Савікава Г.Ю. ЗМЕСТ ПАЗАКЛАСНАЙ ПРАЦЫ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

УДК 373.2.016:811.161.3

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік – М. Р. Гарбачык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ імя А. С. Пушкіна

Адным з галоўных пытанняў арганізацыі пазакласнай працы па беларускай мове з’яўляецца вызначэнне яе зместу. У адпаведнасці з прынцыпам сувязі пазакласнай працы з урокамі беларускай мовы ён суадносіцца са зместам моўнага і маўленчага матэрыялу, які вывучаецца па праграме. Разам з гэтым на пазакласных занятках можна разглядаць і такія пытанні, якія непасрэдна не звязаны з праграмай па беларускай мове, але якія цікавяць вучняў і спрыяюць паўшырэнню іх лингвистычнага кругагляду.

Такім чынам, змест пазакласнай работы па беларускай мове складаюць два колы пытанняў:

  • пытанні, звязаныя з праграмным матэрыялам, якія накіраваны на паглыбленне ведаў школьнікаў па беларускай мове, што спрыяюць прывіццю практычных навыкаў вучням па беларускай мове;
  • пытанні, не звязаныя з вучэбным матэрыялам, не прадугледжаныя праграмай, якія ўяўляюць дадатковы матэрыял па розных раздзелах беларускай мовы і спрыяюць пашырэнню агульнага кругагляду вучняў.

Першае кола пытанняў дастаткова шырокае. Яно ахоплівае ўсе раздзелы школьнага курса беларускай мовы. Тэматыка іх, у асноўным, адпавядае тэмам, якія вывучаюцца на ўроках, але з мэтай абуджэння ў вучняў цікавасці да іх фармулююцца пытанні некалькі інакш, напрыклад: «Колькі слоў у беларускай мове?» (гутарка аб слоўнікавым багацці беларускай мовы, якую можна праводзіць у III або ў IV класе), «У свеце слоў», «У музеі слоў» (гутаркі аб паходжанні слоў), «Як нараджаюцца новыя словы?», «Скарб слоў» (гутаркі аб слоўніках). «Як мы вымаўляем гукі?» (гутарка аб артыкуляцыі гукаў у беларускай мове), «Гукавыя законы» (гутарка пра арфаэпічныя нормы беларускай мовы), «Пульс слова» (гутарка пра слоўны націск). «Маўклівыя літары» (гутарка аб функцыях літар), «Ці можна засвоіць правапіс усіх слоў?» (гутарка пра арфаграфічны слоўнік), «Як узнікаюць словы?» (гутарка аб спосабах словаўтварэння ў беларускай мове), «Хто ці што?» (гутарка аб адушаўлёных і неадушаўлёных назоўніках), «Усё расце з кораня» (гутарка пра аднакаранёвыя, або роднасныя, словы) і інш. Гутаркі на пералічаныя і падобныя тэмы суправаджаюцца выкананнем практыкаванняў і заданняў, якія садзейнічаюць практычнаму авалоданню беларускай мовы.

Другое кола пытанняў адрозніваецца ад першага сваёй навізной і інфарматыўнасцю. Сюды ўваходзяць такія звесткі, з якімі школьнікі на ўроках не сустракаюцца. Вучні малодшых класаў з цікавасцю знаёмяцца з тэмамі: «Як людзі навучыліся гаварыць?», «Чаму людзі гавораць на розных мовах?», «Беларуская мова на зямным шары», «Як людзі навучыліся пісаць?», «Мова і народы», «Ці гавораць жывёлы?» і інш.

Настаўніку важна памятаць, што ў выбары і падачы гэтага разнастайнага матэрыялу павінна быць пачуццё меры, якое дыктуецца ўзроставымі асаблівасцямі вучняў. Звесткі па некаторых тэмах могуць быць пададзены ў некалькі прыёмаў, у розных класах. У такім выпадку кожная наступная інфармацыя будзе крокам наперад у раскрыцці зместу разгледжанага пытання. Напрыклад, гутаркі з цыклаў «У свеце слоў», «У музеі слоў», «Чаму мы так гаворым?», «Ці правільна мы гаворым?» могуць праводзіцца ва ўсіх класах і не адзін раз у кожным класе, але змест гэтых заняткаў кожны раз павінен быць новым.

Змест пазакласнай працы не з’яўляецца чымсьці першапачаткова дадзеным і нязменным. Адбіраючы матэрыял для заняткаў у пазаўрочны час, настаўнік зыходзіць з агульных мэтаў і задач навучання беларускай мове, названых у вучэбнай праграме, з мэтаў і задач пазакласнай працы, прымае пад увагу спецыфіку беларускай мовы як вучэбнага прадмета, стаўленне да яго школьнікаў, іх запыты, а таксама накіраванасць лінгвістычных інтарэсаў, улічвае канкрэтныя ўмовы працы школы і асаблівасці класа. Вось чаму для пазакласнай работы па беларускай мове не можа быць нейкай універсальнай праграмы, якая прапануе пэўны змест і якая рэгламентуе працу па ўзроставых групах школьнікаў.

Паколькі пры вызначэнні зместу пазакласных заняткаў настаўніку неабходна прымаць пад увагу два планы – асабісты, вучня (улік і задавальненне запытаў), і абавязковы – змест вучэбнай праграмы па беларускай мове, неабходна разгледзець пытанні лінгвістычных зацікаўленняў вучняў і сувязі класных і пазакласных заняткаў.

Вывучэнне лінгвістычных інтарэсаў малодшых школьнікаў паказвае, што дзяцей прыцягваюць як праграмныя, так і непраграмныя раздзелы. Інтарэсы, звязаныя з праграмным матэрыялам, як правіла, аказваюцца прывязанымі да таго класа, дзе вывучаецца тая ці іншая тэма, якая зацікавіла школьнікаў. Інтарэсы да непраграмных тэмаў, наадварот, аказваюцца скразнымі, праходзяць праз усе класы, прычым інтэнсіўнасць іх з года ў год ўзрастае; ад класа да класа расце і колькасць вучняў, якія задаюць пытанні, якія выходзяць за межы праграмы. Нягледзячы на іх разнастайнасць, усе яны, у асноўным, сканцэнтраваны вакол наступных тэмаў:

– паходжанне мовы як сродку зносін; узнікненне беларускай мовы і моў свету;

– фарміраванне і развіццё беларускай мовы;

– беларуская мова на сучасным этапе;

– слоўнікавае багацце сучаснай беларускай мовы; утварэнне слоў і іх этымалогія; уласныя назвы;

– гісторыя пісьменства, кнігадрукаванне;

– нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы;

– падручнікі беларускай мовы; практычнае авалоданне беларускай мовай.

Такім чынам, вывучэнне запытаў школьнікаў дазваляе вызначыць асноўныя напрамкі пазакласнай працы па беларускай мове.

Змест пазакласнай працы павінен быць суаднесены і з абавязковай вучэбнай праграмай. Калі раней пры вызначэнні зместу пазакласнай працы выказваліся розныя пункты гледжання адносна яе сувязі з вучэбным матэрыялам, які вывучаецца на ўроках, то ў цяперашні час асновай пазаўрочных заняткаў па беларускай мове можна лічыць дзеючую праграму, якая ўключае асноўныя аспекты навукі аб беларускай мове. Праграма вылучае два ўзаемазвязаныя напрамкі ў навучанні беларускай мове: азнаямленне школьнікаў з асновамі моўнай тэорыі і на яе аснове і ў цеснай сувязі з ёю выпрацоўку ў школьнікаў навыкаў валодання мовай (вуснай і пісьмовай). Хоць выбар таго ці іншага напрамка для пазакласных заняткаў дыктуецца асаблівасцямі дадзенага класа, умовамі работы канкрэтнай школы, варта звярнуць увагу перш за ўсё на тыя раздзелы, якія важны для кожнага вучня, для любога класа. Тэарэтычны напрамак патрабуе ўключэння ў першую чаргу раздзелаў, якія маюць вялікае адукацыйна-выхаваўчае значэнне. Такім у праграме з’яўляецца, напрыклад, раздзел «Агульныя звесткі пра мову».

Нельга, аднак, зыходзіць пры выбары тэмы толькі з асаблівасцяў лінгвістычных інтарэсаў школьнікаў. Задача навучання беларускай мове патрабуе ўвагі на пазакласных занятках і да пытанняў правапісу, фанетыкі, граматыкі, г. зн. да тых раздзелаў, якія выклікаюць у школьнікаў значна меншую цікавасць. Гэтыя раздзелы таксама валодаюць немалымі магчымасцямі для паказу і багацця мовы, і асаблівасцяў яе як з’явы зменлівай, якая ўвесь час развіваецца.

Аб’ём вынесенага на пазакласныя заняткі праграмнага матэрыялу вызначаецца самім настаўнікам незалежна ад абранага матэрыялу – тэарэтычнага або практычнага.

Неабходнасць сумяшчэння ў пазакласнай рабоце цікавых, з пункту гледжання вучня, тэм і такіх раздзелаў, якія далёкія ад яго лінгвістычных інтарэсаў, прадугледжвае розныя падыходы да спалучэння прывабных і непрывабных элементаў у абраным кірунку. Па-першае, апорай у пазакласных занятках можа быць цікавая для дзяцей тэма, у якую ўключаюцца тыя ці іншыя праграмныя пытанні, напрыклад: «Гісторыя пісьменства і беларуская арфаграфія», «Утварэнне слоў і іх этымалогія» і інш. Па-другое, некаторыя тэмы, якія асабліва цікавяць вучняў (напрыклад, паходжанне слоў), могуць быць прадстаўлены ў любой абранай тэме, выступаючы абавязковым кампанентам заняткаў, з’яўляючыся адным з тых фактараў, якія выклікаюць цікавасць да пазакласнай працы ў цэлым. Па-трэцяе, абраная тэма можа быць адным з аспектаў таго ці іншага праграмнага раздзела, г.зн. разглядацца больш вузка, але раскрывацца значна глыбей, ахопліваючы розныя бакі моўнай з’явы. Напрыклад, у тэме «Словаўтварэнне» можа быць ўзята для паглыбленага вывучэння толькі адна марфема, напрыклад, суфікс. Прывабнасць праграмнай тэмы дасягаецца і рацыянальным адборам і выкарыстаннем дыдактычных сродкаў, але гэта адносіцца ўжо да формаў працы.

Запись опубликована в рубрике Воспитательный потенциал образовательного процесса. Добавьте в закладки постоянную ссылку.