Паўлоўская К.М. ФАРМІРАВАННЕ ВУСНАГА МАЎЛЕННЯ ВУЧНЯЎ З ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ НЕДАСТАТКОВАСЦЮ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

УДК 376.016:811.161.3

Навуковы кіраўнік – З.М. Тамашэвіч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Я. Купалы
Фарміраванне вуснага маўлення вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю развіцця – адна з асноўных задач сучаснай школы. Дзеці адчуваюць цяжкасці у авалоданні мовай, што звязана з асаблівасцямі іх псіхічнага і фізічнага развіцця. Асаблівасці праяўляюцца не толькі ў познім авалодванні  маўленнем, але і ў характары яго фарміравання, яны з цяжкасцю авалодваюць гукамі, словамі. Далейшае маўленчае развіццё замаруджана [1, с. 13].
Пытанні, звязаныя з вывучэннем інтэлектуальнай недастатковасці, адносяцца да ліку найбольш важных у дэфекталогіі. Займаюцца гэтым не толькі педагогі, але і псіхолагі, неўрапатолагі, псіхіятры, генетыкі і інш.
Моўныя парушэнні ў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю вельмі разнастайныя па сваіх праяўленнях. Сімптаматыка маўленчых парушэнняў вызначаецца як ступенню інтэлектуальнай недастатковасці, так і наяўнасцю лакальнай паталогіі маўленчых сістэм, парушэннем дзейнасці моўнаслыхавога і моўнарухальных аналізатараў.
Для названай катэгорыі дзяцей характэрна недаразвіццё пазнавальных працэсаў, якое выражаецца ў тым, што яны ў меншай ступені маюць патрэбу ў пазнанні, і на ўсіх этапах працэсу пазнання маюць месца элементы недаразвіцця, у выніку чаго дзеці атрымоўваюць няпоўныя, а часам і недакладныя ўяўленні пра акружаючы свет.
Для таго каб навучанне было паспяховым і насіла творчы характар, неабходна дастаткова развітае ўяўленне. У дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю яно адрозніваецца фрагментарнасцю, недакладнасцю і схематычнасцю, што тлумачыцца беднасцю жыццёвага вопыту і недакладнасцю разумовых аперацый.
Навучанне дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю патрабуе дыферэнцыраванага падыходу і ўважлівых адносін да індывідуальных асаблівасцей пазнавальнай дзейнасці кожнага вучня. Складанасць працэсу навучання заключаецца ў тым, што вучні маюць розны ўзровень развіцця. Развіццё маўлення з’яўляецца неад’емнай, арганічнай часткай кожнага ўрока: ці то ўрок чытання, пісьма, ці інтэграваны ўрок навучання грамаце. [2, с. 9]
На ўроках навучання грамаце рэалізуецца камунікатыўная стратэгія навучання. Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца галоўнай задачай пры навучанні мове вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Неабходна заўважыць, што спецыфіка маўлення дзяцей з інтэлектульнай недастатковасцю тлумачыцца не толькі беднасцю ўяўленняў і цяжкасцямі ў разуменні сувязі паміж прадметамі і з’явамі, але і адсутнасцю сапраўдных матываў для маўлення. Вельмі часта дзіця абмяжоўвае свае адказы кароткімі “так”, “не” ці будуе іх у выглядзе неразвітых сказаў. У той жа час дадатковыя прыёмы стымулююць вучня да больш падрабязных выказванняў, дапамагаюць значна палепшыць яго маўленне. Характарызуючы стан звязнага маўлення дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, патрэбна адзначыць, што гэтай формай маўлення без спецыяльных навыкаў дзеці авалодаць не могуць.
Настаўнік павінен ведаць прынцыпы працы па развіцці маўлення. Арганізацыя працы па развіцці маўлення вучняў ажыццяўляецца на аснове агульнадыдактычных, прыватнаметадычных і спецыфічных прынцыпаў. Да апошніх адносяцца: 1) адзінства развіцця маўлення і мыслення, 2) узаемасувязь у развіцці вуснага і пісьмовага маўлення, 3) сувязь працы па развіцці маўлення з вывучэннем граматыкі, арфаграфіі, чытання і інш., 4) стылістычная накіраванасць у працы па развіцці маўлення; 5) прынцып тэкставага навучання.[3, с. 55]
Раскрываючы методыку развіцця вуснага і пісьмовага маўлення вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, неабходна прытрымлівацца наступнага палажэння: працэс авалодвання камунікатыўнымі здольнасцямі магчымы толькі ў выніку практычнай актыўна-творчай маўленчай дзейнасці.
Мэтай навучання звязнаму вуснаму маўленню дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца развіццё камунікатыўных здольнасцей, авалодванне мовай як сродкам зносін і выяўлення свайго ўнутранага Я.
Улічваючы тое, што ў аснове звязнага вуснага маўлення ляжыць правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў, прынцыпова важнай з’яўляецца выпрацоўка ў вучняў артыкуляцыйных, інтанацыйных, акцэнталагічных і фанетыка-арфаэпічных навыкаў.
Найбольш актыўна ужывальны метад па развіцці маўлення – метад “Каляровыя фігуры”. Сутнасць гэтага метаду ў тым, што вучань выбірае любую фігуру, з выразаных з каляровай паперы і размешчаных на стале ў класе. Фігуры могуць быць разнастайныя: кветкі, агародніна, садавіна, жывёлы, птушкі, транспарт і г.д. Кожны з вучняў, выбраўшы адну з фігур, якая по форме і па колеры адпавядае яго індывідуальнасці, абдумвае сваё выступленне пра гэту фігуру і расказвае ўсяму класу. Пасля таго, як вучні выкажуцца, настаўнік падводзіць вынік: хто з вучняў найбольш удала, дакладна пераканаўча расказаў пра тое, што ён сам выбраў.  Вучні могуць рыхтавацца дома да “каляровых фігур”. Настаўнік можа прапанаваць тэмы: “Пералетныя птушкі”, “Ядомыя грыбы”, а бо – “Грыбы” і інш. Вучні могуць знайсці цікавую інфармацыю пра гэтыя птушкі, прадметы і, расказваючы пра іх, будуць папаўняць свой слоўнікавы запас, развіваць маўленне і мысленне.[4, с. 435]
У афармленні вуснага маўлення важная роля належыць інтанацыі, таму што выхаванне камунікатыўнай культуры ўключае і авалодванне сродкамі выразнасці мовы: мелодыкай, паўзамі, лагічным націскам, тэмпам, тэмбрам. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца спецыяльныя практыкаванні:
— паспрабуй сказаць так, каб было весела (страшна);
— скажы аб адным і тым жа сябру, які сядзіць за апошняй партай і каля цябе;
— паведамі сябру аб небяспецы;
— паспрабуй прачытаць сказ некалькі разоў, выдзяляючы голасам розныя словы [5 с. 23].
Не менш важна стварэнне на ўроку розных вучэбных сітуацый з пэўнымі камунікатыўнымі намерамі, што імітуе рэальны працэс суразмоўніцтва паміж людьмі. Так, напрыклад, вучань прыйшоў дадому з фільма. Мама папрасіла яго расказаць пра ўражанні ад прагляду. Можна папрасіць яго расказаць пра ўражанні ад прагляду фільма. Можна прапанаваць пытанні для вуснага выказвання: 1) як называўся фільм? 2) хто галоўны герой? 3) пра што гэты фільм? 4) якія артысты былі задейнічаны? 6) хто з артыстаў найбольш уразіў? [4 c. 433]

Сістэма работы над развіццём звязнага вуснага маўлення ўяўляе сабой мэтанакіраваны і актыўны працэс, дзе дамінуючым з’яўляецца той від дзейнасці, які лічыцца для дзяцей больш сацыяльна і асобасна запатрабаваным. У дадзеным выпадку такім відам будзе вуснае беларускае звязнае маўленне.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

 Выготский, Л.С. Психология развития ребенка / Л.С. Выготский. – М.: Изд-во Смысл, 2003. – 334 с.
  1. Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэб. дапаможнік / В.А. Ляшчынская, З.У. Шведава. – Мінск: РІВШ, 2007. – 252 с.
  2. Алексеева М.М., Яшина Б.И. Методика развития речи и обучения родному языку дошкольников: Учеб. пособие для студ. высш. и сред, пед. учеб. заведений. – 3-е изд., стереотип. — М.: Издательский центр «Академия», 2000. – 400 с.
  3. Тамашэвіч, З.М. Развіццё вуснага маўлення вучняў у працэсе інтэрактыўнай дзейнасці / З.М. Тамашэвіч // Использование передовых технологий обучения в учреждениях образования : материалы III респ. науч.-практ. конф. (Гродно, 20-21 окт. 2011 г.) / ГрГУ им. Я. Купалы. – Гродно : ГрГУ, 2012.- 432 – 435 с.
  4. Змушко, А. М. Теоретические основы технологии и коммуникативного обучения языку в специальной школе / А. М. Змушко // Современные педагогические технологии в специальном образовании: пособие для педагогов/ под ред. А. М. Змушко. — Мн.: Нар. асвета, 2005.  – С. 109 – 128
Запись опубликована в рубрике Аспекты коррекционно-развивающей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий