Дуднік В.У. ВЫКАРЫСТАННЕ ЗАЙМАЛЬНАГА МАТЭРЫЯЛУ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЕ

 

Арыентацыя сучаснай школы на гуманізацыю працэса адукацыі і рознабаковае развіццё асобы дзіцяці прадугледжвае неабходнасць гарманічнага спалучэння вучэбнай дзейнасці, у рамках якой фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі.

У вывучэнні  мовы настаўнікаў пачатковых класаў хвалюе праблема навучання правапісуроднай мовы; выпрацоўка ў вучняў стабільных арфаграфічных уменняў і навыкаў. Дзеці малодшага школьнага ўзросту з цяжкасцю суадносяць тэарэтычны матэрыял з яго практычным прымяненнем. Практыкаванні, змешчаныя ў падручніках, не заўсёды зацікаўліваюць дзецей, і не заўсёды выклікаюць у вучняў жаданне працаваць з імі. Выконваючы аднатыпныя заданні, вучні хутка стамляюцца. У іх знікае цікавасць да ўрока, да прадмета. Што ж рабіць? Якія метады навучання і развіцця разумовых здольнасцей больш эфектыўныя?

У значнай ступені поспех залежыць ад пошуку псіхалагічна і метадычна апраўданых прыёмаў, з дапамогай якіх засваенне тэарэтычнага матэрыялу школьнікамі ішло б у больш даступнай і цікавай форме.

Эфектыўнасць навучання мове ў пачатковай школе шмат у чым залежыць ад таго, наколькі дакладна прадумана сістэма яе вывучэння.

Пры гэтым дасягнуць станоўчых вынікаўпры адсутнасці цікавасці да прадмета немагчыма.

Павышэнню інтарэсу да вывучэння беларускай мовы ў пачатковай школе, а значыць, і поспехам у занятках можа садзейнічаць унясенне элемента займальнасці ў навучанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы тлумачыць слова “займальны” наступным чынам: ‘які выклікае цікавасць; забаўны’[1, с. 317].

В.І.Паўлоўская, прапануючы настаўнікам беларускай мовы свой дапаможнік “Мова: цікава і займальна”, ва ўступным артыкуле растлумачвае гэтае паняцце шырэй: “Займальнасць – гэта яшчэ і захапленне, дакладней захопленнасць мовазнаўствам з яго “”нуднай” граматыкай, “цяжкай” лексікай – усім, што часта знаходзіцца па-за колам інтарэсаў вучня і таму не прыцягвае свядомай увагі. Увесці ў гэта кола літараў і слова, гук і часціну мовы – значыць выклікаць цікаўнасць і цікавасць. А цікава – значыць, няцяжка. Цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць” [2, с. 3].

Займальнасць – гэта ўнікальная магчымасць для таго, каб прыцягнуць увагу дзяцей да вывучаемага прадмета, выклікаць імкненне атрымаць веды. Яна ўяўляе сабой сукупнасць нестандартных прыёмаў, якія даюць магчымасць штодзённае зрабіць цікавым і незвычайным, развівае пазнавальныя і творчыя здольнасці вучняў, дазваляе больш дакладна раскрыць сутнасць вывучаемага прадмета ці з’явы і свядома засвоіць іх змест.

Свядомасць у вывучэнні мовы прадугледжвае актыўнае авалодванне вучэбным матэрыялам. Гэта актыўнасць – не простае ўспрыманне рознай інфармацыі, атрыманай ад настаўніка ці змешчанай ў падручніку, яна ўяўляе сабой уменне яе прааналізаваць, параўнаць, пры неабходнасці адкарэктаваць і ў дальнейшым выкарыстаць. Такая актыўнасць ажыццявіма, калі ў дзяцей ёсць магчымасць думаць, правяраць свае веды, праяўляць кемлівасць, што рэальна толькі пры ўмове жывога інтарэсу да мовы. Нестандартны ўрок, цікавы моўны матэрыял захопліваюць дзяцей, выклікаюць жаданне разабрацца з вывучаемай з’явай, дазваляюць добра і лёгка запомніць правілы.

Займальнасць ствараецца рознымі дыдактычнымі сродкамі: самім зместам вучэбнага матэрыялу(за кошт прыцягнення цікавых фактаў – моўных прыкладаў, гістарычных, этымалагічных звестак і інш.) і спецыяльнамі формамі работы (рознымі гульнямі і нетрадыцыйнымі ўрокамі). Найбольш дзейснай з’яўляецца цікавасць, выкліканая самім зместам вучэбнага матэрыялу. Займальны матэрыял – гэта дыдактычны матэрыял, які садзейнічае павышэнню цікавасці да навучання і вывучаемага прадмета і дазваляе вырашаць спецыяльныя  моўныя і агульнадыдактычныя задачы. Ён здольны прыцягнуць увагу дзяцей, актывізаваць іх уяўленне. Рэпрадукцыйным сродкам займальнасці, якая выкарыстоўваецца ў працэсе навучання, з’яўляюцца лінгвістычныя казкі, смяшынкі, пацешкі, небылічкі, лічылкі, прыказкі, прымаўкі, крыжаванкі, рэбусы, загадкі, жарты, коміксы, графічныя гульні і гэтак далей, дапоўненыя разнастайнымі граматычнымі заданнямі, ствараюць вялікія магчымасці для правядзення разнастайнай работы на ўроках мовы. Напрыклад, у “Буквары” змешчаны вершы Д.Бічэль, М.Лужаніна, В.Віткі, В.Вярбы, Я.Купалы. прычым гэтыя вершы нясуць таксама значную выхаваўчую мэту.

Напрыклад, верш на ст.151:

Матулі рукі

Матуліны рукі

Нас песцяць, галубяць,

Так шчыра, як маці,

Ніхто нас не любіць.

Матуліны рукі –

Адзіныя ў свеце,

Шануйце, любіце

Заўсёды іх, дзеці.

Таксама ў вялікай колькасці сустракаюцца загадкі. Напрыклад, на ст.114:

Загадка

Ішла Вераніка з магазіна.

Насустрач ёй – Алесік.

- Што ты купіла?

- Угадай. Без языка, а гаворыць.

- Кніжка.

Добра арганізаваны займальны матэрыял даводзіць разумовую і эмацыянальную актыўнасць да такога ўзроўню, якога ніколі не бывае пры звычайным завучванні, бо яна аб’ядноўвае мэту, дзеянне і вынік, мабілізуе веды і ўвагу, уцягвае ва ўдзел нават пасіўных.

Займальны матэрыял на ўроках мовы з’яўляецца неад’емнай часткай засваення новага матэрыялу. Гэта –ўнікальная магчымасць для таго, каб прыцягнуць увагу дзяцей да вывучаемага прадмета, зацікавіць яго вывучэннем. Ён уяўляе сабой сукупнасць нестандартных прыёмаў, якіядаюць магчымасць штодзённае зрабіць цікавым і незвычайнам, развіць пазнавальныя і творчыя здольнасці, дазволіць больш дакладна раскрыць сутнасць вывучаемага прадмета, з’явы і свядома засвоіць іх змест.

Такім чынам, выкарыстоўваючы яго, неабходна ўлічваць наступныя моманты:

- займальнасць на ўроку не забаўляльнасць, а спецыяльны прыём, які павінен дапамагаць настаўніку рэалізаваць навучальныя, развіцёвыя, выхаваўчыя мэты;

- мэтазгодна спалучаць займальнасць з іншымі метадамі і прыёмамі;

займальны матэрыял можна выкарыстоўваць як састаўную частку ўрокаў пры тлумачэнні новага матэрыялу, асабліва пры разглядзе цяжкіх пытанняў, замацаванні і ўдасканаленні ведаў, пры абагульненні і паўтарэнні тэмы, пры падрыхтоўцы да кантрольнай работы. На аснове займальнага матэрыялу можна пабудаваць і цэлы ўрок у форме разнастайных гульняў для рэалізацыі тых ці іншых навучальных задач;

- выкарыстанне займальнага матэрыялу можа быць эфектыўным пры ўмове строгай прадуманасці работы навучання. Важна не перагружаць урокі рознымі гульнямі, бо гэта можа аслабіць увагу вучняў да асноўнай тэмы. Займальныя элементы павінны спрыяць канцэнтрацыі ўвагі і актывізацыі дзейнасці школьнікаў на ўроку;

- падбіраючы да ўрока займальны матэрыял, настаўнік павінен зыходзіць з мэт і задач урока, структуры; толькі ўмелае скарыстанне займальнага матэрыялу фарміруе ў вучняў жаданне і ўменне вучыцца.

Патрэбна адзначыць важнасць выкарыстання займальнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы. Менавіта гэты сродак навучання палягчае працэс адаптацыі да школы, дазваляе павысіць цікавасць да заняткаў, да набыцця ведаў, робіць урок больш эмацыянальна насычаным, садзейнічае развіццю любові да роднай мовы, да больш глыбокага разумення. Немалаважна і развіццё з яго дапамогай творчых здольнасцей вучняў.

 

Спіс літаратуры

  1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5-ці т. / пад рэд. А.Я.Баханькоў. – Мн.: гал.рэд.Беларус.Сав.Энцыклапедыі, 1978. – Т 2. – 768с.
  2. Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І. Паўлоўская. – Мінск: Народная асвета, 1989. – 221 с.
Запись опубликована в рубрике 2013, Актуальные проблемы гуманитарного знания. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>