Князева К.Ф. ПРЫЁМЫ ВЫПРАЦОЎКІ ПРАВІЛЬНАСЦІ І ВЫРАЗНАСЦІ ЧЫТАННЯ

УДК 373.3.016:811.161.3

Навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, кандыдат філалалагічных навук, дацэнт; дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання

У методыцы прынята характарызаваць навык чытання, называючы чатыры яго якасці: правільнасць, бегласць, свядомасць і выразнасць.

Кожны з кампанентаў, што уваходзіць у склад навыку чытання, спачатку фарміруецца, адпрацоўваецца як уменне і пры дапамозе практыкаванняў паступова ўзнімаецца на ўзровень паўнацэннага навыку, г.зн., ажыццяўляецца без напругі, паў- або зусім аўтаматычна. Першасныя ўменні, узыходзячы на прыступку першасных навыкаў, з дапамогай практыкаванняў, трэніроўкі ператвараюцца ў больш складаныя ўменні і навыкі, якія, у сваю чаргу, прайшоўшы вызначаны шлях развіцця, утвораць яшчэ больш высокі комплекс уменняў і навыкаў. Атрымліваецца, што паўнацэнны навык чытання складаецца з двух бакоў — сэнсавага, які забяспечваецца працэсам разумення прачытаннага, і тэхнічнага, падпарадкаванага першаму.

Сэнсавы бок чытання — гэтае сукупнае разуменне таго, што чытаюць: 1) значэнняў большай часткі слоў, ужытых у тэксце як у прамым, так і ў пераносным сэнсе; 2) змест кожнага са сказаў, што ўваходзяць у склад тэксту, разуменне сэнсавай сувязі паміж сказамі; 3) прадметнага плану зместу асобных частак тэксту (абзацаў, эпізодаў, раздзелаў) і сэнсу гэтых частак ( гэта значыць, не толькі пра што гаворыцца, але і што гэтым сказана); 4) асноўнага сэнсу ўсяго зместу тэксту, гэта значыць усведамленне гэтага зместу і свайго стаўлення да прачытанага.

Тэхнічны бок чытання, тэхніка чытання ахоплівае ўсе іншыя кампаненты навыку чытання — спосаб, правільнасць, выразнасць, хуткасць або тэмп чытання. Кожны з гэтых кампанентаў, як і іх сукупнасць, падпарадкаваны сэнсаваму боку, разуменню, служыць яго больш поўнаму выразу.

Таму мы ў нашым артыкуле хацелі б звярнуць увагу на такія якасці як правільнасць і выразнасць чытання і спыніцца на некаторых прыёмах іх выпрацоўкі.

Для таго, каб вучань дакладна асэнсоўваў тэкст і мог беспамылкова растлумаыць сабе і іншым прачытанае, неабходна выпрацоўваць такую якасць як правільнасць чытання. Сутнасць правільнага чытання ў тым, каб плаўна і без памылак чытаць словы і сказы, захоўваць пры гэтым нормы літаратурнага маўлення.

Пры навучанні чытанню дзеці робяць шматлікія памылкі, якія звязаны ці з неразуменнем або з няправільным разуменнем тэксту; іншыя выкліканы няведаннем значэнняў чытаемых слоў або сэнсу сказа ці нават усяго тэксту; трэція ўзнікаюць з-за нетрывалага засваення вучнем графічнага вобразу якіх-небудзь літар і цяжкасцей ў адрозніванні літары; чацвёртыя адбываюцца ў выніку няўзгодненасці працэсаў зрокавага ўспрыняцця літар, графічных частак чытаемага слова з атыкуляцыйнымі актамі і разуменем [1, с.50].

Пры выпрацоўцы правільнасці чытання выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: работа над пастаноўкай дыхання; адпрацоўка артыкуляцыі: чытанне хорам галосных а, о, у, ы, і; чытанне па дзве галосныя, па тры, па чатыры (развіццё рухомасці моўнага апарату; такім чынам можна чытаць і зычныя); чытанне спалучэнняў зычных; чытанне спалучэнняў галосных; чытанне слоў з адным коранем (вада, водны, …); чытанне слоў з розным коранем, але з адным канчаткам (казка, ручка, …) праца са скорагаворкамі і чыстагаворкамі; раскрыццё лексічнага значэння слова; папярэдняе паскладовае чытанне слоў; чытанне тэксту сам сабе з мэтай усведамлення зместу тэксту і падрыхтоўкі да чытання ўслых; складанне цяжкіх для чытання слоў з разразной азбукі; чытанне асобных цяжкіх слоў, надрукаваных на плакаце ці напісаных на дошцы; чытанне цяжкіх слоў па складовай табліцы; складова-літарны і гукавы аналіз слоў; харавое паўторнае чытанне цяжкіх слоў, словазлучэнняў, сказаў; сістэматычны кантроль настаўніка і вучняў за чытаннем; своечасовае выпраўленне памылкі з улікам характару.

Рэалізацыя дадзеных прыёмаў адбываецца праз адпаведныя практыкаванні. Каб навучыць дзіця правільна размаўляць і чытаць услых, неабходна сістэматычна працаваць над развіццём яго маўленчага дыхання. Практыкаванні на развіццё дыхання можна праводзіць як размінку ў пачатку ўрока або як фізкультхвілінку.

Практыкаванні на адпрацоўку артыкуляцыі з’яўляюцца працягам практыкаванняў на развіццё маўленчага апарату. Такія заданні асабліва карысныя для вучняў першага і другога класаў.

Добры эфект прыносяць практыкаванні са скорагаворкамі, чыстагаворкамі, загадкамі, лічылкамі, гульні са словамі. У рабоце са скорагаворкамі трэба прытрымлівацца наступнага алгарытму: «Выявіць сэнс, затым пераадолець усе цяжкія гукаспалучэнні. Важна вымаўляць цяжкое слова па складах, хоць і ў павольным тэмпе, але без якіх-небудзь цяжкасцей. Прагаворваць трэба кожную скорагаворку спачатку бязгучна, затым пераходзіць на шэпт, а потым — услых, спачатку ў павольным тэмпе, потым ў хуткім. Неабходна помніць пра выразнасць вымаўлення» [2, с. 57]. Спачатку можна браць кароткія, а затым больш складаныя скорагаворкі.

Існуе шмат практыкаванняў, якія дапамагаюць выпрацаваць такі навык чытання, як правільнасць, але настаўнік павінен адбіраць найбольш эфектыўныя і цікавыя для дзяцей свайго класа. Вучням больш падабаюцца гульнявыя практыкаванні, якія можна выкарыстаць як у пачатку ўрока (замест фізкультхвілінкі), так і ў канцы (як падагульненне). Гэта вельмі важна для першакласнікаў, праца якіх у асноўным пабудавана ў гульнявай форме, таму што яны не могуць адразу «перайсці» з садка ў школу.

Такім чынам, настаўніку пачатковых класаў неабходна ўдзяляць шмат увагі выпрацоўцы правільнасці чытання. Пры гэтым памятаць пра астатнія якасці і выпрацоўваць іх узаемазвязана. Таму што калі вучань не валодае правільнасцю, то ён не зможа прачытаць ні выразна, ні бегла і пры гэтым проста не зразумее тэкст.

Падчас правядзення эксперыментальнай работы найбольш эфекыўнымі для выпрацоўкі правільнасці чытання былі наступныя практыкаванні:

«Які прадмет?». На дошцы, на закрытай частцы, размешчаны малюнкі з выявамі прадметаў, жывёл і г.д. (відэлец, лыжка, ножык, талерка; вавёрка, ліса, мядзведзь, зубр, бабёр). Іх трэба паказаць дзецям, палічыць да трох і схаваць. Вучні павінны пералічыць усе прадметы, якія яны бачылі (хто слабейшы, той можа называць прадметы ў любым парадку, хто мацнейшы – па парадку). Праз некаторы час можна перастаўляць прадметы (каб вучні не бачылі), дзеці павінны знайсці тое, што змянілася.

«Што намалявана?». Паказаць малюнак, дзеці 2–3 хвіліны глядзяць на яго. Пасля малюнак схаваць. Заданне дзецям: апісаць падрабязна ўбачаннае.

«Цяжкія словы». Словы якія пры чытанні цяжкія для ўспрымання, запісваюцца на дошцы і пры гэтым дзеляцца сярэдняй лініяй. Напрыклад:

Пазайзд

Заклапо

Растлу

росціць

чанасць

мачанне

«Падобныя словы». Чытанне слоў, якія адрозніваюцца адной літарай (мышка мошка мішка міска); чытанне слоў, якія маюць аднолькавыя прыстаўкі (прыехаў прыйшоў прыбег), канчаткі (лялька мама лыжка лапка).

«Перавёртышы». Вельмі цікава для дзяцей чытанне слоў-перавёртышаў. Напрыклад: боб, тут, Ада, Ала, шалаш.

«Выразнасць чытання – гэта вобразная перадача тэксту чытачом у адпаведнасці з задумай пісьменніка» [3, с. 128]. Ёсць і іншае азначэнне паняцця «выразнасць». Пад выразнасцю чытання трэба разумець уменне чытача выкарыстоўваць паўзу, ставіць лагічны і псіхалагічны націск, знаходзіць патрэбную інтанацыю, якая падказваецца знакамі прыпынку, чытаць дастаткова гучна і зразумела. Такую выразнасць можна патрабаваць ад вучня пры чытанні любога тэксту, знаёмага ці не, тэксту любога жанру і характару.

«Выразнаму чытанню як сродку творчага развіцця малодшых школьнікаў сёння ўдзяляецца вялікая ўвага, таму што выразнасць, якая заснавана на ўдумлівым аналізе тэксту і прымяненні асноўных палажэнняў мастацтва чытання, садзейнічае разумоваму, духоўнаму і эстэтычнаму развіццю іх мастацкіх здольнасцей» [4, с. 22].

Аднак часта школьнікі не валодаюць выразным чытаннем, і літаратурны тэкст, поўны яркіх вобразных карцін, чытаецца або празмерна гучна, або як матэрыял асобай сакрэтнасці. Гэта абумоўлена цэлым шэрагам прычын. Па-першае, дабіваючыся ад дзяцей выразнасці чытання, настаўнікі не заўсёды ставяць перад вучнямі мэту дзеля якой чытаецца твор. Перад вучнем не ўзнікае канкрэтная задача, яго дзеянні аказваюцца нематываванымі, псеўдатворчымі. Па-другое, работа па выразнаму чытанню часцей за ўсе зводзіцца да механічнага завучвання інтанацый і паўз, падбору тону, які адпавядае вобліку героя, навучанню праз чытанне з голасу. Фактычна па-за полем зроку застаецца залежнасць паміж думкай і пачуццём, з аднаго боку, і гучаннем мастацкага слова – з другога. Па-трэцяе, у працэсе навучання выразнаму чытанню не вылучаюцца ні тыя прыёмы і ўменні (дзеянні), засвоіць якія неабходна для паспяховага і яркага прачытання твора, ні тая творчая сітуацыя, у межах якой можа быць забяспечана авалоданне гэтымі ўменнямі і прыёмамі. Па-чацвёртае, настаўнікі часта імкнуцца навучыць прыёмам выразнага чытання выключна за кошт практыкаванняў, не ўдзяляючы ўвагі ўсведамленню дзецьмі заканамернасцей моўнай выразнасці і спосабаў яе ажыццяўлення.

Авалодаць мастацтвам выразнага чытання можна тады, калі выпрацаваны ўменні, звязаныя з правільным дыханнем і гучнасцю голасу, дыкцыяй і інтанацыяй.

Дыханне пры маўленні і чытанні адрозніваецца ад фізіялагічнага. Яно заключаецца ў эканомным і размераным расходаванні паветра, у своечасовым і непрыкметным папаўненні яго запасу. Правільнае фанацыйнае дыханне забяспечваецца пры захаванні наступных патрабаванняў: 1) удыхаць глыбока носам і ротам; 2) удыхаць бясшумна; 3) не перабірать дыхання пры ўдыху; 4) дабаўляць запас паветра пры малейшай магчымасці; 5) не затрымліваць дыхання ў паўзах; 6) не расходаваць увесь запас паветра, каб не захлынуцца [5, с. 9].

З гэтай прычыны работу над прыёмамі выразнага чытання неабходна пачынаць з навучання дзяцей правільна дыхаць. Рэкамендуецца выконваць спецыяльныя практыкаванні – своеасаблівую дыхальную гімнастыку.

Выразнае чытанне залежыць ад умення чытача валодаць сваім голасам, яго ўласцівасцямі. Голас павінен быць добра развіты, гнуткі, паслухмяны, звонкі і дастаткова гучны. Аптымальным з’яўляецца голас сярэдняй сілы і вышыні, таму што яго лёгка можна панізіць і павысіць, зрабіць ціхім і гучным.

Адной з галоўных задач пры пастаноўцы голасу з’яўляецца ўменне карыстацца атакай гука. Атака – гэта спосаб змыкання галасавых звязак у момант пераходу ад дыхальнага становішча да маўленчага. Існуюць тры віды атакі: цвёрдая, мяккая, прыдыхальная. Атака гука садзейнічае выпрацоўцы гнуткага і звонкага голасу. Вельмі важна развіваць гучнасць голасу, яго сілу і палётнасць. Гэта можна рабіць з дапамогай такіх практыкаванняў як «Паравоз», «Козы і каровы» і інш.

Вялікую ролю пры выпрацоўцы ў дзяцей выразнасці чытання адыгрывае дыкцыя. Добрая дыкцыя аднолькава важная як для таго, хто чытае, так і для таго, хто слухае. Дыкцыя палягчае даханне, працу галасавых звязак.

У працы над выразнасцю чытання вялікая ўвага ўдзяляецца сродкам маўленчай выразнасці. Гэта інтанацыя, лагічны націск і разнастайныя паўзы, тэмп, сіла і вышыня голасу. Усе гэтыя сродкі знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі і дапаўняюць адзін аднаго. Галоўным сродкам маўленчай выразнасці з’яўляецца інтанацыя. «Інтанацыя – гэта сукупнасць сумесна дзейнічаючых гукавых элементаў вуснай мовы, якая вызначаецца зместам і мэтамі выказвання» [6, с. 37].

У інтанацыі выдзяляюцца наступныя кампаненты: сіла голасу (гучнасць і лагічны націск), паўза, тэмп і рытм, мелодыка, эмацыянальны тон, тэмбр. З дапамогай інтанацыі сказам надаецца значэнне пытання, пабуджэння, паведамлення. Інтанацыя дазваляе перадаць эмацыянальна-сэнсавыя адценні тэксту, паказваючы стан, настрой аўтара, яго адносіны да таго, што ён апісвае.

На занятках па літаратурным чытанні у час правядзення эксперыментальнай работы найбольш эфекыўнымі для выпрацоўкі выразнасці чытання былі наступныя практыкаванні:

Практыкаванні для пастаноўкі дыхання. У час такіх практыкаванняў трэба стаяць прама, без напружання, галаву трымаць роўна, адну руку пакласці на жывот, другую — на рэбры.

  1. Зыходнае становішча: устаць, плечы выпрастаць, галава прама. Глыбокі ўдых на лік “раз” (моўчкі), затрымка дыхання і выдых з плаўным лічэннем уголас да пяці.
  2. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік “тры” (моўчкі), затрымка паветра на лік “раз” (моўчкі), павольны плаўны выдых на гук а (у або о) са зменай гучнасці голасу. Спачатку паступова нарошчваць гук, затым зніжаць яго да поўнага замірання.
  3. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік “тры” (моўчкі), кароткая затрымка паветра і на выдысе чытанне прымаўкі (скорагаворкі). Напрыклад: (Удых) Садок пасадзіў — добрую справу зрабіў. (Удых) Праўда даражэйшая за соль. (Удых) Чалавек без сябра (дабор паветра), што ежа без солі. (Удых) Шануй бацьку з маткаю (дабор паветра) — другіх не знойдзеш.

«Цягнік». Зрабіць глыбокі ўдых цераз нос, а потым кароткімі штуршкамі цераз самкнутыя губы выдыхнуць паветра, вымаўляючы «Пффф», «пффф».

«Мы расцём». Практыкаванне выконваецца стоячы, ногі разам, рукі ўверх. На лік “раз” глыбока ўдыхнуць, пацягнуцца ўверх і ўстаць на наскі, на лік “два” — на выдысе павольна апусціць рукі, устаць на ступні і ўслых вымавіць: “У-х-х-х!” Практыкаванне выконваецца 4–5 разоў.

Гульня-эцюд «Пакажы, як». Пакажыце, як можна: акуратна здзьмухнуць пылінку са свайго рукава, а таксама акуратна здзьмухнуць яе з кончыкаў пальцаў выцягнутай рукі; дзьмухнуць уяўляемы паветраны шарык так, каб ён не лопнуў; падуць на гарачае малако; сарваць уяўляемы дзьмухавец і акуратна падзьмуць на яго так, каб усе парашуцікі разляцеліся ў розныя бакі і г.д

«Гадзіннік». Зыходнае становішча: стаць, трохі раставіўшы ногі і апусціўшы рукі ўніз. Размахваючы рукамі ўперад і назад, дзеці вымаўляюць словы: «Цік-так, цік-так», засяроджваючы ўвагу на сваім дыханні. Практыкаванне паўтараецца 10–12 разоў.

«Торт імянінніка». Уявіце сабе, што на Дзень нараджэння вам спяклі вялікі торт і паднеслі яго вам з запаленымі свечкамі. Набярыце як мага больш паветра і задзьмухніце свечкі па адной або ўсе адначасова.

«Надаедлівы камар». Выцягніце рукі перад сабой далонямі адна да адной. На лік «раз» разам з глыбокім бясшумным удыхам праз нос хутка развядзіце іх у бакі да адказу. На лік “два” (на выдысе) вымавіць гук «з-з-з», павольна і акуратна злучыць рукі, каб «забіць камара», які звініць перад вамі. Рухі на выдысе рабіць павольна і спакойна, каб «не спужаць камара».

Вершы

(Удых)Сонца выплыла з-за хмар

І навокал свеціць. (Удых)

А да сонца цягнуць твар

Кветкі, нібы дзеці. (Удых)

(Удых) Месяц — залаты ражок

На жалейцы грае, (Удых)

За ім зорак ланцужок (Удых)

Скача ды спявае.  Т.Грышан.

(Удых) Ляцела муха каля вуха: ж-ж-ж

Ляцела аса каля носа: с-с-с

Ляцеў камар і звінеў: з-з-з

Сеў на лоб, а мы яго хлоп!

І злавілі (кулачок прыціскаецца да вуха):

З-з-з — хай ляціць!

 

«Дзьмухавец». Уяўляем, што ў нас у руках дзьмухавец. Робім удых, а затым выдых такім чынам, каб усе маленькія парашуцікі паляцелі.

Чытанне шэптам і павольна.

Да-да-да — з трубы бяжыць вада,

До-до-до — на дрэве гняздо,

Ды-ды-ды — мы пайшлі па ягады,

Ду-ду-ду — з мамай я дамой іду.

«Паравоз». Рот адкрыты. як для вымаўлення гука [у], павольны ўдых, выдых на нізкім працяглым [у].

«Козы і каровы». Не спяшаючыся, удыхнуць праз нос, выдыхаць папераменна: то на складзе “мэ-э” (козы), то на складзе “му-у” (каровы). Паўтарыць некалькі разоў, імітуючы з дапамогай гуку набліжэнне і аддаленне статка.

«Гуканне». Паставіўшы рукі рупарам да рота, дзеці перагукваюцца — «а-у», затым паўтараўць гуканне, імітуючы рэха. Можна падзяліць клас на групы, адна з якіх будзе рэха.

«Гук за мячом». Гэта практыкаванне выконваецца ў парах. Дзеці перадаюць адзін аднаму мяч, дасылаючы разам з мячом гук.

Работа з табліцай зычных. Перад чытаннем трэба даць устаноўку: робім удых, чытаем, вымаўляючы кожны гук.
risa5

Чытанне хорам зычных. Настаўнік чытае разам з вучнямі (для ўзору): БМНТВ              ГДКЦЧ

Чытанне спалучэнняў зычных і галосных. Пры чытанні выкарыстоўваецца табліца зычных з дабаўленнем галосных. Напрыклад: першы рад чытае з галоснай [а]. Другі рад — з галоснай [о], трэці рад — з галоснай [у].

Такім чынам, пры чытанні мастацкага твора інтанацыя ўзнікае пасля асэнсавання тэксту, разумення задумы і памеру аўтара і ўсвядомленых адносін да герояў, іх учынкам і падзеям. Інтанацыя з’яўляецца вынікам глыбокага пранікнення чытача ў тэкст. Таму трэба вучыць дзяцей інтанацыі, выкарыстоўваючы разнастайныя заданні.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

  1. Горецкий, В.Г. О проверке навыка чтения / В.Г.Горецкий // Начальная школа. – 2001. – № 8. – С.50.
  2. Положенцева, В.В. Пути становления механизма чтения в начальнай школе / В.В.Положенцева // Начальная школа. – 1999. – № 10. – С. 57.
  3. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / Пад рэд. А.П.Шанько. – Мінск : Вышэйшая школа, 1986. – 348 с..
  4. Гуро-Фролова, В.Г. Работа над выразительными средствами речи / В.Г.Гуро-Фролова // Начальная школа. – 1998. – № 8. – С.22–25.
  5. Амасовіч, Н.В. Вучым чытаць выразна / Н.В.Амасовіч // Пачатковая школа. – 1997. – № 5–6. – С. 9–11.
  6. Кубасова, О.В. Выразительное чтение: Пособие для студ. сред. пед. уч. заведений / О.В.Кубасова. – М. : Академия, 1998. – 371 с.
Запись опубликована в рубрике Проблемы методики преподавания лингвистических дисциплин. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий