Яўгенідзэ І.Т. СЕРЫЯ НАВУКОВА-ПАПУЛЯРНЫХ КНІГ “СКАРБЫ МОВЫ” ЯК КРЫНІЦА ЛІНГВІСТЫЧНАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Кожны год з друку выходзяць кнігі – манаграфіі, зборнікі артыкулаў, матэрыялы навуковых канферэнцый, – прысвечаныя беларускай мове. Сярод такіх выданняў асобнае месца  займаюць малафарматныя навукова-папулярныя кнігі выдавецкай серыі “Скарбы мовы”, якая была заснавана ў 1982 годзе. Аўтарамі прац, што ўвайшлі ў гэту серыю, сталі як вядомыя беларускія лінгвісты – дактары філалагічных навук і прафесары А. Я. Міхневіч, А. І. Жураўскі, А. І. Падлужны, І.Я. Лепешаў, П. П. Шуба, так і маладыя на той час даследчыкі – Т.М. Валынец, В.У. Шчэрбін і інш. Усяго за перыяд з 1982 па 1992 год выдавецтва “Народная асвета” выпусціла васемнаццаць невялікіх паводле аб’ёму (прыкладна 60 – 80 старонак) кніжак, адрасаваных дзецям старэйшага школьнага ўзросту. Усе кнігі серыі былі аформлены жартоўнымі малюнкамі выдатнага беларускага мастака Канстанціна Куксо, што, па-першае, надало ім займальнасці, па-другое, зрабіла серыю асобных кніг цэласным выдавецкім прадуктам. Серыю “Скарбы мовы” паводле інфармацыі, прадстаўленай у ёй, можна разглядаць як лінгвістычны энцыклапедычны даведнік, у якім адлюстраваліся напрамкі развіцця і дасягненні беларускага мовазнаўства ў канцы XX стагоддзя. Змястоўнасць і даступнасць выкладання навуковай інфармацыі дазваляюць параўнаць кнігі гэтай серыі з выдатнай работай савецкіх лінгвістаў, таксама прызначанай для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, – з «Энциклопедическим словарем юного филолога (языкознание)», які быў выдадзены у 1984 годзе ў Маскве, у выдавецтве «Педагогика» [1]. Разгледзім больш падрабязна праблематыку кніг серыі “Скарбы мовы”.

Першае выданне гэтай серыі — кніга В.М. Нікіцевіча “Рассказы о языке” (1982 год) [2], у якой расказваецца пра мову як з’яву рэчаіснасці, яе функцыі і ролю ў грамадстве. У кнізе выказваюцца меркаванні наконт існавання мовы жывёл, тлумачыцца розніца паміж мовай і маўленнем, выяўляецца падабенства рускай, беларускай і украінскай моў, а таксама моў славянскіх і некаторых еўрапейскіх. Аўтар надае вялікую ўвагу апісанню слоўнікавага складу мовы, тлумачыць такія з’явы і адпаведныя паняцці, як запазычаныя, інтэрнацыянальныя, скарочаныя, мнагазначныя словы,  пераноснае выкарыстанне слоў, амонімы, амаформы, амографы, амафоны, сінонімы. Пры гэтым В.М. Нікіцевіч падкрэслівае, што мова – гэта не толькі сукупнасць слоў, але і граматыка, якая і робіць словы мовай. У кнізе расказваецца пра спосабы і сродкі выражэння граматычнага значэння слова, парадак слоў у сказе, граматыку моў розных моўных сем’яў. В.М. Нікіцевіч расказвае і пра іншыя семіятычныя сістэмы, якія выкарыстоўваюцца ў розных сферах сацыяльнага жыцця: мову маракоў, дарожнікоў, навуковую сімволіку матэматыкі, фізікі, хіміі і інш., падкрэсліваючы, аднак, іх другасную ролю ў зносінах паміж людзьмі: любую формулу хіміі ці фізікі мы перакладаем на натуральную мову. Аўтар заглянуў у глыбокую гісторыю чалавецтва, каб расказаць нам, як узнікла мова, прааналізаваў дасягненні сучаснай лінгвістыкі, выказаў меркаванні наконт стварэння адзінай мовы.

У гэтым жа 1982 годзе выйшла кніга А.Е. Міхневіча “В глубь слова человеческого” [3], якая пачынаецца цытатай з Л. Мештэрхазі: “Усё ж такі лінгвістыка – чароўная навука”. Са зместу эпіграфа вынікае, што задача аўтара кнігі заключалася ў тым, каб паведаміць пра лінгвістыку як асобную галіну ведаў, прыцягнуць увагу да гэтай навукі, заахвоціць займацца ёю. А.Я. Міхневіч цалкам вырашыў гэту задачу, выклаўшы інфармацыю пра агульнае і прыватнае мовазнаўства, унутраную і знешнюю лінгвістыку. У лагічнай паслядоўнасці ў кнізе расказваецца пра тое, якія моўныя з’явы і як даследуюцца ў межах такіх лінгвістычных напрамкаў, як фаналогія, марфаналогія, лексікалогія, марфалогія, сінтаксіс. Акрамя таго, у кнізе даецца інфармацыя пра прадмет і задачы гістарычнай лінгвістыкі, пра ўзаемадзеянне лінгвістыкі і іншых навук – літаратуразнаўства, псіхалогіі, матэматыкі, этнагарфіі, тлумачацца такія паняцці, як моўны матэрыял, маўленчая дзейнасць, моўная сістэма. Асобны раздзел прысвечаны галінам прыкладной лінгвістыкі – арфаграфіі, пунктуацыі, арфаэпіі, арталогіі, лексікаграфіі.

У 1983 годзе былі выдадзены таксама дзве кнігі серыі “Скарбы мовы” – “Мова нашых продкаў” (аўтар А. І. Жураўскі) [4] і “Культура слова” (аўтар А.А. Каўрус) [5]. У першай з іх, прысвечанай летапісанню, падрабязна расказваецца пра асаблівасці мовы і пісьма старажытных летапісаў – як рускіх, так і беларускіх, апісваюцца агульнадзяржаўныя летапісы і іх разрады, а таксама факты мясцовага летапісання, прычым аўтар згадвае і блізкі да мясцовых летапісаў жанр – запісы аб жыцці пэўных асоб. Шмат увагі надае А.І. Жураўскі і хранографам – іх моўным рысам і структуры. У кнізе прыводзіцца шмат прыкладаў летапісных твораў, прычым упамінаюцца і іх сучасныя выданні. Змест некаторых летапісаў і тэмы летапісаў пэўнага перыяду выкладаюцца А.І. Жураўскім вельмі падрабязна і дакладна. Паступова аўтар кнігі “Мова нашых продкаў” падводзіць чытача да думкі аб тым, што дзякуючы летапісам можна даведацца пра развіццё нашай мовы, шляхі яе ўзбагачэння і ўдасканальвання.

Кніга А.А. Каўруса “Культура слова” прысвечана вельмі важным пытанням культуры мовы і стылістыкі. Аўтар вучыць нас правільнаму ўжыванню моўных сродкаў у адпаведнасці з іх значэннем, тэмай і мэтай выказвання, знаёміць з нормай і яе відамі, асаблівую ўвагу звяртае на такую камунікатыўную якасць маўлення, як мілагучнасць: паўтор службовых, аднолькавых ці блізкагучных слоў, частае ўжыванне параўнальных зваротаў – загана; насычанасць тэксту дзеяслоўнымі назоўнікамі – недахоп. Як заклік да самаўдасканальвання прагучалі ў гэтай кнізе словы А.А. Каўруса: “Багацце мовы — неабходная ўмова і адзнака адукаванасці кожнага чалавека”.

1985 год стаў самым багатым для серыі  “Скарбы мовы”: у гэтым годзе ў свет выйшлі чатыры кнігі – “Славянские языки и славянские народы” (аўтар В.Н. Украінцаў) [6], “Чаму мы так гаворым” (аўтары І.П. Шпадарук і В.В. Рудакоўскі) [7], “Слова Скарыны” (аўтар У.М. Свяжынскі) [8], “Моўныя самацветы” (аўтар І.Я. Лепешаў) [9].

З назвы кнігі В.Н. Украінцава “Славянские языки и славянские народы” відаць, што яна прысвечана славяназнаўству. Аўтар раскрывае гісторыю ўзнікнення гэтай навукі, падрабязна апісвае яе раздзелы, называе імёны выдатных славістаў і пералічвае іх працы, знаёміць нас з гісторыяй узнікнення славянскіх народаў і генеалагічным дрэвам іх моў, расказвае  пра стан развіцця славістыкі на сучасным этапе. Значная частка кнігі адведзена параўнанню славянскіх моў, у прыватнасці, прадстаўленню слоў, падобных ва ўсіх славянскіх мовах. У кнізе апісваюцца таксама мовы, блізкія да славянскай групы, і тлумачацца тэрміны з галіны параўнальна-гістарычнага і супастаўляльнага мовазнаўства: гукавы закон, праформа, роднасныя мовы і інш.

Кніга І.П. Шпадарука і В.В.Рудакоўскага “Чаму мы так гаворым” нагадвае слоўнік. Яна складаецца з двух раздзелаў. У першым раздзеле прадстаўлена каля 200 трапных слоў і крылатых выслоўяў, дадзена іх тлумачэнне і гісторыя ўзнікнення. У другім раздзеле разглядаецца этымалогія некаторых слоў нашай мовы – як спрадвечна беларускіх, так і запазычаных.

“Моўныя самацветы” – гэта назва кнігі вядомага беларускага фразеолага І.Я. Лепешава. У ёй расказваецца пра фразеалагізмы – моўныя адзінкі, якія маюць высокую ступень праяўлення вобразнасці ў сваёй семантыцы. Іменна паводле гэтай прычыны І.Я. Лепешаў называе іх “моўнымі самацветамі”: як каштоўныя камяні ўпрыгожваюць знешнасць чалавека, так і фразеалагізмы, ужытыя правільна і дарэчна, ўпрыгожваюць яго маўленне. І.Я. Лепешаў у даступнай форме выкладае дастаткова складаную навуковую інфармацыю пра спосабы ўтварэння і шляхі ўзнікнення фразеалагізмаў, раскрывае паходжанне і гісторыю некаторых з іх. Аўтар вучыць правілам ўжывання гэтых адзінак мовы, падрабязна апісвае іх стылістычныя функцыі, некаторыя прыёмы структурна-семантычных змяненняў, найбольш тыповыя стылістычныя спосабы абыгрывання фразеалагізмаў. На цікавых і пераканаўчых прыкладах І.Я. Лепешаў паказвае парушэнні нарматыўнага ўжывання фразеалагізмаў ў маўленні.

У канцы 80-х гадоў XX стагоддзя ў серыі “Скарбы мовы” выйшлі кнігі, прысвечаныя праблемам гістарычнай лексікалогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі, сацыялінгвістыкі,  агульнага мовазнаўства, культуры маўлення. Аўтары гэтых кніг – А.М. Булыка, А.А. Крывіцкі, В.К. Шчэрбін, Т.Н. Валынец, А.М. Міхневіч, Н.В. Фядотава – знаёмілі чытачоў з гісторыяй развіцця слоўніка беларускай мовы [10], расказвалі, што такое дыялекталагічная экспедыцыя і як да яе трэба падрыхтавацца, знаёмілі з дыялекталагічнымі картамі і атласамі, паведамлялі пра стан развіцця дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў нашай краіне [11], апісвалі віды і будову лінгвістычных слоўнікаў [12], паказвалі ролю рускай мовы ў развіцці культуры і навукі краін былога Савецкага Саюза [13], расказвалі пра мовы свету, у тым ліку мёртвыя і штучныя [14], аналізавалі віды і прычыны лексічных памылак, што часам дапускаюцца ў вусным і пісьмовым маўленні [15].

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя выданне серыі “Скарбы мовы” было завершана. Да 1993 года свет пабачылі чатыры апошнія кнігі – “Шчодрасць слова” (аўтар М.Р. Прыгодзіч) [16], “Ад гука да літары” (аўтар Л.Ц. Выгонная) [17], “Созвучие слов живых” (аўтар М.А. Палкін) [18], “Разговор о психолингвистике” (аўтар В.А. Маслава) [19].

Кніга “Шчодрасць слова” расказвае пра адзін з найстаражытнейшых спосабаў утварэння новых слоў – складанне. Аўтар дае класіфікацыю складаных слоў, паказвае іх функцыі і сферы ўжывання, фармулюе правілы напісання такіх слоў. Значнае месца ў кнізе адводзіцца абрэвіятурам, падрабязна апісаны іх віды. Вельмі цікавы гістарычны фрагмент кнігі, у якім згадваюцца старажытныя складаныя словы і помнікі пісьменнасці, у якіх яны былі ўжытыя.

Кніга “Ад гука да літары” ўводзіць чытача ў свет гукаў і літар, паказвае іх складаныя суадносіны, запрашае актыўна ўключыцца ў назіранні над мовай, якія дапамагаюць лепш засвоіць правапіс і больш свядома ставіцца да вуснага маўлення [17, с. 6]. Класіфікацыю зычных і галосных гукаў сучаснай беларускай мовы і правілы іх вымаўлення, асаблівасці націску ў беларускай мове, правілы інтанавання сказаў з пэўнымі знакамі прыпынку – усё гэта можна вывучыць па кнізе Л.Ц. Выгоннай, у якой фанетычная інфармацыя падаецца ў даступнай і займальнай форме.

Прадмет апісання ў кнізе “Созвучие слов живых” М.А. Палкіна – мова лірычнай паэзіі. Гэта кніга – своеасаблівая паэтычная азбука, у якой раскрываюцца асаблівасці паэтычнага маўлення, апісваюцца многія віды тропаў, характарызуюцца рытміка, мелодыка і фанетычны лад паэтычных тэкстаў. Кніга М.А. Палкіна навучае чытаць і разумець вершы, развівае моўны густ, фарміруе ўяўленне аб мове лірычнай паэзіі як найвышэйшай форме мастацкай творчасці.

“Разговор о психолингвистике” В.А. Маславай – заключная кніга серыі “Скарбы мовы”. Яна ўводзіць чытача ў сферу навуковай дысцыпліны, якая ўзнікла на стыку мовазнаўства і псіхалогіі і якая даследуе ўзаемасувязі мовы і мыслення чалавека. Аўтар расказвае пра ўзнікненне псіхалінгвістыкі, акрэслівае прадмет яе вывучэння, мэты і задачы. Значная частка кнігі адведзена апісанню будовы і дзейнасці галаўнога мозга чалавека;  асобныя раздзелы прысвечаны фонасемантыцы, тэорыі маўленчай камунікацыі, а таксама правілам маўленчага этыкету.

З’яўленне серыі навукова-папулярных кніг “Скарбы мовы” на мяжы 80-х–90-х гадоў XX стагоддзя  не было выпадковым: іменна ў гэты час беларуская лінгвістыка дасягнула значных поспехаў у сваім развіцці. Аўтары серыі паставілі перад сабой задачу – патлумачыць маладым людзям, якія стаяць у пачатку жыццёвага шляху, што такое мова, якія яе функцыі ў грамадстве, калі і як людзі навучыліся пісаць, які гістарычны лёс беларускай мовы і пісьменнасці, у чым сакрэт выразнасці і багацця маўлення, як авалодаць мовай – найважнейшым набыткам чалавека [3, вокладка]. Гэта задача была цалкам вырашана, і мы атрымалі ў спадчыну кнігі, якія да гэтага часу не састарэлі і могуць выкарыстоўвацца не толькі школьнікамі, але і студэнтамі філалагічнага факультэта, і ўсімі, хто цікавіцца лінгвістыкай як навукай. Мэта ж гэтага артыкула заключалася ў тым, каб у Год Кнігі, якім з’яўляецца 2012 год, аддаць даніну павагі і ўдзячнасці тым беларускім мовазнаўцам, якія плённа папрацавалі на карысць папулярызацыі лінгвістыкі.

 

Спіс літаратуры

1. Энциклопедический словарь юного филолога (языкознание) / Сост. М.В. Панов. – М.: Педагогика, 1984. – 352 с.

2. Никитевич, В.М. Рассказы о языке / В.М. Никитевич. – Мн.: Нар. асвета, 1982. – 80 с.

3. Михневич, А.Е. В глубь слова человеческого / А.Е. Михневич. – Мн.: Народная асвета, 1982. – 64 с.

4. Жураўскі, А.І. Мова нашых продкаў / А.І. Жураўскі. – Мн.: Нар. асвета, 1983. – 64 с.

5. Каўрус, А.А. Культура слова / А.А. Каўрус. – Мн.: Нар. асвета, 1983. – 78 с.

6. Украинцев, В.Н. Славянские языки и славянские народы / В.Н. Украинцев. – Мн.: Нар. асвета, 1985. – 80 с.

7. Шпадарук, І.П. Чаму мы так гаворым / І.П. Шпадарук, В. В. Рудакоўскі. – Мн.: Нар. асвета, 1985. – 72 с.

8. Свяжынскі, У.М. Слова Скарыны / У.М. Свяжынскі. – Мн.: Нар. асвета, 1984. – 74 с.

9. Лепешаў, І.Я. Моўныя самацветы / І.Я. Лепешаў. – Мн.: Нар. асвета, 1985. – 72 с.

10. Булыка, А.М. З моў блізкіх і далёкіх / А.М. Булыка. – Мн.: Нар. асвета, 1986. – 72 с.

11. Крывіцкі, А.А. Што такое лінгвагеаграфія / А.А. Крывіцкі.  – Мн.: Нар. асвета, 1986. – 72 с.

12. Щербин, В.К. Вселенная в алфавитном порядке / В.К. Щербин. – Мн.: Нар. асвета, 1987. – 80 с.

13. Волынец, Т.Н. Язык дружбы / Т.Н. Волынец. – Мн.: Нар. асвета, 1987. – 71 с.

14. Михневич, А.Е. Язык, которого нет / А.Е. Михневич. – Мн.: Нар. асвета, 1988. – 80 с.

15. Федотова, Н.В. Неспроста слово молвится / Н.В. Федотова. – Мн.: Нар. асвета, 1988. – 72 с.

16. Прыгодзіч, М.Р. Шчодрасць слова / М.Р. Прыгодзіч. – Мн.: Нар. асвета, 1990. – 79 с.

17. Выгонная, Л. Ц. Ад гука да літары / Л.Ц. Выгонная. – Мн.: Нар. асвета, 1991. – 78 с.

18. Палкин, М.А. Созвучье слов живых / М.А. Палкин. – Мн.: Нар. асвета, 1991. – 80 с.

19. Маслова, В.А. Разговор о психолингвистике / В.А. Маслова. — Мн.: Нар. асвета, 1992. — 80 с.

Запись опубликована в рубрике Аспекты коррекционно-развивающего обучения во вспомогательных учреждениях образования. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>