У 2013 годзе педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адзначае сваё 55-годдзе. Спецыялісты, якія былі падрыхтаваны на нашым факультэце, працуюць у розных навучальных установах, у розных галінах нашай гаспадаркі, органах дзяржаўнай улады. Некаторыя з іх звязалі свой лёс з нашым універсітэтам – Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, Міхаіл Міхайлавіч Баброўнік, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, Яўген Уладзіміравіч Піульскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Вера Антонаўна Місцюк, кандыдат педагагічных навук, дацэнт – гэта выкладчыкі старэйшага пакалення. І зараз прафесарска-выкладчыцкі склад папаўняецца маладымі, таленавітымі выпускнікамі факультэта. Другія ж вsпускнікі ўсё сваё жыццё прысвяцілі дзецям малодшага школьнага ўзросту. Факультэт ганарыцца імі. А мы бачым сваю задачу ў тым, каб расказаць пра іх лёс, пра іх педагагічную дзейнасць. Яны заслугоўваюць гэтага таму, што пакінулі нам, сваім нашчадкам, багатую спадчыну, якая вельмі часта застаецца схаванай у архіўных дакументах, але яны маўчаць…
Праглядаючы архіўныя справы, якія знаходзяцца ў абласным і іншых архівах нашага горада, мы звярнулі ўвагу на такі запіс:
“Представлены к занесению в Золотую книгу ВДНХ:
8. Манина Е.И., 1922 г. рождения, белоруска, член КПСС с 1962 г., образование высшее, заслуженная учительница БССР, стаж 22 года.
15 ноября 1967 г.” [1, л. 351].
Для чалавека, імя якога занесена ў “Залатую кнігу ВДНХ”, – гэта вельмі пачэсная ўзнагарода!
Дык хто ж яна – Маніна Алена Іванаўна? Гэты запіс, знойдзены ў архіве, і вызначыў прадмет нашага даследавання, які будзе складацца з дзвюх частак. Мэта першай часткі заключаецца ў тым, каб даведацца аб дзіцячых, юнацкіх гадах Алены Іванаўны, аб педагагічнай дзейнасці, якая стала пачаткам фарміравання яе педагагічнага почырку. У другой частцы мы хочам зрабіць спробу расказаць пра Алену Іванаўну як настаўніцу, педагога, выхавацеля дзяцей малодшага школьнага ўзросту, Героя Сацыялістычнай Працы, даць аналіз яе педагагічнай дзейнасці ў Парэчскай школе-інтэрнаце паводле тых звестак, якія нам удалося здабыць з розных крыніц.
У зборніку “Героі народнай асветы” [2, с.126– 175] падрабязна распавядаецца пра жыццёвы шлях Алены Іванаўны Серпікавай (Манінай).
Нарадзілася Алена Іванаўна 10 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Дзягавічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і, у якой было шасцёра дзяцей, і Алена была самай малодшай. Там жа ў 1930 годзе яна пайшла ў пачатковую школу. І пад уплывам сваёй першай настаўніцы Марыі Фёдараўны Лычовай зрабіла свой выбар, адзін на ўсё жыццё, – быць настаўніцай. Пасля заканчэння сямі класаў яна паступіла ў Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча і пасля яго заканчэння ў 1939 годзе атрымала прызначэнне загадчыцай Баяноўскай пачатковай школы Глускага раёна Палескай вобласці.
На жаль, архіў вучылішча не захаваўся, і на наша запытанне аб вучобе Алены Іванаўны ў вучылішчы ніякіх звестак мы не атрымалі. Але ў архіве Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў асабістай справе студэнткі А.І. Манінай мы знайшлі копію пасведчання.
У Баяноўскай пачатковай школе яна выкладала ў другім і чацвёртым класах. Як і ў кожнага пачынаючага настаўніка, у Алены Іванаўны не было вопыта, але было гарачае жаданне ажыццявіць сваю мару. Не ўсё адбывалася так, як хацела; не на ўсе пытанні знаходзіла адказы. На дапамогу прыходзілі старэйшыя настаўнікі, дапамагалі метадычныя дапаможнікі. Ну, вось, як ёй, маладой настаўніцы, вырашыць такую вялікую метадычную праблему, якая заключалася ў наступным:
На ўроку адбываецца такі дыялог настаўніцы і вучаніцы:
- Сёння будзем вывучаць літару “я”. Вольга, якую літару мы будзем вывучаць?
- Літару “ты”.
- Не, Вольга, не літару “ты”, а літару “я”.
- Дык, я і кажу – “ты”.
- Вольга, скажы – “мяса”. Якая тут літара ёсць?
- “Мя”.
- Добра, Вольга. Скажы – “яблык”.
- Тыблык.
Колькі такіх псіхалагічных, лагічных і іншых цяжкасцей выпадае на долю настаўніка! І ён іх вырашае. Вырашала і Алена Іванаўна. Гэта быў пачатак яе самастойнага жыцця, поўнага радасцей і надзей. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая ўнесла свае жорсткія карэктывы ў жыццё савецкіх людзей. Алену Іванаўну, пасля расстрэлу ў 1942 годзе нямецкімі акупантамі яе мужа, прынялі ў партызанскую брыгаду імя В.І.Чапаева, якая была створана ў красавіку 1942 года.
У складзе брыгады імя В.І.Чапаева ўваходзіў атрад імя П.К.Панамарэнкі. Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на варожых камунікацыях Слуцк-Старыя Дарогі інш. Разам з другімі партызанамі Алена Іванаўна ўдзельнічала ў “рэйкавай вайне” на чыгунцы каля Старых Дарог, прымала ўдзел у сакавіку 1943 года ў знішчэнні чыгуначнага вузла Старушкі – саўгас “Сосны”, была партызанскай сувязной [3, c.143-144], [4, c.143-148].
За доблесць і мужнасць, выяўленыя ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Алена Іванаўна была ўзнагароджана медалём “Партизану отечественной войны” І ступені (загад начальніка Беларускага штаба партызанскага руху №217/4 ад 18 жніўня 1944 года), а пазней, медалём “За победу над Германией в Великой Отечественной войне”.
Пасля вайны Алену Іванаўну прызначылі настаўніцай Касцюкоўскай пачатковай школы Любанскага раёна. Гэтыя першыя пасляваенныя гады былі цяжкімі і напружанымі. Многія настаўнікі загінулі ў баях, педагагічных кадраў не хапала. Настаўнік з сярэдняй педагагічнай адукацыяй быў вельмі адукаваным чалавекам, і таму Алену Іванаўну часта пераводзілі з адной школы ў другую, каб “аказаць дапамогу ў наладжванні школьнай справы”. Аб гэтым сведчаць яе працоўная кніжка і “Личный листок по учёту кадров», запоўнены 7 студзеня 1960 г. [5, л.л. 94-96, л.л. 83-84].
У 1945-1946 гадах яна выкладае матэматыку (свой любімы прадмет) у 5-6 класах Крытышынскай сямігадовай школе Любчанскага раёна. З верасня па снежань 1946 года працуе ў Краснадарскім краі настаўніцай пачатковых класаў. Алене Іванаўне даручылі першы клас, у які сабралі пераросткаў, што хадзілі ў школу ўжо не першы год.
27 студзеня 1948 года Алена Іванаўна Маніна правяла першыя ўрокі ў Запур’і.
У 1950 годзе пераведзена настаўніцай беларускай мовы ў 5-7 класах у Салацце.
У 1954 годзе зноў прыйшлося пераязджаць. Райана паслаў Алену Іванаўну за Нёман, у вёску Дарошавічы.
З 5 чэрвеня 1957 года па 1961 год працуе завучам Парэчскага дзіцячага дома №1. 20 жніўня Алену Іванаўну прызначылі загадчыцай навучальнай часткі[6].
З гэтага часу пачынаецца другі перыяд яе педагагічнай дзейнасці.
Бібліяграфічны спіс
- “НМУ” Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф.730. – Оп.1. – Стр. 964.
- Героі народнай асветы.с.126–175.
- Партызанская брыгада імя П.К.Панамарэнкі // БелСЭ/рэдкал.: П.У.Броўка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск 1975. – Т.8. – с. 143-144.
- Героі народнай асветы.c.143-148
- Архіў УА “Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”. Асабовыя справы выпускнікоў факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання, выпуска 1964 г.
- Архіў аддзела адукацыі выканаўчага камітэта народных дэпутатаў Гродзенскага раёна. Асабовыя справы ўволеных работнікаў. 1983-1986 г.г.