Актыўнымі сродкамі вобразнасці, эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці ў творах Рыгора Барадуліна выступаюць аўтарскія неалагізмы (аказіянальныя словы, аўтарскія наватворы), якія, як правіла, уяўляюць сабой такія лексічныя адзінкі, якія не адпавядаюць агульнапрынятым моўным нормам, а характарызуюцца індывідуальным густам творцы і абумоўлены спецыфічным кантэкстам ужывання. Аднак, хоць яны і ўзнікаюць у «рабочым парадку» як своеасаблівы эксперымент і не прэтэндуюць на агульнае ўжыванне, абсалютная большасць такіх неалагізмаў утворана па існуючых у мове мадэлях.
У творах Рыгора Барадуліна сустракаюцца такія неалагізмы, як: курасаднік, бяссоннік, снапавоз, ліставей, запеччык, леснічоўна, цемрыва, крывуліцца, караніцца, вылюджвала, прадаладоніў, засвіргатаў, пышнахвостыя, сівагракава, лосьна, язьна, тапаляняты, купаляняты і інш.
Перш чым праводзіць структурна-граматычны аналіз барадулінскіх наватвораў, звернемся да класіфікацыі аказіяналізмаў даследчыкамі-лінгвістамі.
Ганна Басава ў залежнасці ад спосабу словаўтварэння выдзяляе такія групы індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў: 1) суфіксальныя; 2) прэфіксальныя; 3) прэфіксальна-суфіксальныя; 4) прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальныя; 5) складаныя; 6) складанаскарочаныя; 7) словы, якія ўтвораны нетыповымі спосабамі словаўтварэння.
Іван Казейка прапануе класіфікацыю аўтарскіх неалагізмаў паводле семантыкі і ўтварэння: 1) аказіяналізмы, якія ствараюцца па прадуктыўных словаўтваральных мадэлях, але застаюцца фактамі маўлення; 2) аказіяналізмы, якія ствараюцца па непрадуктыўных або малапрадуктыўных тыпах словаўтварэння; 3) аказіяналізмы, створаныя на ўзор канкрэтнага слова; 4) аказіяналізмы, створаныя «нетыпова».
Некаторыя даследчыкі вылучаюць дзве групы неалагізмаў: аказіянальныя словы і патэнцыяльныя словы.
Пад тэрмінам «патэнцыяльныя словы» яны разумеюць такія лексічныя адзінкі, якія ўтвораны па прадуктыўным тыпе словаўтварэння непасрэдна ў працэсе маўлення. Гэтыя словы амаль не залежаць ад кантэксту. Патэнцыяльнае слова часцей за ўсё не мае эмацыянальна- экспрэсіўнай афарбоўкі.
У паэзіі Рыгора Барадуліна можна вылучыць назоўнікавыя, дзеяслоўныя і прыметнікавыя неалагізмы:
Самая вялікая група – назоўнікавыя неалагізмы. Сярод іх паводле спосабу ўтварэння можна вылучыць:
1) складаныя, утвораныя ў выніку аб’яднання лагічна сумяшчальных слоў: курасаднік ад садзіць кур; назоўнік + дзеяслоў, складана-суфіксальны спосаб утварэння (як певень на курасаднік, сонца за лесам села); снапавоз ад вазіць снапы; назоўнік + дзеяслоў, складана-нульсуфіксальны спосаб утварэння (І шлях па іржышчу прамяў снапавоз); ліставей ад лістамі веяць; назоўнік + дзеяслоў, складана-нульсуфіксальны спосаб утварэння (Хаціны, што ў лясных паветах, замёў каторы ліставей);
2) утвораныя прэфіксальна-нульсуфіксальным спосабам: надлужжа – ад прыназоўнікава-іменнага спалучэння над лугам (Зірні ў надлужжа…); падстрэшша – ад прыназоўнікава-іменнага спалучэння пад страхой (Распяўся туман у падстрэшшы);
3) утвораныя прэфіксальна-суфіксальным спосабам: бяссонік – бяс + сон + нік (Іду сабе бяссоннікам, не знаю сам кудою); запеччык – за + печ + чык (Ляжам спаць, а ў запеччыку нясціхана…);
4) утвораныя суфіксальным спосабам: млынароўна – млынар + оўн + а (млынар з русалкай скача ці з чароўнай млынароўнай?); леснічоўна – ляснік + оўн + а (А леснічоўне хораша на мурагу на вышках); цемрыва – цемра + ыв + (а) (Першы прамень у цемрыве корпаўся);
5) утвораныя нульсуфіксальным спосабам: непралазь – ад непралазны (Тых – залатая ліхашанка занесла ў непралазь пургі); пахмур – ад пахмурны (Пацягваецца соладка дня маладога пахмур).
Сярод дзеяслоўных неалагізмаў можна вылучыць неалагізмы, утвораныя прэфіксальным: засвіргатаў – ад дзеяслова свіргатаць (Засвіргатаў пацёртаю воссю); постфіксальным: засінелася – ад засінець (Як засінелася возера чыстае); туманіцца – ад дзеяслова туманіць (І туманіцца не адтуманіцца пад вачыма смуга); суфіксальна-постфіксальным: карэніцца – ад назоўніка корань (З раніцы Няхай галініцца і карэніцца пявучае купалаўскае дрэва); крывуліцца – ад назоўніка крывуля (То промнем меціць, то крывуліцца) спосабамі.
Прыметнікавыя аказіяналізмы часцей за ўсё ўтвораны суфіксальным: лясовая – ляс + ов + (ая) (Не яблынька лясовая – ты злая асачынка…); складана-нульсуфіксальным: пышнахвостыя – ад пышны хвост (Ап’янелыя, пышнахвостыя ад бяссоніцы вочы прыпухлі); складана-суфіксальным: сівагракава – ад сівы грак (Зрабілася ад ліўняў і ад сонца якраз як сівагракава крыло…) спосабамі.
Акрамя назоўнікавых, дзеяслоўных і прыметнікавых аказіяналізмаў, сустракаюцца ў вершах Рыгора Барадуліна наватворы, якія ўзыходзяць да прыслоўяў і ўтвораны суфіксальным: лосьна – ад лосьн-(ы), язьна – ад язьн-(ы), (У Белавежы лосьна, язьна ў Шчары); прэфіксальна-суфіксальным: напрасцяк – на + просты + як, (Песня рвецца напрасцяк…) спосабамі.
Прааналізаваўшы барадулінскія наватворы са структурна-граматычнага боку, адзначым, што найбольш прадуктыўнымі часцінамі мовы для ўтварэння аказіяналізмаў з’яўляюцца назоўнік, прыметнік, дзеяслоў і прыслоўе. Часцей за ўсё барадулінскія аказіяналізмы ўтвораны суфіксальным, прэфіксальна-суфіксальным, складана-суфіксальным і складана-нульсуфіксальным спосабамі.
Рубрики
Архив