Лышчык В. В. ЭФЕКТЫЎНЫЯ ПРЫЁМЫ ФАРМІРАВАННЯ АРФАГРАФІЧНАГА САМАКАНТРОЛЮ Ў ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ

УДК 373.31

Лышчык В. В.

студэнтка 4 курс 2 ступені адукацыі педагагічнага факультэта

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

(Навуковы кіраўнік – Тамшэвіч З. М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 ЭФЕКТЫЎНЫЯ ПРЫЁМЫ ФАРМІРАВАННЯ АРФАГРАФІЧНАГА САМАКАНТРОЛЮ Ў ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ

 Анатацыя. У дадзеным артыкуле прадстаўлены найбольш эфектыўныя прыёмы фарміравання арфаграфічнага самакантролю. Разглядаюцца такія прыёмы, як вылучэнне арфаграм чарніламі зялёнага колеру, арфаграфічнае прагаворванне, каменціраванае пісьмо з вылучэннем арфаграм і г.д.

«Самакантроль – гэта ўменне крытычна паставіцца да сваіх учынкаў, дзеянняў, пачуццяў, думак, рэгуляваць свае паводзіны і кіраваць імі» [1, c. 18]. Самакантроль у вучэбнай дзейнасці вучняў – гэта неабходны этап навучальнага дзеяння, які фарміруецца з першых дзён у школе і абапіраецца на ўсведамленне вучнямі сваіх пазнавальных дзеянняў.

Самакантроль рэалізуецца ў такіх прыёмах, як праверка правільнасці напісанага тэкстку з прымяненнем слоўнікаў і даведнікаў, праверка свайго адказу па загадзя складзеным плане, саманазіранне за вымаўленнем і выразнасцю маўлення, перачытванне падручніка з мэтай выяўлення паўнаты адказу і г.д. Пачынаць развіццё навыку самакантролю мэтазгодна ўжо з першых дзён навучання дзяцей у школе. І праводзіць гэтую працу трэба ў розных відах вучэбнай дзейнасці і на розных этапах урока.

Сістэматычная і мэтанакіраваная праца па фарміраванні самакантролю аказвае станоўчы ўплыў на засваенне ведаў, уменняў і навыкаў, прадугледжаных праграмай, стымулюе творчую актыўнасць і самастойнасць мыслення вучняў. Узровень сфарміраванасці навыкаў самакантролю шмат у чым вызначае як усвядомленасць засваення праграмнага матэрыялу, так і развіццё здольнасці да самарэгуляцыі.

Разгледзім найбольш эфектыўныя прыёмы фарміравання арфаграфічнага самакантролю.

Вылучэнне арфаграм чарніламі зялёнага колеру. Дадзены прыём дапамагае вучням пісаць без памылак. Для рэалізацыі гэтага прыёма кожнаму вучню трэба мець дзве ручкі: з сіняй і зялёнай пастай. Зялёныя чарніла падобны на святло святлафора, што садзейнічае паступовай выпрацоўцы ў дзяцеё пачуцця самакантролю. Пры гэтым зялёны колер з’яўляецца ў сшытках вучняў, як толькі з’яўляецца першае правіла, і можа выкарыстоўвацца не толькі на ўроках рускай і беларускай мовы, але і на іншых вучэбнах прадметах.

Зялёным колерам вылучаюцца такія арфаграмы, як вялікая літара ў пачатку сказа, знакі прыпынку  ў канцы сказа, падвоеныя зычныя і інш. Такі прыём дапамагае пры рэгулярным выкарыстоўванні. Вучням вельмі падабаецца такое разнастайнае пісьмо.

Арфаграфічнае прагаворванне. Пра ролю арфаграфічнага прагаворвання шмат напісана ў метадычнай літаратуры. Яно дапамагае вучням пісаць без пропускаў і іншых памылак, якія ўзнікаюць з-за неўважлівасці, і выступае ў якасці кантролю пры паўторным чытанні ўжо напісанага слова. Найбольш эфектыўным з’яўляецца паскладовае прагаворванне. Яно дапамагае дзецям пазбегчы тыповых для пачатковага навучання памылак: пропуск, замена, перастаноўка літар, устаўка непатрэбных літар.

Спецыяльна арганізаванае спісванне. Яно павінна праводзіцца штодзённа. Вучні павінны строга выконваць алгарытм пісьма. Кожны вучань атрымлівае картку, на якой запісаны ўвесь парадак дзеянняу пры праверцы. Алгарытм можа выглядаць наступным чынам:

  1. Прачытай сказ, каб зразумець і запомніць яго.
  2. Паўтары сказ, не гледзячы на тэкст.
  3. Вылучы арфаграмы ў сказе.
  4. Прачытай услых сказ так, як ён напісаны.
  5. Паўтары, не гледзячы на тэкст, сказ так, як будзеш яго пісаць.
  6. Пішы, дыктуючы сабе.
  7. Правер напісанае [2, c. 44].

Пісьмо з пропускамі або пісьмо з «дзіркамі». Вучні на некаторы перыяд атрымліваюць дазвол прапускаць літару, калі не ведаюць, якую пісаць. Пісьмо можа быць наступных відаў:

— Пропускі робяцца ўсюды, дзе ёсць арфаграмы.

— Пропускі робяцца толькі там, дзе вучань сумняваецца ў літары.

Пры такім пісьме добра развіваецца маўленне вучняў, бо пры пісьме яны выбіраюць не толькі тыя словы, які лёгка пісаць. Таксама такі прыём развівае арфаграфічную зоркасць, што садзейнічае фарміраванню навыка правільнага арфаграфічнага пісьма.

Каменціраванае пісьмо з указаннем арфаграм. Пры каментаванні дасягаецца высокі ўзровень самакантролю, бо вучань не проста бачыць арфаграму, але і тлумачыць правапіс. Вельмі важна, каб усе працавалі адначасова з каментатарам, не адстаючы і не забягаючы наперад.

Дыдактычная гульня. Значнае месца ў працэсе фарміравання навыкаў самакантролю адводзіцца дыдактычнай гульні. У ходзе гульні дзеці незаўважна для сябе выконваюць практыкаванні, дзе ім неабходна параўноўваць сваю працу з узорам настаўніка, ацэньваць свае адказы і адказы аднакласнікаў, кантраляваць адзін аднаго.

Гульні будуюцца на матэрыяле рознай цяжкасці, што дазваляе ўдзельнічаць у гульні ўсім вучням без выключэня. У працэсе гульні незаўважна для сябе дзеці набываюць новыя веды, паўтараюць пройдзены матэрыял, выпраўляюць і ацэньваюць адзін аднаго. Напрыклад, гэта могуць быць гульні «Трэці лішні», «Назаві памылку», «Арфаграфічны мячык», «Карэктар» і інш.

Дыктоўкі. Яшчэ адным эфектыўным прыёмам фарміравання самакантролю з’яўляюцца дыктоўкі. Пры правядзенні дыктоўкі магчым непасрэднае навучанне дзяцей самакантролю, звязанае з мэтанакіраванай арганізацыяй узаемаправеркі і самаправеркі. Вылучаюць некалькі відаў дыктовак:

  1. Папераджальная дыктоўка.
  2. Тлумачальная дыктоўка.
  3. Дыктоўка з абгрунтаваннем (пісьмовае самастойнае тлумачэнне арфаграм).
  4. Дыктоўка з пастукваннем (настаўнік падчас дыктоўкі пастуквае па сталу ў той момант, калі прамаўляе слова з якой-небудзь арфаграмай).
  5. Дыктоўка «Знайдзі слова» (настаўнік дыктуе некалькі сказаў і дае заданне падкрэсліць тыя словы, якія можна праверыць) і інш [3, c. 43].

Навык самакантролю вельмі добра фарміруецца пры выкарыстоўванні наступнага алгарытму:

— прагаворваю;

— вызначаю арфаграмы;

— успамінаю правіла;

— ужываю яго;

— пішу;

— правяраю.

Такім чынам, арфаграфічны самакантроль адыгрывае важную ролю ў пачатковай школе пры навучанні і выхаванні малодшых школьнікаў. Для арфаграфічнага пісьма недастаткова вызначэнне месца размяшчэння арфаграмы. Уменне бачыць арфаграмы садзейнічае правільнаму напісанню слоў.

Паўнавартаснае змястоўнае навучанне малодшых школьнікаў арфаграфіі – гэта паўнавартасны арфаграфічны самакантроль.

 

Спіс літаратуры

 

  1. Овчинникова, Е. П. Формирование орфографического самоконтроля: начальная школа / Е. П. Овчинникова. – Мозырь: ООО ИД «Белый ветер», 2004. – 26 с.
  2. Варова, Т. В. Самоконтроль в работе над грамотностью. Алгоритм поиска и квалификации орфографической ошибки / Т. В. Варова // Вестник БГУ. – 2003. – №11. – С. 43-51.
  3. Ясова, А. Н. Самостоятельная работа учащихся над орфографическими ошибками / А. Н. Ясова // Начальная школа. – 2001. – №4. – С. 42-45.

 

 

 

 

Праблема, якая абазначана ў артыкуле, раскрыта падрабязна і рознабакова. Арткул і спіс літаратуры аформлены згодна патрабаванням. Матэрыял можа быць выкарыстаны ў працы педагогаў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама стулэнтамі спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя». Паколькі ў публікацыі прадстаўлены тэарэтычны аспект тэмы, якая вывучаецца, варта было б канткрэтызаваць актуальнасць праведзенага даследавання.

Запись опубликована в рубрике Секция 4. Актуальные проблемы преподавания языков и математики в дошкольных учреждениях и начальной школе. Добавьте в закладки постоянную ссылку.