Канявега В.І. АСАБЛІВАСЦІ РАБОТЫ НАД БАЙКАЙ У ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

УДК 373.0

УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Янкі Купалы”, г.Гродна
Навуковы кіраўнік – З. М. Тамашэвіч, дацэнт, кандыдат філалагічных навук кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Я. Купалы

Літаратурнае чытанне з’яўляецца наебходнай  часткай маўленчай дзейнасці вучняў, выконвае найважнейшую камунікатыўную функцыю, служыць дзейнасным сродкам сацыялізацыі, выхавання і развіцця асобы. Методыка работы над літаратурнымі творамі на ўроках чытання з’яўляецца адной з найбольш важных задач навучання малодшых школьнікаў, якія ўваходзяць у вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах. Зыходзячы з псіхалагічных асаблівасцяў развіцця дзяцей дадзенага ўзросту, можна сказаць, што імі лепш успрымаюцца творы, якія нясуць у сябе яркі і эмацыйны літаратурны або паэтычны вобраз. Акрамя таго, школьнікі псіхалагічна больш настроены ўспрымаць вершаваныя творы, паколькі знешняя будова, рыфма і агульны рытм верша спрыяе стварэнню гарманічнага стылю тэксту і паляпшае яго ўспрыманне, што павышае цікавасць вучняў да вывучэння дадзенага літаратурна-паэтычнага твора.

У пачатковых класах на ўроках літаратурнага чытання вывучаюцца мастацкія творы розных жанроў: апавяданні, вершы, байкі, прыказкі, загадкі. Асаблівае месца займаюць байкі, таму што яны з’яўляюцца цікавымі і займальнымі для вучняў пачатковых класаў. Байка – кароткае, павучальнае, вершаванае апавяданне ў алегарычнай (іншасказальнай) форме. Байка вучыць дзяцей разважаць, абагульняць, назіраць.

Сама байка, як аналізаваны на ўроку твор, нясе на сабе значную сэнсавую нагрузку, а таксама мае вялікае маральнае значэнне, што дазваляе ў пачатковых класах фарміраваць у дзяцей пэўныя этычныя погляды і, акрамя таго, спрыяе развіццю ў школьнікаў вобразнага мыслення, звязанага з раскрыццём метафар байкі.

Вучні любяць байкі за прастату зместу і матацкіх вобразаў, за выразнасць  апісання, за багатую і яркую народную мову. Яна заключае ў сабе вялікія магчымасці для маральнага выхавання вучняў. Сюжэт байкі ўключае адзін эпізод,  адну сцэнку з жыцця, на прыкладзе якой аўтар вучыць мудрасці, проста і даступна расказвае пра розныя недахопы людзей. Персанажы самі характарызуюць сябе ўчынкамі, паводзінамі, манерай гаварыць [1, с. 174].

У методыцы вывучэння байкі ёсць свае асаблівасці. У час падрыхтоўкі да ўспрымання байкі неабходна падвесці дзяцей да разумення характараў дзеючых асоб, але не трэба расказваць ім змест байкі. Разгляд малюнкаў жывёл і птушак, гутарка пра іх з улікам жыццёвага вопыту вучняў паспрыяе лепшаму разуменню ідэйнага зместу і вобразаў байкі. Галоўнай асаблівасцю вывучэння байкі з’яўляецца высвятленне маралі байкі. Разбіраючы змест байкі, вучні могуць успрымаць пераноснае значэнне схаванага сэнсу байкі, бачыць і праводзіць пэўныя сувязі сярод герояў твора і, галоўнае, вучацца пераносіць літаратурныя характары ў рэальнае жыццё ці наадварот, чым развіваюць свае пачатковыя паняцці аб маралі і іншых якасцях людзей. Такім чынам, байка, пры выкарыстанні яе на ўроках чытання, мае вялікае выхаваўчае значэнне як узор пераносу вобразаў і характараў з жыцця.

Методыка работы над байкай абапіраецца на яе спецыфіку, як віду эпічнага жанру, г.зн. на галоўныя прыкметы, такія як: наяўнасць маралі і алегорыі (іншасказальнасць). У байцы часцей за ўсё для выражэння якой-небудзь жыццёвай сітуацыі выкарыстоўваюцца ў выглядзе дзеючых асоб жывёлы (алегорыя), прычым існуюць пэўныя традыцыі для надзялення герояў асобнымі рысамі характару [1, с. 174].

Праца над байкай у другім і трэцім класе сваім цэнтральным пытаннем ставіць раскрыццё маралі і алегорый. Традыцыйна праца над тэкстам байкі праходзіць у наступным парадку: разбор яе канкрэтнага зместу, пасля пачынаецца раскрыццё іншасказальна сэнсу і, у заключэнні, разглядаецца мараль, прыведзеная ў байцы.

Методыка вывучэння баек можа мець наступны план:

  1. Уступная гутарка.

Знаёмства з байкапісцам, знаёмства са звычкамі жывёл, якія з’яўляюцца героямі байкі.

  1. Слоўнікавая работа.

Настаўнік тлумачыць незразумелыя словы, якія могуць сустрэцца вучням пад час чытання. Пры тлумачэнні незразумелых слоў, для лепшага разумення сэнсу гэтых слоў, настаўнік можа выкарыстоўваць дадатковыя наглядныя матэрыялы.

3.Чытанне байкі настаўнікам.

Першы раз выразна чытае байку настаўнік, дапамагаючы вучням ярка ўявіць дзеючых асоб, зразумець іх паводзіны, адчуць настрой.

  1. Кароткая гутарка пасля чытання.

Такая гутарка паказвае, як вучні ўспрынялі твор.

  1. Чытанне байкі вучнямі самастойна.

Пад час самастойнага чытання можна прапанаваць вучням падкрэсліваць тыя словы, якія для іх могуць быць не зразумелыя. Пасля самастойнага чытання настаўнік павінен растлумачыць незразумелые словы. Такая работа паспрыяе лепшаму ўспрыманню твора, папоўніць слоўнік вучняў.

  1. Аналіз байкі па пытаннях.

У час гэтай працы высвятляецца ідэйная накіраванасць байкі.

  1. Раскрыццё алегорыі байкі.

Высвятляецца, каго асуджае аўтар у байцы, якія недахопы высмейваюцца.

  1. Сувязь зместу байкі з жыццём.

Пасля высвятлення маралі байкі вельмі важна суаднесці ўчынкі дзеючых асоб з рэальным жіццём. Зрабіць выснову, ці трэба здзяйсняць такія ўчынкі ў жыцці.

  1. Падрыхтоўка да выразнага чытання.

10.Творчыя работы.

Адным з відаў творчай работы над байкай можа быть інсцэніроўка. Яна паспрыяе лепшаму разуменню маралі байкі [1, с. 175].

У 4 класе вывучаецца байка К.Крапівы «Дзіця, Вожык і Змяя” [2]. Ход чытання і аналіз байкі можа быць такі:

  1. Падрыхтоўка да чытання. 1. Расказ настаўніка пра К. К. Крапіву. 2. Гутарка пра жывёл – дзеючых асоб байкі (выкарыстоўваюцца малюнкі вожыка і змяі).
  2. Першае ўспрыманне байкі вучнямі (чытанне настаўнікам). Гутарка эмацыянальна-ацэначнага плана: За што Дзіця раззлавалася на Вожыка? Чаму Дзяўчынка, як падрасце, падзякуе Вожыку?

III. Чытанне байкі вучнямі і аналіз яе зместу. Удакладненне структуры і кампазіцыі байкі (чытанне, складанне плана, гутарка па змесце): Які момант можна лічыць пачаткам апісання выпадку? Чаму Дзіця прыняла Змяю за цацу? Як вяла сябе Змяя пры сустрачы з Дзяўчынкай?

  1. Раскрыццё алегорыі: У якіх радках раскрываецца няўдзячнасць Дзяўчынкі? За што Вожык расправіўся са Змяёй? Што асуджаецца ў байцы? Які вывад робіць аўтар?
  2. Падрыхтоўка да выразнага чытання. Выразнае чытанне вучняў.

Поспех працы над байкаю вызначаецца шэрагам умоў. Важна ў працэсе аналізу байкі дапамагчы вучню жыва ўявіць развіццё дзеяння, ярка ўспрыняць вобразы. Таму мэтазгодна праводзіць з вучнямі слоўнае маляванне, а на заключным этапе працы — чытанне ў асобах. Неабходна развіваць у вучняў увагу да кожнай дэталі абстаноўкі, у якой дзейнічаюць героі, да кожнага штрыху іх аблічча [1, с. 176].

Таксама вельмі эфектыўна можна выкарыстоўваць такі дзейсны метадычны прыём, як драматызацыі байкі. Гэта дазваляе актывізаваць увагу дзяцей і павысіць цікавасць да твора. Сама па сабе драматызацыя — гэта дзейнасць, у працэсе якой прачытанае прайграваецца ў асобах, з дапамогай асобных сродкаў выразнасці: мімікі, жэсту, інтанацыі. Этапамі драматызацыі з’яўляецца паўнавартасны мастацкі аналіз тэксту, ўжывання ў ролю (вобраз), вынік дадзенай працы прадастаўляецца ў асобах, што, безумоўна дае больш поўнае мастацкае асваенне твора [3].

Вельмі шмат для разумення ідэі байкі дае высвятленне адносін дзяцей да герояў байкі. Ужо пасля першага чытання баек можна паставіць на прыклад пытанне «Каму з дзеючых асоб вы спачуваеце і чаму?» Адказ на такое пытанне адразу ставіць навучэнцаў перад неабходнасцю паглыбіцца ў матывы паводзін дзеючых асоб, г. зн. прыступіць да аналізу. Супастаўленне канкрэтных вобразаў байкі без страты аўтарскай своеасаблівасці (вучні пастаянна працуюць з тэкстам) падводзіць да раскрыцця алегорыі байкі.

Байка адрозніваецца ад іншых твораў эпічнага жанру сваімі традыцыйнымі і толькі ёй уласцівымі асаблівасцямі, такімі, як наяўнасць маралі (як сродак абагульненага выказвання галоўнай ідэі), абавязковай прысутнасці схаванага сэнсу ў канкрэтным змесце і выкарыстанне алегорый, як шлях да дэманстрацыі відавочных людскіх заганаў праз знешнія вобразы незвязаных з людзьмі звяроў. Байка як выгляд эпічнай паэзіі найбольш шырока распаўсюджаны ў літаратуры. Валодаючы добрымі якасцямі паэзіі (эмацыйнасць, пэўны рытм, яркія моўныя сродкі, выразнасць выкладу), байка злучае іх у сабе з характэрнай сваей прыкметай — наяўнасцю павучальных ідэй, выяўленнае іншасказальна.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах: вучэб. дапаможнік для фак. педагогікі і методыкі пачатковага навучання пед. ін-таў / Я. М. Івашуціч, М. П. Лукашук, Б. В. Пятровіч, А. П. Шанько; Пад рэд. А. П. Шанько – Мінск : Выш.шк., 1986. – 408 c.
  2. Учебные программы для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения. – Минск, 2012. – 240 с.
  3. Кубасова, О.В. Русский язык в начальных классах: Методика обучения школьников чтению детской литературы. — М., 1995.

Запись опубликована в рубрике Воспитательный потенциал образовательного процесса. Добавьте в закладки постоянную ссылку.