Адляніцкая-Пачобут М.К. НЕКАТОРЫЯ ПРЫЁМЫ РАБОТЫ НАД МНАГАЗНАЧНЫМІ СЛОВАМІ І АМОНІМАМІ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ

Узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў пачатковых класаў адбываецца не толькі шляхам раскрыцця значэння раней невядомага слова, але і праз пранікненне ў сэнсавыя таямніцы вядомага слова, авалоданне яго семантычным багаццем. Таму ў сваёй штодзённай рабоце над папаўненнем слоўніка настаўнік не абмяжоўваецца тлумачэннем незразумелых слоў. Яго задача — выпрацаваць навык свабодна карыстацца словамі ў вуснай і пісьмовай мове, навучыць дзяцей трапна і дакладна выражаць думкі, умела выкарыстоўваючы вядомыя словы.

Большасць слоў у беларускай мове з’яўляюцца мнагазначнымі. І чым часцей ужываецца слова, тым больш значэнняў яно можа мець. Мнагазначнасць— гэта ўласцівасць слова спалучаць у сабе некалькі значэнняў. У мнагазначных словах адно значэнне з’яўляецца асноўным, або прамым, астатнія — пераноснымі. Параўнаем: гараць дровы, гараць лямпачкі, гараць зоркі, гараць шчокі, гарыць усход; плаваць у вадзе, плаваць у паветры, плаваць пры адказе; Пад гарой б’е крыніца і Кніга — крыніца ведаў.

Адно і тое слова ў адным выпадку ўжываецца ў прамым значэнні, у другім — у пераносным, метафарычным. Слоўнае асяроддзе (кантэкст) дае магчымасць высветліць, у якім значэнні — прамым ці пераносным — яно ўжываецца. У кантэксце любое слова мае толькі адно значэнне.

На канкрэтных, даступных дзецям прыкладах трэба раскрываць багацце роднага слова, паказваць, што словы могуць выступаць у розных значэннях. Гэта работа пачынаецца з першага класа, паступова паглябляючыся і пашыраючыся з пераходам вучняў на новую прыступку навучання. Мова павернута да малодшых школьнікаў у першую чаргу лексікай, яе і трэба зрабіць аб’ектам назірання і навучання.

Мова — гэта матэрыяльнае выражэнне думкі, і дзіця толькі тады будзе ведаць яе, калі разам з сэнсам успрымае яркую эмацыянальную афарбоўку, жывое трымценне музыкі роднага слова.

Дзеці малодшага школьнага ўзросту параўнальна лёгка засвойваюць тыя словы, пераноснае значэнне якіх грунтуецца на сумежнасці (метанімія). Гэта тлумачыцца блізкасцю пераносу назвы з аднаго прадмета на другі. Параўнаем: клас– “памяшканне”, клас — “калектыў вучняў”, клас — “год навучання”: Наш клас прасторны і светлы. Добра працуе ўвесь наш клас. Незабыўны першы клас! Год назад прыняў ты нас.

Тое ж самае можна сказаць і пра словы школа, завод, калгас, вёска, горад, якія, калі ўжыты ў пераносным сэнсе, абазначаюць калектыў людзей.

Перанос назвы з аднаго прадмета на другі можна паказаць і на такіх прыкладах, як рабіна (дрэва і ягады), парэчкі, шыпшына (кусты і ягады).

Пераноснае значэнне дзеясловаў руху ў некаторых выпадках можна вызначыць у спалучэнні іх з назоўнікамі: дзяўчынка бяжыць і ручай бяжыць, птушка ляціць і час ляціць, хлопчык плыве і воблака плыве (у спалучэнні з неадушаўлёнымі назоўнікамі гэтыя дзеясловы маюць пераноснае значэнне).

Мнагазначныя словы сустракаюцца ў мове даволі часта. Вучні ведаюць іх, хоць і не разумеюць часам, у якім выпадку слова ўжыта ў сваім асноўным значэнні, а ў якім — у пераносным. Гэта адрозненне трэба паказаць на канкрэтных прыкладах. Так, параўноўваючы словазлучэнні залаты гадзіннік, залатыя рукі і залатая восень, дзеці высвятляюць, што слова залаты мае некалькі значэнняў. Вельмі важна накіраваць думку вучняў на вызначэнне прыметы, пакладзенай у аснову значэння прыметніка: у першым выпадку — “зроблены з золата” (прамое значэнне), у другім — “умелыя” (рукі, якія ўсё ўмеюць рабіць, бясцэнныя, дарагія — пераноснае значэнне), у трэцім — “прыгожая” (колер жоўтага лісця на дрэвах напамінае колер золата — пераноснае значэнне).

Большай увагі, безумоўна, патрабуе высвятленне лексічных значэнняў, заснаваных на метафарычным ужыванні. У кантэксце пераноснае значэнне можа набываць амаль кожнае слова: Зямля пакрылася белам абрусам. Жыццёвы шлях пісьменніка быў нялёгкі. Ручайкі звіняць, гамоняць. Летам тут сцяной высокай загамоніць ураджай. У гэтых сказах выкарыстаны стылістычныя метафары. Неабходна звяртаць увагу на пераноснае значэнне такіх слоў, паказваючы на канкрэтных прыкладах іх ужыванне ў прамым сэнсе і ў пераносным, супастаўляючы гэтыя значэнні і дабіваючыся разумення іх. У сказе Лес пажоўклы аж гарыць пераноснае значэнне мае дзеяслоў: гарыць — значыць “чырванее, пераліваецца жоўтым і чырвоным колерамі (як агонь)”. Пасля чытання сказа У чорнага волата магутнае долата варта спытаць у вучняў, што за долата ў чорнага дзятла (гэта дзюба яго так названа, таму што дзяцел стукае ёй па дрэве, як долатам). Значыць, слова долата ўжыта тут у пераносным сэнсе.

Вызначэнне ў мове мнагазначных слоў і высвятленне іх значэння лепш за ўсё праводзіць на звязных тэкстах — урыўках з празаічных твораў і вершаў [1, с. 89-93]. Перш чым выконваць граматычнае заданне, варта высветліць лексічнае значэнне слоў, ужытых у пераносным сэнсе. Настаўнік прапануе дзецям знайсці словы, якія маюць пераносны сэнс, растлумачыць іх, а потым скласці сказы, каб гэтыя словы ўжываліся ў іншым значэнні. Напрыклад:

Курачка – чубашка

У лужыну глядзіцца.

Падбягае певень,

Хоча ён напіцца.

Пі ты на задроўе,

Пеця, дружа мой,

А мне прычасацца

Дай грабеньчык свой.

Можна прапанаваць вучням крыху іншае заданне. Напрыклад, прачытаць верш і знайсці мнагазначныя словы:

Ужо золак заззяў,

Святло льецца ў прастор.

І ачнуўся ад сну —

Ціха шэпчацца бор…

Прашумеў вецярок

Па кустах лазняка.

І іскрыцца — гарыць

Залатая рака. (Я. Журба)

Са спецыяльных заданняў, якія практыкуюцца ў пачатковых класах з мэтай азнаямлення вучняў з мнагазначнымі словамі, можна назваць наступныя:

Можна таксама прапанаваць наступныя заданні:

1. Выпішыце словазлучэнні ці часткі сказаў са словамі, ужытымі ў пераносным значэнні.

I. 1. Зіма снягоў абрусы сцеле, ды не да іх у віры дзён. (А. Бачыла.) 2. Ідзе вясна ў шумлівых водах, у звонкім срэбры ручаёў. (Я. Колас.) 3. Усміхаюцца ветліва вёскі. (У. Дубоўка.) 4. Дваццаць душ жыве ў нашым доме. (В. Казько.) 5. Вынес лёгенька грыбавік лета з цёплага бору. (А. Вялюгін.)

II. 1. Цалуе сонца росы на траве. (І. Навуменка.) 2. Хата вочы закрыла дашчанымі пальцамі, каб не бачыць гора гаспадароў. (П. Панчанка.) 3. А горад едзе да азёр, да рэк і ручайкоў. (А. Лойка.) 4. А ўжо стракатыя хусцінкі збіраюць маладое шчаўе. (Р. Барадулін.) 5. Сады і вусны расцвілі, дзе мы прайшлі. (А. Русак.)

III. 1. Блудзіць па полі парыўны і мяккі вецярок. (Э. Самуйлёнак.) 2. Сэрцам адчуваю – ах, як сэрцу люб маладога гаю кучаравы чуб. (С. Законнікаў.) 3. Жыць бы, як перад боем, як тыя мае браты, што закрывалі сабою страшнай  смерці твары. (Р. Тармола.) 4. Па вечарах – “Ой рана на Івана” – ля новых хат спявае маладосць. (А. Астрэёка.)

2. Запішыце словы, якія называюць:

• пачуццё пяшчоты і невялічкую жывёлу (ласка і ласка);

• невялічкую нару і пушнога драпежнага звярка (норка і норка);

• аўсяныя крупы ці кашу з такіх круп і пеўчую птушку (малінаўка і малінаўка);

• музычны інструмент і машыну для ачысткі збожжа ад мякіны (арфа і арфа);

• баваўняную тканіну і літаратурны твор (байка і байка);

• музычную ноту і белае крышталічнае рэчыва (соль і соль);

• чорную фарбу для чарчэння ці малявання і кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго-небудзь (туш і туш);

• тоўстую цвёрдую паперу і дзяржаўную мяжу (кардон і кардон);

• пакрытую лёдам пляцоўку і машыну для ўшчыльнення і выраўноўвання грунту (каток і каток).

Вызначыць, у якіх сказах выдзеленыя словы маюць пераносны сэнс: Па моры плыве карабель. Па рацэ плыве лодка. Па небе плывуць хмаркі. У чайніку кіпіць вада. У садзе кіпіць дружная праца. На пліце кіпіць малако і г.д.

Напісаць сачыненне, выкарыстоўваючы мнагазначныя словы.

