Назіраючы за работай настаўнікаў на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах (большасць з якіх цяпер – рускамоўныя), хутка заўважаеш, што асноўныя цяжкасці актыўнага пазнання роднай мовы звязаны, перш за ўсё, з вельмі нізкім узроўнем развіцця ў дзяцей лексічнага і фразеалагічнага запасу. Вырашыць ці значна палепшыць дадзеную сітуацыю, па меркаванню аўтара, могуць так званыя «лексічныя хвілінкі» – некалькі хвілін у структуры кожнага камбінаванага ўрока (ці іншых форм урока, акрамя пераказа, пераклада, сачынення ці кантрольнага ўрока), прысвеченых узбагачэнню і актывізацыі лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў.
Для таго, каб праверыць праўдзівасць дадзенага меркавання на базе двух пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 горада Ваўкавыска быў праведзены педагагічны эксперымент.
Мэта эксперыменту – даследаваць, ці ўплывае мэтанакіраваная лексіка-фразеалагічная дзейнасць на ўроках беларускай мовы на ўзровень лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў пачатковых класаў. Для дасягнення пастаўленнай мэты рэалізоўваліся наступныя задачы:
1. Даследаваць першапачатковыя ўзроўні лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў двух трэціх класаў, параўнаць іх.
2. На працягу некаторага часу з вучнямі аднаго з эксперыментальных класаў праводзіць мэтанакіраваную лексічную работу – «лексічныя хвілінкі»
3. Паўторна даследаваць узроўні лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў эксперыментальных класаў, параўнаць іх паміж сабою і з першапачатковымі вынікамі.
4. Даць параўнальную колькасную і якасную характарыстыку па выніках эксперыменту, зрабіць пэўныя вывады.
Гіпотэза эксперыменту была прадстаўлена наступнымі сцвярджэннямі:
• мэтанакіраваная лексіка-фразеалагічная работа на кожным уроку беларускай мовы ў пачатковых класах садзейнічае пашырэнню лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў;
• правадзімая лексіка-фразеалагічная работа павінна ўключаць практыкаванні, заданні і звесткі не толькі тэарэтычнага характару, але і практычнага;
• дастаткова адводзіць 5–7 хвілін для лексіка-фразеалагічнай работы на кожным уроку мовы, каб атрымаць павышэнне ўзроўня лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў пачатковых класаў.
Як і любы педагагічны, дадзены эксперымент складаўся з трох этапаў: канстатуючага, навучальнага і кантралюючага.
Канстатуючы этап. Галоўнай мэтай дадзенага этапу было вызначэнне першапачатковага ўзроўню развіцця лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў трэціх класаў. Для гэтага вучням 3 «А» і 3 «Б» класаў былі прапанаваны тэставыя заданні, па выніках выканання якіх можна было атрымаць дадзеныя па наступным накірункам:
• паказчыкі агульнай колькасці правільных адказаў;
• паказчыкі колькасці правільных адказаў на пытанні па авалоданні тэорыяй;
• паказчыкі колькасці правільных адказаў на пытанні па прымяненні тэарэтычных ведаў на практыцы;
• паказчыкі колькасці правільных адказаў на пытанні для выяўлення ўзроўня багацця лексічнага запасу;
• паказчыкі колькасці правільных адказаў на пытанні для выяўлення ўзроўня багацця фразеалагічнага запасу.
Раздзяленне ўсіх заданняў па накірунках дазваляе даследаваць лексічны і фразеалагічны запас вучняў па розных аспектах. Даследванне ўсіх аспектаў дазваляе ацаніць узровень дзяцей комплексна і зрабіць на падставе гэтага аб’ектыўныя вывады.
Тэставыя заданні, якія прапаноўваліся для выканання дзецям мелі розную форму:
• выбраць з прапанаваных адзін правільны варыянт: Як перакласці на рускую мову слова «пакой»?
а) квартира; б) комната; в) покой.;
• выбраць з прапанаваных некалькі правільных варыянтаў: Падкрэсліце словы-назвы школьных прылад:
а) сшытак; б) шклянка; в) тэлевізар; г) гумка; д) капялюш.;
• знайсці “чацвёртае лішняе”: Знайдзіце «чацвёртае лішняе» слова ў кожным радку.
а) снежань, студзень, люты, злосны;
б) зубр, алень, бусел, рысь;
в) чарніцы, морква, маліны, суніцы;
г) яечня, мяса, расліна, дранікі;
д) бурак, гурок, булён, гарох.
• уставіць прапушчанае слова: Якое слова трэба ўставіць у гэты сказ?
Мы выканалі … і вусныя заданні.
а) пісьмовыя; б) пісьменныя.
• выбраць праўдзівае выказванне: З якімі выказваннямі вы згодны?
а) Слова можа называць розныя, але падобныя паміж сабой прадметы.
б) Адно слова можа называць толькі адзін прадмет.
в) Сінонімы – гэта словы, падобныя па гучанні.
г) Сінонімы – гэта словы, падобныя па значэнні.
д) Антонімы – гэта словы з процілеглым значэннем.
• дапісаць абагульняючае паняцце: Замяні адным словам:
А) Аладка, блін з дранай бульбы – ________________________.
Б) Знак для абазначэння ліку – ______________________.
В) Даглядчык, ахоўнік лесу – _____________________.
Г) Лятучая мыш – _________________________.
Гэта дазволіла пазбегнуць хуткай стамляемасці дзяцей, да якой, звычайна, прыводзіць аднатыпная напружаная разумовая дзейнасць. Папярэдзіць стамляемасць дазволілі таксама фізхвілінкі.
На выкананне ўсіх трыццаці заданняў адводзілася 40 хвілін (эксперымент праводзіўся ў час урока), але ж некаторыя вучні справіліся з выкананнем значна хутчэй, таму ў іх быў час пераправерыць пытанні, якія выклікалі цяжкасці.
Настаўнік і эксперыментатар сачылі, каб вучні працавалі самастойна, падтрымлівалі дысцыпліну. Тыя вучні, у каго ўзнікалі пытанні, падымалі руку і чакалі, пакуль да іх асабіста падыйдуць. Зразумела, што вучні мелі права спадзявацца на дапамогу толькі ў арганізацыйных пытаннях.
Заданні выконваліся вучнямі на асабістых лістах-картках. Змест заданняў заранёў правяраўся і быў адобраны настаўнікамі эксперыментальных класаў. Кожнае заданне было надрукавана з улікам узроставых асаблівасцей вучняў трэцяга класа – іх увагі, успрымання, зрокавай памяці. Заданні выдзелены асобнымі шрыфтамі і аддзелены адно ад другога абзацамі, што значна паляпшае ўспрыманне.
Пасля выканання дзецьмі заданняў, работы былі сабраны для праверкі. Па просьбе вучняў з імі былі вусна разгледжаны ўсе пытанні тэстаў, агучаны правільныя адказы.
Па выніках праверкі тэставых заданняў былі атрыманы дадзеныя, якія дазволілі не толькі ацаніць узровень лексічнага і фразеалагічнага запасу 3-класнікаў, але і параўнаць узроўні вучняў абодвух эксперыментальных класаў.
Пасля суаднясення атрыманых паказчыкаў з максімальна магчымымі вынікамі і выражэння гэтых паказчыкаў у працэнтах, атрымалі наступнае
Па ўсіх даследуемых аспектах вучні 3 «А» класа прадэманстравалі лепшыя вынікі. Як відаць з дадзенай табліцы, агульная колькасць правільных адказаў у 3 «А» класе на 15 % большая, чым у 3 «Б»; з іх на пытанні па авалоданні тэорыяй ~ на 6 % больш; з іх на пытанні па прымяненні ведаў на практыцы ~ на 11 % больш; з іх на багацце лексічнага запасу ~ на 26 % больш; з іх на багацце фразеалагічнага запасу ~ на 6 % больш.
У цэлым жа, як відаць з дадзенай табліцы, вучні абодвух класаў прадэманстравалі даволі нізкі ўзровень па ўсіх аспектах: асабліва узровень багацця лексічнага і фразеалагічнага запасу.
Навучальны этап. Паколькі лепшых вынікаў па ўсіх паказчыках на канстатуючым этапе эксперымента дасягнулі вучні 3 «А» класа, было прынята рашэнне, што дадатковую работу па ўзбагачэнні і актывізацыі лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў неабходна праводзіць менавіта з вучнямі 3 «Б» класа. Тлумачыцца гэта вельмі проста. Калі б навучальны эксперымент праводзіўся ў 3 “А” класе, то ў выніку кантралюючага этапу (згодна з гіпотэзай) вучні павінны былі б прадэманстраваць вышэйшы ўзровень. Але ж, у параўнанні з 3 «Б» класам, які першапачаткова быў слабейшы, 3 «А» клас ужо валодае вышэйшым узроўнем. Таму нельга было б зрабіць аб’ектыўны вывад аб тым, ці паўплывала дадатковая лексічная і фразеалагічная работа на гэты ўзровень. А таму навучальны этап дадзенага педагагічнага эксперыменту рэалізоўваўся толькі ў 3 «Б» класе.
Амаль на кожным уроку беларускай мовы (акрамя кантрольных урокаў, пераказаў, перакладаў) з дазволу адміністрацыі школы на працягу 3-х месяцаў у класе праводзіліся так званыя “лексічныя хвілінкі” (працягласцю 5–7 хвілін), у рамках якіх дзеці выконвалі розныя цікавыя заданні, абмяркоўвалі іх і правяралі. Работа вялася з мэтай паляпшэння тых вынікаў, якія дзеці прадэманстравалі на канстатуючым этапе, а менавіта:
з мэтай узбагачэння лексічнага запасу;
з мэтай узбагачэння фразеалагічнага запасу;
з мэтай узнаўлення і паўтарэння тэарэтычных ведаў па лексіцы (нагадаем, што з імі дзеці знаёміліся ў папярэднім паўгоддзі);
з мэтай выпрацоўкі ўменняў і навыкаў прымянення набытых ведаў на практыцы.
На дадзеных занятках не ставілася мэты паглыбіць ці пашырыць ужо набытыя дзецьмі ў першым паўгоддзі веды па лексіцы, неабходна было толькі ўзнавіць іх, паўтарыць і больш трывала замацаваць. Такім чынам, «лексічныя хвілінкі» былі, па-сутнасці, дадатковым этапам у структуры камбінаваных урокаў, як фізхвілінкі ці хвілінкі чыстапісання.
Амаль усе заданні падаваліся ў нетрадыцыйнай форме, што выклікала цікавасць у дзяцей і імкненне актыўна працаваць. Так, вучням прапаноўвалася здзейсніць незвычайнае падарожжа, дапамагчы нечаканаму госцю, «сабраць у кошыкі садавіну», разгадаць крыжаванку, паслухаць гістарычную даведку ці гумарыстычны верш, паблукаць у вясновым лесе ці пахлопаць у далоні. Вось некаторыя з іх.
«На сённяшнім занятку я запрашаю вас у невялічкае падарожжа ў вясновы лес. Што можна сустрэць у лесе вясной? Які ён – лес у гэту пару?
Спачатку у нас на шляху ўзнікла дрэва. Лісточкаў на ім яшчэ вельмі мала, але нас цікавіць не гэта, а тое, якое заданне тут схавана. На ствале дрэва вы можаце прачытаць галоўнае слова. Гэта слова – «поле». На галінках схаваліся іншыя словы. Давайце вызначым, якія з іх падыходзяць да слова «поле»: сумнае, жытнёвае, смелае, шырокае, залацістае.
Цяпер мы выйшлі на сонечны ўзгорачак, дзе ўжо распусціліся першыя кветкі. Як яны называюцца? Пралескі. Пралесачкі падрыхтавалі для вас вось якое заданне: на іх пялёстках запісаны словы. Паспрабуйце да кожнага з іх падабраць па аднаму сіноніму і антоніму: павольны – няхуткі, шпаркі; доўгі – працяглы, кароткі; смелы – храбры, баязлівы; размаўляць – гутарыць, маўчаць; сімпатычны – прыгожы, брыдкі.»
Выкарыстоўваўся, таксама, яскравы і змястоўны наглядны матэрыял: малюнкі, схемы, табліцы, выявы казачных герояў.
Кантралюючы этап. Мэтай кантралюючага этапу было даследаваць новы ўзровень развіцця лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў эксперыментальных класаў. Вынікі вельмі хвалявалі, паколькі яны маглі падцвердзіць або абвергнуць гіпотэзу даследвання.
Кантралюючы этап праводзіўся па прыкладу канстатуючага этапу, толькі тэставыя заданні, зразумела, былі іншымі. Але па-ранейшаму, іх змест і афармленне адпавядалі неабходным патрабаванням.
На гэты раз, выкананне тэстаў выклікала менш пытанняў у вучняў, асабліваў вучняў 3 «Б» класа, дзе праводзіўся навучальны этап эксперыменту.
Пасля суаднясення атрыманых паказчыкаў з максімальна магчымымі вынікамі і выражэння гэтых паказчыкаў у працэнтах і параўнанні новых паказчыкаў з паказчыкамі канстатуючага этапу, атрымалі, што вучні 3 «Б» класа не толькі павысілі свой узровень, але і пераўзышлі ўзровень 3 «А» класа амаль па ўсіх накірунках
Такім чынам, мэтанакіраваная лексіка-фразеалагічная работа на кожным уроку беларускай мовы ў пачатковых класах садзейнічае пашырэнню лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў. Правадзімая лексіка-фразеалагічная работа павінна ўключаць практыкаванні, заданні і звесткі не толькі тэарэтычнага характару, але і практычнага, што і было даказана ў ходзе эксперыменту.
Пры гэтым дастаткова адводзіць 5–7 хвілін для лексіка-фразеалагічнай работы на кожным уроку мовы, каб атрымаць павышэнне ўзроўню развіцця лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў пачатковых класаў.