УДК 373.31
студэнтка 2 курса педагагічнага факультэта дзённай формы навучання
УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна
Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы
Кейс-тэхналогія як метад навучання на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытанняна І ступені агульнай сярэдняй адукацыі
Працэс навучання з выкарыстаннем кейс-тэхналогіі дазваляе фарміраваць метапрадметныя кампетэнцыі вучняў, індывідуалізаваць навучальны працэс. Выкарыстанне кейс-тэхналогіі дазваляе выклікаць запатрабаванне ў ведах, пазнавальную цікавасць да вучэбнага матэрыялу, забяспечвае магчымасць ужывання метадаў навуковага даследавання, развівае пазнавальную самастойнасць і разумовыя творчыя здольнасці, развівае эмацыйна-валявыя якасці і фарміруе пазнавальную матывацыю.
Кейс-тэхналогіі – адзін з механізмаў, які дазваляе максімальна задзейнічаць камунікатыўныя і творчыя здольнасці вучняў. Яны могуць быць паспяхова пабудаваны як на матэрыяле мастацкай, так і публіцыстычнай літаратуры. У цэлым жа мастацкія творы беларускай літаратуры цалкам падыходзяць для вывучэння іх з дапамогай кейс-тэхналогій, бо іх ідэйным зместам з’яўляецца не знешні складнік, а глыбокі ўнутраны свет герояў, іх шуканні, маральна-этычная падаплёка ўчынкаў. Усё гэта – сфера жыцця чалавека, якая не паддаецца адназначнай адзнацы, гэта значыць маецца на ўвазе розная трактоўка аднаго і таго ж характару або ўчынку, ёсць супярэчнасці, праблемнасць. Гэта і дае базу для стварэння кейса [1].
Мэты кейс-метаду:
– актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў, што, у сваю чаргу, павялічвае эфектыўнасць навучання;
– павышэнне матывацыі да навучальнага працэсу;
– адпрацоўка ўменняў работы з інфармацыяй, у тым ліку ўмення запатрабаваць дадатковую інфармацыю, неабходную для ўдакладнення сітуацыі;
– уменне рабіць правільны вывад на аснове групавога аналізу сітуацыі;
– набыццё навыкаў дакладнага выкладання ўласнага пункту гледжання ў вуснай і пісьмовай форме, пераканаўча адстойваць і абараняць свой пункт гледжання;
– выпрацоўка навыкаў крытычнага ацэньвання розных пунктаў гледжання, ажыццяўленне самааналізу, самакантролю і самаацэнкі [2].
Сутнасць кейс-метаду складаецца ў наступным:
– падбор заданняў для магчымасці выкарыстання розных шляхоў рашэння;
– блочна-модульная пабудова вывучэння новага матэрыялу;
– арганізацыя самастойнай работы вучняў пры падрыхтоўцы да ўрока, пры рабоце з кейсам;
– зносіны, абмен адказамі паміж вучнямі;
– канцэнтрацыя ўсіх відаў дзейнасці па этапах работы.
Сутнасць кейс-метаду складаецца яшчэ і ў тым, што засваенне ведаў і фарміраванне ўменняў ёсць вынік актыўнай самастойнай дзейнасці вучняў па рашэнні супярэчнасцей, у выніку чаго і адбываецца творчае авалоданне ведамі, навыкамі, уменнямі і развіццё разумовых здольнасцей. Галоўнай умовай выкарыстання кейс-метаду ў навучанні той ці іншай дысцыпліне, з’яўляецца наяўнасць супярэчнасцей, на аснове якіх фарміруюцца і фармулююцца праблемныя сітуацыі, задачы, практычныя заданні для абмеркавання і знаходжання аптымальнага рашэння вучнямі.
Кейс-метады можна сістэматызаваць у залежнасці ад таго, якую творчую работу яны прадугледжваюць. У прыватнасці, вылучаюцца метады інцыдэнту, разбору дзелавой карэспандэнцыі і сітуацыйнага аналізу [3].
Метад інцыдэнту заключаецца ў тым, што вучань павінен сам адшукаць патрэбную інфармацыю для прыняцця рашэння па наяўнай праблеме. Часта ў адкрытым доступе ёсць супярэчлівыя адзнакі той ці іншай падзеі, з’явы, праблемы, а гэта азначае, што вучню прыйдзецца сфарміраваць уласную пазіцыю (або стаць на чыйсьці бок, або заставацца іншым назіральнікам, які канстатуе палярнасць меркаванняў) і на падставе гэтага рабіць высновы.
Метад разбору дзелавой карэспандэнцыі мяркуе атрыманне кейса з падрабязным апісаннем сітуацыі: пакет дакументаў, якія дапамагаюць знайсці выйсце са складанага становішча (у тым ліку дакументы, якія не адносяцца да дадзенай праблемы, каб вучні маглі выбіраць патрэбную інфармацыю) і пытанні, якія дазваляюць знайсці рашэнне.
Самым распаўсюджаным на сённяшні дзень з’яўляецца метад сітуацыйнага аналізу, які дазваляе глыбока і дэталёва даследаваць праблему. Вучню прапануецца тэкст з падрабязным апісаннем сітуацыі і ставіцца задача, якая патрабуе рашэння. Могуць быць таксама прапанаваны для аналізу ўжо рэалізаваныя крокі. У такім выпадку галоўнай задачай будзе вызначыць (шляхам аналізу) іх мэтазгоднасць.
Вядома, што пры выкарыстанні кожнага з пералічаных метадаў вучні атрымліваюць таксама пакет пытанняў, на якія ім неабходна знайсці адказы для разумення сутнасці праблемы. Акрамя таго, кейс-тэхналогіі прадугледжваюць як індывідуальную работу над пакетам заданняў, так і калектыўную, што развівае ўменне ўспрымаць меркаванне іншых людзей і ўменне працаваць у камандзе.
Пры ўсёй разнастайнасці відаў кейсаў, усе яны маюць тыпавую структуру.
Як правіла, кейс уключае ў сябе:
– сітуацыю – выпадак, праблема, гісторыя з рэальнага жыцця;
– кантэкст сітуацыі – храналагічны, гістарычны, кантэкст месца, асаблівасці дзеяння або ўдзельнікаў сітуацыі;
– каментарый сітуацыі, прадстаўлены аўтарам;
– пытанні ці заданні для работы з кейсам;
– дадаткі.
Этапы распрацоўкі кейса: 1) вызначэнне месца кейса ў сістэме адукацыйных мэт; 2) пошук інстытуцыйнай сістэмы, якая будзе мець непасрэднае дачыненне да тэмы кейса; 3) пабудова ці выбар мадэлі сітуацыі; 4) стварэнне апісання; 5) збор дадатковай інфармацыі; 6) падрыхтоўка канчатковага тэксту; 7) прэзентацыя кейса, арганізацыя абмеркавання.
Арганізацыя паботы з кейсам мае вельмі шмат варыянтаў, гэта магчымасць для творчасці настаўніка. Мы прапануем максімальна абагульненую мадэль занятку, па якой можа быць арганізавана работа.
Этапы арганізацыі ўрока:
- Этап пагружэння ў сумесную дзейнасць.
Асноўная задача гэтага этапа: фарміраванне матывацыі да сумеснай дзейнасці, праява ініцыятыў удзельнікаў абмеркавання.
- Этап арганізацыі сумеснай дзейнасці.
Асноўная задача гэтага этапа — арганізацыя дзейнасці па рашэнні праблемы. Дзейнасць можа быць арганізавана ў малых групах або індывідуальна, вучні размяркоўваюцца па часовых малых групах для калектыўнай падрыхтоўкі адказаў на пытанні на працягу вызначанага настаўнікам часу. У кожнай малой групе (незалежна ад іншых груп) ідзе супастаўленне індывідуальных адказаў, іх дапрацоўка, выпрацоўка адзінай пазіцыі, якая афармляецца для прэзентацыі. У кожнай групе выбіраецца або прызначаецца «спікер», які будзе прадстаўляць рашэнне. Калі кейс правільна складзены, то рашэнні груп не павінны супадаць. Спікеры прадстаўляюць рашэнне групы і адказваюць на пытанні (выступленні павінны змяшчаць аналіз сітуацыі; ацэньваецца як змястоўны бок рашэння, так і тэхніка прэзентацыі, і эфектыўнасць выкарыстання тэхнічных сродкаў). Педагог ладзіць і накіроўвае агульную дыскусію.
- Этап аналізу і рэфлексіі сумеснай дзейнасці.
Асноўная задача гэтага этапу — праявіць навучальныя вынікі работы з кейсам. Акрамя таго, на гэтым этапе аналізуецца эфектыўнасць арганізацыі заняткаў, праяўляюцца праблемы арганізацыі сумеснай дзейнасці, ставяцца задачы для далейшай работы. Дзеянні педагога могуць быць наступнымі: настаўнік завяршае дыскусію, аналізуючы працэс абмеркавання кейса і работы ўсіх груп, расказвае і каментуе сапраўднае развіццё падзей, падводзіць вынікі.
Змест кейсаў можа быць самым разнастайным: мастацкія творы, кінафільмы, інфармацыя аб законапраектах, якія рыхтуюцца, аб эканамічных пераўтварэннях; кейсы могуць закранаць уласны жыццёвы досвед вучняў і многае іншае.
