Асабіна С.В. Агульнаўжывальныя і аўтарскія варыянты фразеалагізмаў (на прыкладзе твораў Міхася Лынькова)

Даследуючы спосабы і прыёмы выкарыстання фразеалагізмаў у творах пісьменніка, неабходна размяжоўваць індывідуальна-аўтарскае і агульнанароднае ўжыванне гэтых моўных адзінак. Такой агульнанароднай, агульнамоўнай з’явай выступае варыянтнасць некаторых фразеалагізмаў, г.зн. іх магчымасць рэалізоўвацца ў маўленні ў дзвюх, а то і болей разнавіднасцях, узаемазамяняльных у любым кантэксце.

У манаграфічнай працы І.М. Хлусевіч «Варыянтнасць фразеалагізмаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове» [1] зроблена першая ў беларускім мовазнаўстве спроба ўсебаковага, сістэмнага вывучэння фразеалагічнай варыянтнасці. Як паказана ў гэтым даследаванні, каля 31 % фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы ахоплена з’явай варыянтнасці. Прычынай узнікнення варыянтаў з’яўляецца «супярэчнасць паміж формай і зместам фразеалагізма. Ідэальна фразеалагічнае значэнне, адпрацаванае і замацаванае моўнай традыцыяй, павінна адназначна перадавацца формай, але такая суадноснасць (ці адпаведнасць) пастаянна парушаецца. Справа ў тым, што значэнне фразеалагізма мае тэндэнцыю набываць розныя формы выражэння і наадварот: адна і тая ж фразеалагічная форма імкнецца абслугоўваць розныя моўныя функцыі» [2, с. 168].
Звычайна вылучаюць 8 тыпаў фразеалагічнай варыянтнасці: лексічны, фанетычны, акцэнтны, акцэнтна-фанетычны, словаўтваральны, марфалагічны, канструкцыйна-колькасны, камбінаваны. Гэтыя тыпы варыянтаў вызначаюць на аснове таго, што змяняецца ў фразеалагізме: кампанент ці яго фармальны бок.
Разгледзім больш падрабязна названыя тыпы варыянтнасці ў творах М. Лынькова.
Лексічныя варыянты – гэта «слоўна-кампанентныя разнавіднасці фразеалагізмаў, якія адбываюцца ў межах адной і той жа сінтаксічнай канструкцыі і не ўносяць якіх-небудзь сэнсавых адценняў у змест фразеалагізма» [2, с. 186]. У творах пісьменніка назіраем фразеалагічную варыянтнасць назоўнікавага кампанента: з мінуты на мінуту – з хвіліны на хвіліну; на ўсю моц – на ўсю сілу; дзіўная рэч – дзіўная справа; пракладаць дарогу – пракладаць шлях – пракладаць сцежку; загнаць у магілу – загнаць у труну; мурашкі пабеглі па целе – мурашкі пабеглі па спіне; раскінуць розумам – раскінуць галавой; абліваць граззю – абліваць памыямі; дзеяслоўнага кампанента: дзеясловам – пападаць у рукі – трапляць у рукі; зуб на зуб не пападаў – зуб на зуб не трапляў; што ні кажы – што ні гавары; заглянуць у душу – зазірнуць у душу; прыметнікавага кампанента: глядзець іншымі вачамі – глядзець новымі вачамі; з голымі рукамі – з пустымі рукамі; варыянтнасць лічэбнікавага кампанента назіраецца ў адным фразеалагізме: да сёмага поту – да дзесятага поту. Займеннікавы кампанент вар’іруецца ў 4 фразеалагізмах: ад няма чаго рабіць – ад нечага рабіць; чаго граху таіць – што граху таіць; ва ўсякім разе – у кожным разе; няма чаго бога гнявіць – чаго бога гнявіць. Вар’іраванне прыслоўнага кампанента сустракаецца ў наступных фразеалагічных адзінках: уздыхнуць вольна – уздыхнуць свабодна; бачыць наскрозь – бачыць навылёт; мякка сцеле <ды мулка спаць> – мякка сцеле < ды жорстка спаць> і інш. Назіраецца варыянтнасць кампанентаў, суадносных са службовымі часцінамі мовы: мастацтва для мастацтва – мастацтва дзеля мастацтва; на ўвесь рост – ва ўвесь рост; праз зубы – скрозь зубы; што ні кажы – як ні кажы; разжоўваць і ў рот класці – разжоўваць ды ў рот класці; аж пыл курыць – толькі пыл курыць.
Адначасовае вар’іраванне двух кампанентаў, суадносных з рознымі часцінамі мовы, найчасцей з назоўнікам і дзеясловам сустракаем у такіх выразах: браць за душу – хапаць за сэрца; пападаць на кручок – трапляць на вудачку; мароз па скуры прабягаў – мароз па спіне прайшоў.
Разгледзім зараз фармальныя фразеалагічныя варыянты, у якіх змяняецца не кампанент фразеалагізма, а толькі яго фармальны бок. Сярод такіх варыянтаў у творах пісьменніка сустракаем: фанетычныя (адрозніваюцца адным гукам ці некалькімі): раз-пораз – раз-поразу; не маргнуўшы вокам – не міргнуўшы вокам; у футарале – у футляры; ва фронт – ва фрунт; акцэнтна-фанетычныя (адрозніваюцца гукам і месцам націску): доўгі язык – даўгі язык; пайсці ўгору – пайсці ўгару; як укопаны – як укапаны; у цяні – у ценю; марфалагічныя (адрозніваюцца граматычнай формай кампанентаў): дацца ў знакі – дацца ў знак; не на жарты – не на жарт; вярэдзіць рану – вярэдзіць раны; стрыгчы вачамі – стрыгчы вачыма; з п’яных вачэй – з п’яных воч; кішкі марш іграюць – кішкі марша іграюць; словаўтваральныя (адрозніваюцца словаўтваральнай структурай аднаго з кампанентаў): адкрыць сваю душу – раскрыць сваю душу; саступаць месца – уступаць месца; набіць аскому – набіць аскоміну; мядзведжы куток – мядзведжы кут.
Канструкцыйна-колькасныя варыянты адрозніваюцца наяўнасцю ў адным з іх факультатыўнага кампанента (кампанентаў). Так, фразеалагізм грош цана <у базарны дзень> і яго канструкцыйна-колькасны варыянт грош цана, двойчы ўжыты М. Лыньковым, маюць розную сінтаксічную канструкцыю і колькасць кампанентаў, фразеалагізм можа выступаць як у поўнай, так і ў скарочанай форме, захоўваючы пры гэтым сваё адзінства – адзінства формы і зместу, сваю лексіка-граматычную характарыстыку. Канструкцыйна-колькасная варыянтнасць адрозніваецца ад іншых тыпаў варыянтнасці тым, што «любое вар’іраванне, нават калі яно распаўсюджваецца на ўсе кампаненты, не закранае іх колькасных змяненняў і не можа прывесці да разбурэння фразеалагізма, тады як факультатыўнасць звязана з колькаснымі зменамі кампанентаў» [3, с. 87].
Аналіз канструкцыйна-колькасных варыянтаў у творах М. Лынькова паказвае, што найчасцей апускаюцца займеннікавыя кампаненты: ты: хоць <ты>лопні – хоць лопні; дай <ты> рады – дай рады; самы: над <самым> вухам – над вухам; па <самае> горла – па горла; свой: здаць <свае> пазіцыі – здаць пазіцыі; стаць на <сваё> месца – стаць на месца; сабе: зламаць <сабе> галаву – зламаць галаву; <сабе> пад нос – пад нос; гэты: на <гэтых> днях – на днях. Кампаненты, суадносныя з іншымі часцінамі мовы, падпадаюць пад скарачэнне радзей, чым кампаненты-займеннікі: як <нажом> адрэзаў – як адрэзаў; як <сякерай> адсек – як адсек; <дужа> не разгонішся – не разгонішся; глядзець <далёка> наперад – глядзець наперад; на чым свет <стаіць>, да слова <сказаць>); <як> кот наплакаў – кот наплакаў; <і> там і тут – там і тут; што ні <на> ёсць – што ні ёсць; <у> самы раз – самы раз; <хоць> плот гарадзі – плот гарадзі.
Сярод камбінаванай варыянтнасці, якая спалучае розныя віды вар’іравання, у творах М. Лынькова сустракаюцца наступныя разнавіднасці: лексічны і канструкцыйна-колькасны: што <і> казаць – што гаварыць; гнуць <сваю> спіну – гнуць шыю; лексічны і словаўтваральны: гнаць у магілу – уганяць у зямлю; лексічны і марфалагічны: звальваць з плячэй – скідаць з плеч; з усёй сілы – з усяе моцы; словаўтваральны і марфалагічны: разяўляць рот – паразяўляць раты; не змыкаць вачэй – не самкнуць вочы; марфалагічны і канструкцыйна-колькасны: набіваць <сабе, сваю> кішэнь – набіваць кішэню; ламаць <сабе> галаву – ламаць галовы і інш.
Гаворачы пра фразеалагічныя варыянты, У.П. Жукаў зазначае, што адны з іх «могуць быць уласцівы агульнанароднай мове, а другія індывідуальныя па сваім паходжанні» [2, с. 177]. З такой даволі частай з’явай сустракаемся ў творах М. Лынькова. Усе аўтарскія разнавіднасці фразеалагізмаў можна падзяліць на дзве групы:
1) магчымыя варыянты, не зафіксаваныя ў фразеалагічных слоўніках;
2) аўтарскія варыянты, ужытыя для разнастайнасці маўлення.
Варыянты першай групы можна лічыць магчымымі лексічнымі разнавіднасцямі па той прычыне, што пераменныя кампаненты ўступаюць у сінанімічныя сувязі. Некаторыя фразеалагічныя варыянты, не зафіксаваныя ў слоўніках, сустракаюцца таксама і ў іншых аўтараў, не толькі ў М. Лынькова. Напрыклад, такой лексічнай разнавіднасцю агульнаўжывальнага фразеалагізма на справе можна лічыць выраз на дзеле, які зафіксаваны ў творах Я. Коласа і Я. Купалы. Рэдкаўжывальны лексічны варыянт на хуткую руку (замест на скорую руку) назіраем у П. Броўкі, Г. Далідовіча. Пісьменнік нароўні з агульнаўжывальным лексічным варыянтам ужывае магчымыя заменнікі. Напрыклад, фразеалагізм сэрца сціскаецца, двойчы выкарыстаны аўтарам у сваёй звычайнай форме, 6 разоў ужываецца ў выглядзе сэрца сцялася (дзеясловы сціснуць і сцяць маюць агульнае значэнне ‘здушыць, сцясніць (горла, грудзі)’. Нароўні з фразеалагізмам дзе гэта відана М. Лынькоў двойчы выкарыстоўвае дзе гэта бачана. Ёсць выпадкі, дзе аўтар аддае перавагу не агульнаўжывальнаму варыянту, а іншаму – магчымаму. Так, пісьменнік зусім не ўжывае слоўнікавы фразеалагізм сэрца ледзянее (ледзянела) (у каго), а 5 разоў выкарыстоўвае сэрца халадзее (захаладала, пахаладзее, пахаладзела, стыне) (у каго). Дзеясловы ледзянець і халадзець супадаюць у значэннях ‘адчуваць холад, мерзнуць’, ‘станавіцца халодным, халаднейшым’.
У большасці выпадкаў вылучэнне магчымых варыянтаў заснавана на тым, што ў фразеалагічных слоўніках ужо зафіксаваны падобныя прыклады ўзаемазамены кампанентаў у іншых агульнаўжывальных варыянтах. Так, у фразеалагічнай адзінцы не бачыць белага свету разам са стандартным ужываннем тройчы назіраем замену прыметнікавага кампанента словам божы; аналагічная варыянтнасць адлюстравана ў «Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы» пры ўжыванні выразу у <белы (божы)> свет [4, т. 2, с. 321–322]. Фразеалагізмы сушыць душу (каму), камень на душы (у каго), ужытыя М. Лыньковым, можна лічыць магчымымі варыянтамі да выразаў сушыць сэрца (каму, чыё), камень на сэрцы (у каго), зафіксаванымі фразеалагічнымі слоўнікамі (параўн. агульнанародныя варыянты: душа гарыць – сэрца гарыць і пад.).
Часам назіраецца магчымая фанетычная варыянтнасць гукаў [і]-[й]: толькі і бачыў – толькі й бачыў; ну і ну – ну й ну. Падобныя гукавыя варыянты, якія ўжываюцца як у мове персанажаў, так і ў аўтарскай, надаюць мове твораў пісьменніка своеасаблівы размоўны каларыт.
Сярод акцэнтна-фанетычных варыянтаў таксама ёсць магчымыя, не адлюстраваныя ў фразеалагічных даведніках. Так, ужытыя выразы хапацца за галаву; не ідзе (не ішло) у галаву (каму); сесці на галаву (каму); не лезе ў галаву (каму) і інш. маюць адпаведныя разнавіднасці хапацца за голаў; не ідзе (не ішло) у голаў (каму); сесці на голаў (каму); не лезе ў голаў (каму). Як вядома, слова галава, знаходзячыся і не ў складзе фразеалагізма, у шмат якіх беларускіх гаворках мае рухомы націск; у вінавальным склоне адзіночнага ліку ён пераходзіць з канчатка на аснову, у сувязі з чым апошні ненаціскны гук адпадае. Праілюструем гэта адным прыкладам: «І Напрэй сядзеў у хаце, ды за думкамі тымі не ішла і работа ў голаў».
Магчымымі марфалагічнымі разнавіднасцямі фразеалагізмаў, што вар’іруюцца ў формах ліку, могуць лічыцца такія выразы: калоць вочы (каму) – калоць вока (каму); мазоліць вочы (каму) – мазоліць вока (каму); сваімі рукамі – сваёй рукой; да касцей – да касці; знайшоў дурня – знайшоў дурных; з глыбіні душы – з глыбінь душы; па сіле (каму) – па сілах (каму); на ўвесь голас – на ўсе галасы.
Як у формах ліку, так і ў формах склону знаходзім магчымыя варыянты, якія ўзнікаюць па аналогіі з ужо існуючымі ў агульнанароднай мове марфалагічнымі разнавіднасцямі: не зводзіць вачэй (з каго) – не зводзіць воч (з каго); стаяць перад вачамі (у каго) – стаяць перад вачмі (у каго); уласнай персонай – уласнаю персонай.
Ёсць адзінкавыя выпадкі аўтарскай замены склонава-прыназоўнікавых формаў фразеалагічных кампанентаў. Так, сустракаем марфалагічны варыянт фразеалагізма як па заказу (у «Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы» – як на заказ) [4, т. 1, с. 395], які можа ўключацца ў фразеалагічныя слоўнікі.
Словаўтваральныя варыянты таксама маюць аўтарскія разнавіднасці: не жарты – не жартачкі – не жарцікі; тым больш – тым болей; ні днём ні ноччу – ні днём ні ўночы – ні днём ні ўначы; упасці духам – апасці духам. Выкарыстоўваюцца таксама фразеалагізмы, назоўнікавыя кампаненты якіх адрозніваюцца наяўнасцю ці адсутнасцю памяншальна-ласкальнага суфікса: у <белы> свет як у капейку – у <белы> свет як у капеечку; ні на волас – ні на валасіначку; на здароўе – на здаровейка; выцягнуцца ў струнку – выцягнуцца ў струну і інш.
Такім чынам, магчымыя варыянты, якія ёсць у творах М. Лынькова, але не зафіксаваныя фразеалагічнымі слоўнікамі, у значнай ступені дапаўняюць ужо існуючыя ў мове агульнаўжывальныя варыянты.
Больш складанымі з’яўляюцца варыянты другой групы, названай вышэй. Такія варыянты трэба адрозніваць ад нярэдкіх выпадкаў знарочыстай замены фразеалагічнага кампанента іншым словам, калі аўтар робіць гэта мэтанакіравана – для стварэння пэўнага стылістычнага эфекту.
Індывідуальна-аўтарскія варыянты не прыводзяць да змены сэнсу фразеалагізма і выкарыстоўваюцца для разнастайнасці маўлення, часам для таго, каб пазбегнуць таўталогіі: скура ды косці – скура ды рэбры; забіваць галаву (каму чым) – забіваць мазгі (каму чым); мяккае месца – далікатнае месца; такой бяды – столькі тае бяды – толькі тае бяды; дзіва што – дзіва то і інш. Як паказваюць назіранні, гэта ў асноўным толькі лексічныя варыянты, у якіх замяняецца пэўны кампанент.
Падагульняючы сказанае, можна зрабіць наступныя высновы.
Вывучэнне пытання пра фразеалагічную варыянтнасць у творах М. Лынькова абумоўлена неабходнасцю размежаваць агульнанароднае ўжыванне фразеалагізмаў, многія з якіх існуюць у дзвюх і больш разнавіднасцях, і індывідуальна-аўтарскае, абумоўленае пэўнымі ідэйна-мастацкімі задачамі. Пісьменнік шырока карыстаецца ўсімі вядомымі тыпамі варыянтнасці (апрача акцэнтных варыянтаў). Найчасцей сустракаюцца лексічныя варыянты, радзей іншыя тыпы варыянтаў: фанетычныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, акцэнтна-фанетычныя, канструкцыйна-колькасныя, камбінаваныя. Апрача агульнамоўных варыянтаў, зафіксаваных у сучасных даведніках літаратурнай або дыялектнай мовы, у творах М. Лынькова сустракаюцца фразеалагічныя варыянты няслоўнікавага тыпу, аб’яднаныя ў дзве групы: 1) магчымыя варыянты, якія не занатаваны ў слоўніках, але зрэдку сустракаюцца ў творах іншых пісьменнікаў або створаны М. Лыньковым па аналогіі з другімі выразамі, здольнымі вар’іравацца; 2) індывідуальна-аўтарскія варыянты, якія, на думку пісьменніка, найбольш прыдатныя ў пэўнай маўленчай сітуацыі, ужываюцца для разнастайнасці маўлення.

Спіс літаратуры

1. Хлусевіч, І.М. Варыянтнасць фразеалагізмаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове / І.М. Хлусевіч; пад рэд. праф. І.Я. Лепешава. – Гродна: Гродз. дзярж. ун-т, 2002. – 100 с.
2. Жуков, В.П. Русская фразеология: учеб. пособие / В.П. Жуков. – М.: Высш. шк., 1986. – 310 с.
3. Молотков, А.И. Основы фразеологии русского языка / А.И. Молотков; отв. ред.: Ф.П. Филин. – Л.: Наука, Ленингр. отд-ние, 1977. – 283 с.
4. Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. / І.Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 1993. – 2 т.

Запись опубликована в рубрике Актуальные проблемы гуманитарного знания. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>