Бурчык Анастасія Генадзьеўна Асаблівасці развіцця маўлення вучняў пры дапамозе творчых заданняў на ўроках літаратурнага чытання

УДК 373.31

Бурчык Анастасія Генадзьеўна,

студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта дзённай формы навучання

УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», г. Гродна

Навуковы кіраўнік – А. М. Лапкоўская, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы

Асаблівасці развіцця маўлення вучняў пры дапамозе творчых заданняў на ўроках літаратурнага чытання

Грунтоўнымі ведамі вучань можа авалодаць толькі тады, калі будзе непасрэдным удзельнікам, а яшчэ лепш – галоўным героем навучальнага працэсу на ўроку. Практыка педагога паказвае, што павышэнне ўзроўню вучэбнай матывацыі магчыма толькі пры комплексным выкарыстанні шматлікіх аспектаў. Адным з такіх прыёмаў, які дазваляе найбольш эфектыўна пачынаць ці працягваць вывучэнне матэрыялу, з’яўляецца прымяненне творчых заданняў. Менавіта гэта дазваляе вучням паглядзець на складаныя для засваення тэмы з другога боку і адначасова дае магчымасць узняць урок на якасна новы ўзровень [1].

Заданні творчага характару дазваляюць пазбегнуць аднастайнасці дзеянняў, зніжаюць разумовую стамляльнасць вучняў. Для таго, каб выканаць творчае заданне, вучань павінен не толькі добра ведаць праграмны матэрыял, але і ўмець рабіць высновы на аснове параўнанняў, абагульненняў, выяўляць заканамернасці, умець фантазіраваць. Працэс творчага мыслення захоплівае вучняў, ператвараецца ў цікавую гульню.

Дзеці заўсёды павінны знаходзіцца ў пошуку, адкрываючы для сябе штосьці новае. У такіх умовах нараджаюцца новыя ідэі, задумы, узнікае атмасфера супрацоўніцтва, якая ў сваю чаргу выклікае смак да творчасці, робіць яго прывабным для ўсіх.

Змест урокаў літаратурнага чытання дае магчымасць уключаць разнастайныя «Хвілінкі творчасці», падчас якіх вучні на аснове спецыяльна падабранага літаратурнага матэрыялу будуць мець магчымасць для творчага асэнсавання падзей і ўчынкаў герояў, удасканальваць уменні выказваць і абгрунтоўваць свае думкі, прагназаваць далейшы ход падзей, развіваць уласныя творчыя здольнасці, узбагачаць маральна-эстэтычную сферу асобы. Адзначым, што заданні на абуджэнне творчага мыслення вучняў не павінны быць зацягнутымі па часе. Педагагічны такт настаўніка дапаможа яму падвесці вынік заданню ў той момант, калі дзеці знаходзяцца ў сітуацыі поспеху. Добра, калі хвілінкі творчасці стануць традыцыйнымі, і дзеці будуць чакаць іх на кожным уроку. Неабыякавы да сваёй справы настаўнік заахвоціць вучняў і самастойным пошукам літаратурнага матэрыялу, які можна ўключыць у хвілінкі творчасці, і прапанаваць яго аднакласнікам на наступных уроках.

Творчыя заданні могуць быць выкарыстаны на любым этапе ўрока літаратурнага чытання. Так, напрыклад, перад вывучэннем твора настаўнік прапануе прыём «Так – не». Сутнасць яго ў тым, што вучні задаюць пытанні, пра каго ці пра што будзе твор: «Пра людзей твор? (Не). Пра птушак? (Не). Пра жывёл? (Не). Пра гарады? (Так). Пра беларускі горад? (Так). Пра Гродна? (Не). Пра Мінск? (Так)». Настаўнік гаворыць, што сёння будзем вывучаць верш П. Панчанкі «Песня пра Мінск». Адразу можна запытаць у вучняў: «Каму ці чаму прысвячаюць песні? (Таму, хто табе дарагі; таму, каго (ці што) любіш, кім ці чым ганарышся і г.д.)».

Пасля прачытанага на ўроку тэксту настаўнік праводзіць гутарку па змесце, але гэты прыём даўно надакучыў вучням. Можна прапанаваць прыём «Узнаві тэкст па малюнках». Першы раз малюнкі размяшчаюцца ў лагічнай паслядоўнасці, і вучні пераказваюць тэкст, калі яны прачыталі яго ці ўважліва слухалі. На іншых уроках літаратурнага чытання можна пераблытаць малюнкі. Калі вучні будуць чытаць гэты тэкст, то яны адразу заўважаць гэта і выправяць «памылку».

Для развіцця маўлення вучняў можна выкарыстоўваць творчы пераказ тэксту. У залежнасці ад зместу твора можна прапанаваць змяніць канцоўку твора або працягнуць змест. Змяніць канцоўку апавядання хочацца тады, калі яно заканчваецца сумна або нават трагічна. Пераказ са складаннем працягу тэксту праводзіцца тады, калі апавяданне як бы завершана, але хочацца даведацца пра лёс герояў праз некалькі гадоў. Так, напрыклад, вывучаючы апавяданне Лідзіі Арабей «Добрая фея», можна вучням прапанаваць прыдумаць, як склаўся лёс Валі (дзяўчынкі, якая дапамагла хлопчыку навучыцца хадзіць) і Віці (хлопчыка, які навучыўся хадзіць дзякуючы сяброўскай падтрымцы Валі).

Цікавым творчым заданнем з’яўляецца творчы пераказ з прыдумваннем дадатковага эпізоду. Так, вывучаючы апавяданне Аляксея Якімовіча «Ножык», у якім расказваецца пра добрага хлопчыка Дзіму, які не пашкадаваў падарунка бацькі – ножыка, каб вызваліць палоннага маленькага верабейку ў злога хлопчыка Юры. Пасля аналізу тэксту вучням даюцца групавыя заданні: размова Дзімы са сваім бацькам; размова хлапчукоў пасля вызвалення верабейкі; размова Юры са сваёй маці, калі яна ўбачыла ножык-складанчык у руках сына.

Можна выкарыстоўваць на ўроках пераказ па змененым плане, расказ са змяненнем асобы, расказ ад асобы аднаго з герояў твора. Мэта – вызваць у вучняў эмацыянальны водгук на твор, перажыць разам з героем тыя пачуцці, якія закладзены аўтарам. Напрыклад, пераказваючы апавяданне Н. Парукава «Ягады» ад асобы дзяўчынкі Ніны, падрабязна расказваюць аб тым пачуцці, якое яна адчувала пасля таго, як папрасіла ў сяброўкі дапамогі. Такія пераказы патрабуюць ад вучняў работы ўяўлення на аснове ведаў, якія яны атрымалі ў час чытання і аналізу твора, спрыяюць болей паглыбленаму разуменню таго, пра што чытаюць, развіваюць творчыя здольнасці вучняў і ўносяць цікавасць і разнастайнасць.

Карысным прыёмам для развіцця ў вучняў маўлення, а таксама фантазіі, выдумкі, кемлівасці з’яўляецца складанне казак. Гэта можа быць: казка з канкрэтнымі прапанаванымі героямі (кот, кошка і кацяня); казка на тэму сяброўства; казка на прапанаваны малюнак «У Бабы Ягі зазваніў мабільны тэлефон…»; складанне казкі па аналогіі з прачытанай на ўроку казкай; казка на аснове ўласнага жыцёвага вопыту і г.д. [2, с. 277].

Перад выкананнем заданняў вучні ўспамінаюць кампазіцыйныя асаблівасці казак: у іх заўсёды ёсць зачын (У адным сяле… Даўно гэта было… У адным царстве… і інш.), паўторы, канцоўка (І я там быў, квас і мёд піў… І сталі яны жыць дружна і шчасліва… Вось і казачцы канец, а хто слухаў, той і маладзец … і інш.). Казка павінна заканчвацца дабром.

У арсенале настаўніка асобае месца займаюць інтэрактыўныя метады, якія С.С. Кашлеў ахарактарызаваў як “спосабы ўзмоцненай мэтанакіраванай дзейнасці педагога і вучняў па арганізацыі ўзаемадзеяння паміж сабой і міжсуб’ектнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу для стварэння аптымальных умоў развіцця” [18, с. 37].

Інтэрактыўны метад «Мазаіка» прадугледжвае работу ў групах па частках тэксту. Кожнаму ўдзельніку групы даецца сваё поле дзейнасці, якое ён даследуе. Затым група сабіраецца разам і абмяркоўвае атрыманыя дадзеныя. Кожны з групы атрымлівае асобны спосаб здабывання інфармацыі: малюнак, тэкст, відэа і інш. Пазней кожная група абменьваецца матэрыяламі па сваёй частцы тэксту. Такім чынам, складваецца адзіная мазаіка з асобных частак.

На абагульняючых уроках пасля вывучэння цэлай тэмы настаўнік можа выкарыстаць метадычны прыём «Чыё гэта?». Тут могуць быць выкарыстаны такія пытанні: «Каму з герояў вывучаных твораў даецца такая характарыстыка?»

Як адзначае З.М. Тамашэвіч, адзін з дзейсных прыёмаў развіцця творчых здольнасцяў вучняў з’яўляецца рэклама прачытанага твора [2, с. 278]. Гэты прыём можна выкарыстаць перад вывучэннем новага твора, калі адзін з падрыхтаваных вучняў «прарэкламіруе» новае апавяданне ці казку, каб зацікавіць вучняў новым творам, падрыхтаваць да эмацыянальнага ўспрымання яго зместу. Пасля чытання і аналізу твора на ўроку настаўнік прапануе вучням падрыхтаваць цікавую трапную аб’яву, каб зацікавіць іншых дзяцей, якія не чыталі гэты твор. Чаму гэты твор неабходна прачытаць, чаму ён вучыць? Гэты від творчай работы садзейнічае развіццю інтэлекту, логікі, паслядоўнаму выкладу думак і інш.

Пры рабоце над мастацкім творам можна выкарыстоўваць наступныя заданні і практыкаванні: скласці апавяданне ад імя героя; скласці дыялог розных герояў; апісаць адну і тую ж сітуацыю, прадмет з пункту гледжання розных яе ўдзельнікаў, інтарэсы якіх могуць быць і процілеглымі; чытанне з прыпынкамі (вучні знаёмяцца з падзеленым на фрагменты творам павольна, пастаянна вяртаюцца да папярэдняй інфармацыі, аналізуюць яе, параўноўваюць з асабістым досведам); «Маланка» (чаргаванне розных відаў чытання); «Буксір» (дзеці ўпаўголаса чытаюць разам з педагогам альбо з добра чытаючым вучнем); «Фініш» (знайсці адказ на пастаўленае перад пачаткам чытання тэксту пытанне); «Чырвоны святлафор” (падчас чытання я спецыяльна замяняю адно слова іншым, а дзеці павінны заўважыць памылку).

Так, напрыклад, прыём «Чытанне з прыпынкамі» прымяняюць для лепшага ўспрымання тэксту. Сутнасць прыёма – выклікаць інтарэс да чытання, развіваць навык удумлівага чытання, вучыць разважаць, выказваць свой пункт гледжання. Галоўнае ў прыёме – развіццё мыслення, уяўлення і мовы вучняў. Чытаючы тэкст, вучань знаёміцца з ім павольна, аналізуючы інфармацыю, супастаўляючы са сваім асабістым вопытам. У той жа час пры такім чытанні няма цэласнага ўспрымання тэксту. Недахоп дадзенага прыёма – патрабуе шмат часу, таму гэты прыём неабходна выкарыстоўваць пры чытанні невялікіх тэкстаў.

Складанне віктарын спрыяе больш уважлівым адносінам да твора. Вучні стараюцца чытаць твор уважліва, каб скласці больш складаную віктарыну і адказаць на пытанні сяброў без памылак. Работу мэтазгодна выкарыстоўваць пры абагульненні раздзела.

Складанне крыжаванак павышае інтарэс вучняў да вучобы, развівае іх назіральнасць, дае магчымасць глыбей разумець мастацкі твор. Выкарыстоўваюць іх пры замацаванні вучэбнага матэрыяла. Можна таксама выкарыстоўваць гульню «Складзі крыжаванку наадварот». У ёй клеткі ўжо запоўненыя словамі, а вучні даюць значэнні гэтых слоў.

Такім чынам, валодаючы сучаснымі методыкамі выкладання літаратурнага чытання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнік можа дапамагчы дзіцяці развіць яго маўленне, творчыя здольнасці, творчае ўяўленне і зрабіць працэс вывучэння літаратурных твораў цікавым, змястоўным.

 Бібліяграфічны спіс

  1. Гагарына, Т. Выкарыстанне творчых заданняў як сродак павышэння ўзроўню вучэбнай матывацыі вучняў на ўроках беларускай мовы на другой ступені навучання / Т. Гагарына [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://ng-press.by/2021/04/06/vykarystanne-tvorchyh-zadannyau-yak-srodak-pavyshennya-uzrounyu-vuchebnaj-matyvatsyi-vuchnyau-na-urokah-belaruskaj-movy-na-drugoj-stupeni-navuchannya/. – Дата доступа: 12.04.2023.
  2. Тамашэвіч, З.М. Творчыя заданні на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковых класах як сродак развіцця творчых здольнасцей вучняў / З.М. Тамашэвіч // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зборнік навуковых прац / гал. рэд. А.С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2019. – С. 276 – 279.
Запись опубликована в рубрике Современные подходы в преподавании лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *