Траццякова А.Г. ДА ПЫТАННЯ АБ ВЫВУЧЭННІ СКЛАНЕННЯ ПРЫМЕТНІКАЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВАЙ ШКОЛЕ

Навучанне беларускай мове ў пачатковых класах прадугледжвае асэнсаванае вывучэнне прыметніка на аснове пачуццёва-вобразнага ўспрымання мовы. Гэта павінна забяспечваць практычную накіраванасць моўнай адукацыі малодшых школьнікаў.

Сістэма работы над тэмай “Прыметнік” прадстаўляе сабой мэтанакіраваны працэс, які мае строга накіраваную паслядоўнасць вывучэння граматычных прымет і абагуленага лексічнага значэння дадзенай часціны мовы. Выкананне практыкаванняў мае сваёй мэтай фарміраванне навыкаў дакладнага выкарыстання прыметнікаў у мове і правільнага іх напісання. Вывучэнне прыметнікаў адбываецца па лінейна-ступеньчатаму прынцыпу вывучэння моўнага матэрыялу [4,с.216]. Каб падрыхтаваць дзяцей да ўсведамлення ў далейшым прыметніка як часціны мовы, важна ўжо ў першым класе вучыць дзяцей разважаць, заўважаць у прадмета яго разнастайныя прыметы і правільна іх называць. Аб’ём работы ў кожным класе, паслядоўнасць працы над прыметнікам абумоўлены асаблівасцямі прыметніка як часціны мовы, задачамі вывучэння дадзенай часціны мовы і ўзроставымі магчымасцямі малодшых школьнікаў [4,с.104].

Вывучэнне склону прыметнікаў пачынаецца ў 4 класе з другой паловы навучальнага года. На пачатку вучні знаёмяцца з правапісам склонавых канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду.

Прыметнікі мужчынскага роду ў назоўным і вінавальным склонах маюць канчаткі –ы, -і: добры, смелы, летні, дарагі, лёгкі. Прыметнікі ніякага роду ўжываюцца з канчаткамі –ое (пад націскам), -ая, -яе (не пад націскам): дарагое, добрае, ранняе. Н.В. які? якое?- спелы, спелае (колас, жыта).

Для замацавання можна прапанаваць наступнае практыкаванне: да ніжэй прыведзеных слоў падбярыце прыметнікі з процілеглым значэннем.

Лёгкі – цяжкі; нізкі – высокі; халоднае – гарачае; вузкае – шырокае; злы – добры; цвёрды – мяккі; маладое – старое; позняе – ранняе; чорнае – белае; светлае – цёмнае; вялікі – малы.

Пасля назоўнага і вінавальнага склонаў вучні знаёмяцца з родным склонам. У родным склоне канчатак –ога пішацца толькі пад націскам: залатога (пярсцёнка), ляснога (звера). Не пад націскам пішуцца канчаткі –ага, -яга: Р.   якога? белага (воблака), шэрага (зайца), ранняга (часу).

Напрыклад, можна даць вучням практыкаванне, у якім яны павінны паставіць назоўнікі і прыметнікі ў родным склоне, вызначыць канчаткі:

Спыніўся каля (высокае дрэва), рыхтаваўся да (школьнае свята), з`еў (жытні хлеб), злавіў (вялікі шчупак), выйшаў з (цёмны лес), пад`ехаў да (новы дом), спужаўся (злы звер).

Пасля таго, як вучні замацавалі веды па роднаму склону, настаўнік тлумачыць наступны склон – давальны.

У давальным склоне канчаткі -аму, -яму, пішуцца не пад націскам: стараннаму (вучню), бліжняму (суседу); -ому пішацца пад націскам: маладому (саду), малому (дзіцяці). Д.   якому? роднаму (брату), дарагому (чалавеку), летняму (дню).

Для замацавання матэрыялу вучні знаходзяць прыметнікі, вызначаюць іх склон.

Грышка, хлопчык невялічкі, выйшаў у поле з дому. Люба там каля крынічкі хлопчыку малому. (Я. Колас).

Апошнімі вывучаюцца творны і месны склоны.

Т. якім? зялёным (лісцем), высокім (дубам). М. у якім? у новым (доме), у сінім (небе). [1,с.185-210].

Пасля вывучэння правапісу склонавых канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду неабходна пачаць вывучэнне правапісу склонавых канчаткаў прыметнікаў жаночага роду.Н. (якая?) халодная,  ранішняя (раса), Р. (якой?)     халоднай, ранішняй (расы); Д. (якой?) халоднай, ранішняй (расе); В. (якую?)    халодную, ранішнюю (расу); Т. (якой?) халоднай,  ранішняй (расой); (якою?)    халоднаю, ранішняю (расою); М. (на якой?) на халоднай,  ранішняй (расе).

Прыметнікі жаночага роду ў назоўным склоне адказваюць на пытанне якая? і маюць канчаткі:  -ая, -яя: рэчка (якая?) шырокая, сіняя. Прыметнікі ніякага роду адказваюць на пытанне якое? і маюць канчаткі -ое,  -ае, -яе: надвор`е (якое?) сухое, цёплае, летняе. Н.  якая?  цёплая летняя (пара).

Каб замацаваць новы матэрыял, вучням пажадана выканаць наступнае практыкаванне: прачытайце словазлучэнні і пастаўце пытанні ад назоўніка да прыметніка, вызначце род прыметнікаў.

Песня вясёлая, сонейка ласкавае, вада халодная, жыта спелае, ноч цёмная, зорка ранішняя, сена духмянае, поле роўнае, неба сіняе, кніга цікавая, вёска суседняя, паветра чыстае, паліца верхняя, сям`я дружная.

Узор: трава (якая?) зялёная (ж.р.)

У родным, давальным, творным і месным склонах прыметнікі жаночага роду маюць канчаткі: -ай, -аю, – яю; -ой, -ою. Р. (якой?) цёплай, сухой, ранняй (вясны); Д. (якой?) цёплай, сухой,  ранняй (вясне); Т. (якой?) цёплай, сухой,     ранняй (вясной); якою? цёплаю, сухою, ранняю (вясною); М. (аб якой?) аб цёплай, сухой,  ранняй (вясне).

Пасля чаго таксама можна прапанаваць вучням выканаць наступнае практыкаванне для замацавання. Пастаўце назоўнікі з прыметнікамі ў патрэбным склоне і выдзеліце канчаткі прыметнікаў:

Расце каля (новая хата), купаецца ў (цёплая вада), пачаставаў (смачная цукерка), падарыў (дарагая мама), дапамог (старэнькая бабуля), схаваўся ў (густая трава), любаваўся (прыгожая кветка), жыву ва (утульная кватэра), адпачыў перад (далёкая дарога), напісала (верная сяброўка), цяжка жыць без (сяброўская падтрымка).

Вінавальны і творны склоны прыметнікаў жаночага роду адрозніваюцца па пытанню (якую? якой?) і канчатку –ую, -юю; -ай (-аю), -яй (-яю): В. (якую?)   цёплую, летнюю ноч; Т. (якой?) цёплай (-аю),  летняй (-яю) ноччу.

Дзецям прапаноўваецца знайсці ў тэксце прыметнікі жаночага родуі вызначыць іх склон:

Абодва схілы небакраю гараць вячэрняю зарой. (П. Прыходзька). Над зямлёю соннай зазвінелі жаўрукі. (М. Сазончык). Добра за вёскай ў лузе адпачываецца ўлетку. Ціха іду я і баюся стаць на пчаліную кветку. (М. Сазончык).

Склон прыметніка ў множным ліку вызначаецца па пытанню (якія? якім?) і назоўніку, да якога ён адносіцца: спяваў песні (якія?) вясёлыя, звонкія (В.с.), падзякаваў людзям (якім?) шчырым, дарагім (Д.с.).

Н. (якія?) добрыя, дарагія (сябры); Р. (якіх?) добрых, дарагіх (сяброў); Д. (якім?) добрым, дарагім (сябрам); В. (якіх?) добрых, дарагіх (сяброў); (якія?)      добрыя, дарагія (словы); Т. (якімі?) добрымі, дарагімі (сябрамі); М. (аб якіх?)   аб добрых, дарагіх (сябрах).

Неабходна адрозніваць канчаткі прыметнікаў множнага ліку ў вінавальным склоне. Калі прыметнік адносіцца да назоўніка, які адказвае на пытанне што?, то пішацца канчатак –ыя або –ія: шэрыя нізкія (воблакі).

Калі прыметнік адносіцца да назоўніка, які адказвае на пытанне каго?, то пішацца канчатак –ых або –іх: верных блізкіх (сяброў), дзікіх лясных (звяроў).

Н. (якія?) белыя, тонкія (бярозы); В. (якія?) белыя, тонкія (бярозы); Н. (якія?)   дарагія, шчырыя (людзі); В. (якіх?) дарагіх, шчырых (людзей).

Затым вучні выконваюць наступнае практыкаванне: знайдзіце прыметнікі ў множным ліку і вызначце іх склон, назавіце канчаткі.

Нават самыя малыя дзеці любяць цікавыя кнігі. Беларускія пісьменнікі і паэты пішуць для іх вясёлыя вершы, займальныя апавяданні, чароўныя казкі. У кожнага з вас дома ёсць, напэўна, беларускія кнігі, якія вы прачыталі. (Паводле У. Дубоўкі).

У родным і месным склонах прыметнікі жаночага роду множнага ліку маюць канчаткі –іх, -ых і адказваюць на пытанне якіх? (у якіх?). Р. (якіх?) далёкіх,         невядомых (краін); М. (у якіх?) у далёкіх, невядомых (краінах).

Для замацавання новага матэрыялу вучням можна даць наступнае практыкаванне: пастаўце прыметнікі з назоўнікамі ў патрэбным склоне і запішыце. Выдзеліце канчаткі прыметнікаў і абазначце склон.

Жывуць ў (родныя мясціны), вярнуліся з (далёкія краіны), бегаў па (знаёмыя сцежкі), сумаваў без (дарагія сябры), плывуць па (блакітныя рэкі).

У давальным і творным склонах прыметнікі жаночага роду множнага ліку маюць канчаткі –ым, -ім, -ымі, -імі і адказваюць на пытанне якім? якімі?

Д. (якім?) вясёлым, звонкім (песням); Т. (якімі?) вясёлымі, звонкімі (песнямі).

Для замацавання можна выканаць практыкаванне: выдзеліце канчаткі прыметнікаў множнага ліку і абазначце іх склон.

Поплаў краскамі прыбраўся яркімі, кліча ў госці да сябе здалёк. (Н. Гілевіч.) Родны край вечна будзе свяціць для нас яснымі зорамі. (П. Прыходзька.) Яркімі вясёлкамі ззяюць росы ў моры жытніх каласоў. (Я. Колас). [2,с.239-258].

Такім чынам, пасля вывучэння склонавых канчаткаў прыметнікаў В. і Т. с. можна зрабіць вынік: вінавальны і творны склоны прыметнікаў жаночага роду адрозніваюцца па пытаннях (якім? якімі?) і канчатках –ым, -ім; -ымі, -імі. Склон прыметніка ў множным ліку вызначаецца па пытанню і назоўніку, да якога ён адносіцца, таксама на канчаткі прыметнікаў уплывае аснова слова і становішча пад націскам.

Адна з важнейшых задач настаўніка – навучыць “бачыць” словы-прыметнікі, выкарыстоўваць іх ў мове, паказаць іх значэнне, ролю, каб дзеці сапраўды адчулі мілагучнасць, выразнасць і дакладнасць мовы з прыметнікамі.

Вывучэнне кожнай тэмы праграмы патрабуе ад малодшых школьнікаў асэнсавання моўных фактаў, што садзенічае іх разумоваму і моўнаму развіццю, актывізуе іх моўную дзейнасць. Для пачатковага навучання роднай мове істотным з´яўляецца перш за ўсё ўсведамленне знакавасці і матэрыяльнасці мовы, а таксама яе функцыянавання ў вуснай і пісьмовай формах. [3,с.198,153].

 

Запись опубликована в рубрике Теория и методика изучения языков. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>