скіравана на авалоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці, фарміраванне ў навучэнцаў здольнасці разумець праслуханае ці прачытанае маўленчае паведамленне на беларускай мове, ствараць вуснае выказванне на беларускай мове для задавальнення камунікатыўнага намеру, паступовае авалоданне пісьмовым маўленнем. Для дасягнення пастаўленай мэты змест сістэмы развіцця маўлення прадстаўлены ў трох кірунках:

фарміраванне правільнага ўспрымання і разумення беларускай мовы пры слуханні і чытанні;

фарміраванне ўменняў гаварэння;

фарміраванне ўменняў пісьмовага маўлення.

Такім чынам, змест навучання па кожным кірунку размяркоўваецца з паступовым ускладненнем у кожным наступным класе і вызначае асноўныя віды вучэбнай дзейнасці, якімі павінны авалодаць навучэнцы на працягу ўсяго вучэбнага года. Гэтыя віды дзейнасці пададзены ў вучэбнай праграме ў канцы кожнага раздзела. Развіццё маўлення адбываецца праз павелічэнне самастойнасці навучэнцаў пры выкананні заданняў і практыкаванняў.

 

Бібліяграфічны спіс

  1. Федаровіч, Г. М. Змест і формы арганізацыі маўленчай дзейнасці першакласнікаў / Г. М. Федаровіч // Пачатковая школа. – 2006. – № 5. – С. 7–9.
  2. Яленскі, М. Г. Методыка выкладання беларускай мовы: Сучасная лінгвадыдактыка / М. Г. Яленскі. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2006. – 224 с.
Запись опубликована в рубрике Современные подходы в преподавании лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *