Гарагляд Наталля Мікалаеўна, Методыка вывучэння казак на ўроках літаратурнага чытання

УДК 372.8

Гарагляд Наталля Мікалаеўна,

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта завочнай формы навучання

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – Г. У. Крофта, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы

Методыка вывучэння казак на ўроках літаратурнага чытання

 

Аднымі з першых літаратурных твораў, з якімі знаёміцца малодшы школьнік, з’яўляюцца казкі, свет якіх цікавы і цудоўны. Яны добра ўспрымаюцца дзецьмі, якіх прыцягвае займальны сюжэт, яркасць вобразаў, выразнасць характараў персанажаў. Слухаючы казкі, вучні становяцца ўдзельнікамі падзей, якія адбываюцца ў іх. В. А. Сухамлінскі лічыў, што «казка развівае ўнутраныя сілы дзіцяці, дзякуючы якім чалавек не можа не рабіць дабра, гэта значыць вучыць суперажываць» [2, с. 43]

Задачамі навучання беларускай мове ў школе з’яўляюцца:выхаванне ў вучняў павагі да беларускага народа як носьбіта беларускай мовы, адчування сябе яго часткай; фарміраванне ў вучняў элементарных уменняў зносін па-беларуску; выпрацоўка навыкаў карыстання вусным і пісьмовым маўленнем у розных сферах жыцця і сітуацыях зносін.

У навучальным працэсе вельмі важна, каб малодшыя школьнікі ўспрынялі і перанялі гэты духоўны вопыт народа. Каб вырашыць гэтую задачу, трэба знайсці тыя прыёмы, якія дапамогуць школьніку асэнсаваць казку і зразумець тыя ўрокі мінулых пакаленняў, якія яна захоўвае.

Метады і прыёмы вывучэння народных казак залежаць ад яе тыпу. У пачатковай школе на ўроках літаратурнага чытання вывучаюцца ўсе тыпы казак: чарадзейныя, казкі пры жывёл, сацыяльна-бытавыя казкі.

Можна вылучыць наступныя віды працы з казкай:

  • гутарка для праверкі першаснага ўспрымання;
  • чытанне казкі вучнямі па частках і аналіз кожнай з іх;
  • чытанне казкі «сам сабе» з заданнем;
  • абагульняючая гутарка;
  • чытанне казкі па ролях;
  • складанне плана з дапамогай настаўніка, падрыхтоўка да расказвання казкі;
  • расказванне казкі.

Прыёмаў працы з казкай вельмі шмат. Усе яны накіраваны на станоўчы ўплыў мастацкага тэксту на фарміраванне асобы дзіцяці. Каб навучыцьмалодшых школьнікаў працаваць з казкай, трэба арганізаваць чытанне так, што дзеці ўвесь час будуць знаходзіцца ў стане пошукавай сітуацыі: чытаць тэкст казкі па абзацах, разбіраць яго, вылучаць падзеі і паводзіны герояў у той ці іншай сітуацыі [3].

Важна яшчэ да чытання казкі зацікавіць дзяцей, каб яны ўважліва слухалі і ўспрымалі твор. Пры першасным ўспрыманні вельмі многае залежыць ад самога настаўніка. Ён павінен правільна змяняць інтанацыю голасу і вытрымліваць паўзу, калі гэта неабходна, выкарыстоўваць міміку і жэсты.

Пасля чытання казкі можна папрасіць дзяцей намаляваць эпізод з казкі, які ім больш за ўсё запомніўся. Гэта заданне пакажа, што для дзяцей аказалася найбольш цікавым у казцы, прыцягнула іх увагу.

Каштоўнасць прымянення казак у навучальнай дзейнасцi ў тым, што яны знаёмяць вучняў з прыгажосцю мовы, накіроўваюць ўвагу на герояў, прадметы, з’явы, павышаюць здольнасць і пэўнасць мыслення і ўяўлення, дапамагаюць актывізiраваць увагу, уменне разумець і адчуваць мастацкі вобраз, развіваюць маўленчую дзейнасць, дапытлівасць, трэніруюць памяць [4].

У школьнай методыцы на ўроках літаратурнага чытання пры вывучэнніказак праводзяцца наступныя відыработы:

  • уступная гутарка або слова настаўніка;
  • тлумачэнне незразумелых слоў;
  • чытанне казкі настаўнікам (або падрыхтаваным вучнем);
  • гутарка з мэтай праверкі першаснага ўспрымання зместу казкі;
  • чытанне казкі дзецьмі (самастойнае чытанне, чытанне-гудзенне, чытанне птушыным базарам і інш.);
  • аналіз тэксту па пытаннях;
  • складанне плана казкі;
  • розныя віды пераказу (па плану ці без яго);
  • творчая праца па казцы;
  • падрыхтоўка да выразнага чытання і само выразнае чытанне якога-небудзь урыўка з казкі;
  • заключная гутарка.

Уступная гутарка мае вялікае значэнне ў рабоце над казкай у пачатковай школе. Яна праводзіцца з мэтай падрыхтаваць вучняў да правільнага ўспрымання зместу мастацкага твора, выклікаць цікавасць, мабілізаваць увагу дзяцей. Змест яе залежыць ад зместу вывучаемага твора і задач, якія паставіў настаўнік перад урокам.

Для малодшых школьнікаў у пачатку працы над казкай вельмі важна правесці тлумачэнне новых і незразумелых слоў, таму што вучні пачатковых класаў яшчэ не маюць багатага слоўнікавага запасу, не ведаюць многіх слоў.

Непасрэднае чытанне казкі ці іншага мастацкага твоа бывае ў двух відах – чытанне ўголас і чытанне моўчкі.Асаблівасцю чытання ўголас з’яўляюцца тое, што чытач мае магчымасць данесці да сваіх слухачоў багацце зместу і своеасаблівасць формы чытаемага твора.

Можна вылучыць наступныя формы чытання казкі на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковай школе:

  • чытанне, каб чулі ўсе або птушыным базарам;
  • чытанне, каб чуў толькі сусед;
  • чытанне для сябе – толькі вуснамі, без голасу;
  • чытанне, «прыкусіўшы язык»;
  • чытанне ланцужком;
  • чытанне парамі;
  • індывідуальнае чытанне.

Для разумення тых урокаў, якія закладзены ў казках, можна выкарыстоўваць наступныя заданні:

  • растлумачыць, чаму адбылася тая ці іншая падзея,
  • паказаць, з чаго смяецца ці што асуджае народ,
  • паказаць адрозненне паміж словамі і ўчынкамі персанажаў;
  • даць маральную ацэнку гэтым разыходжанням,
  • растлумачыць, чаму ў казцы ўзнікаюць гаваркія імёны;
  • ахарактарызаваць танальнасць маўлення таго ці іншага персанажа, адпаведнасць яго інтанацыі яго думкам і ўчынкам;
  • чаму можна навучыцца на прыкладзе казкі;
  • расказаць, як і чаму змяніўся характар героя.

Такая методыка па вывучэнні казак дапаможа вучням малодшых класаў зразумець жанравыя асаблівасці сацыяльна-бытавых казак, выявіць маральныя ўрокі, занатаваныя ў іх.

Галоўнай задачай настаўніка на ўроках літаратурнага чытання з’яўляецца дапамога дзецям засвоіць прапанаваны  матэрыял. Для вучняў пачатковых класаў рабiць гэта трэба цiкава, праз творчыя заданні і займальныя тэксты, каб iнфармацыя лепш запамiналася. У гэтым настаўніку дапамагае жанр казкі. Менавiта iх прымяненне на ўроках лiтаратурнага чытання спрыяе развiццю ўважлівасцi, назіральнасці, памяці, мыслення, самастойнасці.

 

Бібліяграфічны спіс

  1. Фядосік, А. С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка / А. С. Фядосік. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 160 с.
  2. Сухомлинский, В. А. Сердце отдаю детям / В. А. Сухомлинский. – М. : Концептуал, 2016. – 320 с.
  3. Лазарук, М. А. Вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школе: кніга для настаўніка / М. А. Лазарук. – Мінск : Народная асвета, 1988. – 228 с.
  4. Паўлоўская, В. І. Мова : цікава і займальна / В. І. Паўлоўская. – Мінск : Народная асвета, 1989. – 289 с.
Запись опубликована в рубрике Менеджмент в образовании. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *