Дашкольная ўстанова сучаснасці нацэлена на індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. Гульня – незаменны ў гэтым памочнік. Калі яе выкарыстоўваць у навучанні ўсвядомлена, абапіраючыся на навуковае разуменне сацыяльных і псіхалагічных заканамернасцей развіцця дзіцяці, зыходзячы з ведаў аб месцы гульні ў працэсе дашкольнага навучання і аб механізме ўздзеяння гульні на працягу гэтага працэсу, то ў такім выпадку гульня аказвае на фарміраванне дзіцяці станоўчы ўплыў.
Сярод розных відаў гульняў вылучаюць развіваючыя гульні. Гэта гульні, нацэленыя выключна на развіццё творчых і разумовых здольнасцей дзіцяці.
“Развіваючыя гульні ўяўляюць сабой інтэграцыю псіхалагічных і педагагічных тэхналогій, якія стымулююць развіццё пазнавальнай сферы і выпрацоўку пэўных навыкаў і ўменняў” [1, с. 37]. У працэсе развіваючых гульняў адбываецца развіццё або ўдасканаленне ўвагі, уяўленняў, памяці, мыслення і маўлення, крэатыўнасці, а таксама развіццё валявых і маральных якасцей асобы, яе творчых здольнасцей.
Развіваючыя гульні характарызуюцца ў першую чаргу тым, што яны ўтрымліваюць гатовую гульнявую задуму, прапанаваную дзіцяці, гульнявы матэрыял і правілы. Усё гэта вызначаецца мэтай гульні, г.зн. тым, для чаго гульня створана і на што яна накіравана.
Мэта гульні заўсёды мае два аспекты:
1) Пазнавальны (тое, чаму мы павінны навучыць дзіця, якімі спосабамі дзеянняў з прадметамі хочам яму перадаць);
2) Выхаваўчы (спосабы супрацоўніцтва, формы зносін і адносіны да іншых людзей, якія трэба прывіць дзецям) [2,c. 5].
У абодвух выпадках мэта гульні павінна фармулявацца не як перадача канкрэтных ведаў, уменняў і навыкаў, а як развіццё пэўных псіхічных працэсаў або здольнасцей дзіцяці.
Гульнявая задума ўяўляе сабой тую гульнявую сітуацыю, у якую ўводзіцца дзіця і якую ён успрымае як сваю. Гэта дасягаецца ў тым выпадку, калі пабудова задумы гульні абапіраецца на канкрэтныя патрэбы і схільнасці дзяцей, а таксама асаблівасці іх вопыту. Напрыклад, для малодшых дашкольнікаў характэрна асаблівая зацікаўленасць прадметным светам. Прывабнасць асобных рэчаў задае сэнс іх дзейнасці. Значыць, задума гульні можа грунтавацца на дзеяннях з прадметамі або на імкненні атрымаць прадмет у свае рукі.
Задума гульні рэалізуецца ў гульнявых дзеяннях, якія прапануюцца дзіцяці, каб гульня адбылася. У адных гульнях трэба штосьці знайсці, у іншых – выканаць вызначаны рух, у трэціх – абмяняцца прадметамі.
Наяўнасць гульнявога дзеяння або гульнявога элемента – галоўнае адрозненне развіваючай гульні ад развіваючага практыкавання. Увядзенне гульнявога элемента ў практыкаванне можа зрабіць практыкаванне гульнёй і наадварот, калі выключыць гульнявы элемент з гульні, яна ператворыцца ў практыкаванне.
Гульнявыя дзеянні заўсёды ўключаюць у сябе навучальную задачу, г. зн. тое, што з’яўляецца для кожнага дзіцяці найважнейшай умовай асабістага поспеху ў гульні і яго эмацыянальнай сувязі з астатнімі ўдзельнікамі. Вырашэнне навучальнай задачы патрабуе ад дзіцяці актыўных разумовых і валявых намаганняў, але яно ж і дае найбольшае задавальненне. Змест навучальнай задачы можа быць разнастайным: назваць форму прадмета, паспець знайсці патрэбны малюнак за пэўны час, запомніць некалькі прадметаў і інш.
Гульнявы матэрыял таксама заахвочвае дзіця да гульні, мае важнае значэнне для навучання і развіцця дашкольніка і, вядома ж, для ажыццяўлення гульнявой задумы.
Гульнявы матэрыял заахвочвае дзіця да гульні, мае важнае значэнне для навучання і развіцця дашкольніка, а таксама для ажыццяўлення гульнявой задумы.
Важнай асаблівасцю гульні з’яўляюцца гульнявыя правілы. Правілы гульні даводзяць да свядомасці дзяцей яе задуму, гульнявыя дзеянні і навучальную задачу, рэгулююць узаемаадносіны гуляючых.
Для таго, каб гульня захапіла дзяцей і асабіста закранула кожнага з іх, дарослы павінен стаць непасрэдным яе ўдзельнікам. Сваімі дзеяннямі, эмацыянальнымі зносінамі з дзецьмі дарослы далучае іх да сумеснай дзейнасці, робіць яе важнай і значнай для іх. Ён становіцца як бы цэнтрам прыцягнення ў гульні. Гэта вельмі важна на першых этапах знаёмства з новай гульнёй.
Адначасова дарослы арганізуе гульню і накіроўвае яе, дапамагае дзецям пераадольваць цяжкасці, ацэньвае іх добрыя ўчынкі і дасягненні, адзначае недахопы. Сумяшчэнне дарослым дзвюх розных роляў – удзельніка і арганізатара – важная адметная асаблівасць развіваючай гульні.
У аснову сістэмы развіваючых гульняў пакладзены наступныя прынцыпы:
– сумяшчэнне ў дзейнасці дзіцяці элементаў гульні і вучэння і паступовы пераход ад гульняў-забаў праз гульні-задачы да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці;
– паступовае ўскладненне навучальнай задачы і ўмоў гульні;
– павышэнне разумовай актыўнасці дзіцяці ў вырашэнні прапанаваных задач;
– арганічная сувязь і ўзаемазалежнасць паміж знешняй і ўнутранай (разумовай) актыўнасцю дзіцяці і паступовы перахорд да больш інтэнсіўнай разумовай працы;
– адзінства навучальных і выхаваўчых уздзеянняў [2, c.3].
У выніку рэалізацыі гэтых прынцыпаў ствараюцца ўмовы, якія садзейнічаюць станаўленню пачатковых формаў самаацэнкі і самакантролю дзіцяці, развіваюць інтэлектуальныя якасці: увагу, памяць, уменне знаходзіць залежнасці і заканамернасці, класіфіцыраваць і сістэматызаваць матэрыял, развіваюць здольнасць да камбініравання, уменне знаходзіць памылкі і недахопы, развіваюць прасторавыя ўяўленні, здольнасць прадбачыць вынікі сваёй дзейнасці. Гэта мае вялікае значэнне і для будучай і сапраўднай вучэбнай дзейнасці дашкольніка, для паўнавартаснага жыцця ў калектыве аднагодкаў.
Спроба класіфікацыі развіваючых гульняўбыла зроблена З.М. Багуслаўскай у працы “Развіваючыя гульні для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту”. Дадзеная класіфікацыя грунтуецца на выдзяленні асноўных якасцей і здольнасцей, на фарміраванне якіх накіравана тая ці іншая развіваючая гульня. У выніку аўтар вылучае наступныя віды развіваючых гульняў:
- Гульні, якія збліжаюць дашкольнікаў адзін з адным і з выхавальнікам, прадстаўлены рухомымі гульнямі-забавамі і карагодамі. Выкарыстоўваючы рух як сродак гульнявых зносін і пабудаваўшы гульні ў пэўнай паслядоўнасці, можна атрымаць своеасаблівыя этапы гульнявога партнёрства. Рух не толькі развівае дзіця фізічна, але і актывізуе яго інтэлектуальную дзейнасць.
- Гульні, якія развіваюць маральна-валявыя якасці асобы дзіцяці, накіраваны на развіццё гуманных, маральных адносін паміж дзецьмі і валявых якасцей асобы, якія выяўляюцца ва ўчынках і дзеяннях: дапамагчы іншаму, выбавіць з бяды, даставіць прыемнае і інш. Выкананне гэтых дзеянняў і ўчынкаў патрабуе валявых намаганняў, умення пераадольваць перашкоды, валодаць сабой. Гульні, размешчаныя ў парадку ўскладнення правілаў, патрабуюць ад дзіцяці ўсё большай усвядомленасці, рашучасці, арганізаванасці, што з’яўляецца перадумовай удзелу яго ў наступных гульнях, накіраваных на пазнавальнае і разумовае развіццё.
- Гульні, накіраваныя на сэнсарнае выхаванне,асабліва важныя ў малодшым дашкольным узросце, калі дзіця яшчэ не вылучае і не ўсведамляе адметныя якасці навакольных прадметаў. Прапанаваныя гульні ствараюць умовы для развіцця мэтанакіраванага ўспрымання знешніх прымет прадметаў. Гуляючы, дзіця вучыцца розным прыёмам зрокавага, слыхавога і тактыльнага даследавання, якія дапамагаюць вылучаць і адрозніваць якасці прадметаў, параўноўваць прадметы паміж сабой, абазначаць іх адпаведным словам.Так узнікаюць сэнсарныя эталоны, г. зн. агульнапрынятыя ўяўленні аб знешніх якасцях прадметаў. Развіццё сэнсорыкі з’яўляецца пачуццёвай асновай для ўсіх здольнасцей дзіцяці (пазнавальных, эстэтычных, творчых і г. д.), для паўнавартаснага, усвядомленага ўспрымання навакольнай рэчаіснасці. У гэтай групе вылучаюцца наступныя віды гульняў:
– гульні, якія спрыяюць развіццю мэтанакіраванага слыхавога ўспрымання;
– гульні, якія развіваюць мэтанакіраванае ўспрыманне колеру;
– гульні, якія развіваюць успрыманне формы;
– гульні, якія развіваюць успрыманне якасцей велічыні.
- Гульні, якія развіваюць асноўныя пазнавальныя працэсы –увагу, мысленне і маўленне. Такія гульні адкрываюць шырокія магчымасці для развіцця пазнавальных працэсаў, бо ў гульнях дзіця не толькі выконвае патрабаванні дарослага, а актыўна дзейнічае. Ствараецца неабходная сувязь паміж практычнымі і разумовымі дзеяннямі, якая вядзе да развіцця дзіцяці. У гульнях на ўвагу дашкольнік выконвае такія дзеянні, якія фарміруюць мэтанакіраванасць і ўстойлівасць увагі.
У гульнях, якія развіваюць памяць, дашкольнікі вучацца ўсталёўваць сувязь паміж прадметамі, запамінаць іх, каб пасля ўзгадаць. Гэтая сувязь задаецца правіламі гульні і гульнявымі дзеяннямі. Напрыклад,каб успомніць, дзе жывуць персанажы гульні, дзіця павінна запомніць адзнакі на аднолькавых хатках.
У гульнях на развіццё мыслення спецыяльна створаная сітуацыя і прапанаваныя дзеянні дапамагаюць дзіцяці вучыцца перадаваць сваю думку рухам і звязнай прамовай.
З.М. Багуслаўская прапануе іншую класіфікацыю развіваючых гульняў,якая абапіраецца непасрэдна на структуру гульні і яе асаблівасці. З гэтага пункту гледжання аўтар выдзяляе чатыры віды развіваючай гульні: гульні-забавы, гульні з роляй, гульні-задачы і гульні-спаборніцтвы[2, с. 9–10].
Развіваючыя гульні маюць шэраг асаблівасцей, што дазваляе вылучыць іх у асобны від:
- Кожная гульня ўяўляе сабой набор задач, якія дзіця вырашае з дапамогай кубікаў, квадратаў з картона або пластыка, дэталей з канструктара;
- Задачы даюцца дзіцяці ў рознай форме: увыглядзе мадэлі, плоскага малюнка ў чарцяжу, пісьмовай або вуснай інструкцыі і такім спосабам знаёмяць яго з рознымі спосабамі перадачы інфармацыі;
- Задачы размяшчаюцца прыкладна ў парадку ўзрастання складанасці па прынцыпу ад простага да складанага;
- Такія гульні прадстаўляюць сабой набор задач паступова нарастальнай складанасці шырокага дыяпазону ад элементарных, даступных 2-3-гадоваму дзіцяці, да такіх, з якімі з цяжкасцю спраўляюцца нават дарослыя. Таму такія гульні могуць выклікаць інтарэс на працягу многіх гадоў;
- Паступовае ўзрастанне цяжкасцей задач у гульнях дазваляе дзіцяці ісці напрерад і ўдасканальвацца, г.зн. развіваць свае творчыя здольнасці ў адрозненні ад навучання, дзе ўсё тлумачыцца і фарміруюцца толькі выканаўчыя рысы;
- Нельга тлумачыць дзіцяці спосаб і парадак вырашэння задач. Знаходзячы рашэнні практычна, дзіця само даследуе навакольнае асяроддзе.
- Нельга патрабаваць і дабівацца, каб дзіця з першага разу вырашыла задачу.
- Вырашэнне задач прадстае перад дашкольнікам не ў абстрактнай форме адказу матэматычнай задачы, а ў выглядзе малюнка, узору або збудавання з кубікаў, дэталей канструктара, г.зн. у выглядзе рэчаў, якія можна бачыць і адчуваць. Гэта дазваляе наглядна суадносіць заданне з рашэннем і самому бачыць правільнасць выканання задання.
- Большасць развіваючых гульняў не вычэрпваецца прапанаванымі заданнямі, а дазваляе дзецям, педагогам састаўляць новыя варыянты заданняў і прыдумліваць новыя развіваючыя гульні, займацца творчай дзейнасцю на больш высокім узроўні.
- Развіваюыя гульні дазваляюць кожнаму максімальна праявіць свае магчымасці. У развіваючых гульнях – у гэтым заключаецца іх галоўная асаблівасць – аб’ядноваецца адзін з асноўных прынцыпаў навучання ад простага да складанага з вельмі важным прынцыпам дзейнасці самастойна па здольнасцях.
Такім чынам, развіваючыя гульні – гэта гульні, якія накіраваны на развіццё эмацыянальных, маральных, інтэлектуальных, творчых якасцей дзіцяці. Абумоўленыя асаблівасцямі дзіцячай псіхікі і ўспрымання навакольнага свету, яны становяцца неабходным сродкам выхавання і развіцця ва ўмовах дашкольнай установы.
Спіс літаратуры
- Богуславская, З.М. Развивающие игры для детей младшего дошкольного возраста / З.М. Богуславская, Е.О. Смирнова. – М.: Просвещение, 1991. – 207 с.
- Виноградова, Н.А. Сюжетно-ролевые игры для старших школьников: практическое пособие / Н.А. Виноградова, Н.В. Позднякова. – М.: Айрис-пресс, 2008. –128 с.