Растлумачыць сэнс выдзеленых слоў: траскучы мароз, падымаецца будынак, адгуляла мяцеліца, зазвінеў жаваранак, звіняць дзіцячыя галасы, вясёлыя фарбы, сярдзіты вецер, возера хвалюецца, ласкавыя хвалі, кіпіць работа, льецца песня, сосны гамоняць, возера маўчыць і да т.п.

Растлумачыць сэнс выказванняў (сказаў): Ачнецца гай. Луг зялёны жыццём дыша. Адспявала лета песні. Зажурыўся лес маўклівы. Неба гарэла чырванню. На рабіне ў садзе плашч гарыць чырвоны і да т.п.

Растлумачыць сэнс прыметнікаў у словазлучэннях і скласці з імі сказы: свежы хлеб, свежая газета, свежае паветра; лёгкая задача, лёгкае паліто і да т.п.

Скласці і запісаць сказы, падкрэсліць дзеясловы, якія маюць пераносны сэнс: гуляе (дзіця, вецер), бяжыць (конь, час), звініць (званок, песня) і да т.п.

Скласці сказы, каб выдзеленыя словы ўжываліся ў пераносным (прамым) значэнні: Піянеры ішлі па лясной сцежцы. Песні звіняць, заліваюцца горны. Сонца залівае ўзлескі. Яшчэ ўсюды ў лесе кіпіць жыццё. Бор падарыў нам цікавыя здымкі і да т.п.

Падкрэсліць у сказах словы, якія ўжыты ў пераносным сэнсе: Веснавая вада залівае луг;

Практычнае азнаямленне малодшых школьнікаў з мнагазначнасцю і аманіміяй спрыяе разуменню пераносна-вобразных выразаў, метафарычнага ўжывання слоў [2, с. 17-20].

Ад мнагазначных слоў трэба адрозніваць словы, якія аднолькава гучаць, але маюць розныя значэнні: пяро сталёвае і пяро птушкі, ліст на дрэве і ліст паперы, гасцінец (падарунак) і гасцінец (бойкі шлях). Гэта словы-амонімы. Такія словы свабодна выкарыстоўваюцца ў мове. Слоўнае акружэнне канкрэтызуе іх, дапамагае ў кожным выпадку зразумець, з якім значэннем выкарыстана слова. Параўнаем: Я на елку палячу — Усе галінкі палячу.

Ужо ў пачатковых класах неабходна вучыць дзяцей знаходзіць амонімы ў сказах і правільна ўжываць іх. Адным з заданняў на выкарыстанне амонімаў можа быць складанне сказаў з ужываннем слоў з розным значэннем: 1. Касі, каса, пакуль раса. У дзяўчынкі русая каса. 2. Месяц выглянуў з-за хмар. Красавік — месяц веснавы.

З аднолькавымі словамі, якія маюць розныя значэнні, вучні часцей за ўсё сустракаюцца на ўроках чытання і пазакласных занятках. Словы-амонімы звычайна ўжываюцца ў вершах для дзяцей.

Для ўзбагачэння мовы вучняў амонімамі выкарыстоўваюцца жарты, каламбуры:

• У сетку трапяць акуні — ты ў раку іх акуні, а затрапечуцца ліні — тады вады на іх ліні.

Хоць не сляпы і не касы, на касавіцы — без касы.

Стараўся браць на мушку малюсенькую мушку.

Сыпнула з неба градам і шкоды шмат прынесла градам.

Міжмоўныя амонімы — словы, якiя маюць рознае значэнне і часткова супадаюць у гукавых адносiнах у рускай і беларускай мовах. Рэч (вещь) — речь (маўленне), нядзеля (воскресенье) — неделя (тыдзень), качка (утка) — качка (дзеянне), трус (кролик) — трус (баязлiвец), сварка (ссора) — сварка (працэс), пыл (пыль) — пыл (гарачасць), адказаць (ответить) — отказать (адмовiць).

Такім чынам, прыведзеныя намі прыёмы работы над мнагазначнымі словамі садзейнічаюць развіццю пазнавальнай актыўнасці, самастойнасці і творчага мыслення вучняў. Галоўнае, каб гэта была прадуманая сістэма работы, накіраваная на ўсебаковае развіццё асобы вучня. Толькі дзякуючы мэтанакіраванай і сістэматычнай рабоце ў класе дзеці змогуць авалодаць вуснай і пісьмовай мовай, засвоіць кожнае новае. Рознабаковыя віды заданняў, накіраваныя на развіццё мовы, і выпрацаваныя ў пачатковай школе ўменні і навыкі стануць асновай для паспяховага развіцця вучняў у наступных класах.

 

Літаратура:

1. Падгайскі, Л. Н. Методыка беларускай мовы / Л.Н.Падгайскі. — Мн., 1988. — С. 89—93.

2. Катонова, Е.М. Развитие речи: старые и новые взгляды на проблему /Е.М. Катонова // Пачатковая школа. — 2003. — №1. – С. 17—20.

Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>