Сергяенка Ганна Міраславаўна, Тэхналогіі фарміравання пазнавальных універсальных вучэбных дзеянняў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

УДК 373.31

Сергяенка Ганна Міраславаўна,

студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта дзённай формы навучання

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы

Тэхналогіі фарміравання пазнавальных універсальных вучэбных дзеянняў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

У цяперашні час школа пакуль яшчэ працягвае арыентавацца на навучанне, выпускаючы ў жыццё чалавека навучанага – кваліфікаванага выканаўцу, тады як сённяшняе, інфармацыйнае грамадства запытвае чалавека, здольнага самастойна вучыцца і шматразова перавучвацца на працягу жыцця, гатовага да самастойных дзеянняў і прыняцця рашэнняў. Для жыцця, дзейнасці чалавека важна не наяўнасць у яго назапашванняў празапас, запасу нейкага ўнутранага багажу ўсяго засвоенага, а праява і магчымасць выкарыстоўваць тое, што ёсць, гэта значыць не структурныя, а функцыянальныя, дзейнасныя якасці. Вось чаму перад школай востра ўстала і ў цяперашні час застаецца актуальнай праблема самастойнага паспяховага засваення вучнямі новых ведаў, уменняў і кампетэнцый, у тым ліку ўменне вучыцца. Вялікія магчымасці для гэтага дае засваенне ўніверсальных вучэбных дзеянняў (УВД).

Прынцыповым адрозненнем школьных стандартаў новага пакалення з’яўляецца іх арыентацыя на дасягненне не толькі прадметных адукацыйных вынікаў, але, перш за ўсё, на фарміраванне асобы вучняў, авалоданне імі ўніверсальнымі спосабамі вучэбнай дзейнасці, якія забяспечваюць паспяховасць у пазнавальнай дзейнасці на ўсіх этапах далейшай адукацыі.

Пазнавальныя УВД дазваляюць вучням:

— свядома і адвольна будаваць маўленчае выказванне ў вуснай і пісьмовай формах, выбіраць найбольш эфектыўныя спосабы рашэння задач у залежнасці ад пэўных умоў;

— здабываць неабходную інфармацыю з праслуханых тэкстаў, якія адносяцца да розных жанраў;

— вызначаць асноўную і другарадную інфармацыю;

— арыентавацца і ўспрымаць тэксты мастацкага, навуковага, публіцыстычнага і афіцыйна-дзелавога стыляў;

— разумець і адэкватна ацэньваць мову сродкаў масавай інфармацыі;

— ставіць і фармуляваць праблемы, самастойна ствараць алгарытмы дзейнасці пры рашэнні праблем творчага і пошукавага характару.

У педагогіцы ўсе навучальныя прадметы маюць вялікі патэнцыял для развіцця ўсіх відаў універсальных навучальных дзеянняў. Рэалізацыя гэтага патэнцыялу на ўзроўні І ступені агульнай сярэдняй адукацыі залежыць ад спосабаў і метадаў арганізацыі навучальна-выхаваўчай дзейнасці малодшых школьнікаў. Кожны спосаб або метад, які ўжываецца ў адукацыйным працэсе, павінен улічваць асобасныя і ўзроставыя асаблівасці дзяцей, а таксама іх запатрабаванні ў спазнанні навакольнага свету.

Улічваючы тое, што фармаванню ўменняў папярэднічае авалоданне сукупнасцю дзеянняў і аперацый, неабходна вывучэнне методык і тэхналогій па фарміраванні агульнанавучальных уменняў, бо яны могуць служыць метадалагічнай асновай для стварэння сучасных праграм фарміравання ўніверсальных вучэбных дзеянняў. Напрыклад, у 80-х гг. XX ст. Н. А. Лашкаровай была распрацавана, але не апрабавана ў школьнай практыцы «Праграма развіцця агульных навучальных уменняў і навыкаў школьнікаў», якая змяшчае рэкамендацыі па ўключэнні агульнанавучальных уменняў у мэты і змест адукацыі.

У педагогіцы існуе значная колькасць распрацовак, якія фарміруюць уменні на аснове алгарытму дзейнасці, рэалізуючы, такім чынам, канцэпцыю П.Я. Гальперына.

Пры пабудове сістэмы прыродазнаўча-навуковай адукацыі М. Н. Бусава прапануе методыку паэтапнага фарміравання агульных вучэбных уменняў, якія забяспечваюць асновы паспяховага самастойнага асваення ведаў вучнямі. У аснове методыкі ляжыць работа вучняў на аснове абагульненых навучальных планаў, якія з‘яўляюцца прадуманай паслядоўнасцю дзеянняў і аперацый па вывучэнні з‘яў, законаў, велічынь і г.д. Работа з абагульненымі планамі дае магчымасць арганізаваць самастойнае вывучэнне вучэбнага матэрыялу ў розных прадметных галінах і з‘яўляецца асновай актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. У даследаваннях М. Н. Бусавай абагульненыя планы служаць навукова-тэарэтычнай асновай для аналізу структуры дзеяння, вылучэння ў ім асобных аперацый і наступнай дыягностыкі засваення названых элементаў [1, с. 27].

У якасці характарыстык авалодання дзейнасцю М. Н. Бусава прапануе ацэньваць выкананне:

— дзеянняў, якія ўваходзяць у алгарытм;

— асобных аперацый, якія складаюць дзеянні;

— вядучых прымет паняцця (прыметы структурных элементаў навучальнага матэрыялу) [1, с. 29].

Сярод прыватных методык, прысвечаных праектаванню дзеянняў на асобных навучальных прадметах, варта адзначыць работы Е. П. Брунаўт, Е. Т. Броўкінай аб фарміраванні прыёмаў разумовай дзейнасці пры навучанні біялогіі. У работах аўтараў дастаткова поўна прадстаўлена дзейнасць педагога па фарміраванні пазнавальных лагічных дзеянняў [2].

У апошні час цікавасць да праблемы фарміравання пазнавальных вучэбных дзеянняў расце. Аднак у тэарэтычным і метадычным уяўленні гэтая праблема пакуль вырашана недастаткова.

У дачыненні да вучняў сярэдняга звяна існуе шэраг прыватных методык, сярод якіх варта адзначыць методыку інфармацыйна-інтэлектуальнай кампетэнтнасці. Методыка сфарміравана на аснове тэхналогіі развіцця інфармацыйна-інтэлектуальнай кампетэнтнасці (аўтары – Л. Г. Панфілава, Т.Е. Матвеева, С .А. Сапон) [3, с. 93]. Па сутнасці, методыка ўяўляе паслядоўнасць навучальных задач, падрыхтаваных для пэўнай прадметнай галіны, накіраваных на фарміраванне інфармацыйна-інтэлектуальнай кампетэнтнасці. Заданні канструююцца педагогам і мяркуюць два асноўныя кампаненты работы з інфармацыяй: інтэлектуальная дзейнасць – атрыманне і канструяванне новых ведаў; інфармацыйная дзейнасць – збор і апрацоўка інфармацыі. Методыка цікавая як напрамак, які дазваляе арганізаваць эфектыўнае ўменне работы з інфармацыяй для яе паспяховага прымянення ў працэсе самастойнай пазнавальнай дзейнасці для вырашэння навучальных і практычных задач. Вынікам методыкі становяцца асновы інфармацыйна-інтэлектуальнай кампетэнтнасці, якія з‘яўляюцца сінонімам адных з метапрадметных вынікаў – пазнавальных УВД.

У работах С. Г. Вараўшчыкова апісана праектаванне ўнутрышкольнай сістэмы вучэбна-метадычнага і кіраўніцкага суправаджэння на аснове эксперыментальнай работы па стварэнні сістэмы суправаджэння і кіравання развіццём УВД у адукацыйнай установе [4]. Каштоўным у даследаваннях дадзенага аўтара з‘яўляецца стварэнне класіфікацыі пазнавальных вучэбных дзеянняў, заснаванай на спосабах атрымання, апрацоўкі і прымянення інфармацыі. Згодна з даследаваннямі аўтара, агульнанавучальныя ўменні падзяляюцца на тры групы: вучэбна-кіраўнічыя, вучэбна-інфармацыйныя, вучэбна-лагічныя. У навучальных установах настаўнік павінен валодаць уменнем праектавання вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў. Пры распрацоўцы праграмы УВД неабходна ўлічваць, што яна прадстаўляе цэласную сістэму, у якой кожнае вучэбнае дзеянне знаходзіцца ва ўзаемасувязі з іншымі вучэбнымі дзеяннямі і вызначаецца логікай узроставага развіцця. Такім чынам, прызнаючы вучня суб‘ектам вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, С. Г. Вараўшчыкоў рэкамендуе арганізоўваць самакіравальную пазнавальную дзейнасць вучняў.

Цяпер для найбольш эфектыўнага фарміравання пазнавальных УВД у малодшых школьнікаў выкарыстоўваюцца такія тэхналогіі, як: праблемнае навучанне, педагогіка супрацоўніцтва, індывідуальна-дыферэнцыйны падыход, кампетэнтна-арыентаванае навучанне. У дасягненні найлепшага выніку менавіта гэтыя тэхналогіі маюць найбольш важную ролю ў адукацыйным працэсе.

Адной з характэрных асаблівасцей сучаснай адукацыі з‘яўляецца пераход да асобасна-арыентаванага падыходу, які патрабуе прымянення ў працэсе навучання і выхавання шэрагу метадаў, тэхналогій і форм для асобаснага і пазнавальнага развіцця вучняў. У межах асобасна-арыентаванага падыходу ў дзіцяці з‘яўляецца свабода выбару, не яно падладжваецца пад дзейнасць педагога, а ўсё адбываецца наадварот.

Праблемнае навучанне з‘яўляецца арганізацыяй урока, якая прадугледжвае стварэнне пад кіраўніцтвам настаўніка праблемных сітуацый, самастойную дзейнасць вучняў па іх вырашэнні, вынікам чаго становіцца набыццё неабходных ведаў, уменняў і навыкаў. Дадзеная тэхналогія добра ўпісваецца ў межы асобасна-арыентаванага навучання, бо змяняе звыклыя падыходы да правядзення ўрока і выводзіць сістэму ўзаемаадносін «настаўнік – вучань» на зусім іншы ўзровень. Педагогу неабходна ствараць такія сітуацыі, пры якіх малодшым школьнікам хацелася б знаходзіць дадатковую інфармацыю, працаваць з ёй і актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці на ўроку [5, с. 8].

Наступнай тэхналогіяй з‘яўляецца педагогіка супрацоўніцтва, якая таксама добра раскрывае асобасна-арыентаваны падыход у навучанні. Дадзеная тэхналогія з‘яўляецца крыніцай прагрэсіўных ідэй і ўвасабленнем новага педагагічнага мыслення, уваходзіць у многія сучасныя педагагічныя тэхналогіі як складовая частка, бо пакуль не мае нарматыўна-выканаўчага інструментара, каб лічыцца цэласнай. Яна прадугледжвае сумесную дзейнасць вучняў з настаўнікам, дзе ніводны суб‘ект не стаіць над іншым. Узаемаразуменне і пранікненне ў духоўны свет адзін аднаго вядуць да выніковай пазнавальнай дзейнасці і эфектыўнага фарміравання ўніверсальных вучэбных дзеянняў.

Індывідуальна-дыферэнцыйная тэхналогія прадугледжвае спалучэнне розных відаў заняткаў для павышэння якасці пазнавальнай дзейнасці кожнага вучня. Мэтай гэтай тэхналогіі з‘яўляецца ўлік усіх індывідуальных асаблівасцей розных груп дзяцей і кожнага дзіцяці асобна. Педагог павінен знайсці ў кожным вучні яго моцныя бакі і накіраваць яго дзейнасць на дасягненне максімальнага выніку менавіта ў гэтым рэчышчы. Арганізацыя працэсу навучання і выхавання прадугледжвае спалучэнне матэрыялу, які вывучаецца, з жыццём на кожным уроку, а таксама павышэнне ўзроўню актыўнасці і самастойнасці малодшых школьнікаў, узаемадзеянне франтальнай, групавой і індывідуальнай работы на ўроку. Усё гэта дае павышэнне эфектыўнасці працэсу адукацыі і прыводзіць да істотнага паляпшэння працэсу навучання і выхавання. А гэта, у сваю чаргу, садзейнічае фарміраванню пазнавальных УВД малодшых школьнікаў з улікам таго, якія канкрэтна вучэбныя дзеянні ім трэба развіць у першую чаргу і на якія звярнуць асаблівую ўвагу [6, с. 91].

Кампетэнтна-арыентаваная тэхналогія навучання – гэта метад праектаў. Мэта яе складаецца ў стварэнні такіх умоў, пры якіх вучні маглі б самастойна здабываць веды з дадатковых крыніц, умець працаваць з атрыманай інфармацыяй і актыўна прымяняць яе на практыцы. У аснове гэтай тэхналогіі ляжыць ідэя развіцця крытычнага мыслення, прывіццё малодшым школьнікам уменняў і навыкаў работы з інфармацыяй любога віду, і з яе крыніцамі. Для паспяховай рэалізацыі гэтай тэхналогіі неабходна наяўнасць значнай у сацыяльным, пазнавальным або творчым плане праблемы, якая патрабуе даследчага пошуку інфармацыі для яе вырашэння.

Фарміраванне УВД рэалізуецца ў рамках цэласнага адукацыйнага працэсу ў ходзе вывучэння сістэмы вучэбных прадметаў, вырашэння важных задач у жыццядзейнасці дзяцей. Усё гэта будзе мець эфект пры правільным падыходзе педагога, бо асноўная мэта пачатковай адукацыі – абудзіць у кожным дзіцяці ўсе закладзеныя ў ім задаткі падчас вучэбнай дзейнасці і даць ім развіццё.

Такім чынам, найбольш эфектыўнымі тэхналогіямі з‘яўляюцца ўсе вышэйпералічаныя, але максімальнага эфекту можна дабіцца, калі ўкараняць у працэс навучання метады з розных тэхналогій, каб дасягнуць найвышэйшага ўзроўню засваення ведаў, уменняў і навыкаў малодшымі школьнікамі.

Бібліяграфічны спіс

  1. Бусова, М. Н. Формирование и оценка универсальных учебных действий / М. Н. Бусова. – Урай : Урай, 2012. – 44 с.
  2. Бруновт, Е. П. Формирование приемов умственной деятельности учащихся / Е. П. Бруновт, Е. Т. Бровкина. – М. : Педагогика, 1981. – 72 с.
  3. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры: майстэрня настаўніка / пад рэд. С. І. Цыбульскай. – Мінск : Сэр-Віт, 2006. – 207 с.
  4. Воровщиков, С. Г. Развитие универсальных учебных действий. Опыт проектирования внутришкольной системы учебно-методического и управленческого сопровождения / С.Г. Воровщиков. – М. : Книга по требованию, 2012. – 225 с.
  5. Даніч, А.У. Фарміраванне рэгулятыўных вучэбных дзеянняў на ўроках беларускай мовы / А.У. Даніч // Пачатковая школа. – 2021. – № 2. – С. 6 —
  6. Дронова, Е.Н. Разработка интерактивных упражнений в сервисе LearningApps / Е.Н. Дронова // NovaInfo.Ru. – 2015. – Т. 1. – № 37. – С. 179 —
Запись опубликована в рубрике Менеджмент в образовании. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *