Смятаніна В.А. ВЫПРАЦОЎКА НАВЫКАЎ ЛІТАРАТУРНАГА ВЫМАЎЛЕННЯ ВУЧНЯЎ 3-5 КЛАСАЎ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЫ

УДК 376. – 056.264:821.161.1

Навуковы кіраўнік – З. М.Тамашэвіч, дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ ім. Я. Купалы

Фарміраванне навыкаў літаратурнага вымаўлення пачынаецца ў букварны перыяд 1 класа – з выдзялення і засваення гукаў – і працягваецца на ўроках граматыкі, правапісу, на ўроках чытання і іншых прадметаў.

У працэсе вывучэння раздела «Гукі і літары» дзеці авалодваюць літаратурным вымаўленнем галосных [а, о, у, і, э, ы] і зычных [б, в, г, д, (дж, дз) ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш, ь] гукаў, вымаўленнем некаторых спалучэнняў зычных, націскам. Набытыя ўменні адшліфоўваюцца, потым удасканальваюцца пры вывучэнні іншых тэм і раздзелаў праграмы.
Назіранні за вымаўленнем вучняў дапаможнай школы на розных этапах навучання і ў розных сітуацыях (на ўроках – у час вусных адказаў, пры пераказе прачытанага) паказваюць, што парушэнні норм літаратурнага вымаўлення абумоўлены дзвюма прычынамі:  уплывам рускай мовы; уплывам напісання.
 Першай прычынай з’яўляецца уплыў рускай мовы, якая звязана з наступнымі адхіленнямі ад літаратурнай нормы:
  1. Няправільнае вымаўленне запазычаных слоў з цвёрдымі д, т перад галоснымі: арціст, ціятр, дзіктант (трэба: артыст, тэатр, дыктант).
  2. Вымаўленне мяккіх ], [ч] на месцы зацвярдзелых гукаў [р], [ч]: река, чалавек, рябіна, чірвань.
  3. Адсутнасць падоўжаных зычных [с, з, ц, дз, ж, ш, ч, л, н,] у інтэрвакальнай пазіцыі: замест галлё, жыццё, насенне, суддзя, ноччу, калоссе, збожжа вучні ДШ вымаўляюць – галё, жыцё, насене, судзя, ночу, калосе, збожа.
  4. Вымаўленне слоў без прыстаўных зычных: замест слоў вуліца, вуха, восень, вокны, вучні вымаўляюць – уліца, уха, осень, окны.
  5. Вымаўленне выбухнога [г], замест фрыкатыўнага [γ]: дзеці ДШ вымаўляюць — [γорат], [γады], [γаспадыня], [аγароджа].
Другая прычына адхілення ад літаратурнага вымаўлення з’яўляецца уплыў напісання. Яе сутнасць заключаецца у тым, што пры чытанні дзеці вымаўляюць гукі ў адпаведнасці з графічным складам слова. Уплыў напісання адчуваецца і пры вымаўленні вучнямі такіх слоў як: агарод, бераг, мароз (апошнія зычныя у гэтых словах у адпаведнасці з літаратурнай нормай павінны вымаўляцца як глухія зычныя), а таксама у словах тыпу дарожка, лодка, лёгкі (звонкія зычныя стаяць перад глухімі і адбываецца аглушэнне). Зычныя [с, з, дз, ц], якія стаяць перад мяккімі ў словах: змена, песня, дзверы, цвёрды трэба вымаўляць мякка.
У пачатковых класах у адпаведнасці з праграмай па беларускай мове (раздзел «Гукі і літары») і асноўнымі правіламі сучаснай беларускай арфаэпіі вучні ДШ павінны засвоіць:
Вымаўленне націскных і ненаціскных галосных.
Націскныя галосныя ў беларускай мове вымаўляюцца і чуюцца выразна: лета, лава, мора, разумны, цэны, мыць. У такой пазіцыі галосныя таксама вымаўляюцца даволі выразна, паколькі не змяняюць сваёй асноўнай якасці: куток, шэры, ляснічы. Ненаціскныя галосныя [і], [ы], [у], [а] амаль зусім не змяняюць сваёй якасці, вымаўляюцца выразна: пацэліць, рэчы, журналіст [1, с 102].
Вымаўленне зычных.
Цвёрдая афрыката [дз] сустракаецца толькі ў запазычаных і гукапераймальных словах: нэндза, дзынкаць, дзяжурны, адзінка. Гук [дж] прыдатны ў асноўным дзеяслоўным формам (сяджу, гляджу), а таксама аддзеяслоўным назоўнікам (адраджэнне, пасяджэнне).
Гук [г] у беларускай мове служыць звонкім фрыкатыўным гукам, які па першай прыкмеце супрацьпастаўляецца глухому [х], а па другой – выбухоному [к] ([г]ор і [х]ор, [г]од і [к]од). Гукі  [ж, ч, ш, р] вымаўляюцца заўсёды ў беларускай літаратурнай мове цвёрда ([ж]ыццё, [ч]орны, [ш]эпт, пе[р]ад). Гэтаксама цвёрда вымаўляюцца губныя гукі [п, б, м, ф] у канцы слоў і перад й ([б’]йу, цэ[п], се[м], скі[ф]). Губна-зубны зычны [в] на канцы слова, а таксама паміж галоснымі перад зычным вымаўляецца як [ў] (мова – моў, слова– слоў, галава – галоўка)[1, c 104].
Арфаэпія вывучае ўсе варыянты вымаўлення, але ў той жа час паказвае на іх месца ў літаратурным вымаўленні.
Навучанне арфаэпіі – сістэматычная праца, накіраваная на авалоданне нормамі літаратурнага вымаўлення. Гэта дасягаецца пры дапамозе спецыяльных назіранняў за вымаўленнем, завучвання арфаэпічных правіл, адпрацоўкі неабходных практыкаванняў.
Засваення вучнямі арфаэпічных норм літаратурнай мовы дасягаецца ў асноўным у працэсе навучання і ў выніку пераймання. Асноўнымі прыёмамі фарміравання арфаэпічных навыкаў у працэсе навучання трэба лічыць:
а) азнаямленне дзяцей з тым ці іншым правілам арфаэпіі;
б) кароткае вуснае апісанне артыкуляцыі гука;
в) вымаўленне гука настаўнікам;
г) вымаўленне гэтага гука вучнямі;
д) удакладненне артыкуляцыі вучняў;
е) вымаўленне слоў з гэтым гукам і іншае (завучванне скорагаворак,) [2, с 63].
Паслядоўнасць і авалоданне арфаэпічнымі нормамі на ўроках мовы і выпрацоўка неабходных навыкаў звязаны з вывучэннем асноўных тэм праграмы. Вывучаючы, напрыклад тэму «Звонкія і глухія зычныя гукі і іх літары» (3 клас дапаможнай школы): настаўнік паведамляе вучням, што звонкія складаюцца з шуму і голасу, а глухія гукі вымаўляюцца без голасу, калі галасавыя звязкі застаюцца ненапружанымі. Гэтак жа настаўнік дапаўняе вучням, што звонкія гукі могуць аглушацца як ў канцы так і ў сярэдзіне слова перад глухімі:  казка — [каска], грыб – [грып]. Так і наадварот глухія гукі могуць азванчацца: просьба — [прозьба], пяцьдзясят — [пядзьдзясят]. У працэсе дальнейшай работы ідуць спецыяльныя практыкаванні:
Параўнайце вымаўленне зычных у парах слоў, устаўце прапушчаныя літары.
бяро…ка – бяроза;                           лі…ка – ліпа;
ка…ка – казачка;                              жа…ка – жаба;
зу…кі – зубок;                                  зага…ка – загадаць.
Вучыцца правільнаму літаратурнаму вымаўленню зручней за ўсё на ўзорнай літаратурнай вуснай мове. Такім узорам у першаю чаргу павінна быць мова настаўніка. Яго літаратурна правільнае вымаўленне заўсёды служыць прыкладам для дзяцей.
У працэсе навучання арфаэпіі яшчэ мае ролю перайманне. Пад ім трэба разумець шматразовае паўтарэнне вучнямі гука ці спалучэнні гукаў паводле дадзенага ўзору – гэта значыць мова настаўніка. Што дазваляе вучням даволі хутка засвойваць літаратурнае вымаўленне гука або спалучэнні гукаў. Але гэта нельга абмяжоўваць толькі шматразовым узнаўленнем гука. Пры гэтым неабходна, каб на ўроку беларускай мовы выкарыстоўваліся яшчэ разнастайныя  прыёмы. Напрыклад, такія як супастаўленне правільнага вымаўлення з няправільным; апора на асацыяцыі; практыкаванні ў правільным вымаўленні, каб вучні пры ўсведамленні правільнай арфаэпіі маглі абаперціся на іх.
Пры выпрацоўцы літаратурнага вымаўлення варта выкарыстоўваць вуснае апісанне артыкуляцыі гукаў (кароткае паведамленне настаўнікам, наконт работы органаў мовы, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гука), паказ правільнага вымаўлення, выкананне практыкаванняў.
Пасля таго як у вучняў выпрацоўваюцца артыкуляцыйныя навыкі, гэтак жа неабходна правесці працу над дыкцыяй г.зн. уменнем валодаць уласным  голасам, рэгуляваць яго з дапамогай сілы (моцна, ціха, мацней, цішэй), тэмпу (хутка, павольна, хутчэй), вышыні тону, тэмбравай афарбоўкі і гэтак далей, што дазваляе вучням правільна прамаўляць фразы, скорагаворкі, вершы з неабходнай інтанацыяй: апавядальнай, пытальнай або клічнай.
Фарміраванне навыкаў правільнага вымаўлення  гэта і ёсць рэалізацыя ў працэсе навучання метадычнага прынцыпу апераджальнага развіцця вуснай мовы. Набытыя навыкі будуць пакладзены ў аснову фарміравання ўсіх іншых навыкаў: арфаграфічных, пунктуацыйных.
У навучанні літаратурнаму вымаўленню істотную ролю адыгрывае

выкарыстанне тэхнічных сродкаў (аўдыё і відэа магнітафоны, праектары для прагляду відэазапісаў па літаратурных творах). Вучні праслухоўваючы народныя казкі, урыўкі з твораў розных жанраў у выкананні розных аўтараў, што дапамагае ўспрымаць узорнае літаратурнае вымаўленне. Выкарыстанне тэхнічных сродкаў дазваляе вучням слухаць уласнае вымаўленне, аналізаваць яго і пераадольваць недахопы ў сваёй мове.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Чахоўская Т. Л., Чахоўскі Г. К. Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Тэарэтычны курс: дапаможнік / Чахоўская Т. Л., Чахоўскі Г. К. – Мінск, 2010. — 110 с.
  2. Падгайскі, П. Л. Методыка беларускай мовы: (Граматыка і правапіс) I – III кл. / Л. П. Падгайскі. – Мінск, 1981 – 176 с.
Запись опубликована в рубрике Аспекты коррекционно-развивающей педагогики. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий