Макарчук Ю.М. ДЫДАКТЫЧНЫЯ ГУЛЬНІ ЯК СРОДАК РАЗВІЦЦЯ МАЎЛЕННЯ ВУЧНЯУ 3-5 КЛАСАЎ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ

УДК 376 – 056.264:821.161.1

Навуковы кіраўнік – З. М. Тамашэвіч, дацэнт прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы

Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Мова і маўленне традыцыйна разглядаліся ў псіхалогіі, філасофіі і педагогіцы як вузел, у якім сходзяцца розныя лініі псіхічнага развіцця: мысленне, уяўленне, памяць, эмоцыі. Маўленне, як адзін з самых важных сродкаў чалавечага пазнання, служыць асноўным каналам спасціжэння чалавекам каштоўнасцяў духоўнай культуры, а таксама неабходнай умовай выхавання і навучання.
Развіццё маўлення дзіцяці адбываецца ў цеснай узаемасувязі з засваеннем фанетычнага боку, слоўнікавага складу і граматычнага ладу мовы. Гэта праблема цесна звязана з педагагічным працэсам, у ходзе якога ажыццяўляецца фармаванне ў дзіцяці маўленчых уменняў і навыкаў, і на гэтай аснове адбываецца развіццё яго маўлення: разуменне сэнсу слова і абагачэнне слоўніка, засваенне сістэмы моўных паняццяў і заканамернасцяў ў галіне марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу, авалодванне гукавой культурай маўлення, фармаванне звязнага маўлення.
Ці можна дзіця навучыць думаць і вольна выяўляць думкі сваімі словамі? Напэўна, можна. Але для гэтага трэба паставіць дзіця ў спрыяльныя ўмовы. Гэтай умовай у пачатковай школе з’яўляецца гульня.
Гульня — ёсць адмысловая форма зносін, супрацоўніцтва, садружнасці, якая выводзіць інтарэсы і магчымасці дзіцяці на больш высокі ўзровень — на ўзровень думаючай, творчай асобы.
У малодшых класах дапаможнай школы адным з эфектыўных метадаў і прыёмаў, актыўна, якія ўздзейнічаюць на пазнавальную дзейнасць вучняў, на развіццё маўлення,  з’яўляецца гульня. Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дзяцей 3-5 класаў дапаможнай школы з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Аднак неабходнасць у рацыянальнай пабудове, арганізацыі і выкарыстанні яе ў працэсе навучання і выхавання патрабуе дакладнага і падрабязнага вывучэння.
   Дыдактычная гульня — гэта від навучальных заняткаў, якія арганізуюцца ў выглядзе навучальных гульняў, што рэалізуюць шэраг прынцыпаў гульнявога, актыўнага навучання і адрозных наяўнасцю правіл, фіксаванай структуры гульнявой дзейнасці і сістэмы ацэньванне, адзін з метадаў актыўнага навучання. [1, с. 34]
Дыдактычная гульня — дзейнасць, якая арганізуецца падчас навучання з мэтай развіцця пазнавальнай цікавасці за кошт эмацыйнай афарбаванасці гульнявых дзеянняў, якія заснаваны на імітацыйным ці сімвалічным мадэляванні, якое выкарыстоўваецца для вывучэння з’яў, працэсаў.
Важным і неадназначным з’яўляецца пытанне пра класіфікацыю дыдактычных гульняў. Па характары выкарыстанага матэрыялу дыдактычныя гульні падзяляюць на чатыры групы:
  1. Прадметныя (з дыдактычнымі цацкамі і матэрыяламі).
  2. Настольна-друкаваныя, заснаваныя на падборы малюнкаў па прынцыпе падабенства (лато, даміно) ці па прынцыпе складання цэлага з частак (тыпу разразных малюнкаў).
  3. Насценныя.
  4. Славесныя.
Дыдактычныя гульні па спосабе арганізацыі дзейнасці падзяляюцца на: гульні-вандраванні, гульні-даручэнні, гульні-здагадкі, гульні-загадкі, гульні-гутаркі.
Калі паспрабаваць звесці разам распрацаваныя даследчыкамі падыходы да сістэматызацыі дыдактычных гульняў, то класіфікацыю можна прадставіць у наступным абагульненым выглядзе. Класіфікацыя дыдактычных гульняў:
  • Па выглядзе дзейнасці (інтэлектуальныя, энергетычныя, сацыяльныя, працоўныя, псіхалагічныя, рэлаксацыйныя).
  • Па прадметнай вобласці (матэматычныя, фізічныя, хімічныя, лінгвістычныя, эканамічныя, літаратурныя).
  • Па этапе педагагічнага працэсу (інфармацыйныя, трэнінгавыя, абагульняючыя, кантрольныя, дыягнастычныя).
  • Па гульнявой методыцы (драматызацыі, спаборніцтвы, дзелавыя, ролевыя).
  • Па колькасці ўдзельнікаў (індывідуальныя, парныя, групавыя, калектыўныя).
  • Па характары пазнавальнай дзейнасці (рэпрадуктыўныя, прадуктыўныя, творчыя).
  • Па часе правядзення (частка ўроку, урок цалкам, лангіцюдныя (ад некалькіх дзён да цэлага навучальнага года).

Прыклады дыдактычных гульняў для развіцця маўдення вучняў дапаможнай школы:

 Знаходжанне прадметаў па слову

Дыдактычная задача. Замацаванне слоўніка вучняў ДШ (называнне знаёмых прадметаў). Правілы гульні: кожны ўдзельнік гульні павінен знайсці цацку, якую назваў настаўнік. Дзеці разглядаюць прадметы, якія выхавальнік падбірае для гульні. Затым усе заплюшчваюць вочы або паварочваюцца ў другі бок, а выхавальнік раскладвае цацкі ў розныя месцы.  Удзельнікі гульні паварочваюцца, і настаўнік дае кожнаму заданне, што ён павінен знайсці: Колю — вялікі шар, Мішу — белую кошачку, Соні — мішку, а калі знойдуць, становяцца ў круг і кожны, хто знойдзе цацку, называе яе і гаворыць, як з ёю можна гуляць. Роля настаўніка у тым, каб  падабраць знаёмыя цацкі, з якімі дзеці часта гуляюць. Гульню можна ўскладніць падборам цацак, якія мала знаёмыя дзецям.

Выпраўце памылкі ў сказах
  • На дубе раслі жалуды і яблыкі.
  • Сасна была усыпана шышкамі і жалудамі.
  • Па вуліцы плыла лодка. [2, с. 21]
Дапоўніце сказы адным словам
  • Маліны любяць дарослыя і … (дзеці).
  • Май – пяты месяц … (года).
  • Мядзведзі любяць … (мёд).
  • У садзе растуць яблыні і … (грушы). [2, с. 45]
 Дыдактычная гульня ўяўляе сабою шматпланавую, складаную педагагічную з’яву: яна выступае як гульнявы метад навучання дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю і формай навучання, і самастойнай гульнявой дзейнасцю, і сродкам усебаковага выхавання асобы дзіцяці. Менавіта ў дыдактычнай гульні дзіця атрымлівае магчымасць удасканальваць, узбагачаць, замацоўваць і актывізаваць сваю лексіку.
Любая дзейнасць, гульнявая таксама, прадугледжвае пэўную мэту і канкрэтызацыю яе ў задачах, рэалізацыю зместу з дапамогай спецыфічных сродкаў і ацэнкі яе рэзультатаў. Дзеці не імкнуцца з дапамогай гульні, напрыклад, развіваць адвольную самарэгуляцыю ці дэцэнтрацыю ў мысленні, хоць усё гэта ў гульні адбываецца. Мэты ставяць педагогі: развіваць асобасныя якасці дзяцей, іх эмацыянальныя і валявыя сферы і г. д. Задача педагога – арганізацыя ў жыццядзейнасці канкрэтнага дзіцяці або калектыва такіх гульнявых сітуацый, якія дазволяць сфарміраваць пэўныя новыя якасці, замацаваць тыя, што ўжо набыты.
Вялікія магчымасці для ажыццяўлення педагагічнай дзейнасці дае гульня настаўніку. Ён можа ўдзельнічаць у ёй як партнёр, можа быць кіраўніком або кіраваць гульнёй цераз памочніка. Яго роля можа быць даследчай, ацэначнай. Ён можа выступаць кансультантам або проста назіральнікам. Важнейшая задача настаўніка “арганізаваць” поспех дзіцяці, забяспечыць яму рух наперад у гульнявой дзейнасці. Іменна прадметна гульнявое асяроддзе забяспечвае бліжэйшае і перспектыўнае творчае развіццё дзіцяці.
Дыдактычная гульня з’яўляецца гульнявой фомай навучання, у якой адначасова дзейнічаюць два пачаткі: вучэбны, пазнавальны і гульнявы, займальны. Гульня забяспечвае плаўны пераход ад адной вядучай дзейнасці дзяцей да другой, а таксама садзейнічае хуткаму засваенню ведаў, прадстаўленню аб навакольным свеце. У адрозненне ад вучэбных заняткаў, у дыдактычнай гульні вучэбныя, пазнавальныя задачы ставяцца не прама, а ўскосна – вучні засвойваюць веды, гуляючы. Навучальная задача ў такіх гульнях як бы замаскіравана і не стаіць на першым плане для іграка, матывам яе выканання становіцца імкненне дзіцяці гуляць, выконваць гульнявыя дзеянні.
Такім чынам, гульня можа выконваць самыя разнастайныя функцыі: камунікатыўную, дыягнастычна-карэкцыйную, дыдактычную, псіхатэраўпеўтычную, эстэтычную і інш.
 У працэсе гульні выхоўваюцца і маральныя якасці. Працуючы ў класе, дзіця вучыцца мець зносіны, развіваюцца яго камунікатыўныя здольнасці, вучыцца дапамагаць аднакласнікам, што выхоўвае пачуццё таварыскасці, узаемадапамогі. Гульня станоўча ўплывае на фарміраванне і згуртаванне калектыву. Яна дазваляе выхоўваць жаданне і ўменне вучыцца, стварае такі эмацыянальны фон ўрока, які дапамагае дзецям лепш і глыбей засвоіць змест матэрыялу.

Калі выкарыстоўваць гульні на працягу ўсяго пачатковага навучання, несумненна, яны будуць спрыяць павышэнню цікавасці да беларускай мовы, і вучні, пераходзячы ў сярэдняе звяно для далейшага навучання, будуць праяўляць большую цікавасць да дадзенага прадмета, будуць мець больш глыбокія веды ў гэтай галіне.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Кругликов, В.Н. Деловые игры и другие методы активизации познавательной деятельности / В.Н. Кругликов, Е.В. Платонов, Ю.А. Шаронов. – СПб.: Медный всадник, 2006. – 72 с.
  2. Тамашэвіч, З.М. Цікавы алфавіт: зборнік дыдактычных матэрыялаў да ўрокаў навучання грамаце і ўрокаў беларускай мовы / склад. З.М. Тамашэвіч. – Гродна: ДУА “Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі”, 2015. – 128 с.
  3. Солахаў, А.В. Займальны матэрыял па беларускай мове: Дапам. Для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. Адукацыі / А.В. Солахаў. – 2 – е выд., выпраўленае. – Мн.: Лексіс, 2007. – 260 с.
  4. Гімпель, І. А. Азбука – спадарожніца твая: вучэбна – метадычны дапаможнік / І.А.Гімпель. – Мазыр: Белы вецер, 2000. – 124 с.
  5. Коновалова О. В. Классификация дидактических игр как теоретическая основа их выбора и практического применения // Педагогика: традиции и инновации: материалы V Междунар. науч. конф. (г. Челябинск, июнь 2014 г.). — Челябинск: Два комсомольца, 2014. — С. 35-36.
  6. Леановіч, В.Л. Дыдактычны матэрыял па беларускай мове для 1 класа агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання: Дапаможнік для настаўнікаў./В.Л. Леановіч, А.Г. Тарасевіч – Мн.: ТАА “Асар”, 2000. – 22 с.

 

Запись опубликована в рубрике Аспекты коррекционно-развивающей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий