Галонская Н.М. ВЫКАРЫСТАННЕ ЗАЙМАЛЬНАГА МАТЭРЫЯЛУ ЯК СРОДАК ПАВЫШЭННЯ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ ЎРОКАЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ

У цяперашні час пры вывучэнні мовы настаўнікаў пачатковых класаў хвалюе праблема навучання правапісу роднай мовы; выпрацоўка ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў. У падручніках змешчана вялікая колькасць практыкаванняў, якія не заўсёды цікавыя для дзецей, і не заўсёды выклікаюць у вучняў жаданне працаваць з імі. Выконваючы аднатыпныя заданні, вучні хутка стамляюцца. Што рабіць ў дадзеным выпадку? Як зацікавіць дзяцей? Павышэнню цікавасці да вывучэння беларускай мовы ў пачатковай школе можа садзейнічаць унясенне элементу займальнасці ў навучанні. У тлумачальным слоўніку беларускай мовы слова “займальны” тлумачыцца так: “які выклікае цікавасць; забаўны” [2, с. 109]. Мы лічым, што “каб зацікавіць дзіця мовай, проста купіць кнігу на ёй і прымусіць прачытаць — не дасць ніякага выніку. Варта знайсці нейкую нетрадыцыйную форму, тое, што закране струны дзіцячай душы”. Займальны матэрыял – гэта матэрыял, які спрыяе павышэнню цікавасці да прадмета і лепшаму засваенню матэрыялу ўрока. Да займальнага матэрыялу можна аднесці вялікую колькасць дыдактычных сродкаў. Гэта і сам змест матэрыялу, наглядныя дапаможнікі, дадатковыя моўныя матэрыялы, а таксама лінгвістычныя казкі, смяшынкі, пацешкі, небылічкі, лічылкі, прыказкі, прымаўкі, крыжаванкі, рэбусы, загадкі, жарты і гэтак далей. Усе гэта, разам з граматычнымі заданнямі, дапаможа вучням пры вывучэнні беларускай мовы. Займальны матэрыял можа выкарыстоўвацца як частка ўрока, але існуюць моманты, калі на аснове займальнага матэрыялу можна пабудаваць і цэлы урок у форме разнастайных гульняў, заданняў для рэалізацыі тых ці іншых навучальных задач. У розных падручніках займальны матэрыял адыгрывае розную ролю. Ён можа выкарыстоўвацца як і пры ўвядзенні новых тэм, так і пры іх вывучэнні і замацаванні. Напрыклад, у падручніку па беларускай мове для 3 класа пры ўвядзенні тэмы “Назоўнікі, якія адказваюць ны пытанні хто? што?” ў якасці займальнага матэрыялувыкарыстоўваюцца наступныя загадкі: 1) Пад соснамі, пад ёлкамі ляжыць клубок з іголкамі. 2) Круглы, ды не гарбуз, з хвастом, ды не мыш. Потым іх трэба параўнаць і растлумачыць, чаму адно слова адказвае на пытанне хто?, а другое на пытанне што? [3, с. 9]. Часта пры ўвядзенні новага матэрыялу выкарыстоўваюцца казкі. Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца казкі пра часціны мовы, марфемныя часткі слова, знакі прыпынку ў сказах, пра фанетычныя з’явы беларускай мовы. Да самага актуальнага займальнага матэрыялу можна аднесці прыказкі. Яны, напэўна, найбольш трапна перадаюць векавую мудрасць, кемлівасць і назіральнасць беларусаў. Яны садзейнічаюць разуменню каштоўнасці, якасці жыцця, развіццю патрыятызму, любові да мовы, да роднага краю, да матулі і блізкіх. Дзякуючы прыказкам вучні набываюць вопыт. Напрыклад: У каго дзеці – у таго шчасце; Як баба да дзеда, так i дзед да бабы; Радзіма – матка, чужына – мачаха; Усякай птушцы сваё гняздо міла; Кожная сасна свайму бору песню пяе [1, с. 91]. З вывучэннем прыказак развіваецца гаворка дзіцяці.Пад іх уплывам вусная размова становіцца багатай, засвойваецца вялікая колькасць новых слоў і значэнняў. Займальны матэрыял дапамагае засваенню вучэбнага матэрыялу і з’яўляецца магчымасцю прыцягнення ўвагі да прадмета. Важна не забываць, што займальны матэрыял не павінен парушаць дысцыпліну і забаўляць дзяцей, а наадварот дапамагаць настаўніку вырашаць развіццёвыя, адукацыйныя і выхаваўчыя задачы. Большую якасць ён прынясе, калі будзе спалучацца з іншымі формамі і метадамі работы. Падбіраючы да ўрока займальны матэрыял, настаўнік павінен зыходзіць з мэт і задач урока, структуры. Неабходна не перагружаць урокі рознымі гульнямі, бо гэта можа аслабіць увагу вучняў да асноўнай тэмы. Займальныя элементы павінны спрыяць канцэнтрацыі ўвагі і актывізацыі дзейнасці школьнікаў на ўроку. Такім чынам, займальны матэрыял служыць для павышэння цікавасці да заняткаў, актыўнасці, развіцця пазнавальных і творчых здольнасцей вучняў. Урок з яго выкарыстаннем захоплівае дзяцей, пабуджае разабрацца ў пастаўленай праблеме, выканаць мэту ўрока, добра і лёгка засвоіць матэрыял.
Літаратура
  1. Буторына, І. А. Літаратурныя зярняткі, або Развіццё творчых здольнасцей маленькага чытача : дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / І. А. Буторына. – Мінск : Рэдакцыя газеты “Звязда”, 2012. – 200 с.
  2. Верціхоўская, В. У.Школьны тлумачальны слоўнік/ В. У. Верціхоўская, М. І. Верціхоўская. – Мн. : УніверсалПрэс, 2006. – 384 с.
  3. Красней, В. П. Беларуская мова : падручнік для 3-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання. У 2 ч. Ч. 2 / В. П. Красней, А. М. Рудэнка. – Мінск : НІА, 2007. – 136 с. : іл.
Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий