Сечка К.У. Вывучэнне звонкіх і глухіх зычных гукаў і літар

Утварэнне зычнага гуку звязана з пераадоленнем паветранага струменя перашкод у поласці роту, утвараемых языком, вуснамі, зубамі, нёбам. Пры пераадольванні перашкод ўзнікае шум – абавязковы кампанент зычнага гуку. У некаторых (звонкіх) зычных, акрамя шуму, прысутнічае голас, які ўтвораны калыханнем галасавых звязак.
Паміж зычнымі гукамі і літарамі існуюць складаныя гукавыя суадносіны. У сучаснай беларускай літаратурнай мове 39 зычных гукаў, якія абазначаюцца на пісьме 21 адпаведнай літарай. Гэта колькаснае адрозненне звязана з асноўнай асаблівасцю беларускай графікі – спосабам адлюстравання цвёрдасці і мяккасці зычных на пісьме.
Таму трэба ведаць спецыяльныя правілы перадачы кожнага гука на пісьме і вуснага чытання кожнай літары [1, с. 22].
У беларускай мове зычныя гукі абазначаюцца літарамі: б, в, г, д, ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш. Трэба засяродзіць увагу, што зычны гук пры вымаўленні сустракае перашкоду: губы, зубы, язык. Зычны гук вымаўляецца з удзелам шуму і голасу ці толькі з удзелам шуму [2, с. 20].
Звонкія і глухія зычныя адрозніваюцца ўдзелам/без ўдзелу голасу пры ўтварэнні зычнага гука.
Звонкія складаюцца з шуму і голасу. Пры іх вымаўленні паветраны струмень не толькі пераадольвае перашкоду ў поласці рота, але і калыша галасавыя звязкі. Звонкімі з’яўляюцца наступныя гукі: [б], [б'], [в], [в'], [г], [г'], [д], [дз'], [дж], [ж], [з], [з'], [й'], [л], [л'], [м], [м'], [н], [н'], [р].
Глухія зычныя вымаўляюцца без голасу, калі галасавыя звязкі застаюцца ненапружанымі, і складаюцца толькі з шуму. Глухімі з’яўляюцца наступныя зычныя гукі: [к], [к'], [п], [п'], [с], [с'], [т], [ц'], [ф], [ф'], [х], [х'] [ц], [ч], [ш], [ў].
Вылучаюць 13 пар процілеглых па глухасці/звонкасці зычных: [б] – [п], [б'] – [п'], [в] – [ф], [в'] – [ф'], [г] – [к], [г'] – [к'], [г] – [х], [г'] – [х'] [д] – [т], [дз'] – [ц'], [з] – [с], [з'] – [с'], [ж] – [ш]. Пералічаныя гукі з’яўляюцца, адпаведна, або звонкімі парнымі, або глухімі парнымі.
Астатнія зычныя характарызуюцца як няпарныя. Да звонкіх няпарных адносяць: [й'], [л], [л'], [м], [м'], [н], [н'], [р], да глухіх няпарных – гукі [ц], [ч].
Сказанае можна выразіць у наступнай табліцы:

Звонкія зычныя – гэта гукі, пры вымаўленні якіх чуецца голас і шум. Глухія зычныя – гэта гукі, пры вымаўленні якіх чуецца толькі шум. Добра, калі для іх акустычнага аналізу будуць узяты словы, якія адрозніваюцца па магчымасці толькі адным гукам: [б]от – [п]от, [д]ом – [т]ом, [ж]ыў – [ш]ыў, ка[з]а – ка[с]а , або калі гэтыя гукі будуць узяты ў кантэксце склада [б]о – [п]о і г.д. Могуць быць выкарыстаны прыклады з комплексам гукаў, калі плануецца аналіз толькі першых гукаў: [дж]ала – [ч]мель, на[г]а – му[х]а [3, с. 226].
Настаўнік павінен дабіцца, каб школьнікі трывала запомнілі парныя звонкія і глухія зычныя гукі, як і парныя па цвёрдасці-мяккасці. Калі вучні называюць парныя суадносіны гукаў, яны пацвярджаюць вельмі важны факт: у мове ёсць фанетычная сістэма. Да таго ж веданне парных звонкіх і глухіх спатрэбіцца ў далейшым для правапісу прыставак і каранёў слоў (адкінуць, агляд, лодка). Другі клопат настаўніка – звярнуць увагу дзяцей на тое, што адзін і той жа парны звонкі або глухі зычны можа абазначацца рознымі літарамі (шар – нож, зерне – касьба). Правільнае засваенне гэтай з`явы будзе садзейнічаць і правільнаму правядзенню гукавога аналізу, ліквідацыі блытаніны літар і гукаў. Адлюстраванне памылковай гука-літарнай асацыяцыі мы бачым, напрыклад, у сцверджанні, што нібы ў слове лыжка два звонкія зычныя гукі, і ў няправільна сфармуляваных заданнях: «Прыдумаць словы са звонкім зычным на канцы», «Назваць мяккі звонкі гук у слове гразь».
Для выдзялення звонкіх і глухіх зычных гукаў можна выкарыстаць наступныя прыёмы:
1.    Прапанаваць вымавіць гучна гукі [в], [б], [з] і [к], [п], [т]. Вучні пераконваюцца, што першыя тры гукі можна вымавіць гучна, а астатнія – нельга. Значыць, першыя складаюцца з голасу і шу¬му і з’яўляюцца звонкімі, а другія – толькі з шуму і з’яўляюцца глухімі.
2.    Закрыць вушы далонямі і выразна вымавіць тыя ж гукі. Пры вымаўленні звонкіх зычных чуецца ў вушах своеасаблівы «звон», г.зн. голас; пры вымаўлен¬ні глухіх «звон» адсутнічае.
3.    Прылажыць да горла два пальцы і вымавіць гукі [б], [з], а потым [п], [с]. Вучні заўважаць, што пры вымаў¬ленні звонкіх гукаў адчуваецца дрыжанне галасавых звязак, а пры вымаўленні глухіх галасавыя звязкі не дрыжаць.
Апошні прыём можна параіць выкарыстоўваць для самакантролю пры выпрацоўцы навыку правільнага вымаўлен¬ня звонкіх і глухіх гукаў.
Школьнікі адзначаюць, што ў канцы слоў парныя па звонкасці-глухасці гукі супадаюць у адным глухім. Гэта яшчэ адна асаблівасць, на аснове якой асоб¬ныя гукі аб’ядноўваюцца ў пары па звон¬касці-глухасці. Няпарныя звонкія гукі на канцы і ў сярэдзіне слоў вымаўляюцца нязменна: да[м]ы – до[м], ста[л]ы – сто[л].
Можна таксама звярнуць увагу вучняў і на такую асаблівасць, як прыпадабненне парных гукаў па звонкасці-глухасці ў сярэдзіне слоў: пра[с']іць – про[з']ба, ва[з'] іць – ве[c']ці.
Наступны зычны як бы патрабуе, каб на яго быў падобны папярэдні зычны, таму глухі перад звонкім азванчаецца, а звонкі перад глухім аглушаецца.
Высокі ўзровень фанетычнай падрыхтоўкі настаўніка – адна з умоў правільнага навучання дзяцей гукавой сістэмы мовы [3, с. 227-228].
Утварэнню навыкаў адрозніваць і выдзяляць пары зычных на слых дапамогуць практыкаванні наступных тыпаў:
- параўнанне і супастаўленне слоў па гукавым складзе і па сэнсе, напрыклад: вугал – вугаль, вугалёк – вугалок, рыс – рысь, лук – люк, бэз – без;
- завучванне скорагаворак, вершаваных радкоў для выпрацоўкі нормы вымаўлення асобных гукаў, іх спалучэнняў, месца націску;
Пасля адлігі закруціў мароз,
Ударыла у сцены завіруха,
Шыпшыннік за маім акном аброс
Празрыстым, лёгкім лебядзіным пухам.
(С. Грахоўскі)
Пад шум, пад грукат навальніцы,
Як бы па знаку чараўніцы,
Ўстаюць-растуць на лузе копкі,
І луг пабраўся ўвесь у бобкі,
А пад хваінаю на грудзе
Вакол стажка аж кішаць людзі,
Гарачка ўсіх бярэ такая,
Што пот ім вочы засцілае,
Бо хмара сіваю градою
Ўжо звісла нізка над зямлёю.
(Якуб Колас)
-     пераклад з рускай мовы на беларускую (человек, черепаха, букварь, гнев, семдесят, веселье, травка);
-    параўнанне і супастаўленне слоў беларускай і рускай моў паводле нормы вымаўлення гукаў, спалучэнняў гукаў, месца націску і інш.
Голуб – голубь, Об – Обь, верф – верфь, ряд – рад, редко – рэдка, чистый – чысты, дирижер – дырыжор, тема – тэма, ночью – ноччу.
Для выпрацоўкі навыкаў – суадносіць гучанне і пісьмо, і наадварот, больш пашыраныя спецыяльныя практыкаванні на аналіз пачутага ці запісанага (праца з падручнікам ці іншым матэрыялам):
-    падбор слоў, у якіх колькасць гукаў і літар супадае ці не супадае; маецца разыходжанне ў напісанні і вымаўленні ці не (боб, год, бэз, луг, нож, дождж);
- характарыстыка напісання і вымаўлення слоў, у якіх назіраюцца аглушэнне на канцы слова; аглушэнне ў пазіцыі перад глухім; азванчэнне ў пазіцыі перад звонкім; памякчэнне ў пазіцыі перад мяккім; пераход свісцячага ў шыпячы ў пазіцыі перад шыпячым; пераход шыпячага ў свісцячы ў пазіцыі перад свісцячым (бярозкі, малацьба, грыбкі, сыраежкі, ягадкі, касьба, дубкі).
Заданні-задачы:
1. Якія словы атрымаюцца, калі:
а) звонкія зычныя замяніць парнымі глухімі: домік, жыць, казка;
б) глухія зычныя – парнымі звонкімі: помпа, суп.
2. Які гук неабходна вымавіць і чаму у словах дож[дж]/[ч], зага[т]/[д]ка, кру[ж]/[ш]ка, маро[с]/[з], ха[дз’][/[ц’]ба?
Такім чынам, веданне цвёрдых, зацвярдзелых і мяккіх гукаў і літар у пачатковых класах вырашае задачы ўдасканалення фанетычных і графічных уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў, развівае фанематычны слых вучняў, вучыць правільна вымаўляць гукі і абазначаць на пісьме літарамі.

Спіс літаратуры

1.    Протчанка, В.У. Выкладанне беларускай мовы і літаратуры / В.У. Протчанка, В.У. Піскун, У.Ц. Яленскі; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Нар. асвета, 1983. –176 с.
2.    Паўлоўскі, І.І. Беларуская мова: вучэб. дапам. для 2 кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з беларус. мовай навучання. у 2 ч. / І.І. Паўлоўскі, Л.Ф. Леўкіна. – Мінск: НІА, 2006. Ч. 1 – 128 с. : іл.
3.    Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / пад рэд. А.П. Шанько. – Мінск, 1986.

Запись опубликована в рубрике Теория и практика современного начального образования. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>