УДК 373.3:004
Навуковы кіраўнік – Г.У. Крофта, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук
Цяжка ўявіць сучасны ўрок без выкарыстання камп’ютарных тэхналогій. Яны могуць быць уключаны ў любы этап урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, паўтарэнні, кантролі за ўсваеннем ведаў, адпрацоўцы ўменняў і навыкаў.
Урокі літаратурнага чытання з камп’ютарнай падтрымкай з’яўляюцца вельмі цікавымі і дапамагаюць вучням вобразна ўявіць вывучаемы твор любога жанру. Як пісаў знакаміты педагог К.Д. Ушынскі, «калі вы заходзіце ў клас, ад якога цяжка дабіцца слова,пачніце паказваць малюнкі, і клас загаворыць, а галоўнае, загаворыць свабодна…» [1,c.20].
Укараненне ІКТ у работу настаўніка садзейнічае паляпшэнню якасці адукацыі, павелічэнню даступнасці вучэбнага матэрыялу, забяспечвае развіццё асобы, якая арыентуецца ў інфармацыйнай прасторы.
Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках літаратурнага чытання дазваляе сфарміраваць у дзяцей зацікаўленае стаўленне да мастацкіх тэкстаў, павышае творчы і інтэлектуальны патэнцыял вучняў.
Спосабы выкарыстання ІКТ-тэхналогій на ўроках літаратурнага чытання:
- падбор ілюстратыўнага матэрыялу да ўрока;
- работа з рэсурсамі Інтэрнэт;
- выкарыстанне гатовых прэзентацый;
- стварэнне прэзентацый у праграме PowerPoint настаўнікам і вучнямі, выкарыстанне ў прэзентацыях анімацыі, музычнага ці галасавога суправаджэння;
- складанне дыяфільмаў па зададзенай тэме: вучні ілюструюць твор (групавая праца), малюнкі сканіруюцца, і кожная група стварае дыяфільм;
- выкарыстанне фрагме
нтаў відэафільмаў; - стварэнне картак з індывідуальнымі заданнямі, пазнавальнымі тэкстамі [2, с.12].
ІКТ
дазваляе палепшыць змястоўны бок урока. Як правіла, прэзентацыя можа аказацца своеасаблівым планам урока, яго лагічнай структурай, г.зн. можа выкарыстоўвацца на любым этапе ўрока: знаёмства з новым творам, аналіз зместу, кантроль ведаў, праверка дамашняга задання. Прэзентацыя дае магчымасць настаўніку праявіць творчасць, індывідуальнасць, пазбегнуць фармальнага падыходу да правядзення ўрока. На этапах падрыхтоўкі да ўспрымання твораў і першаснага знаёмства з творам дэманструюцца партрэты пісьменнікаў, паэтаў, ілюстратыўны матэрыял да завочнага падарожжа па месцах, якія звязаны з жыццём і творчасцю майстроў слова. Ілюстрацыйны матэрыял дапамагае даведацца пра гісторыю сям’і , традыцыі, цікавыя факты з жыцця пісьменніка ці паэта. Настаўнік можа пачаць урок літаратурнага чытання з разгляду рэпрадукцый карцін мастакоў (напрыклад, да верша аб прыродзе).
Урокі літаратурнага чытання будуць цікавымі, калі ўключаць у іх змест аўдыясродкі, запісы ўзорнага чытання невялікіх па аб’ёме літаратурных твораў. Пры неабходнасці яны могуць суправаджацца відэарадам, відэаролікам. Гэта фарміруе навыкі выразнага чытання, умення адчуць настрой, высвятляць характар герояў, павышае матывацыю навучання.
Музыка на ўроку чытання спрыяе не толькі больш эмацыянальнаму ўспрыманню твораў, але і выхаванню эстэтычнага густу. Музычны момант часам проста неабходны, асабліва пры вывучэнні вершаў, якія часта сугучныя музыцы. Музычную ілюстрацыю можна выкарыстоўваць і ў падрыхтоўчай рабоце перад чытаннем твора, і пасля знаёмства з ім.
Чытанне вершаў пад добра падабраную фанаграму выклікае ў душах маленькіх слухачоў буру эмоцый, жаданне самім паспрабаваць вызваць такія ж пачуцці.
Шматлікія дзіцячыя творы экранізаваны, што дае магчымасць на ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваць выбарачна найбольш значымыя фрагменты ці эпізоды фільма. Прагляды відэафрагментаў, праслухоўванне аўдыязапісаў значна ўзмацняюць падачу матэрыялу і могуць выкарыстоўвацца на розных этапах урока. Адначасовае выкарыстанне аўдыя- і відэаінфармацыі павышае запамінальнасць да 40-50%.
Такім чынам, відэафрагменты (мультфільмы, відэафільмы па творах), аўдыязапісы з тэкстамі, якія чытаюць майстры слова, дапамагаюць адчуць аўтарскую задуму, садзейнічаюць развіццю эмацыянальнай сферы дзіцяці, «будзяць» творчае ўяўленне; вучні лягчэй знаходзяць слова, пры дапамозе якога змогуць выразіць сваі пачуцці.
Камп’ютар дапамагае ўцягнуць усіх вучняў класа ў літаратурную творчасць. Актыўна праходзіць праца з фразеалагізмамі, скарагаворкамі, загадкамі, прыказкамі і слоўнікавая работа. Глыбокае вывучэнне тэмы дасягаецца не толькі франтальнай працай, але і ў індывідуальнай дзейнасці кожнага вучня з інтэрактыўным прадуктам. Вучні з цікавасцю прымаюць удзел у пошуку інфармацыі і падрыхтоўцы паведамленняў, рэфератаў, дакладаў, буклетаў, кніжак-малышак. У дадзеным выпадку камп’ютар з’яўляецца інфармацыйна-навучальным дапаможнікам.
На ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваецца ілюстраванне вучнямі вывучаемага твору. Гэты від работы дазваляе дзецям адчуць радасць ад незвычайных зносін з кнігай. Затым можна стварыць дыяфільм.
Дыяфільм – суцэльны экранны твор, створаны па спецыяльна напісаным сцэнарыі. Расстаноўка, паслядоўнасць кадраў адбываецца ў пэўным парадку ў адпаведнасці са сцэнарыем і мантажом.
Для складання дыяфільма неабходна:
- прачытаць тэкст або вызначаны ўрывак, вызначыць агульны характар будучага дыяфільма (гумарыстычны, сумны, сур’ёзны і г.д.);
- падзяліць тэкст на часткі (малюнкі, кадры);
- выдзеліць у першай частцы галоўныя сказы (для цітраў);
- уявіць сабе малюнак да першай часткі тэксту;
- намаляваць малюнак да першага кадра;
- графічна адлюстраваць кадр (не на ўроку);
- на аснове выдзеленых у тэксце сказаў зрабіць цітры да кадра;
- праверыць адпаведнасць малюнка і цітраў;
- работу, адзначаную ў пунктах 3 – 8, паўтарыць з кожнай часткай тэксту [3, с. 72].
Добра праходзіць гэты від працы ў групах. Выкананыя работы сканіруюцца, і кожная група прыступае да стварэння дыяфільма па зададзенай тэме.
Адным з цікавых відаў работы з’ўляецца складанне пазлаў і кластара. Уключэнне гульнёвага моманту ва ўрок дапамагае ўцягнуць усіх вучняў класа ў літаратурную творчасць, а таксама садзейнічае развіццю наглядна-вобразнага мыслення, пабуджае дзяцей да вывучэння творчасці пісьменніка.
Пры праверцы дамашняга задання, замацаванні і паўтарэнні пройдзенага матэрыялу вельмі эфектыўнымі з’яўляюцца камп’ютарныя тэсты, якія дазваляюць за кароткі час атрымаць аб’ектыўную карціну узроўню засваення ведаў вучнямі і своечасова яго скарэктаваць.
На этапе замацавання можна прасачыць за ўзроўнем засваення вывучаемага матэрыялу ў працэсе самастойнай дзейнасці вучняў, прапаноўваючы выканаць заданні творчага характару, напрыклад:
- крыптаграма;
- складанне партрэтнай характарыстыкі герояў:
- аднаўленне дэфармаванага тэксту;
- малюнкавы план;
- аднавіць падзеі твору, паслядоўна выкарыстоўваючы пунты плану;
- графічны дыктант.
Сістэматычнае прымяненне падобных заданняў на ўроках літаратурнага чытання стымулюе вучняў да ўсвядомленага чытання мастацкага тэксту, садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу і павышае інтарэс да чытання [4].
Таксама пры дапамозе камп’ютара, сродкаў Інтэрнэту, разнастайных праграм можна ствараць праекты. Асноўная мэта ўрокаў літаратурнага чытання ў пачатковых класах – дапамагчы дзіцяці стаць чытачом: падвесці да ўсведамлення багатага свету айчыннай і замежнай дзіцячай літаратуры як мастацтва слова, узбагаціць чытацкі вопыт.Дасягнуць гэтай мэты дапамагае метад праектаў. Стварэнне праектаў у пачатковых класах – гэта даволі праблематычна, таму што дзеці яшчэ занадта малыя, у іх мала вопыту (чытацкага, навучальнага, пошукавага). Але ўсё ж арганізаваць праектную дзейнасць можна.
Праца над праектам стымулюе сапраўднае вучэнне саміх вучняў. Яна асобасна-арыентаваная; выкарыстоўвае мноства дыдактычных падыходаў; матывуецца, што азначае ўзрастанне цікавасці і ўцягнутасці ў работу па меры яе выканання;падтрымлівае педагагічныя мэты на ўсіх узроўнях; дазваляе вучыцца на сваім вопыце і вопыце іншых у пэўнай справе; прыносіць задавальненне вучню, які бачыць прадукт сваёй працы.
Самастойная даследчая дзейнасць дзіцяці – адзін з эфектыўных шляхоў развіцця яго творчых здольнасцей, а педагагічная значнасць праектна-даследчай дзейнасці адкрывае магчымасці фарміравання жыццёвага вопыту; стымулюе творчасць і самастойнасць, патрэбу ў самарэалізацыі, самавыяўленні; выводзіць працэс навучання і выхавання са сцен школы ў навакольны свет; рэалізуе прынцып супрацоўніцтва навучэнцаў і дарослых, спалучаючы калектыўнае і індывідуальнае.У ходзе праектнай даследчай работы навучэнцы пазнаюць свет, робяць адкрыцці, здзіўляюцца, расчароўваюцца, робяць памылкі, выпраўляюць іх, набываюць вопыт зносін [6, с.26-28].
Для таго, каб увасобіць праект у жыццё, спачатку неабходна скласці план дзеянняў вучняў (да каго звярнуцца за дапамогай, у якіх крыніцах можна знайсці інфармацыю і інш.). Настаўнік можа загаддзя распрацаваць заданні і пытанні для пошукавай дзейнасці. Затым дзеці ажыццяўляюць пошукавую дзейнасць: яны знаходзяць звесткі для праекта (карыстаюцца кнігамі, сродкамі Інтэрнэту (разнастайныя навуковыя сайты)). Настаўнік кансультуе, каардынуе працу вучняў, стымулюе іх дзейнасць.
Усю сабраную інфармацыю вучні прыносяць настаўніку, ён дапамагае аналізаваць яе. Пасля пры дапамозе настаўніка ці бацькоў ствараецца праект, падмацаваны прэзентацыяй. Можна падмацаваць выкананыя работы відэаролікамі, аўдыёзапісамі.Апошняй прыступкай з’яўляецца прадстаўленне праектаў.
Тэмы праектаў могуць быць рознымі: «Мой любімы паэт», «Восеньскі калейдаскоп ў творах пісьменнікаў і паэтаў роднага краю», «Вясна (лета, зіма) у творах пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў роднага краю» і інш.
У 3 класе пры вывучэнні жанраў фальклору, а асабліва беларускіх народных казак, адводзіцца невялікая колькасць гадзін. Развіваючыя і выхоўваючыя магчымасці жанраў фальклору вельмі вялікія, таму ёсць неабходнасць больш глыбокага іх вывучэння, тым больш што малодшыя школьнікі з задавальненнем чытаюць, завучваць, аналізуюць творы вуснай народнай творчасці. Дапоўніць недахоп дапамагае метад праектаў: з вучнямі можна распрацаваць праект «Беларускія народныя казкі».
Такім чынам, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі дазваляюць развіваць не толькі інтэлектуальныя, але і творчыя здольнасці вучняў. Творчы падыход да ўрокаў літаратурнага чытання, актыўнае выкарыстанне ІКТ дапамагаюць фарміравать вучня-чытача, творчую асобу.
Інфармацыйныя тэхналогіі даюць унікальную магчымасць развівацца і вучню, і настаўніку. Выкарыстанне ІІКТ на ўроках літаратурнага чытання дазваляе зрабіць кожны ўрок дынамічным, асобасна-арыентаваным. А ўсё разам садзейнічае паляпшэнню якасці адукацыі.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Ушинский, К. Д. Избр. пед.соч. : в 2-х т. / К. Д. Ушинский. – М. : Академия педагогических наук, 1948. – Т.2. – с. 655.
- Федянинова, Н. В Использование информациооных технологий в учебном процессе начальной школы: учебно методическое пособие / Н. В. Федянинова. – Омск : Омск. гос. ун-т, 2004. – 68 с.
- Свірыдзенка, В. І. Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання:вучэбна-метадычны комплекс / В. І. Свірыдзенка, Н. М. Антановіч. – Мінск : БГПУ, 2014. – 287 с.
- Стадник, М. В. Использование медиауроков для развития мышления младших школьников [Электроный ресурс] / М. В. Стадник. – Режим доступа : http://www.itn.ru/communities. – Дата доступа : 25.01.2017.
- Пахомова , Н. Ю. Проектное обучение — что это? / Н. Ю. Пахомова // Методист. – 2004. – № 1. – С. 42.
- Колычева, Л. Б. Метод проектов на уроках литературного чтения / Л. Б. Колычева // Начальная школа. – 2011 . – № 2 . – C. 26–28.