Такім чынам, акцэнт пераносіцца на выпрацоўку ведаў, а не на авалоданне гатовымі ведамі. Вучні атрымліваюць магчымасць суадносіць тэорыю з рэальным жыццём, у якім спатрэбіцца ўменне рабіць вывады, адстойваць сваю пазіцыю.
Па тыпе і скіраванасці кейсы можна падпадзяліць на трэніровачныя, навучальныя, аналітычныя, даследчыя, сістэматызавальныя і прагнастычныя. Яны могуць быць рознымі не толькі па змесце, але і па структуры.
Структураваныя кейсы ўключаюць у сябе сціснуты і дакладны выклад сітуацыі з пэўнымі лічбамі і дадзенымі. Тут існуе пэўная колькасць правільных адказаў, да якіх можна прыйсці, авалодаўшы адной формулай, навыкам, методыкай у нейкай галіне ведаў.
Неструктураваныя кейсы ўяўляюць сабой матэрыял з вялікай колькасцю дадзеных. Яны прызначаны для адзнакі хуткасці мыслення, умення аддзяліць галоўнае ад другараднага. Для гэтага віду кейсаў існуюць некалькі правільных варыянтаў адказаў, і не выключаецца магчымасць знаходжання нестандартнага рашэння.
Першаадкрывальніцкія кейсы могуць быць як вельмі кароткімі, так і доўгімі. Назіранне за рашэннем такога кейса дае настаўніку магчымасць убачыць, ці здольны чалавек думаць нестандартна, колькі крэатыўных ідэй ён можа выдаць за адзінку часу. Калі работа вядзецца ў групе, то ці здольны вучні падхапіць чужую думку і развіць яе.
Адрозніваюцца кейсы таксама і па аб’ёме. Поўныя кейсы (у сярэднім 20 — 25 старонак) прызначаны для работы ў групе на працягу некалькіх дзён. Сціснутыя кейсы (3 — 5 старонак) — для разбору непасрэдна на занятку і маюць на ўвазе агульную дыскусію. Міні-кейсы (1 — 2 старонкі), як і сціснутыя кейсы, прызначаны для разбору ў класе і часткова выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі да таго, пра што гаворыцца на ўроку.
Рашэнне кейсаў аднолькава эфектыўна ў рабоце па групах, у парах, у індывідуальнай рабоце. Вынік рашэння кейсаў можа быць прадстаўлены ў выглядзе прэзентацыі, абароны праекта, сачыненні-мініяцюры, вуснага выступлення і г.д.
Пры ўмелым выкарыстанні такога роду дзейнасці на ўроках адбываецца самаадвольны пераход вучняў ад знешняй матывацыі навучання да ўнутранай рэгуляцыі саманавучання. Такім чынам, з’яўляецца магчымасць максімальна індывідуалізаваць працэс навучання.
Заданні не павінны насіць прымітыўны характар і прылічацца да кейс-метадаў па фармальных прыметах. Кожны кейс – гэта сур’ёзная метадычная распрацоўка, якая павінна ўлічваць узроставыя асаблівасці і творчыя здольнасці вучняў.
Такім чынам, кіравальнасць працэсу навучання складаецца ў тым, што права падбору інфармацыі (пры дапушчальнасці ўдзелу вучняў на стадыі падрыхтоўкі кейса) належыць настаўніку. Ён можа прагназаваць ход абмеркавання, а таксама варыянты прапанаваных рашэнняў, арыгінальныя нестандартныя рашэнні. Кейс-тэхналогіі сёння супрацьпастаўляюцца такім відам работы, як паўтарэнне за настаўнікам, адказы на пытанні настаўніка, пераказ тэксту і г.д. Кейсы адрозніваюцца ад звычайных адукацыйных задач. Дадзены метад спрыяе развіццю ўменняў вучняў самастойна прымаць рашэнні; кейсы маюць некалькі рашэнняў і мноства альтэрнатыўных шляхоў, якія прыводзяць да іх.
Бібліяграфічны спіс
- Брюханова,Е.Н. Об особенностях применения кейс-технологии на уроках литературы [Электронный ресурс] / Е. Н. Брюханова. – Режим доступу: http://kampk.ucoz.ru. – Дата доступу: 15. 02. 2023.
- Шимутина,Е.В. Кейс-технологии в учебном процессе / Е. В. Шимутина // Народное образование. – 2009. – № 2 . – С. 51–59.
- Зырянов,Г.П. Опыт и ближайшие перспективы дистанционного повышения квалификации педагогов / Г. П. Зырянов // Вопросы интернет-образования. – 2002. – № 10. – 82 c.