Урублеўская В.І. РАЗВІЦЦЕ КАМУНІКАТЫЎНЫХ УМЕННЯЎ У ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

УДК 373.31

Урублеўская В.І.

студэнтка 1 курса ІІ ступені вышэйшай адукацыі педагагічнага факультэта

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

(Навуковы кіраўнік –Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 РАЗВІЦЦЕ КАМУНІКАТЫЎНЫХ УМЕННЯЎ У ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

 Анатацыя. У дадзенным артыкуле раскрываецца важнасць развіцця камунікатыўных уменняў у дзяцей дашкольнага ўзросту. Для выяўлення значнасці кожнага камунікатыўнага ўмення для дзяцей і дарослых праведзена аўтарам артыкула праведзена даследаванне. З гэтай мэтай апытана 20 педагогаў па спецыяльна распрацаванай анкеце і 50 дзяцей у ходзе гутаркі.

 На сучасным этапе развіцця грамадства адной з вядучых застаецца праблема далучэння дзіцяці да сацыяльнага свету, фарміравання ўмення адэкватна арыентавацца ў даступным сацыяльным асяроддзі, ўсведамляць самакаштоўнасць уласнай асобы і іншых людзей, выказваць пачуцці і адносіны да свету ў адпаведнасці з культурнымі традыцыямі грамадства.

Даследчыкі праблем зносін адзначаюць, што зносіны служыць усталяванню агульнасці паміж людзьмі, рэгулююць іх сумесную дзейнасць, з’яўляецца інструментам пазнання і асновай свядомасці для асобнага чалавека, служаць самавызначэнню асобы, без чаго чалавек выпаў бы з сумеснай дзейнасці і апынуўся б па-за чалавецтва страчаным і бездапаможным.

Менівіта пагэтаму, у сучасным свеце да дашкольніка прад’яўляюцца новыя патрабаванні, каб у далейшым быць паспяховым у школьным навучанні, ужо на этапе дашкольнага дзяцінства дзіця павінна валодаць камунікатыўнымі здольнасцямі, накіраванымі на ўсталяванне бесканфліктных зносін як з дарослымі, так і з аднагодкамі [1].

«Зносіны – гэта камунікатыўная дзейнасць, працэс спецыфічнага кантактавання тварам да твару, якое можа быць накіравана не толькі на эфектыўнае рашэнне задач сумеснай дзейнасці, але і на ўсталяванне асобасных адносін і пазнанне іншага чалавека» [2].

На аснове тэарэтычнага аналізу псіхолага-педагагічнай літаратуры, праграмы дашкольнай адукацыі і эксперыментальных дадзеных намі былі распрацаваны крытэрыі, змест, паказчыкі і ўзроўні сфарміраванасці камунікатыўных уменняў у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Пры вызначэнні зместу камунікатыўных уменняў намі ўлічваліся функцыі зносін як дзейнасці. У псіхолага-педагагічнай літаратуры вызначаны функцыі зносін, для рэалізацыі якіх патрабуюцца пэўныя камунікатыўныя ўменні. У дачыненні да дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту мы ўзялі за аснову функцыі, выдзеленыя Б. Ф. Ломавым: перадачы і прыёму інфармацыі; рэгуляцыі і карэкцыі паводзін; змены эмацыйна-афектыўнага стану камунікатараў. Вылучэнне дадзеных функцый спрыяла ўсталяванню пераемнасці ў працы дашкольнай установы і школы (Л. Р. Мунірава). Акрамя таго, пры распрацоўцы зместу намі ўлічваліся структура камунікатыўнай дзейнасці і звёны акта зносін (К. М. Левітан, М. І.Лісіна).

Для вызначэння зместу камунікатыўных уменняў намі таксама выкарыстоўваліся назіранни за дзецьмі, гутаркі з імі, гутаркі з бацькамі, інтэрв’ю з выхавальнікамі.

На аснове вышэйпададзенага, намі быў вызначаны пералік камунікатыўных уменняў. Для выяўлення значнасці кожнага камунікатыўнага ўмення для дзяцей і дарослых праведзена ранжыраванне. З гэтай мэтай апытана 20 педагогаў па спецыяльна распрацаванай анкеце і 50 дзяцей у ходзе гутаркі. Камунікатыўныя ўменні прапаноўвалася ацаніць як абавязковыя (5 балаў), неабходныя (4 балы), патрэбныя (3 балы), няважныя (2 балы), якія не патрабуюцца (1 бал).

Зыходзячы з атрыманых вынікаў, самы высокі бал (4,0 балы) атрымала ўменне гаварыць пра свае намеры. Для педагогаў і дзяцей гэта ўменне вельмі значнае, бо яно характарызуе адкрытасць адносін, надае выразнасць, ажыццяўляе ўзаемадзеянне і характарызуе адзін з асноўных кампанентаў камунікатыўнай дзейнасці. Блізка звязана з папярэднім уменне данесці інфармацыю даступна, лагічна і дакладна выказаць свае думкі (3,9). Уменне данесці інфармацыю – значыць дакладна ўяўляць сабе мэту зносін, разумець ступень яе важнасці. Дадзенае ўменне высока ацэньваецца педагогамі, бо дае ім магчымасць вызначыць цяжкасці дзіцяці, а значыць своечасова аказаць яму адпаведную дапамогу.

Дастаткова высокі бал (3,7 бала) атрымала ўменне ўступаць у працэс зносін, прыцягнуць увагу суразмоўцы да сябе. Педагогі правільна разумеюць значэнне гэтага ўмення, якое дапамагае дзіцяці звярнуць увагу дарослага да сябе. Нізкі сацыяльны статус дзяцей у групе вызначаецца часам тым, што дзеці не ведаюць добрых якасцей сваіх аднагодкаў, з прычыны іх «ціхіх», непрыкметных паводзін. Вось чаму так блізка па ацэнцы (3,7 бала) з названым, уменне эмацыйна выказваць думкі, выкарыстоўваючы жэсты, міміку, пантаміміку. Дашкольнікаў прыцягвае ўсё яркае, незвычайнае, таму выкарыстанне невербальных сродкаў у зносінах з дзецьмі дашкольнага ўзросту робіць яго найбольш даступным дзіцячаму разуменню.

Высокія ацэнкі (3,1 і 3,7 бала) атрымалі уменні арыентавацца ў камунікатыўнай сітуацыі і ўменні знаходзіць інфармацыю, якая зацікавіла партнёра, сведчаць пра разуменне педагогамі таго, што эфектыўнасць зносін шмат у чым вызначаецца тым, як улічваецца знешняя сітуацыя, асобасныя асаблівасці партнёра, месца, час, характар зносін. Дадзеныя ўменні будуць спрыяць папярэджанню канфліктаў і забяспечваць поспех дзейнасці.

Уменне карыстацца прыёмамі дасягнення разумення (удакладняць, задаваць пытанні), абгрунтаваць мэтазгоднасць сваіх прапаноў (3,1 бала) асабліва важна ў старшым дашкольным узросце, у працэсе падрыхтоўкі дзяцей да школы. Правільная пазіцыя педагогаў у гэтым пытанні дапаможа забяспечыць поспех навучання, таму што кампенсаваць уласную няўмеласць і няведанне дзіця можа толькі ў тым выпадку, калі авалодае дадзеным уменнем.

Сярэднія балы (2,9; 2,8; 2,1) атрымалі ўменні ўжываць словы і знакі ветлівасці, дзяліцца сваімі пачуццямі і настроем з таварышамі, падбіраць сродкі перадачы інфармацыі і суадносіць яе. Яны характарызуюць знешні бок камунікатыўнай дзейнасці. Гэта сведчыць пра тое, што педагогі правільна трактуюць паняцце «зносіны» і не звязваюць камунікатыўныя ўменні толькі з паводзінамі.

Таксама параўнальна невысокія балы (1,2; 0,9) атрымалі аналітычныя ўменні – уменне ацаніць, як паўплывала на паводзіны партнёра тое ці іншае ўздзеянне, арыентавацца ў сваіх якасцях як камуніканта. Як відаць, дадзеныя ўменні лічацца недаступнымі дзецям дашкольнага ўзросту, якія, на іх думку, не вызначаюць ход зносін.

Не высока ацэнены ўменне выказаць здагадку пра эфект уздзеяння інфармацыі на слухача (1,7 бала), уменне рэагаваць на крытычныя заўвагі партнёраў (1,7 бала), уменне падчас зносін узмацніць эмацыянальнае ўздзеянне, звярнуцца да эмацыйнага вопыту партнёра (1,7 бала).

Насцярожвае той факт, што нізкія балы атрымалі ўменне давяраць, дапамагаць і падтрымліваць тых, з кім маеш зносіны (1,9 бала) і ўменне праяўляць пачуцці ў адносінах да іншага (1,9 бала). Адсутнасць дадзеных уменняў ператварае зносіны ў камунікацыю, збядняе яе функцыі. Прычынамі гэтага выступае тое, што дадзеныя ўменні суадносяцца педагогамі з задачамі маральнага выхавання і фарміруюцца ў іншых відах дзейнасці. Акрамя таго, гэта тлумачыцца тым, што давер, дапамога, станоўчыя пачуцці часам перашкаджаюць дзецям ацаніць камунікатыўную сітуацыю аб’ектыўна, разабрацца ў адпаведнасці вербальных паводзін невербальным. Нягледзячы на гэта, дадзеныя ўменні былі ўключаныя ў пералік фарміруемых, таму што працэс зносін з’яўляецца свайго роду ўзаемадзеяннем, якое немагчыма без ўзаемнага даверу.

Для таго, каб павысіць узровень нізка ацэненых камунікатыўных уменняў, намі быў распрацаваны комплекс дыдактычных гульняў. У яго ўвайшлі наступныя гульні.

«Астролагі». Мэта: развіваць уменне арыентавацца ў навакольным асяроддзі і ўлічваць асаблівасці паводзін партнёра ў розных камунікатыўных сітуацыях.

Гульнявое правіла: называць таварыша толькі пасля чытання ўсёй яго характарыстыкі.

Ход гульні: выхавальнік зачытвае характарыстыкі дзяцей, паводле знакаў задыяку, дзеці спрабуюць вызначыць, хто з іх адпавядае гэтаму знаку.

Варыянты: дзеці могуць самастойна скласці характарыстыкі, апісваючы знешні выгляд, любімыя заняткі, як ставяцца да справы, да сяброў.

«Патэлефануй мне, патэлефануй!». Мэта: развіваць уменне ажыццяўляць зносіны ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай, падбіраць неабходныя вербальныя сродкі, творчае ўяўленне.

Гульнявое правіла: паведамленне павінна адпавядаць правілам «тэлефоннай размовы».

Ход гульні: дзеці стаяць па крузе. У цэнтры круга-водзячы. Водзячы стаіць з заплюшчанымі вачыма з выцягнутай рукой. Дзеці рухаюцца па крузе са словамі: «Патэлефануй мне, патэлефануй! І што хочаш мне раскажы. Можаш быль, а можаш казку! Можаш слова, можаш два – толькі, каб без падказкі, зразумеў усе словы я».

На каго пакажа рука водзячага, той яму павінен «патэлефанаваць» і перадаць паведамленне. Вядучы можа задаваць удакладняючыя пытанні.

«Вядзьмак». Мэта: развіваць уменне выкарыстоўваць невербальныя сродкі зносін.

Ход гульні: «Вядзьмак» зачароўвае дзяцей так, што яны «губляюць» здольнасць гаварыць. На ўсе пытанні дзіця адказвае жэстамі. З дапамогай пытанняў яно імкнецца расказаць гісторыю пра тое, як яго зачаравалі. Указальным пальцам ён паказвае кірунак і прадметы, памер і форму прадметаў, выкарыстоўваючы жэсты, якія іх характарызуюць, паказвае на будынак чараўніка і свой стан у момант вядзьмарства. Астатнія дзеці расказваюць словамі пра тое, што ён паказвае.

«Ажыві маску». Мэта: развіваць уменне разумець настрой іншага чалавека, прагназаваць і прадбачыць той ці іншы настрой.

Гульнявое правіла: сітуацыі не павінны паўтарацца.

Ход гульні: кожнаму дзіцяці раздаюцца маскі-настроі. Дзіця павінна расказаць, што выклікала той ці іншы настрой. Заахвочваюцца рэальныя і фантастычныя сюжэты.

Варыянты гульні: дзецям прапануецца прыдумаць сітуацыю, якая выклікала б супрацьлеглы настрой.

«Адлюструй прыказку». Мэта: развіваць уменне выкарыстоўваць невербальныя сродкі зносін.

Ход гульні: Дзеці разбіваюцца на падгрупы і малююць з дапамогай жэстаў і мімікі якую-небудзь прыказку: «Слова не верабей – вылеціць не зловіш»; «Скажы ім, хто твой сябар, і я скажу, хто ты»; «Няма сябра – шукай, а знойдзеш – беражы» і г. д.

«Кіруем робатам». Мэта гульні: развіваць уменне падбіраць адпаведныя вербальныя сродкі (этычныя формулы) да розных сітуацый зносін.

Гульнявое правіла: выконваць чарговасць, дзейнічаць строга па інструкцыі.

Ход гульні: выклікаецца дзіця-«робат». Дзеці па чарзе даюць яму заданні. «Робат» выконвае інструкцыю. Напрыклад: «Робат, папрасі дазволу пагуляць»; «Робат, папрасі прабачэння!»; «Робат, даведайся як знайсці дарогу» і г. д. Прапануюцца розныя сітуацыі: абяцанне, парада, прабачэнне, прапанова, згода, просьба, падзяка.

«Скажы па іншаму». Мэта: развіваць уменне прагназаваць вынікі зносін, карэктаваць камунікатыўную сітуацыю, падбіраючы неабходныя сродкі.

Гульнявое правіла: выконваць чарговасць.

Ход гульні: выхавальнік зачытвае сітуацыю, дзеці павінны прыдумаць, як тое ж самае сказаць іншымі словамі, каб не пакрыўдзіць і не засмуціць суразмоўцу. Пасля прачытанай сітуацыі выхавальнік удакладняе, як чалавек паставіцца да гэтых слоў. Напрыклад: «Мама не купіць табе цацку», «Твой малюнак атрымаўся горшым за ўсіх», «Ты зусім не ўмееш гуляць у футбол», «Ваш сын захварэў» і іншыя.

«Зашыфраванае пісьмо». Мэта: развіваць уменне ставіць мэту зносін, якія павінны адбыцца, і дзейнічаць у адпаведнасці з ёй.

Гульнявое правіла: дзейнічаць паводле інструкцыі.

Ход гульні: дзіцяці прапануецца зашыфраваць ліст. На лісце паперы піктаграма настрою і адпаведны выраз твару чалавека (чалавек, цацка, звер, літаратурны герой). Запіс на лісце азначае: «парадуй Мальвіну», «напалохай Карабаса», «здзіві Бураціна». Дзеці павінны прыдумаць аповяд, драматызаваць сітуацыю, каб выканаць заданне. Лепшы выканаўца атрымлівае права складаць зашыфраваныя лісты.

«Зразумей мяне». Мэта: фарміраваць уменне арыентавацца ў ролевых пазіцыях людзей і камунікатыўных сітуацыях.

Гульнявое правіла: не перабіваць вядучага.

Ход гульні: дзіця выходзіць наперад і прыдумляе тэкст з 4-5 сказаў. Дзеці павінны здагадацца, хто гаворыць (экскурсавод, журналіст, выхавальнік, літаратурны герой) і ў якой сітуацыі магчымыя падобныя словы. Напрыклад: «Усе выйшлі на старт. 5, 4, 3, 2, 1 – старт!» (Сітуацыя – спаборніцтва спартсменаў, кажа спартыўны каментатар).

«Чароўны букет кветак». Мэта: вучыць праяўляць увагу да навакольных, усталёўваць добразычлівыя адносіны, заўважаць станоўчыя якасці іншых і выказваць гэта словамі, рабіць кампліменты.

Абсталяванне: Зялёная тканіна або кардон, выразаныя пялёсткі для кожнага дзіцяці.

Ход гульні: Выхавальнік (паказвае на кавалак тканіны, які ляжыць на падлозе). Гэта зялёны лужок. Які ў вас настрой, калі вы глядзіце на гэты лужок? Як вы думаеце, чаго на ім не хапае? Дзеці. Колеру. Выхавальнік. Не вясёлае жыццё на гэтай палянцы. Вось так і паміж людзьмі: жыццё без павагі і ўвагі атрымліваецца змрочным, шэрым і сумным. А хацелі б зараз парадаваць адзін аднаго? Давайце пагуляем у «кампліменты».

Дзеці па чарзе бяруць па адным пялёстку, гавораць кампліменты адзін аднаму і выкладваюць яго на лужок. Добрыя словы павінны быць сказаны кожнаму дзіцяці.

Выхавальнік. Паглядзіце, якія прыгожыя кветкі выраслі ад вашых слоў на гэтым лужку. А цяпер які ў вас настрой?

Выхавальнік такім чынам, падводзіць да думкі, што трэба больш уважліва ставіцца адзін да аднаго і гаварыць добрыя словы.

Такім чынам, для таго, каб развіць камунікатыўны навык дашкольнікаў выхавальніку неабходна сістэматычна і мэтанакіравана працаваць, выкарыстаўваючы шэраг дыдактычных гульняў і гульнявых прыёмаў, якія будуць садзейнічаць не толькі развіццю камунікатыўных навыкаў дзяцей, але і будзе развіваць асобу дзіцяці, павышаць цікавасць да заняткаў, да набыцця ведаў, рабіць выхаваўчы працэс больш эмацыянальна насычаным, лёгкім і простым.

 

Спіс літаратуры

 

  1. Коваленко, И. М. Коммуникативные способности как основное условие развития дошкольника / И. М. Коваленко, Т. М. Кравцова // Ломоносовские чтения на Алтае: фундаментальные проблемы науки и образования. – 2015. – С. 1913-1920.
  2. Репина Т.А. Социально-психологические особенности группы детского сада / Т.А. Репина. – М .: Педагогика. 1988. – 231 с.
Запись опубликована в рубрике Секция 4. Актуальные проблемы преподавания языков и математики в дошкольных учреждениях и начальной школе. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

2 комментария на «Урублеўская В.І. РАЗВІЦЦЕ КАМУНІКАТЫЎНЫХ УМЕННЯЎ У ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ»

  1. Евгения Заяц говорит:

    Добры вечар! Для чаго неабходна фарміраваць камунікатыўныя ўменні ў дзяцей? Як паводзілі сябе дзеці пры правядзенні гульняў? Якое заданне ім найбольш спадабалася? Які рэзультат атрымаўся пасля правядзення гульні?

  2. Вероника Ивановна говорит:

    Добры вечар! Дзякуй за тое, што праявілі зацікаўленасць, праведеным намі даследаваннем. Развіццё камунікатыўных уменняў з’яўляецца неабходнай умовай паспяховасці вучэбнай дзейнасці, найважнейшым напрамкам сацыяльна-асобаснага развіцця. Таму фарміраваць камунікатыўныя ўменні важна пачынаць менавіта з дашкольнага ўзросту. Дашкольны ўзрост – гэта той перыяд, калі асноўным відам дзейнасці з’яўляецца гульня. Таму дзеці з уласцівым для іх задавальненнем уключаліся ў гульні. Больш за ўсё ў дзяцей цікавасць выклікала гульня «Ажыві маску».

Обсуждение закрыто.