Ашмяна Н.Ў. РАЗВІЦЦЁ МАЎЛЕНЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ З ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ НЕДАСТАТКОВАСЦЮЎ ДАБУКВАРНЫ ПЕРЫЯД

УДК 376 – 056.264:821.161.1

Навуковы кіраўнік — З.М.Тамашэвіч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Я. Купалы

Развіццё маўлення як метадычнае пытанне патрабуе размежавання паняццяў мова і маўленне, і, апіраючыся на яго, адрозніваюць вывучэнне сістэмы мовы, функцыянавання мовы і вывучэнне прымянення, выкарыстання моўных сродкаў.  Мова — натуральная знакавая сістэма, галоўны сродак камунікацыі і мыслення ў чалавечай супольнасці, калектывеМаўленне — адзін з відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека, карыстанне моваю ў яе вуснай і пісьмовай формах.
Развіццё маўлення на ўроках беларускай мовы – гэта ўся праца, якая праводзіцца настаўнікам спецыяльна на ўроках па развіцці маўлення і ў сувязі з вывучэннем усіх раздзелаў школьнага курса (фанетыкі, марфемікі і словаўтварэння, лексікі і фразеалогіі, марфалогіі і сінтаксісу, арфаграфіі і пунктуацыі), для таго, каб вучні авалодалі моўнымі нормамі (арфаэпічнымі, арфаграфічнымі, лексічнымі, словаўтваральнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі), каб умелі і маглі выражаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай формах, карыстаючыся патрэбнымі моўнымі сродкамі ў адпаведнасці з мэтай, зместам маўлення і ўмовамі зносін [1, с. 3].
Развіццё маўленчай дзейнасці разглядаецца не толькі як навучальны, але і як карэкцыйны працэс. На якасць пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў І—ІІ класаў з інтэлектуальнай недастатковасцю ўплываюць цяжкасці пераносу сфарміраваных ведаў, уменняў і навыкаў у новыя сітуацыі, што назіраецца ў немагчымасці выкарыстання засвоенага спосабу дзеяння, спосабу чытання складоў і напісання асобных элементаў літар у новых абставінах. Таму развіццё пазнавальнай дзейнасці дзяцей дадзенай катэгорыі патрабуе актывізацыі пачуццёвага ўспрымання, уліку большай захаванасці эмацыянальнай сферы ў параўнанні з інтэлектуальнай. Працэс навучання ў І—ІІ класах ускладняецца і тым, што агульнае недаразвіццё дапаўняецца спецыфічнымі асаблівасцямі. У адных дзяцей цяжкасці ў навучанні выкліканы неразуменнем слова, у другіх — неразвітасцю дробнай маторыкі, у трэціх — няздольнасцю дзейнічаць з апорай на ўзор і г. д. Адукацыйны працэс патрабуе ўліку несфарміраванасці, кароткатэрміновасці цікавасці дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю да любой дзейнасці, справы і з’явы. Гэта патрабуе ад настаўніка вынаходлівасці, імправізацыі, цярплівасці, разумення, добразычлівасці і выкарыстання на ўроку разнастайных прыёмаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.
Навучанне грамаце ў дапаможнай школе працягваецца ў І—ІІ класах і ажыццяўляецца на аснове гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду. Матэрыялам з’яўляюцца гукі і літары, склады, словы, сказы, кароткія тэксты. Прапануецца іншая, чым у агульнаадукацыйнай школе, паслядоўнасць вывучэння гукаў і літар, якая адпавядае асаблівасцям пазнавальнай дзейнасці вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Засваенне гука адбываецца наступным чынам: вылучэнне яго з маўлення, правільнае і выразнае вымаўленне, адрозненне ў сукупнасці з іншымі гукамі, дыферэнцыяцыя гукаў, якія змешваюцца. Літару вывучаюць у такой паслядоўнасці: успрыманне агульнай яе формы, друкаванай і рукапіснай, вывучэнне складу літары (элементы і іх месца), параўнанне з іншымі, раней вывучанымі літарамі. Важным момантам з’яўляецца суаднясенне гука з вобразам літары або літары з гукам, які яна абазначае.
Склады вывучаюцца паступова. Спачатку чытаюцца склады-словы (ау, уа), адваротныя склады (ам, ум), а потым прамыя склады (ма, му), закрытыя (сам, мох) і склады са збегам зычных у пачатку або канцы слова (сноп, ліст). У вучняў фарміруюцца першапачатковыя навыкі чытання. Спачатку дзеці авалодваюць навыкамі злітнага чытання складоў і аднаскладовых слоў друкаванага і рукапіснага тэксту, потым чытаюць двух- і трохскладовыя словы, вызначаюць у іх націск. Адначасова вядзецца праца над удакладненнем, назапашваннем і актывізацыяй слоўніка вучняў.
Паралельна з чытаннем вучні авалодваюць элементарнымі навыкамі пісьма. Дзеці вучацца правільна сядзець за партай (сталом), карыстацца пісьмовымі прыладамі, пісаць вывучаныя літары, злучаць іх у склады і словы, пісаць літару з патрэбным нахілам, прытрымлівацца радка[2, с. 8]..
У вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю адзначаецца працяглая адсутнасць актыўнай маўленчай дзейнасцi, недастатковае разуменне звернутага да іх выказвання, што абцяжарвае фарміраванне камунікатыўнай функцыі моўнай дзейнасці. Без маўленчых зносін немагчыма паўнавартаснае развіццё дзіцяці. Таму развіццё маўлення на аснове практычнага засваення сродкаў мовы выступае як адна з галоўных задач ужо ў дабукварны перыяд.
Перш за ўсё неабходна вучыць дзяцей разумець і выконваць нескладаныя інструкцыі: «Устань», «Сядзь», «Падыдзі да дошкі», «Вазьмі сшытак, аловак, ручку», «Пакажы, дзе ляжыць сшытак», «Пакладзі сшытак на стол, у партфель» і інш. У дадзеным выпадку слова дарослага становіцца рэгулятарам паводзін дзіцяці, арганізуе яго дзейнасць.
У далейшым, ствараючы ўмовы, якія падахвочваюць школьніка з інтэлектуальнай недастатковасцю да выказвання, настаўнік павінен фарміраваць яго маўленчую дзейнасць, забяспечыць правільнае пабудову фразы. З гэтай мэтай арганізуюцца гутаркі на аснове праведзеных экскурсій, у працэсе назіранняў, практычных работ па догляду за раслінамі, пры ўборцы памяшкання, разгляду карцін, праглядзе дыяфільмаў і т. д. Такім чынам фармуецца дыялагічнае маўленне, уменне адказваць, пытацца, выслухоўваць тлумачэнні, ўказанні, парады настаўніка і выконваць іх.
Вучань разам з настаўнікам прамаўляе раней сказаную фразу, вучні самастойна паўтараюць пачутыя сказы. Гэтыя прыёмы спрыяюць фарміраванню ў дзяцей марудлівага тэмпу, правільнай артыкуляцыі і дыкцыі, выкананню паўзаў, лагічнага націску.
Станоўчыя вынікі ў павелiчэннi марудлівага тэмпу і пэўнага рытму выказвання дае харавая гаворка. Прычым яе лепш выкарыстоўваць для працы не з усім класам, а па групах, каб настаўнік мог пачуць кожнага дзіцяці і не дапусціць невыразнага вымаўлення, якое можа з’явіцца, калі вучні часта гавораць хорам. Харавая гаворка павінна быць лёгкай, плаўнай, дакладнай і захоўваць сваю выразнасць. Гэта, як правіла, кароткія вершы, чатырохрадкоўі, якія суправаджаюцца рухам рук, тулава, ног.
Маланка пагрозна
Па хмарах скакала,
Хмары пілою крывой
Пілавала. [3, с. 58].
Развіцце маўленчай дзейнасці вучняў, у прыватнасці правільнае выказванне, несумненна спрыяе павышэнню ўзроўню іх агульнага развіцця. Акрамя таго, такая праца дапаможа выявіць вучняў з больш складаным маўленчым недаразвіццём, парушэннем вымаўлення, вучняў з больш нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця.
Такім чынам, навучанне грамаце і развіццё маўлення ў дабукварны перыяд вырашае шэраг задач, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца:
-узбагачэнне і актывізацыя маўленчага вопыту, развіццё маўлення;
-падрыхтоўка да чытання і чытанне даступнага разуменню дзяцей вучэбнага матэрыялу (складоў, слоў, сказаў);
-падрыхтоўка да пісьма і пісьмо літар, складоў, слоў;
-усебаковае развіццё сенсорнай і эмацыянальнай сфер малодшых школьнікаў і карэкцыя псіхічнага развіцця;
-фарміраванне ўменняў па задавальненні асноўных патрэб камунікацыі.

Рашэнне гэтых задач менавіта ў дабукварный перыяд з’яўляецца вельмі важнай з прычыны разнароднасці складу дзяцей, неаднолькавага ўзроўню сфарміраванасці неабходных уменняў і навыкаў, бессістэмнасці ведаў, стану эмацыйна-валявой сферы. Навучальныя заняткі варта арганізаваць так, каб першакласнікі адчулі ўпэўненасць у сваіх сілах, палюбілі школу, каб у іх з’явілася жаданне вучыцца.

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

  1. Ляшчынская,В.А. Тэкст на ўроках беларускай мовы: практычны дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В. А. Ляшчынская; М-ва адукацыі РБ; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны.
    – Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2008. – 3 с.
  2. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «БЕЛАРУСКАЯ МОВА» для I—V класаў першага аддзялення дапаможнай школы (дапаможнай школы-інтэрната) з беларускай мовай навучання. — Мінск, 2016. – 4-8 с.
  3. Цікавы алфавіт : зборнік дыдактычных матэрыялаў да ўрокаў навучання грамаце і ўрокаў беларускай мовы / складальнік З. М. Тамашэвіч; Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі». — Гродна: Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, 2015. – 58 с.
Запись опубликована в рубрике Аспекты коррекционно-развивающей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий