Панятоўская Л.Д. ФОРМЫ І МЕТАДЫ ПА ВЫХАВАННІ ДУХОЎНАЙ КУЛЬТУРЫ МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНІКАЎ У ПАЗАЎРОЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

УДК 373.2.016:17.02

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», г. Брэст
Навуковы кіраўнік – М. Р. Гарбачык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ імя А.С. Пушкіна

Выхаванне духоўнай культуры школьнікаў як адзін з прыярытэтных напрамкаў сучаснай адукацыйнай парадыгмы патрабуе ўліку наступных заканамернасцяў: гістарычнай свядомасці народа (мэтанакіраванае развіццё цікавасці дзяцей да гісторыі свайго роду, сям’і, горада, вёскі, Беларусі); эстэтычнага і этычнага асяроддзя адукацыі і выхавання; пераемнасці пакаленняў; цеснай узаемасувязі з сям’ёй (улік духоўнага ўкладу сям’і); прыярытэту айчыннай культуры; здабыцця веры (веры ў сябе, у дабро, лепшую будучыню, у людзей і інш.). У нашым разуменні асноватворнымі прынцыпамі праектавання зместу педагагічнага працэсу, накіраванага на выхаванне цэласнай асобы, з’яўляюцца прынцыпы гуманізму, духоўнасці, культурамэтазгоднасці, народнасці, свецкасці і полікультурнасці. Дапамагчы малодшаму школьніку пазнаць сябе, сфарміраваць каштоўнаснае стаўленне да сябе і іншых – адна з найважнейшых задач, якую вырашае педагог. I, натуральна, кожны настаўнік імкнецца выбраць цікавыя формы і метады выхаваўчай работы. Разгледзім метады, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе арганізацыі работы па выхаванні духоўнай культуры ў вучняў пачатковых класаў. Абапіраючыся на сінергетычны падыход, мы павінны разглядаць у адзіным кантэксце метады выхавання і адпаведныя ім метады самавыхавання.

Метады выхавання духоўнай культуры – гэта, перш за ўсё спосабы фарміравання ў малодшых школьнікаў гатоўнасці да разумення іншых людзей, гатоўнасці рабіць добрыя справы, умець ацэньваць як свае ўчынкі, так і іншых людзей з пункту гледжання нормаў маральнасці і этыкі. Пры ўздзеянні на інтэлектуальную сферу асобы выкарыстоўваюцца такія метады фарміравання свядомасці, як гутарка, апавяданне, тлумачэнне, дыспут, аналіз выхаваўчых сітуацый, прыклад, традыцыйна выкарыстоўваюцца як метады ўздзеяння на інтэлектуальную сферу асобы для фарміравання поглядаў, паняццяў, установак, меркаванняў, ацэнак. Тлумачэнне – гэта доказны выклад якога-небудзь матэрыялу, гістарычных падзей і дат, з’яў і г.д.

Дадзены метад настаўнік можа выкарыстоўваць як у чыстым выглядзе, так і ў якасці састаўной часткі гутаркі, апавядання. Апавяданне – невялікі па аб’ёме звязны выклад (у апавядальнай або апісальнай форме) падзей, якія змяшчаюць ілюстрацыю або аналіз тых ці іншых маральных паняццяў і ўчынкаў. Апавяданне абуджае станоўчыя пачуцці, вучыць суперажыванню, раскрывае змест той ці іншай нормы духоўнай культуры, раскрывае станоўчыя ці адмоўныя рысы асобы, якой-небудзь з’явы. Гутарка – гэта пытальна-адказны спосаб прыцягнення выхаванцаў да абмеркавання і аналізу ўчынкаў і вьпрацоўкі ўласных ацэнак. Гутарка павінна ўтрымліваць праблемныя пытанні, яна праводзіцца з мэтай фарміравання маральных паняццяў, меркаванняў і адзнак: аб абавязку, маралі, дабру і злу, патрыятызму, сумленнасці, справядлівасці і г.д.; такія гутаркі носяць назву этычных.

Этычная гутарка – метад паслядоўнага і сістэматычнага абмеркавання ведаў, які прадугледжвае ўдзел двух бакоў – выхавальніка і выхаванцаў. Прадметам этычных гутарак часцей за ўсё становяцца духоўна-маральныя, маральна-этычныя праблемы. Мэта дадзеных гутарак – паглыбленне, ўмацаванне маральных паняццяў, падагульненне і замацаванне ведаў, фарміраванне сістэмы маральных поглядаў і перакананняў. Этычная гутарка выступае не толькі як метад, але і як форма выхавання.

Дыспут – спрэчка, шлях мабілізацыі актыўнасці выхаванцаў для выпрацоўкі правільных меркаванняў і ўстановак; спосаб навучання ў барацьбе супраць памылковых уяўленняў і паняццяў, уменне весці палеміку, абараняць свае погляды, пераконваць у іх вучняў. Дыспуты трэба рыхтаваць загадзя: прапанаваць тэму, падрыхтаваць 1-2 вучняў, якія пачнуць дыскусію, выкажуць розныя пазіцыі на іх аргументацыю. Варта выконваць умовы правядзення дыспуту: тактоўнасць ўсіх выступаючых, забарона высвятленняў адносінаў паміж вучнямі, даверанасць абстаноўкі. Выхавальнік ўдзельцічае ў дыспуце як роўны, які, як і ўсе, выказвае свой пункт гледжання. Аналіз выхаваўчых сітуацый – спосаб паказу і аналізу шляхоў пераадолення маральных супярэчнасцяў, якія ўзнікаюць у тых ці іншых канфліктах, праблемных маральных сітуацыях. У кожнага вучня павінен назапашвацца вопыт сацыяльна карысных паводзін, вопыт жыцця ва ўмовах, якія фарміруюць элементы маральнай арыентацыі, духоўна-маральныя ўстаноўкі, якія ў далейшым не дазволяць яму весці сябе непрыстойна, памылкова.

Ва ўмовах школы, карысна фарміраваць у дзяцей здольнасці да меркаванняў на аснове прынцыпу справядлівасці,  метадам рашэння дылем (неабходнасці выбару паміж дзвюма магчымасцямі), прапанаваным Кольбергам [1, с. 232]. Метад прыкладу заключаецца ў тым, каб на канкрэтных пераканаўчых узорах праілюстраваць асабісты ідэал і прад’явіць узор гатовай праграмы паводзін і дзейнасці. Дадзены метад пабудаваны на схільнасці малодшых школьнікаў да пераймання. Важным метадам у працы па выхаванні духоўнай культуры з’яўляецца такі спецыфічны метад, як маральны выбар. Як правіла, настаўнік стварае на ўроках, пазакласных занятках сітуацыі, якія ставяць вучняў перад выбарам учынку («саступіць ці не саступіць сябру», «дапамагчы ці не дапамагчы» і г.д.). Дзеці не толькі выбіраюць учынак і аргументуюць яго перавагу. Яны падводзяцца да думкі, што самі нясуць адказнасць за свой выбар. Як бачым, для выхавання духоўнай культуры малодшых школьнікаў можа быць выкарыстана ўся палітра педагагічных метадаў. Таксама велізарны выбар формаў арганізацыі духоўна-маральнага выхавання. Гэта, перш за ўсё, традыцыйныя класныя гадзіны, на якіх школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка ўключаюцца ў спецыяльна арганізаваную дзейнасць, якая садзейнічае фарміраванню у іх адносін да навакольнага свету. Г. М. Каджаспірава вылучае функцыі класных гадзін: асветніцкая – заключаецца ў тым, што класная гадзіна пашырае кола ведаў вучняў, якія не знайшлі адлюстравання ў вучэбных праграмах; арыентуючая – заключаецца ў фарміраванні ў вучняў пэўных адносін да аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, у выбары ў іх пэўнай іерархіі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей; накіроўваючая – дапамагае перавесці размову аб жыцці ў галіну рэальнай практыкі вучняў, нацэльваючы іх дзейнасць на рэальную практычную дзейнасць; фарміруючая – звязана з рэалізацыяй вышэйзгаданых функцый і заключаецца ў фарміраванні ў школьнікаў звычкі думаць і ацэньваць сваё жыццё і саміх сябе, у выпрацоўцы ўменняў весці дыялог, аргументавана адстойваць сваё меркаванне [2, с. 254]. Тэмы і змест класных гадзін вызначаюцца пасля вывучэння ўзроўня развіцця духоўнай культуры, выхаванасці школьнікаў, іх маральных уяўленняў, поглядаў, інтарэсаў, жаданняў, меркаванняў.

 Асобны цыкл складаюць класныя гадзіны па духоўна-маральнай асвеце. У гэтым выпадку, часцей за ўсё, выкарыстоўваюцца этычныя гутаркі аб духоўна-маральных якасцях: аб сяброўстве, таварыстве, сумленнасці, праўдзівасці, дабрыні, душэўнай шчодрасці і да т.п. Настаўнік можа актывізаваць разумовую дзейнасць вучняў пры ўвядзенні ў гутарку міні-дыскусію, калі выказваюцца два або больш процілеглыя пункты гледжання, да прыкладу: «Што мацней? Дабро ці зло?». Тут важна настаўніку выслухаць усе адказы дзяцей, знайсці правільнае рашэнне, зрабіць адпаведны вавад. Важна і ў пабудове гутаркі, і ў выбары матэрыялу, і ў прадумванні метадычных прыёмаў зыходзіць з таго, што атрыманыя этычныя веды абавязкова павінны закрануць пачуццёвы свет вучня, знайсці водгук у яго душы. 3 гэтай мэтай у размову ўключаюцца этычныя трэнінгі-практыкаванні, дзе дзеці могуць праявіць добрае стаўленне, «пражыць» маральны стан, зрабіць свой маральны выбар.

Формай арганізацыі як навучальнага, так і выхаваўчага працэсаў, якая дазваляе праводзіць назіранні, а таксама вывучэнне розных прадметаў, з’яў і працэсаў у натуральных умовах, па думку Я.В. Тонкава, з’яўляецца экскурсія. Класіфікацыя экскурсій: па месцы ў навучальным і выхаваўчым працэсе (уступныя, бягучыя, абагульняючыя); па змесце (прадметныя, комплексныя); па месцы правядзення (прыродазнаўчыя, гістарычныя, вытворчыя, культуралагічныя). Любая экскурсія павінна быць добра падрыхтавана, таму неабходна загадзя дамовіцца з экскурсаводам па тэме экскурсіі. У пачатковай школе экскурсія з’яўляецца найбольш дзейснай, так як навучэнцы малодшых класаў лепш за ўсё засвойваюць веды тады, калі ім непасрэдна паказваюць рэчы і з’явы. Экскурсія выхоўвае дапытлівасць, візуальную культуру, маральна-этычнае стаўленне да рэчаіснасці.

Святы – форма выхаваўчай работы, якую можа выкарыстоўваць настаўнік пачатковых класаў.Святы праводзяцца ярка, эмацыянальна, насычана, з музыкай, касцюмамі, песнямі, танцамі, імправізацыямі, разнастайным афармленнем, сюрпрызамі і падарункамі, каб ва ўсіх удзельнікаў заставаліся самыя светлыя і станоўчыя эмоцыі. Выхаванцы максімальна ўключаюцца ў падрыхтоўку і правядзенне свята. Для выхавання духоўнай культуры малодшых школьнікаў, лічыць А.І. Лазараў, важна выкарыстоўваць праваслаўныя народныя святы.

Вусны часопіс прадстаўляе сабой серыю кароткіх выступленняў (старонак) на розныя жыццёвыя тэмы, навукі, мастацтва, літаратуры і інш. Для яго выпуску ў класе ствараецца рэдкалегія, дзе ёсць свой галоўны рэдактар, карэспандэнты (колькі старонак – столькі і карэспандэнтаў), мастакі – афарміцелі, фотакарэспандэнты. Часопіс выдаецца па ўсіх правілах: яркая маляўнічая вокладка з назвай, пералік змешчанага матэрыялу, выклад асноўнага матэрыялу, аб’яднанага адной тэмай, другая вокладка змяшчае інфармацыю аб выдаўцах і «выдававецтве». Пры падрыхтоўцы вуснага часопіса варта выкарыстоуваць не толькі спецыяльную  літаратуру, але і матэрыялы перыядычнага друку, тэхнічныя сродкі і г.д. Часопіс прадстаўляе галоўны рэдактар: знаёміць з вокладкамі і агульным зместам. Яго памочнікі-карэспандэнты праз выкарыстанне розных метадаў (гутаркі, апавядання, пераказу) па чарзе раскрываюць змест сваіх старонак. Пад час «чытання» абавязковай з’яўляецца працэдура перагортвання старонак. У працэсе азнаямлення могуць быць выкарыстаны і камп’ютарныя тэхналогіі (мультымедыйная прэзентацыя, дэманстрацыя і інш.)

Гульня-падарожжа. Дадзеная форма адлюстроўвае рэальныя факты і падзеі, але звычайнае раскрываецца праз незвычайнае, простае – праз загадкавае, цяжкае – праз пераадольнае; неабходнае – праз цікавае. Мэта гульні-падарожжа – узмацніць уражанне, надаць зместу ледзь-ледзь казачную незвычайнасць, звярнуць увагу дзяцей на тое, што не заўважаецца імі. Педагог С.I. Шмакаў называе дадзеную форму практычнай дзейнасцю ўяўлення, гульнёй дзеянняў, думкі і пачуццяў дзіцяці, формай задавальнення яго патрэбы ў веданні [1, с. 21]. Асаблівасцямі гульні-падарожжа з’яўляецца тое, што клас ператвараецца ў каманду падарожнікаў; распрацоўваецца маршрут падарожжа; малюецца карта падарожжа, на якой пазначаюцца прыпынкі, на якіх адбываюцца асноўныя дзеянні сюжэту; даецца транспарт, на якім праходзіць падарожжа і да т.п. Тэматыка гульняў-падарожжаў можа быць вельмі разнастайнай. Як бачым, палітра метадаў і прыёмаў выхавання духоўнай культуры ў малодшых школьнікаў разнастайная. Важна, каб у працэсе сістэматычнай і разнастайнай працы педагога была створана асяроддзе, у якім бы адбывалася духоўна-маральнае выхаванне кожнага вучня, бо асоба развіваецца і складваецца ў дзейнасці, а выхоўваецца ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці, пранізанай  сацыяльна каштоўнымі адносінамі.

Такім чынам у арсенале настаўніка пачатковых класаў знаходзіцца вялікая колькасць формаў і метадаў работы па выхаванні духоўнай культуры малодшых школьнікаў. Важна зрабіць правільны выбар таго ці іншага метаду, той ці іншай формы, толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць станоўчы выхаваўчы эфект.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Я иду на урок в начальную школу; Основы православной культуры [Текст]: Книга для учителя / Редактор-составитель Е.И. Cмольникова – М.: Издательство «Первое сентября», 2001. – 256 с.
  2. Коджаспирова, Г. М. Педагогика: учеб. пособие для студ. образоват. учреждений сред. проф. образования. / Г. М. Коджаспирова. – М .: ВЛАДОС, 2004. – 352 с.
Запись опубликована в рубрике Воспитательный потенциал образовательного процесса. Добавьте в закладки постоянную ссылку.