Гарошка Д.А. ВЫВУЧЭННЕ ТЭКСТУ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРНАГА ЧЫТАННЯ

УДК 373.2.016:821.161.3

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік – М. Р. Гарбачык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ імя А. С. Пушкіна

Тэкст як лінгвістычная з’ява разглядаецца параўнальна нядаўна – з сярэдзіны ХХ стагоддзя, у методыцы гэта паняцце пачалі вывучаць толькі ў 80-90 гады ХХ ст. У цяперашні час многія тэкставыя паняцці выклікаюць дыскусіі ў асяроддзі вучоных і інтэрпрэтуюцца па-рознаму. Абумоўлена гэта тым, што тэкст, як з’ява складаная, шматаспектная, з’яўляецца адначасова аб’ектам вывучэння розных навук: рыторыкі, лінгвістыкі, псіхалогіі, сацыялогіі, псіхалінгвістыкі, а таксама методыкі выкладання беларускай мовы, літаратурнага чытання, пры гэтым кожная навука разглядае і актуалізуе розныя аспекты тэксту.

Рыторыка, якая з’яўляецца адной з найбольш старажытных навук, уяўляе сабой вучэнне аб стварэнні самых розных відаў тэксту з мэтай неабходнага ўздзеяння на аўдыторыю.

Літаратуразнаўства як навука займаецца даследаваннем жанраў і відаў літаратуры, праяўляе цікавасць да тыпалогіі тэкстаў як у плане формы, так і ў плане зместу. Акрамя таго, літаратуразнаўства вывучае прагматычны аспект, залежнасць сэнсавай і структурна-кампазіцыйнай структуры тэксту ад светапогляду аўтара.

Псіхалогія разглядае тэкст з пункту гледжання вывучэння механізмаў успрымання і разумення.

У рамках сацыялогіі тэкст выкарыстоўваецца як аснова для фарміравання розных грамадскіх меркаванняў, пры гэтым выкарыстоўваецца метад кантэнт-аналізу, заснаваны на адборы і сістэматызацыі вялікай колькасці тэкстаў, якія разглядаюцца даследчыкамі як адзінае цэлае, што спрыяе выяўленню сацыяльных тэндэнцый.

Лінгвістыка вызначае тэкст як унікальную лінгвістычную (сінтаксічную) адзінку, якая адносіцца адначасова да моўных і маўленчых узроўняў асобы.

Псіхалінгвістыка вывучае тэкст як прадукт маўленчай дзейнасці. У рамках методыкі навучання беларускай мовы і літаратурнага чытання тэкст разглядае як сродак і вынік навучання. Вучоныя адзначаюць ўзаемасувязь гэтых дысцыплін, якія вывучаюць тэкст, існаванне розных пунктаў гледжання, якія вызначаюць сутнасць тэксту, што абумоўлівае мнагааспектнасць вывучэння тэксту. Так, напрыклад, у розных падручніках і дапаможніках для пачатковай школы прадстаўлены неадназначныя інтэрпрытацыі асноўных тэкставых панняцяў. Гэта прыводзіць да адсутнасці аднастайнасці ў вызначэннях тэкставых катэгорый: ва ўсталяванні межаў тэксту, у размежаванні такіх тэрмінаў, як апорныя/ключавыя словы, ланцуговая/паралельная і кантактная/дыстантная сувязі. У навуковай літаратуры назіраецца разнастайны падыход да вызначэння тэксту, часта пад ім разумеецца і слова, і фраза, і абзац, г.зн. усё, што напісана обо выказана ў вуснай ці пісьмовай форме. У лінгвістыцы пад тэкстам І.Н. Дымарская, А.І. Бабаян разумеюць мэтанакіраваны завершаны маўленчы твор, які складаецца з граматычных структур (сказаў), якія ўваходзяць у сістэмныя лінейныя адзінкі больш высокага ўзроўню (звышфразавае адзінства), звязаны з пэўнай сацыяльнай сферай прымянення і прызначэння, абумоўленага узусам таго ці іншага маўленчага жанра, і які валодае свядомай камунікатыўнай скіраванасцю. У методыцы выкладання мовы пад тэкстам, як правіла, лічаць некалькі сказаў, звязаных па сэнсе. У метадычнай літаратуры устракаем паняцці “тэкст” і “выказванне”, якія часта атаясамляюцца. Намі гэтыя паняцці размяжоўваюцца па відах маўленчай дзейнасці: вуснай і пісьмовай, што, на наш погляд, адпавядае даследаванням лінгвістыкі тэксту. Тэкст – гэта прадукт пісьмовага віду маўленчай дзейнасці, а выказванне – вуснага.

Як жа растлумачыць, што і прыказкі, і загадкі, і афарызмы, роўныя аднаму сказу, разам з буйнымі творамі называюцца аднолькава – тэкстам? Адказ на гэтае пытанне мы знаходзім ва ўзроўневай будове тэксту, які, з’яўляючыся універсальнай адзінкай мовы і маўлення, мае ўзроўневую будову, аналагічную мове. Гэтак жа, як і мова, тэкст налічвае ў сваёй структуры чатыры ўзроўні, ярусы. Паміж адзінкамі ярусаў таксама назіраюцца адносіны іерархічнай падпарадкаванасці, г.зн., адзінкі ніжняга яруса ўваходзяць у склад адзінак наступнага яруса і г.д. да вышэйшага ўзроўню. На кожным ярусе функцыянуюць свае адзінкі, якія выконваюць камунікатыўную функцыю: падпарадкоўваюцца камунікатыўным мэтам, задачам і адпавядаюць пэўнай маўленчай сітуацыі.

На першым, ніжэйшым, ярусе размяшчаюцца сказы. Далей на другім ярусе – складаныя сінтаксічныя цэлыя (ССЦ). ССЦ – гэта адзінка тэксту, якая складаецца з некалькіх сказаў, аб’яднаных адной мікратэмай. Часцей за ўсё ССЦ пачынаецца роўна з абзацам, так як кожную новую думку (мікратэму) мы пачынаем з чырвонага радка. На трэцім ярусе – адзінкі, якія характарызуюцца адноснай закончанасцю ў структурным і сэнсавым плане: гэта параграф, раздзел, глава, частка. Чацвёрты, вышэйшы ярус, складае тэкст, які характарызуецца функцыянальнай, сэнсавай і структурнай завершанасцю. Будовы тэксту прадстаўлена ў схеме 1.

Схема 1
БУДОВА ТЭКСТУ
1 ярус
сказ
2 ярус
ССЦ
3 ярус
параграф, раздзел, частка…
4 ярус
тэкст

Тэкст можа рэдуцыравацца да адзінак кожнага яруса ў залежнасці ад камунікатыўнай мэты, таму верхнія межы тэксту напрамую залежаць ад задумы аўтара. Аднак мы можам назваць тэкстам толькі той маўленчы твор, які завершаны і ў сэнсавым і ў структурным плане.

Такім чынам, калі ў кожным канкрэтным выпадку маўленчы адрэзак завершаны па сэнсе і па структуры, то перад намі тэкст. Адсюль вынікае, што прыказка з’яўляецца тэкстам, так як яна ўяўляе сабой маўленчы твор, які валодае сэнсавай і структурнай завершанасцю. Згодна са структурнымі асаблівасцямі дадзенага жанру прыказка выказвае мараль у адным сказе. Так тэкст рэдуцыруецца да адзінак ніжэйшага яруса.

На ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання пры выкананні практыкаванняў вучні працуюць з урыўкамі з дзіцячай мастацкай літаратуры, якія таксама пазначаюцца ў фармулёўцы заданняў тэкстамі. І гэта прыпадабненне часткі цэламу тлумачыцца рэдуцыраваннем адзінкі чацвёртага яруса – адзінак тэксту да другога яруса – ССЦ, якія ўнутры тэксту функцыянуюць як адзінкі, якія валодаюць мікратэмай, якая падпарадкавана агульнай тэме тэксту, а пры самастойным ужыванні разглядаюцца як тэксты з уласнай тэмай.

Такім чынам, завершанасць тэксту ў сэнсавым і структурным плане, а таксама члянімасць тэксту, магчымасць выдзялення ў тэксце моўных адзінак і іх самастойнага ўжывання ў залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі і мэты, з’яўляюцца асноўнымі, зыходнымі ўласцівасцямі тэксту. У сувязі са шматаспектным вывучэннем тэксту ўзнік шэраг тэрмінаў, якія на практыцы часта ўспрымаюцца як сінонімы. Гэта, напрыклад, тэкст і паведамленне, выказванне, а ў апошні час – дыскурс.

Адсутнасць адзіных падыходаў да вызначэння некаторых тэкставых паняццяў тлумачыцца шматпланавасцю вывучэння тэксту рознымі навукамі. Узроўневая будова тэксту і магчымасць адзінак тэксту рэдуцыравацца да адзінак ніжэйшага ярусу дазваляе зразумець, чаму тэкстам мы называем розныя па аб’ёме і змесце маўленчыя фрагменты. Крытэрыем вылучэння тэксту з шэрагу іншых аб’ектаў з’яўляецца завершанасць па сэнсе і структуры. Таму тэкстам мы называем і прымаўку, і афарызм, і параграф падручніка, і аб’ёмны твор, які ўключае кнігі, главы, часткі і г.д., што дазваляе лінгвістычна і метадычна пісьмова размяжоўваць тэрміны тэкст і выказванне як прадукты пісьмовай і вуснай формы маўленчай дзейнасці. Паведамленне як прыкмета маўленчых твораў выяўляецца і ў тэксце, і ў выказванні, а дыскурс – камунікатыўнае паняцце, якое ўключае ў сябе канкрэтны тэкст/канкрэтнае выказванне ў сукупнасці з экстралінгвістычнымі фактамі, якія забяспечваюць эфектыўнасць камунікацыі.

Такім чынам, тэкстам, на наш погляд, варта лічыць закончаны маўленчы твор, які складаецца, як правіла, з некалькіх паслядоўных і звязаных сказаў. Гэта вызначэнне, прымальна і для малодшага школьнага ўзросту, яно адлюстроўвае істотныя прыкметы тэксту – завершанасць, члянімасць, інфарматыўнасць, звязнасць і цэласнасць.

Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.