УДК 373.3:81’233
Навуковы кіраўнік – З. М. Тамашэвiч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук
На працягу ўсяго жыцця чалавек авалодвае маўленнем і ўдасканальвае яго. Развіццё маўлення – актуальная задача навучання ў пачатковай школе, таму што наша мова з’яўляецца асновай усякай разумовай дзейнасці і сродкам чалавечых зносін. Правільныя моўныя структуры надаюць думцы яснасць, лаканічнасць, дакладнасць, развіваюць мысленне.
Асаблівасць развіцця маўлення ў пачатковай школе, як адзначае Б.С. Волкаў, складаецца ў тым, што гаворка становіцца не толькі сродкам зносін, але і аб’ектам пазнання. Вельмі важнай з’яўляецца меркаванне Б.С. Волкава наконт таго, што “патрэба ў зносінах ў малодшым школьным узросце выступае на першы план і таму вызначае развіццё маўлення. Гэтаму спрыяюць новыя спецыяльныя формы развіцця дзіцяці: слуханне, гутаркі, спрэчкі, развагі” [1, c. 68].
У сістэме работы па роднай мове ў пачатковых класах важнае месца займае навучанне грамаце, якое вядзецца аналітыка-сінтэтычным гукавым метадам. Асноўнае ў гэтым метадзе – навучанне вымаўленню слоў, успрыманне на слых гукаў і складоў. К.Д.Ушынскі адзначаў, што «не толькі моўным гукам вучыцца дзіця, вывучаючы родную мову, але п’е духоўнае жыццё і сілу з грудзей роднага слова» [1, с.12].
Навучанне грамаце пачынаецца з аналізу вуснай мовы. На кожным уроку дзеці вычляняюць з моўнага патоку сказы, дзеляць на словы, у словах вызначаюць склады. У дабукварны перыяд дзеці практычна авалодваюць уменнямі вылучаць сказы і дзяліць сказы на словы. Таму ў букварны перыяд немэтазгодна праводзіць на кожным уроку разгорнутую аналітычную дзейнасць: вылучаць у мове сказы, дзяліць сказы на словы, словы на склады, склады на гукі. Моўным матэрыялам можа быць адразу слова – назва прадмета, які намаляваны ў падручніку; адказ на пытанне настаўніка; слова-адгадка на загадку. Канечне, неабходна высветліць, ці ведаюць вучні лексічнае значэнне гтага слова. Калі ведюць, то настаўнік працуе з гэтым словам як моўнай адзінкай: колькі галосных гукаў у гэтым слове, колькі складоў у гэтым слове, як схематычна яго запісаць і г.д. [1, с.21].
Развiццю вуснага маўлення дзіцяці спрыяе гаворка або размова па малюнках буквара, адказы вучняў на пытанні настаўніка адным словам ці сказам, складанне сказаў па малюнках і схемах да іх. Напрыклад, па малюнках і схемах вучні складваюць сказы: Дзяўчынка iдзе ў школу. Дзяўчынка адказвае ля дошкі. Дзяўчынка бяжыць дадому.
Развіццю маўлення першакласнікаў садзейнічаюць таксама гутаркі па насценных карцінах, складанне вучнямі расказаў пра выпадкі са свайго жыцця, пра ўчынкі герояў з прачытаных настаўнікам невялікіх літаратурных твораў, расказванне казак, вершаў, загадванне і разгадванне загадак і інш. На кожным наступным уроку прадугледжваецца паступовае ўдасканаленне работы па развіцці маўлення вучняў: спачатку мэтазгодна навучыць складваць апавяданне па серыі малюнкаў, потым прапануецца скласці расказ па асобнай карціне, па апорных словах . У канцы навучання грамаце адбываецца пераход ад вусных расказаў да пісьмовых.
У працэсе работы па развіцці маўлення першакласнікаў выкарыстоўваюцца наступныя напрамкі па развіццю маўлення ў 1 класе:
- Гукавая культура маўлення.
а) Развіццё слыхавой памяці і маўленчага апарату, увагі да гукавога боку мовы (сваёй і чужой).
б) Удасканальванне моўных навыкаў: навучанне нармальнаму тэмпу і рытму маўлення, правільнаму маўленчаму дыханню, патрэбнай гучнасці (уменне гаварыць без напружання) і правільнаму інтанаванню (уменне паніжаць і павышаць голас).
в) Навучанне вымаўленню слоў у адпаведнасці з нормамі арфаэпіі, з захаваннем націску.
г) Правільнае вымаўленне гукаў беларускай мовы, дакладнае ўжыванне падобных гукаў, якія найбольш часта блытаюць вучні: [л]—[р], [с]—[з], [ш]—[ж], [п]—[б], [с]—[ш] і г. д. (ізаляванае вымаўленне, а таксама ў словах, фразах і скорагаворках).
- Работа над словам.
а) Удакладненне, узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў. Правільнае разуменне і ўжыванне слоў – назваў прадметаў, прымет, дзеянняў і тлумачэнне іх значэння.
б) Тэматычная групоўка слоў, іх родавідавое суаднясенне.
в) Выхаванне чуйнасці да сэнсавых адценняў слоў (слон, слонік, сланяня), адрозніванне і разуменне самых простых выпадкаў мнагазначнасці слоў (іголка швейная, медыцынская і інш.), аманіміі (лісічкі, каса).
г) Выпрацоўка ўмення карыстацца словам у правільнай граматычнай форме.
д) Выкарыстанне слоў ветлівасці.
Напрыклад, па малюнках да буквара на с. 27 вучні называюць намалёваныя прадметы, самастойна дзеляць словы на склады: са-ба-ка, ка-ро-ва, пе-вень, затым авалодваюць уменнямі вымаўляць словы па складах , вучацца выдзяляць галосныя ў словах , вызначаюць месца склада ў слове.
- Работа над сказам і звязным маўленнем.
а) Абдумванне адказаў на пытанні настаўніка, дакладнае іх фармуляванне, ужыванне ў адказе сказаў рознага тыпу.
б) Пераказ знаёмай казкі ці невялікага апавядання (па пытаннях настаўніка).
в) Складанне па малюнку ці серыі малюнкаў невялікага апавядання (пад кіраўніцтвам настаўніка).
г) Адказы на пытанні па прачытаных сказах і тэкстах.
Адпаведна Праграме работа па развіцці маўлення праводзіцца на кожным уроку на працягу вучэбнага года.
На ўроках навучання грамаце важнае месца адводзіцца пашырэнню і ўзбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў. Таму для развіцця маўлення настаўнік не абмяжоўваецца толькі тлумачэннем значэння незразумелых слоў. Задача настаўніка – выпрацаваць навык у дзяцей свабодна карыстацца словамі ў вуснай мове, навучыць іх дакладна раскрываць ужыванне некаторых слоў у сказе: Бяжыць сцяжынка з дому (с. 112). Што значыць «бяжыць сцяжынка»? Як можна сказаць па-іншаму?
Быў праведзены аналіз «Буквара» А.Клышкі з мэтай высвятлення таго, якія віды работ па развіцці маўлення вучняў размешчаны на яго старонках.
Падручнік уяўляе сабой кнігу, у якой змешчаны літары беларускага алвафіта, з прыкладамі, якія дапамагаюць малодшым школьнікам спасцігнуць асновы чытання і некаторыя асновы беларускай граматыкі. “Буквар” пабудаваны як разгорнутая складовая табліца. Работа па ўдасканаленні вымаўлення гука і развіццё фанематычнага слыху вядзецца на ўсіх этапах букварнага перыяду. Тэксты, размешчаныя ў падручніку, даступныя для дзяцей дадзенага ўзросту і дазваляюць фарміраваць у вучняў навык чытання і развіваць іх маўленне. Значнае месца адводзіцца фальклорным жанрам — загадкам, казкам, прыказкам, небыліцам і інш. Усе гэтыя творы дапамагаюць не толькі засвоіць алфавіт, але і развіваць маўленчыя здольнасці i памяць навучэнцаў, актывізаваць увагу першакласнікаў, выхоўваць у iх цікавасць да мовы.
Уся першая трэць буквара складаецца з такіх кароткіх трохлітарных і двухскладовых слоў. Гэта і ёсць падстава для таго, каб усе наступныя словы не чытаць па складах, а адразу, нават у доўгіх словах, бачыць больш, чым склады, часткі.
Вынікі аналізу буквара дазваляюць сцвярджаць, што ў падручніку ўтрымліваюцца розныя прыёмы нагляднага паказу складовай будовы слова, увядзення гука, схемы слова і г.д., а таксама разнастайны наглядны і займальны матэрыял: табліцы, схемы алгарытму чытання, гульні і г.д.
Па словах самога А.К. Клышкі, “Буквар” – першае свядомае далучэнне дзіцяці да роднай мовы. І мне хацелася, каб яно палюбіла родную мову. Каб буквар быў займальнай кніжнай для чытання, каб у ім былі вартасныя тэксты, якія маглі б вытрымаць шматразовае чытанне іх на ўроках”.
Важную ролю ў жыццядзейнасці першакласнікаў выконвае гульня. С.А. Буйко былі прапанованы разнастацная метады і прыёмы выкарыстання дыдактычных гульняў у рабоце па развіцці маўлення. Так, пры знаемстве са словам можна выкарыстаць дыдактычную гульню «Хто больш назаве?». Настаўнік прапануе вучням назваць прадметы, якія намаляваны на старонцы падручніка.
Дыдактычныя гульні на замацаванне разумення ролі слова супадаюць з гульнямі на замацаванне і актывізацыю слоўніка. Напрыклад, у гульні «Хто як размаўляе?» школьнікі гавораць, як падаюць голас розныя жывёлы: мядзведзь раве, курыца квохча, жаба квакае і г.д. Адначасова настаўнік звяртае ўвагу вучняў, што ўсе названыя словы – гэта назвы дзеянняў жывёл. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца загадкі, у якіх даецца апісанне прадмета, пералічваюцца яго дзеянні.
Для замацавання ведаў вучняў пра значэнне слова можна правесці гульню «Адгадай слова» («Тлумачалкі»). Спачатку настаўнік дае тлумачэнне слову, а дзеці адгадваюць яго: ‘найлепшы вынік, дасгненне ў спорце, у працы’ (рэкорд); ‘даглядчык, вартаўнік лесу’ (ляснік); ‘вадзіцель самалёта’ (лётчык) і г.д.
Навучыць першакласнікаў складаць словы са складоў дапамагае гульня «Жывыя склады». Настаўнік гаворыць, што адзін вучань будзе, напрыклад, складам сі, другі – лі, трэці – ца. Вучні становяцца ў рад і заўважаюць, што слова атрымалася «пераблытанае». Мяняюцца месцамі і атрымліваюць слова лісіца; ро – за – бя (бяроза); лі – ка – на (каліна); ле – а – ні (алені).
Важнае месца ў навучанні грамаце займае фарміраванне ўменняў праводзіць гукавы аналіз слова. Дасягнуць пастаўленую мэту дапаможа гульня «Жывыя гукі». Уяўленні дзяцей пра гукавую структуру слова замацоўваюцца ў гульні «Адгадай-ка». У працэсе гульні першакласнікі павінны суаднесці малюнкі з мадэллю слова.
Такім чынам, дакладна падабраныя вучэбныя практыкаванні, якія адпавядаюць псіхалагічным асаблівасцям вучняў і патрабаванням адукацыйнай праграмы, садзейнічаюць паспяховаму развіццю маўлення першакласнікаў.
Спiс выкарыстанай літаратуры
- Буйко, С.А. Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення дзяцей пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання [Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа:http://ebooks.grsu.by/evrika2012/20-bujko-s-a-dydaktychnaya-gulnya-yak-srodak-razvitstsya-ma-lennya-dzyatsej-pachatkovykh-klasa-na-rokakh-litaraturnaga-chytannya.htm. – Дата доступа: 12.04.2017
- Ушинский, К.Д. Избр. пед.соч.: В 2-х т. / К.Д.Ушинский. – М., 1974. – Т.2. – С.27.
- Клышка, А.К. Буквар: дзень пры дні: вучэб. – метад. дапам. / А. К. Клышка. – Мінск: ТАА “Юніпрэс”, 2000. – 128с.
- Клышка, А.К. Буквар / А. К. Клышка. – Мінск : Народная асвета, 2014. – 184 с.
- Чырэц, А.А. Разнастайнасть метадаў і прыёмаў работы па развіцці маўлення ў перыяд навучання грамаце[Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа: http://conf.grsu.by/alternant2015/index-66.htm. – Дата доступа: 12.04.2017
- Чырэц, А.А. Развіццё маўленчай дзейнасці вучняў пачатковых класаў з дапамогай інтэрактыўных метадаў [Интэрнэт-рэсурс]. – Рэжым доступа:. — http://conf.grsu.by/alternant2016. – Дата доступа: 12.04.2017