УДК 373. 811.161.3
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа №7 г. Гродна»
Поспех прафарыентацыйнай работы на ўроках беларускай мовы шмат у чым залежыць ад умення настаўніка звязаць прафарыентацыйны матэрыял з праграмным. Так, напрыклад, пры вывучэнні ў 5 класе тэмы «Агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку» можна выкарыстоўваць наступныя заданні [1,с.15]: «Выберыце словы, якія ўжывае фатограф, мастак, музыкант, шафёр: палітра, карбюратар, шына, праяўляльнік, замацавальнік, тубус, акварэль, фіксаж, мальберт, гуаш, кузаў, нота, негатыў, актава, гама, акорд. Ці ўсе словы былі зразумелыя? Як яны называюцца?»
Пры вывучэнні ў 6 класе тэмы «Суфікс як значымая частка слова» неабходна звярнуць увагу на суфіксы -яр, -ар, -ер, -ец, -ік, -нік, -льнік, -іст,
-іт, якія ўказваюць на род дзейнасці або занятак асобы: пчаляр, млынар, камбайнер, прадавец, цырульнік, чыгуначнік, стваральнік, машыніст, барацьбіт [1,с.18].
Пры вывучэнні сінтаксісу ў VIII – IX класе галоўным дыдактычным матэрыялам з’яўляюцца тэксты. Так, напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа» можна выкарыстаць наступныя тэксты, накіраваныя на прафесійнае самавызначэнне вучняў [1,с.39].
Дызайнер
Дызайнер творца навакольнага свету. Яго цікавяць не толькі знешні выгля… прадметаў але і іх унутраная сутнасць. Дызайнеры працуюць у розных сферах жы…ядзейнасці людзей у прамысловасці і архітэктуры ў паліграфіі і модзе.
Дызайнер павінен спалучаць у с…бе тэхнічную і мастацкую адоранасць практычны інтэлект і багатую фантазію. Настойлівасць акуратнасць самакрытычнасць таварыскасць працаздольнасць асноўныя якасці дызайнера.
Авіядыспетчар
Дакладнасць ветлівасць каралей і авіядыспетчараў. Авіядыспетчар спецыяліст, які ажыццяўляе кірава…е рухам самалётаў. Ён увесь час знаходзіцца на сув…зі з экіпажамі інфарміруе іх пра палёт і запасы паліва сочыць за паветраным становішчам.
У распараджэнні авіядыспетчара знаходзіцца абсталяванне маніторы сродкі сувязі сігнальнае табло. Уважлівасць і вытрымка а…казнасць і стрэсаўстойлівасць засяроджанасць і самакантроль асноўныя якасці авіядыспетчара.
Заданні да тэкстаў :
1) Прачытайце тэкст, устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку.
2) Знайдзіце і падкрэсліце аднародныя члены сказа.
3) Вызначце сродкі сувязі аднародных членаў у сказе.
4) Пабудуйце схемы з аднароднымі членамі сказа.
5) Перабудуйце апошні сказ такім чынам, каб у ім было абагульняльнае слова пры аднародных членах, пастаўце неабходныя знакі прыпынку.
Работа па прафесійнай арыентацыі вучняў можа ажыццяўляцца праз такія формы, як складанне слоўнікавых артыкулаў, загадак, рэбусаў, крыжаванак, праз правядзенне гульняў, віктарын, конкурсаў, падарожжаў, праз абарону праектаў і напісанне творчых работ (казак, вершаў, сачыненняў розных жанраў).
Так, у межах правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры быў прадстаўлены праект вучняў 9-х класаў «У свеце прафесій».
Мэты праекта:
- Узгадаць беларускія самабытныя назвы прафесій, узбагачаць слоўнікавы запас вучняў.
- Даць тлумачэнне лексічнаму значэнню слоў (назваў прафесій), звярнуць увагу на марфалагічныя прыметы.
- Развіваць уменне самастойна здабываць веды з розных крыніц і выкарыстоўваць ва ўласнай дзейнасці.
- Развіваць навыкі вуснага маўлення.
- Развіваць камунікатыўныя здольнасці, здольнасць працаваць у камандзе.
- Выхоўваць павагу да роднага слова і адчуванне каштоўнасці, непаўторнасці, самабытнасці беларускай мовы.
- Выхоўваць эстэтычны густ школьнікаў.
Час выканання праекта: 2 тыдні.
Удзельнікі праекта: вучні 9-х класаў
Этапы падрыхтоўкі і абароны праекта
- Праектная ініцыятыва.
Выбар, абмеркаванне тэмы праекта, вызначэнне асноўных накірункаў дзейнасці (даследаванне беларускіх самабытных назваў прафесій, прадстаўленне вобразаў носьбітаў прафесій)
- Вызначэнне канчатковага выніку праекта.
Усведамленне самабытнасці беларускай мовы праз прэзентацыю прафесій.
- Стварэнне груп і размеркаванне абавязкаў.
Кіраўнік праекта, лінгвісты, паэты, сацыёлагі, журналісты , акцёры.
- Распрацоўка групавога навучальнага маршруту.
Навошта? – каб даказаць самабытнасць беларускай мовы і ўжываць у сваім маўленні беларускія назвы прафесій; пра што даведаемся? – пазнаёмімся з групамі прафесій, даведаемся , дзе іх можна атрымаць; каму раскажам? – усім, хто праявіць цікавасць.
- Правядзенне мазгавога штурму. Стварэнне банка ідэй:
- сабраць інфармацыю пра самабытныя беларускія назвы прафесій , растлумачыць лексічнае значэнне слоў;
- прааналізаваць марфалагічныя прыметы назваў;
- выявіць, у якія групы і па якіх прыкметах іх можна аб’яднаць;
- стварыць вершы або загадкі, у якіх даецца характарыстыка прафесій;
- высветліць, у якой навучальнай установе г. Гродна можна набыць тую ці іншую прафесію;
- падрыхтаваць нагляднасць (інструменты, вырабы, рэчы, чарцяжы, эскізы і інш.) для прэзентацыі прафесій.
- Размеркаванне заданняў.
- Збор матэрыялу, кансультаванне ( настаўнікамі, бацькамі ).
- Калектыўнае абмеркаванне выкананай работы. Выбар формы абароны праекта.
Творчая справаздача (прэзентацыя прафесій ) з выкарыстаннем нагляднасці
і элементамі інсцэніроўкі.
- Прэзентацыя праекта.
- Рэфлексія.
Дадатак
Прэзентацыя праекта «У свеце прафесій»
Першы журналіст. Паважаныя спадары, вітаем вас на праекце «У свеце прафесій». Мы, вучні 9-ых класаў, пазнаёмім вас з прафесіямі, дапаможам вызначыцца ў прафесійным будучым і ўзгадаем несправядліва забытыя самабытныя беларускія словы. У працэсе падрыхтоўкі высветліліся цікавыя факты. Па-першае, назвы прафесій з’яўляюцца назоўнікамі мужчынскага роду, хоць могуць адносіцца да асоб жаночага полу. Па-другое, беларускія назвы прафесій, у пераважнай большасці, словы гаваркія.
Другі журналіст. Перад вашымі вачыма прадстаўлены вобразы носьбітаў прафесій, якія выконваюць пэўныя дзеянні, свае абавязкі. Каб правільна зарыентавацца, прапануем паслухаць загадкі, у якіх даецца характарыстыка прафесій, а апошняе слова з’яўляецца яе назвай.
Першы журналіст.
Спецыяліст, што зробіць са скуры
Рукамі сваімі, без усякай халтуры
Вырабы розныя для асалоды,
Іх скарыстаюць прыхільнікі моды.
Здзівіць умельствам, нязвыкласцю, густам.
Зробіць пальчаткі, рамні… што нягуста?
На завушніцы са скуры штукар.
Ужо здагадаліся? Гэта гарбар. [2, с. 100]
Другі журналіст.
Лёгка пашые са скуры нам боты,
Каб хутка бегаць, не біць ног пяхотай.
Спраўна выходзяць і басаножкі.
Глянь: захапленне адно, а каб трошкі…
Можна з’яўляцца на модных паказах,
Пальцам не тыкнуць, а скажуць усе разам:
– Вось малайчына, вось гэта «спец»!
Ужо зразумелі, хто гэта – шавец. [3, с. 450]
Першы журналіст.
Майстар той мае цудоўныя рукі:
Сшые, што хочаш , зусім без прынукі!
Плашч ці сукенку, сурвэтку ці ляльку
Зробіць табе, прыкладаючы кальку.
Ніткі з іголкай – усё, што патрэбна,
І ўпрыгожыць вышыўкай зрэбнай.
Цудаў з тканіны выдатны тварэц,
Геній у шыцці – адмысловы кравец. [2, с. 199]
Другі журналіст. Хочацца звярнуць вашу ўвагу на тое, што прадстаўнікі гэтых прафесій першапачаткова займаліся саматужнай працай, г. зн. рабілі вырабы ўручную, з дапамогай простых прылад. Набыць гэтыя прафесіі можна ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Першы журналіст. Знаёмімся з наступнай групай прафесій, якія звязаны з будаўніцтвам і апрацоўкай драўніны.
Майстар па вырабу бочак і дзежак.
Зробіць з бярозы, з сасны як належыць
Лыжкі, талеркі, цэбар ці скрыню –
Для гаспадарчага ўжытку начынне.
Гладка, надзейна, з дамовай , па спросу
Ўсё вырабляе: і вёдры, і посуд.
Ён не гультай і, канешне, не лодар,
А працавіты і вопытны бондар. [2, с. 68]
Другі журналіст.
Творча і не шкадуючы сілы
Ды на любы людскі густ
З грубай і сучкаватай драўніны
Гладкі з-пад рук яго выйдзе брус.
Ён апрацуе сякерай, рубанкам
Дрэва любое практычна маланкай!
Хату драўляную нам ўзвядзе,
Баньку ды з хлеўчыкам– не падвядзе!
З дрэвам , мы помнім, руплівы змагар
Таленавіты, надзейны цясляр. [3, с. 443]
Першы журналіст.
Спецыяліст у галіне будаўніцтва.
Па чарцяжы пад яго кіраўніцтвам
Множыцца ў свеце архітэктура.
(Творчую мае спадар той натуру!)
Як апантаны, без перапынку
Ён праектуе процьму будынкаў.
З цэглы , камення ці велічных пліт
Усё спраектуе слаўны дойлід. [3, с.142]
Набыць гэтыя прафесіі можна ў Гродзенскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі і Гродзенскім дзяржаўным палітэхнічным каледжы.
Першы журналіст.
А гэтыя прафесіі звязаны са словам: мастацкім, друкаваным.
З усіх куточкаў светуМожна выпісаць газету.
Калі возьмешся чытаць,
Лепш у руках яе трымаць.
Каб абрадавала вас,
Трапіўшы ў патрэбны час,
Нехта зранку ўстае,
Карэспандэнцыю бярэ
І практычна на світанні
У скрыню кідае выданні.
Доўга так яму ісці,
Дамоў трэ процьму абысці.
Несумненна, цяжка ноша
У асілка-лістаношы. [3, с. 241]
Другі журналіст.
На паліцах безліч кніг.
Вам падкажа ён у міг,
Што прыдбаць, каб пачытаць
Ці дзіця панавучаць.
І сур’ёзныя выданні
Прапануе па жаданні.
Мудрых думак уладар,
Знаўца класікі – кнігар. [3, с. 220]
Атрымаць дадзеныя прафесіі можна ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання і Гродзенскім дзяржаўным гандлёвым каледжы.
Другі журналіст. Прапануем знаёмства з прафесіяй, якая патрабуе адказнасці, уважлівасці, цярплівасці, сумленнасці,. Яе можна набыць у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Ніколі ён не абміне,
Калі дзе штосьці забаліць.
Людзей увагай ахіне,
Іх болі будзе ён гаіць.
І востры мае слых і зрок
( пачуе нават усё праз шэпт).
І, не прыспешваючы рух,
Ён выпіша рэцэпт.
Дакладны ў справе, як аптэкар
Лячыць усіх стане добры лекар! [2, с. 212]
Другі журналіст. Мы спадзяёмся, што, дзякуючы нашаму праекту, вы не толькі пазнаёміліся з асаблівасцямі прафесій, а яшчэ пачулі самабытныя беларускія словы і будзеце карыстацца імі ў паўсядзённым жыцці. Дзякуй за ўвагу!
Такім чынам, прафарыентацыйная работа на ўроках беларускай мовы і ў пазакласнай дзейнасці дазваляе фарміраваць у навучэнцаў прафесійную самасвядомасць і дапамагае ім у самавызначэнні. А правільна зроблены выбар — гэта пачатак шляху да поспеху, да самарэалізацыі ў будучыні.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Беларуская мова. Беларуская літаратура. V- ІХ класы / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінск: НІА: «Аверсэв», 2017. – 116 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – Мінск : «Парадокс». 2002. – 414 с.
- Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы: дапам. для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошына. – Мінск : «Аверсэв», 2013. – 478 с.