Лапiцкая Дзiяна Вiктараўна, Узаемадзеянне школы i сям’i як сродак паўнавартаснага развiцця малодшага школьнiка

УДК 373.4

Лапiцкая Дзiяна Вiктараўна,

студэнт 4 курса псiхолага-педагагiчнага факультэта дзённай формы навучання УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», г. Брэст

Навуковы кіраўнік – Г. М. Канцавая, загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ ім. А. С. Пушкіна

Узаемадзеянне школы i сям’i як сродак паўнавартаснага развiцця малодшага школьнiка

 

Галоўная праблема большасці ўстаноў адукацыі – гэта адсутнасць узаемадзеяння школы з сем’ёй. Калі няма гэтага ўзаемадзеяння, то не будзе i выніковай дзейнасці, якая дазваляе выявіць, усвядоміць і вырашыць праблемы выхавання дзяцей. Ад таго, як будзе працякаць узаемадзеянне школы з сям’ёй, залежыць, ці будзе паспяховым усебаковае і паўнавартаснае развіццё малодшага школьніка.

Эфектыўнасць узаемадзеяння сям’і і школы, на думку І. М. Маняпавай, залежыць ад характару і ступені ўключанасці іх суб’ектаў у сістэму ўзаемаадносін, заснаваных на ўзаемным прыняцці, узаемаразуменні, імкненні да супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем сямейнага і школьнага выхавання [2].

У сістэме адносін сям’і і школы пераважае статусна-ралявы тып узаемадзеяння: зносіны суб’ектаў рэалізуюцца ў межах статусных функцый і не выходзіць за рамкі нарматыўна зададзеных правоў і абавязкаў.

Праблема ўзаемадзеяння школы і сям’і, адзінства ў падыходах да грамадзянскага і сямейнага выхавання з’яўляецца адной з самых актуальных на сённяшні момант. Сям’я і школа для вучняў пачатковых класаў – асноўнае выхаваўча-адукацыйнае мікраасяроддзе, і толькі ў спалучэнні аднаго з другiм яны ствараюць аптымальныя ўмовы для ўваходжання дзіцяці ў вялікі свет [1].

Цэнтральнае месца ў гэтай сістэме займае вучань. Узаемадзеянне бацькоў і педагогаў у выхаванні малодшых школьнікаў павінна разглядацца як дзейнасць, якая дазваляе выявіць, усвядоміць і вырашыць праблемы выхавання дзяцей. Толькі тады такое ўзаемадзеянне пазітыўна адаб’ецца на фізічным, псіхічным і, вядома, сацыяльным здароўі вучня.

Пры адсутнасці ўзаемадзеяння школы з сям’ёй пакутуе ўвесь адукацыйны працэс. Адна з прычын адсутнасці ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння паміж школай і сям’ёй – гэта адсутнасць адзінай адукацыйнай прасторы развіцця дзіцяці як у школе, так і ў сям’і. Яшчэ адна прычына ўзнікнення праблемы – гэта тое, што ў адукацыйных установах не ўлiчваецца гісторыя развіцця сям’і.

Да асноўных накірункаў дзейнасці настаўніка і бацькоў адносяцца: пазнавальная сфера жыцця, падтрымка фізічнага здароўя вучняў, развіццё творчага патэнцыялу, падтрымка адораных вучняў, сацыяльная падтрымка.

Станоўчыя вынікі ў выхаванні і развіцці дзяцей дасягаюцца пры ўмелым спалучэнні розных формаў узаемадзеяння членаў калектыву адукацыйнай установы з сям’ёй школьнікаў:

– вывучэнне сям’і з мэтай выяўлення інтарэсаў і патрэб бацькоў, а таксама ўзгаднення выхаваўчых уздзеянняў на вучня;

– псіхолага-педагагічная асвета бацькоў з мэтай павышэння ўзроўню агульнай педагагічнай і прававой культуры, аптымізацыі стылю сямейнага выхавання праз рэалізацыю двух напрамкаў работы;

– азнаямленне бацькоў з асаблівасцямі развіцця дзяцей, рэжымам працы пачатковай школы, са зместам і методыкай адукацыйна-выхаваўчага працэсу, далучэнне іх да аздараўленчых і сумесных мерапрыемстваў;

– фарміраванне ў бацькоў вопыту кіраўніцтва дзіцячай дзейнасцю і зносінамі, гуманізацыя дзіцяча-бацькоўскіх адносін;

– уключэнне бацькоў у змястоўную сумесную дзейнасць са школай: удзел у арганізацыі развіццёвага асяроддзя і выхаваўча-адукацыйнага працэсу і г. д.

Бацькі павінны асэнсаваць, што неабходна адказацца ад дзеянняў з пазіцыі сілы, адносіцца да дзіцяці як да чалавека, які мае права на самастойнасць і павагу, што цярпенне і памяркоўнасць – галоўны сродак у выхаванні.

Далучэнне бацькоў да грамадскай працы ў школе пашырае іх вопыт выхаваўчай дзейнасці, у іх змяняюцца адносіны да школы. Сумесныя справы з вучнямі садзейнічаюць разуменню таго, што выхаванне дзяцей – гэта своеасаблівае мастацтва, якое патрабуе вялікага жадання яго спазнаць, дапамагае знайсці агульную мову, станоўча ўздзейнічае на асобаснае развіццё вучня. Агульныя справы і інтарэсы згуртоўваюць дзяцей і бацькоў.

Ажыццяўленне адкрытага і давернага ўзаемадзеяння з бацькамі вучняў мае шэраг пераваг: па-першае, адзначаецца станоўчы і эмацыйны настрой педагогаў і бацькоў на сумесную працу па выхаванні дзяцей. Бацькі ўпэўненыя ў тым, што школа заўсёды дапаможа ім у вырашэнні педагагічных праблем і ў той жа час не нашкодзіць, бо будуць улічвацца думкі сям’і, прапановы па ўзаемадзеянні з вучнем.

Педагогі, у сваю чаргу, заручаюцца разуменнем з боку бацькоў у вырашэнні праблем (ад матэрыяльна-гаспадарчых да выхаваўча-адукацыйных). Па-другое, улічваецца індывідуальнасць дзіцяці. Настаўнік пастаянна падтрымлівае кантакт з сям’ёй, ведае асаблівасці, звычкі вучня і ўлічвае іх у сваёй дзейнасці, што вядзе да павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Па-трэцяе, бацькі бяруць на сябе адказнасць за развіццё вучня і ўсведамляюць, што школа з’яўляецца толькі памочнікам у найважнейшай справе выхавання і навучання малодшага школьніка.

У цэлым, з’яўляецца магчымасць у рэалізацыі адзінай праграмы выхавання і развіцця дзяцей у школе і сям’і.

Такім чынам, задачы выхавання і развіцця вырашаюцца паспяхова толькі ў тым выпадку, калі школа падтрымлівае сувязь з сям’ёй і далучае яе да сваёй працы. Галоўным у працы любой установы адукацыі з’яўляюцца захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя школьнікаў, іх творчае, а таксама інтэлектуальнае развіццё, забеспячэнне ўмоў для асобаснага і гарманічнага росту. Сям’я і школа – гэта два грамадскія інстытуты, яны стаяць ля вытокаў нашай будучыні, але часта не заўсёды ім хапае ўзаемаразумення, цярпення, каб пачуць, зразумець адзін аднаго. Гэта можа адбывацца па розных прычынах. Сям’я і школа не могуць замяніць адзін аднаго, у кожнага з іх свае функцыі, свае метады выхавання. Ім трэба навучыцца ўзаемадзейнічаць адзін з адным на карысць дзіцяці. Галоўнае, што мы можам зрабіць, – гэта ўстанавіць давер паміж сям’ёй і школай, што дазволіць карэктаваць выхаваўчыя пазіцыі бацькоў і саміх настаўнікаў. Працуючы над рашэннем праблемы ўзаемадзеяння школы з сем’ёй, можна дасягнуць таго, што значна палепшацца ўзаемаадносіны з дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі, што ініцыюе ўздым у развіцці такіх функцый, як ахова і ўмацаванне здароўя дзяцей, развіццёвае (выхаваўчае і навучальнае) і прафесійнае самаўдасканаленне.

Бiблiяграфiчны спiс

  1. Антонова, Е. Б. Работа с родителями / Е. Б. Антонова // Народ. образование. – 2005. – № 2. – С. 14–25.
  2. Маняпова, И. Н. Взаимодействие семьи и школы / И. Н. Маняпова // Воспитание и обучение: теория, методика и практика: материалы VIII Междунар. науч.-практ. конф. (Чебоксары, 6 нояб. 2016 г.) / редкол.: О. Н. Широков [и др.]. – Чебоксары : Интерактив плюс, 2016. – С. 16–18.
Запись опубликована в рубрике Актуальные проблемы педагогики и психологии образования. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *